Псіхалагічная дапамога: Як перажыць пачуццё віны, калі ты з'ехаў, ці застаўся, але ўсё адно яго адчуваеш
Псіхалагічная дапамога — цыкл артыкулаў ПЦ «Вясна» пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсіяў беларусы і іх блізкія. Што дапамагае пераадольваць гэтыя цяжкасці? Калі патрэбна дапамога спецыяліста? Як сабраць псіхалагічную «аптэчку» для сябе і для іншых? Мы пастараемся адказаць на гэтыя пытанні лаканічна і ёміста з дапамогай экспертаў у сферы псіхічнага здароўя.
З пункту гледжання маралі адчуваць віну, не зрабіўшы нічога канкрэтнага, гэтак жа няправільна, як і не адчуваць віну за насамрэч зробленае.
Ханна Арэндт, філосаф
Палітычныя падзеі 2020 года наклалі свой адбітак на жыццё беларусаў. Пачуццё віны знаёмае практычна кожнаму, хто браў у іх актыўны ўдзел ці зрабіўся іх сведкам. Не так важна, застаўся чалавек у краіне ці вымушана пакінуў яе, бо праблема не вырашылася і большасць дагэтуль у той ці іншай ступені жывуць у стане стрэсу.
Самыя распаўсюджаныя думкі, пры якіх узнікае пачуццё віны:
- Яны ўдзельнічалі, а я — не (ці рэдка);
- Іх затрымлівалі, а я — на волі;
- У іх крымінальны артыкул, а ў мяне штраф;
- Шмат хто ў турме, а я на волі;
- Іх збівалі, а мяне — не;
- Я з'ехаў, а іншыя засталіся ў небяспецы;
- Ёсць загінулыя, а я жывы.
Паспрабуем разабрацца, як навучыцца даваць рады пачуццю віны і вярнуцца да спакойнага жыцця, наколькі гэта дазваляюць акалічнасці.
"Я з'ехала, але ўсе думкі пра Беларусь"
Ірына, з'ехала ў чэрвені 2021 года
"Мы сабраліся і з'ехалі з дачкой за адзін дзень, цяпер у Польшчы. Гэта быў не ад'езд, а ў прамым сэнсе эвакуацыя. У мяне ўжо былі два штрафы па 23.34 КаАП — увосень і ў сакавіку, за ўдзел у дваровым маршы.
У нас быў закрыты чат, 25 чалавек, і мы рабілі ўсё, што маглі, каб паказаць, што мы ёсць і нічога не скончылася: налепкі, улёткі, «партызаншчына». Адной раніцай затрымалі траіх чалавек з нашага актыву, яны дагэтуль у СІЗА, чакаюць суду. Паўстаў выбар — апынуцца разам з імі, а дачку забярэ апека, ці з'ехаць. З ператрусам дадому прыйшлі праз тыдзень пасля майго ад'езду. Нічога не знайшлі, напалохалі пажылых бацькоў.
Першыя часы было складана: няма працы, грошай, чужая краіна, не ведаеш мовы. Але ты на волі, а твае блізкія не стаяць пад турмой з перадачай. Ці адчуваю я пачуццё віны? Так, у першыя часы асабліва востра. Ты не губляеш сувязь з «зямлёй», сочыш за лёсам палітвязняў, пішаш ім лісты. Гэта несправядліва: разумныя і інтэлігентныя людзі ў турме ні за што. Цяпер чатыры чалавекі з нашага актыву ў СІЗА, хтосьці схаваўся, а дзесяць чалавек з'ехалі. Але ўсё гэта рана ці позна скончыцца, мы вернемся, усе думкі пра Беларусь".
