Валянцін Стэфановіч зноў вылучаны на пасаду віцэ-прэзідэнта FIDH
На пачатку ліпеня юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка прыняў удзел у сустрэчы міжнароднага бюро Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) у Парыжы, прэзентаваў там даклады "Вясны", а таксама сустрэўся з намеснікам мэра горада Жан-Люкам Рамера-Мішэлем.
Падчас пасяджэння Міжнароднага бюро FIDH абмяркоўвалася праца Федэрацыі, яе далейшыя планы і перспектывы, а праваабаронца Павел Сапелка распавёў пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі пасля выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе, крымінальную справу супраць “вясноўцаў”, пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА віцэ-прэзідэнта FIDH і намесніка старшыні “Вясны” Валянціна Стэфановіча, былога віцэ-прэзідэнта FIDH і старшыні “Вясны” Алеся Бяляцкага, юрыста арганізацыі Уладзіміра Лабковіча, пра стан здароўя каардынатаркі Валанцёрскай службы Марфы Рабковай, кіраўніка Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленкі, а таксама валанцёраў Таццяны Ласіцы і Андрэя Чапюка. Усе сем праваабаронцаў ужо больш за год утрымліваюцца ў зняволенні.
Вядома, што Валянціна Стэфановіча вылучылі на пасаду віцэ-прэзідэнта на наступны тэрмін. Яго кандыдатуру падтрымалі прадстаўнікі Armanshahr / OPEN ASIA, Civil Society Institute (Арменія), Asociación Pro Derechos Humanos (APRODEH) з Перу, Ditshwanelo - the Botswana Centre for Human Rights, Finnish League For Human Rights, Ligue des Droits Humains (Бельгія), Human Rights Movement "Bir Duino" (Кыргызстан). Кангрэс і выбары ў Міжнародную раду FIDH пройдуць восенню гэтага года.
Нагадаем, Валянцін Стэфановіч быў абраны на пасаду віцэ-прэзідэнта FIDH па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі на трохгадовы тэрмін ў 2019 годзе разам з Артакам Кіракасянам (Арменія) і Талекан Ісмаілавай (Кыргызстан). А Праваабарончы цэнтр "Вясна" з'яўляецца сябрам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека ўжо 18 гадоў.
Падчас візіту ў Парыж Павел Сапелка прэзентаваў тры даклады “Вясны”, у якіх прааналізаваны стан у месцах несвабоды Беларусі, палітычна матываваны крымінальны і адміністрацыйны пераслед грамадзянаў у 2021 і першым квартале 2022 гадоў.
Як піша выданне RFI, праваабаронца адзначыў, што "частка пра катаванні – самая вялікая ў дакладах, што адлюстроўвае стан рэчаў у Беларусі".
"Пачынаючы з выбараў 2020 года, 2900 чалавек у Беларусі сталі аб'ектамі крымінальнага пераследу. На сённяшні дзень [прэзентацыі – заўв. рэд.] 1234 чалавекі прызнаныя палітычнымі вязнямі, і кожны дзень гэта колькасць папаўняецца", — падкрэсліў Павел Сапелка.
Па яго словах, практычна немагчыма вызначыць агульную колькасць зняволеных у Беларусі. Паводле афіцыйных дадзеных на 2018 год, іх колькасць складае 38 500 чалавек, але, на думку праваабаронцаў, да гэтага трэба дадаць больш за 7000 чалавек, якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях і “на хіміі” — працоўных лагерах, атрыманых у спадчыну ад савецкай пенітэнцыярнай сістэмы.
Таксама Сапелка звярнуў увагу і на зняволеных адвакатаў: Максіма Знака, Аляксандра Данілевіча, Віталя Брагінца ды інш.:
"Адвакатаў звязваюць падпіскай аб неразгалошванні, якое трактуецца практычна бязмежна. За парушэнне пагражаюць суровыя турэмныя тэрміны, таму адвакаты нават блізкім свайго падапечнага не могуць нічога сказаць. А калегія не толькі не дапамагае сваім членам, але выконвае практычна паліцэйскую функцыю".
Пра ўмовы ўтрымання ў турме Марыі Калеснікавай і іншых палітычных зняволеных на прэзентацыі распавяла яе сястра Таццяна Хоміч.