Як і за што цяпер пераследуюць святароў у Беларусі?
Разам з Мікалаем Аўтуховічам судзяць праваслаўнага святара Сяргея Рэзановіча і ягоную сям’ю: жонку Любоў і сына Паўла. Гэта не адзіны прыклад палітычнага пераследу святароў розных канфесій: суд адбываецца ў кантэксце шырокага пераследу ўладамі прадстаўнікоў рэлігійнай супольнасці, якія падтрымалі грамадства і дэмакратычны рух.
Згодна з дадзенымі маніторынга «Хрысціянскай візіі», праз палітычны пераслед «падчас крызісу ў Беларусі» пацярпелі не менш за 30 святароў. Адзінаццаць з іх адбылі адміністрацыйныя арышты, адбыўшы ў ізалятарах 106 содняў. Два святары затрыманыя паводле крымінальных справаў.
«Калі чалавек праяўляе сваю адвагу – рэжым не можа гэтага дараваць. Шукае любой магчымасці, каб адпомсціць. Гэты рэжым беззаконня кіруецца прынцыпам помсты. Ну і знайшлі нагоду.
Адміністрацыйны працэс – гэта ж не значыць, што яго павінны былі адразу кінуць за краты, але яго затрымалі і адразу пазбавілі волі. Гэта сведчыць пра тое, што ёсць пэўныя асабістыя парахункі. Зло вельмі моцна нервуецца, калі хтосьці праяўляе сваю вернасць Госпаду і святлу», – сказаў ксёндз Вячаслаў Барок у інтэрв’ю «Белсату».
Ксёндз Вячаслаў Барок – адзін з самых вядомых святароў, які пацярпеў праз свае палітычныя погляды. Яго затрымлівалі на суткі, выклікалі на допыты, праводзілі шматлікія экспертызы па ягоных сацсетках і блогу на юцюб. Ён быў вымушаны з’ехаць за мяжу. |
Хто са святароў цяпер – палітвязень?
У гэтыя дні адбываецца суд над праваслаўным святаром Сяргеем Рэзановічам, ігуменам храма святога Арханёла Міхаіла ў аграмястэчку Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. На працу ён ездзіў з Брэста, ігуменам у вёсцы быў ад 2004 года.
Адна з парафіянак у вёсцы Сцяпанкі, 79-гадовая Тамара, распавядала TUT.BY, што ў бацюшкі — цукровы дыябет, і парафіяне вельмі пераймаюцца за ягонае здароўе:
— Бацюшка наш харошы, нікога ніколі не абідзеў, даверчавы. Я не магу нікога судзіць і, як там яно было, не знаю, але ён у нас 16 год ужо служыць — і заўсёды за нас маліўся, заўсёды добра ставіўся да нас. Вось і мы зараз за яго молімся. Хай Гасподзь украпляя яго і каб ён быстре выйшаў. Нічога плахога я пра яго сказаць не магу. Iспалніцельны, нікагда слова нікому благога не сказаў.
Рэзановіча абвінавачваюць паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса – у нібыта стварэнні «тэрарыстычнай групіроўкі», якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў. Па справе з ім таксама праходзяць сын Павел і жонка Любоў, якую падчас першых пасяджэнняў ўтрымлівалі у асобнай клетцы.
"Я не здзяйсняў злачынства, я шукаў праўду": падрабязнасці суда па "справе Аўтуховіча"
Другі святар-палітзняволены, які цяпер знаходзіцца за кратамі, — пастар баптысцкай царквы «Святло Надзеі» Віталь Чычмароў. У 2020 годзе праз прафсаюзную дзейнасць яго звольнілі з завода імя Казлова, дзе ён працаваў інжынерам.
Кіраваў на прадпрыемстве пярвічнай арганізацыяй Свабоднага прафсаюза металістаў, быў актыўным удзельнікам прафсаюзнага руху за сумленныя выбары і добрыя ўмовы працы. Вядома, што да свайго пастырства Віталь быў удзельнікам у музычным гурце «AntiVirus».
Яго затрымалі 19 красавіка 2022 года, у доме правялі вобшук. Віталю прад'яўлена абвінавачванне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, мужчыну змясцілі ў СІЗА.