Наталля, псіхолаг Чалавек можа і мае права адчуваць любыя эмоцыі. Віна — эмоцыя, якая звязаная з думкамі пра тое, што чалавек зрабіў штосьці, што супярэчыць ягоным маральным арыенцірам і чаканням. Прычым дзеяннем з'яўляецца і бяздзейнасць, таму што яна таксама прыводзіць да персанальных наступстваў. З'ехаць з краіны, гэтак як і застацца ў ёй, — гэта складаныя рашэнні, і абодва прымаюцца пад моцным уплывам эмоцыі страху. Супярэчнасць ёсць у абодвух рашэннях: і там і там чалавек сутыкаецца з немагчымасцю рабіць тое, што ён лічыць патрэбным. |
Марыя, псіхатэрапеўтка Сам ад'езд па факце з'яўляецца выгнаннем, а гэта ўжо пакаранне. Так было са старажытных часоў: выгнаць чалавека з суполкі, выключыць з сацыяльнай групы. Праводзіўся эксперымент, падчас якога даказалі, што ў стане выкінутасці ў чалавека на сэнсарным узроўні з'яўляецца боль, аналагічны фізічнаму, як, напрыклад, баліць рука, нага, зуб. Балюча на нейраўзроўні — нават не псіхалагічна. Бо людзі губляюць частку свайго жыцця, значныя сувязі. Шмат якія людзі з'ехалі, але яны не могуць не быць залучанымі. Адпраўным пунктам для стрэсу з'яўляецца пачуццё віны, а яго падсілкоўвае такі стан, які я называю «ўсёмагутнасць» — на гэта хварэюць «выратавальнікі», таму што ў іх паўстае пачуццё, што ад іх усё залежыць: калі я гэтага не зраблю, усё абваліцца. У гэтым стане людзі перастаюць кантраляваць свае патрэбы — недаядаюць, пераядаюць і да т. п. Яны шмат працуюць не таму, што прадуктыўныя, а таму што мяркуюць, што калі на секунду спыняцца, усё абваліцца — маё жыццё ці чужое. Часам кажуць, што эміграцыя — пахаванне, пасля якога жыццё працягваецца. Тут важна пражыванне страты і гора. Гэтыя людзі знаходзяцца ў стане гаравання па згубленым. Можа пачацца пошук вінаватага — самаабвінавачанне ці абвінавачванне кагосьці, спроба аднавіць справядлівасць і прадказальнасць у сваім жыцці. Часта ў людзей застаецца крыўда за тое, што давялося з'ехаць. |
"Пакуль ёсць магчымасць, я застаюся тут"
Юлія, актывістка, 35 гадоў
"Мы выходзілі кожны нядзельны марш з мужам і дзецьмі, сваякамі і сябрамі, не прапусціла ніводнага. Увосень 2021 года пасябравала з дваровымі партызанамі; калі гарадскія маршы сталі вельмі небяспечнымі, пайшла на раённыя, дваровыя, ланцугі салідарнасці і г. д. За што была прыцягнута да адказнасці паводле 23.34. Увесну 2021 года пакінулі маршы і пачалі разносіць прэсу, ляпіць стыкеры, «партызаніць».
У мяне ўцякло вельмі шмат знаёмых сем'яў, сяброў. Прычына таму — пагроза турмы. Гэта страшна. Мы не з'ехалі, і пакуль ёсць магчымасць, мы тут, адны з самых цярплівых «пачакуноў». Спыняе бізнэс, які столькі гадоў спрабуем развіць, старэйшае дзіця, якое вучыцца ў ВНУ, і няведанне мовы. Так, мы зменшылі актыўнасць, але гэта не значыць, што здаліся.
Ёсць пачуццё віны перад дзецьмі і бацькамі, што не атрымалася ў нас усіх, але цяпер разумею, што ад сябе я рабіла ўсё магчымае, што магла і ўмела. Людзі розныя, але гэтая сітуацыя зламала нават самых моцных. Самім перажыць гэта вельмі складана. Траўмы псіхалагічныя засталіся назаўжды".
