#FactsOfRepression: Два гады дзяржаўнага тэрору ў Беларусі
Праз два гады пасля таго, як беларускі рэжым распачаў беспрэцэндэнтную хвалю рэпрэсій у дачыненні да дысідэнтаў, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco прадставіла графічную справаздачу аб сітуацыі з больш як 1100 палітычнымі зняволенымі ў суседняй з ЕС краіне.
Арышт блогера Уладзіміра Няронскага 8 траўня 2020 года адзначыў пачатак хвалі дзяржаўнага тэрору ў Беларусі, які працягваецца дагэтуль. Няронскі быў аўтарам апазіцыйнага YouТube-канала і быў асуджаны да трох гадоў турэмнага зняволення. Усяго праз некалькі тыдняў двое кандыдатаў у прэзідэнты: Сяргей Ціханоўскі і Віктар Бабарыка — былі таксама арыштаваныя. Пасля яны атрымалі суровыя тэрміны — 18 і 14 гадоў адпаведна.
Рэпрэсіі ў лічбах
Libereco прааналізавала ўсе выпадкі палітычных зняволеных, задакументаваныя беларускім Праваабарончым цэнтрам "Вясна". У адпаведнасці са справаздачай, колькасць палітычных зняволеных павялічылася са 187 чалавек у 2020 годзе да 1 225 чалавек па стане на сённяшні дзень. 119 новых выпадкаў з'явіліся ўжо за першыя чатыры месяцы гэтага года. 87% затрыманых — мужчыны.
Пяцёра палітвязняў знаходзяцца пад вартай больш за 600 дзён, пры гэтым яны нават не былі асуджаны да якога-небудзь турэмнага зняволення. Агулам 30% затрыманых усё яшчэ чакаюць прысуду, у той час як 70% палітычных вязняў былі асуджаны да турэмных тэрмінаў ад 9 месяцаў да 20 гадоў. Сумарны тэрмін турэмнага зняволення па ўсіх прысудах складае ашаламляльныя 2 756 гадоў, што перавышае адзін мільён дзён.
На момант публікацыі гэтай справаздачы (12 траўня) ні ў чым не вінаватыя палітвязні ўжо правялі агулам больш за 400 000 дзён у турме. Адзін з іх — Мікіта Залатароў, самы малады палітвязень у краіне. 12 траўня ён адзначыў свой 18-ы дзень народзінаў у турме. Залатароў быў арыштаваны ва ўзросце 16 гадоў, хварэе на эпілепсію і быў асуджаны да 5 гадоў калоніі для непаўнагадовых.
Віталь Зарадзей, найстарэйшы палітвязень у Беларусі, таксама правядзе свой 70-ы дзень нараджэння 6 чэрвеня ў зняволенні, пасля таго як быў асуджаны да двух гадоў турмы.
Прэмія імя Карла Вялікага за беларускі дэмакратычны рух
У ліку палітычных зняволеных таксама знаходзіцца Марыя Калеснікава, адна з сёлетніх лаўрэатак міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага. Цырымонія ўзнагароджання будзе праходзіць у Ахене 26 траўня. Калеснікава, асуджаная да 11 гадоў турмы, атрымае гэту ўзнагароду разам з вядучымі дзеячамі беларускага дэмакратычнага руху — Святланай Ціханоўскай і Веранікай Цапкала.
«У ценю расійскай ваеннай агрэсіі ў дачыненні да Украіны, беларускі дыктатар Лукашэнка ўтрымлівае больш за 1000 палітычных зняволеных у якасці сваіх асабістых закладнікаў, чые жыцці знаходзяцца ў небяспецы да таго часу, пакуль працягваецца кіраванне тэрору. Заходнія дзяржавы закліканы павялічыць эканамічны і палітычны ціск на рэжым Лукашэнкі. Усе санкцыі, накладзеныя на Расію, павінны быць таксама ўжытыя і да Беларусі. Усе замежныя кампаніі павінны сысці з Беларусі без выключэнняў», — запатрабаваў Ларс Бюнгер, прэзідэнт Libereco у Швейцарыі.
Салідарнасць з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі
Libereco у знак салідарнасці распачала кампанію #WeStandBYyou у ліпені 2020 года, у якой сябры Еўрапейскіх парламентаў агітуюць за вызваленне ўсіх палітвязняў у Беларусі. Тым часам больш за 300 парламентарыяў ад больш як дзясятка еўрапейскіх краін ужо сталі сімвалічнымі "хроснымі" палітвязняў Беларусі. З дапамогай анлайн-петыцыі Libereco патрабуе вызвалення Марыі Калеснікавай і ўсіх астатніх палітычных зняволеных.