Некаторыя святары паспелі з’ехаць ад крымінальнага пераследу за мяжу. Як, напрыклад, ксёндз-серцыянін з Ляхавічаў Дзмітрый Прыступа, на машыну якога напалі, калі ён быў за стырном. Ён паспрабаваў з’ехаць ад ваенных і зачапіў аднаго з іх – за гэта яго абвінавацілі паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса. Гэта не адзіны выпадак вымушанага ад'езду святароў праз пераслед: відавочна, калі б не гэта, сёння за кратамі па абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў знаходзілася б больш прадстаўнікоў рэлігійнай супольнасці.
Як святароў судзяць цяпер па адміністрацыйных справах?
Толькі за два апошніх летніх месяцы 2022 года вядомыя некалькі выпадкаў палітычнага пераследу святароў. Ксёндза Яўгена Учкуроніса, ігумена парафіі святога Яна Паўла II у Смаргоні, аштрафавалі на 20 базавых велічынь за рэпосты ў фэйсбук са старонак «экстрэмісцкіх» СМІ.
Яшчэ ў 2013 годзе ў інтэрв'ю ён распавядаў пра цікавосткі касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне, што на Зэльвеншчыне, дзе на той момант ён быў парабашчам, а таксама чаму літургія па-беларуску больш зразумелая людзям.
Віцебскага ксяндза Андрэя Вашчука SDS затрымалі 18 ліпеня і з таго часу ён адбывае ўжо другія запар 15 сутак. Па-ранейшаму невядома, за што канкрэтна пераследуюць святара, але праўладныя каналы дыскрэдытуюць мужчыну. Яго ў тым ліку вінавацяць у закліках да пратэстаў пасля выбараў 2020 года. Вячаслаў Барок распавядаў, што мужчына быў у ліку тых, хто сустракаў яго ў Віцебску пасля адміністрацыйнага арышту.
«Чаму трапілі на ксяндза Андрэя? Таму што ён прапаведаваў Хрыста не толькі ў храме, ён быў здольны выходзіць па-за ягоныя сцены, быў здольны пачуць чалавека ўсюды, да яго прыходзілі людзі, і не толькі каталікі. Яго вельмі паважаюць», — мяркуе Вячаслаў Барок.
Затрымлівалі таксама пастара Філіпа Іванова і ягоную жонку Лідзію, якія служаць у мінскай евангельскай царкве «Новый завет». Мужчыну адпусцілі, але працэсуальны статус ягонай сужэнкі цяпер невядомы.
Гомельскага пастыра царквы «Живая вера» Дзмітрыя Падлобку асудзілі на 20 базавых велічынь паводле народнага арт. 24.23 КаАП, таму што праводзіў водны абрад хрэсьбінаў пад адкрытым небам «без спецыяльнага дазволу». Невядома, ці звязаныя дзеянні ўлады ў гэтым выпадку з палітычным пераследам.
Гомельскую царкву «Жывая вера» Дзмітрый Падлобка і яго жонка Аксана, выхадцы з Магілёва, заснавалі ў 1997 годзе сумесна з місіянерам з Даніі Эрлінгам Лаўрсэнам. Царква ўваходзіць у склад Рэспубліканскага аб'яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Беларусі.
Новая хваля рэпрэсій ахінула рэлігійную супольнасць у кантэксце вайны ва Ўкраіне. Святароў штрафуюць і саджаюць на суткі за антываенныя акцыі, звароты, рэпосты, каментары і лайкі.
Праз ціск святары вымушаныя з’язджаць з краіны, губляць працу. Напрыклад, праз грамадзянскую пазіцыю яшчэ ў жніўні 2020 года звольнілася значная частка супрацоўнікаў Свята-Елісавецінскага кляштара. Таксама пераследуюцца і сем’і святароў. Асобна трэба сказаць пра палітычны пераслед песні. Спеў «Магутны Божа», які сярод многіх беларусаў стаў сапраўдным народным гімнам, шматразова забаранялі выкноваць на рэлігійных імпрэзах. Таксама вядома пра забарону маліцца за Ўкраіну.
У тэксце выкарыстаны матэрыялы агляду і тэлеграм-канала суполкі «Хрысціянская візія». На вокладцы матэрыяла — кадр кліпа на песню «Магутны Божа».