Наталля, псіхолаг Віна мае дзве функцыі: сацыяльную і індывідуальную. Сацыяльная функцыя дазваляе чалавеку прытрымлівацца сацыяльных стандартаў (выконваць законы, напрыклад) і дзейнічаць у інтарэсах грамадства, да якога ён хоча належаць. Страх аказацца вінаватым і быць выключаным з групы — гэта страх першабытнага чалавека, які не мог выжыць без племя, ён дастаўся эвалюцыйна. Магчымасць аб'ядноўваць высілкі ў вялікай групе прывяла нас як від да дамінавання ў прыродзе. Там жа, дзе выяўляецца індывідуальная функцыя, здараюцца праблемы. Таму што віна дае магчымасць узяць на сябе адказнасць за тое, што знаходзіцца па-за зонай нашага кантролю, напрыклад, за новую хвалю рэпрэсій. Здаецца, што калі б я зрабіў больш, то здолеў бы гэта спыніць — але насамрэч адзін чалавек не можа спыніць непрадказальныя дзеянні ўзброенай сістэмы. Неабгрунтаванае і хваравітае пачуццё віны дае ірацыянальнае ўяўленне, што на сітуацыю можна было неяк паўплываць. А значыць рана пагружацца ў бяссілле і залежнасць ад чужога самавольства (хаця насамрэч менавіта ад бяссілля мы і абараняемся — бо складана паверыць, што мы не змаглі паўплываць). У сутнасці, віна стварае ілюзію кантролю, але пры гэтым часта не дапамагае дзейнічаць прадуктыўна. |
Марыя, псіхатэрапеўтка Чалавек павінен разумець сваю рэальную ролю і ступень уплыву на сітуацыю. Пачуццё віны нармальнае толькі ў тым выпадку, калі ты разумееш, што рэальна нанёс камусьці шкоду. Вось як трывога кажа пра тое, што мы ў небяспецы ці бяспецы, гэтак і пачуццё віны сігналізуе пра тое, што мы стваральныя ці разбуральныя. Тут важна разумець: мы штосьці разбурылі ці мы думаем, што мы штосьці разбурылі. Калі мы думаем, што зрабілі штосьці дрэнна, і гэта не супадае з рэальнасцю, пачуццё віны робіцца нездаровым. Нармальная віна прыводзіць да таго, што мы шукаем, як выправіць дапушчаную памылку. Вось прыклад Германіі, дзе апроч Гітлера была яшчэ маўклівая большасць і выканаўцы. Пасля нацыя вымушаная была выносіць урокі і вывучаць працэсы, каб зразумець, як не дапусціць падобнага ў будучыні. Пачуццё калектыўнай віны дапамагала ім у гэтым. На ступень пачуцця віны часта ўплывае мінулае чалавека, ягонае дзяцінства, звычка «ратаваць» іншых і быць гіперадказным, набытая ў сям'і. На жаль, калі такі сямейны профіль накладваецца на псіхалагічную траўму ад рэпрэсій, стан чалавека пагаршаецца і хранічны стрэс зацягваецца. Калі вы адзначаеце, што, магчыма, трапілі ў такую сітуацыю, ёсць сэнс наведаць хаця б 2-3 кансультацыі псіхолага. |
Наталля, псіхолаг Першае, што я рэкамендую рабіць, — гэта клапаціцца пра сябе. Пераканайцеся, што ў вас досыць фізічных і эмацыйных рэсурсаў: найперш выспіцеся і паешце. Будзьце шчырымі, дзяліцеся пачуццямі і планамі з блізкімі і людзьмі, якім давяраеце. Паспрабуйце задаць сабе пытанні:
Невядома, наколькі зацягнецца вырашэнне палітычнай сітуацыі ў Беларусі, ці змогуць вярнуцца тыя, хто з'ехаў, і што будзе з тымі, хто пакуль застаўся. Важна адно — клапаціцца пра свой псіхалагічны стан, навучыцца кантраляваць эмоцыі. Пачуццё віны прысутнічае ў кожнага з нас, і навучыцца даваць яму рады можна, выкарыстоўваючы тэхнікі самадапамогі ці звярнуўшыся да спецыялістаў. |
Псіхалагічная дапамога: Наступствы для псіхікі агрэсараў і саўдзельнікаў гвалту