viasna on patreon

У Баранавічах за абразу Лукашэнкі да трох гадоў "хатняй хіміі" асудзілі мужчыну з першай групай інваліднасці

2022 2022-09-12T16:54:07+0300 2022-09-12T17:01:32+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rabich-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзіслаў Рабіч з маці. Фота: intex--press-by

Уладзіслаў Рабіч з маці. Фота: intex--press-by

12 верасня суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна вынес прысуд мужчыну з першай групай інваліднасці Уладзіславу Рабічу, які мае дыягназ ДЦП і выкарыстоўвае вазок. Яго прызналі вінаватым паводле ч.2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі". Вырак агучыў суддзя Мікалай Кміта. Дзяржабвінавачанне падтрымала памочніца Баранавіцкага міжраённага пракурора Юлія Мірановіч.

Дзявятага жніўня 2022 года ў дом, дзе знаходзіліся Уладзіслаў і ягоны малодшы брат, уварваліся сілавікі. У грубай форме яны пагражалі мужчыну і прапанавалі яму пракаментаваць напісанае ім у адказ на пост 2020 года пра Лукашэнку: у каментары Уладзіслаў пагаджаўся з напісаным у пасце. Калі б ён "пакаяўся", то міліцыянты "прабачылі б яго". Аднак Уладзіслаў адмовіўся казаць, што памыліўся, і заявіў, што не зменіць сваё меркаванне. Таксама мужчына дадаў, што для яго гонар — што да яго прыйшлі 9 жніўня з аўтаматамі. Тады яму паабяцалі крымінальную адказнасць.   

У Баранавічах за абразу Лукашэнкі будуць судзіць мужчыну з першай групай інваліднасці

Суддзя па справе — Мікалай Кміта.

Згодна з абвінавачаннем, Уладзіслаў Рабіч публічна абразіў Лукашэнку 16 траўня 2022 года ў тэлеграме пад пастом з відэазапісам выступа Лукашэнкі (абвінавачаны сцвярджаў, што пракаментаваў не відэа, а фотаздымак). Акрамя абразы, каментар утрымліваў абвінавачанне ў "здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства, прадугледжанага арт. 139 Крымінальнага кодэкса, якое не адпавядае рэчаіснасці". Менавіта таму ягоныя дзеянні кваліфікавалі паводле часткі другой артыкула 368 Крымінальнага кодэкса — каментар утрымліваў абвінавачаннем у здзяйсненні цяжкага або асабліва цяжкага злачынства.

Як адбываўся працэс?

Рабіч прызнаў сябе вінаватым. Ён сказаў, што пакінуў каментар, таму што адчуў пачуццё несправядлівасці. Ён адмовіўся даваць паказанні ў судзе. Былі зачытаныя ягоныя паказанні падчас следства ў жніўні 2022 года следчай Янкоўскай. Ён даваў іх на беларускай мове. Уладзіслаў пагадзіўся, што пакінуў пад фота шэраг каментароў "у бок Лукашэнкі, таму што паддаўся палітычным навінам паміж Расіяй і Украінай". Каментары ўтрымлівалі наступнае: "Пошел <лаянка>", "Слушайте, усатый <неразборліва> по его приказу <лаянка> <неразборліва>".      

Суддзю Кміту цікавіла, ці можа Уладзіслаў самастойна перасоўвацца па-за межамі кватэры, ці можа ён сам сябе абслугоўваць, ці мае ён жывую камунікацыю з аднагодкамі і ці наведваюць яго сацыяльныя службы, ці прынята ў сям'і камунікаваць з дапамогай лаянкі.

На пасяджэнні хацелі дапытаць брата абвінавачанага Сяргея Рабіча, але ён таксама адмовіўся даваць паказанні. Сярод пісьмовых доказаў па справе — рапарты маніторынгаў сацсетак, падчас якіх былі знойдзены каментары Рабіча, пратаколы вобшукаў, калі быў выняты камп'ютар. На пытанне абвінавачання Рабіч удакладніў, што пакінуў каментар праз агульны камп'ютар, які набылі бацькі: гэта адзіны камп'ютар у сям'і. На яго быў накладзены арышт. Адвакат папрасіў далучыць да справы даведку пра памер пенсіі Рабіча.

Рабіч адзначыў, што ўсвядоміў свае дзеянні і раскайваецца ў здзейсненым. У спрэчках дзяржабвінаваўца папрасіла гэта ўлічыць, а таксама тое, што Рабіч з'яўляецца чалавекам з інваліднасцю з дзяцінства і ніколі не прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. У выніку Юлія Мірановіч запрасіла для яго пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі". Камп'ютар, якім ён карыстаўся, "канфіскаваны ў даход дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства". Нягледзячы на тое, што абаронца Рабіча папрасіў прызначыць для яго мінімальны штраф і вярнуць адзіны камп'ютар сям'і, суддзя Мікалай Кміта прызначыў менавіта тое пакаранне, якое запрасіла дзяржабвінавачанне. На пытанне маці, якая як апекунка бярэ яго з сабой "нават на могілкі", калі выязджае, суддзя Кміта заўважыў: "Хутка амністыя, ён трапіць пад амністыю"

Таксама Рабіч абавязаны аплаціць паслугі адваката (70 рублёў 40 капеек) і працэсуальныя выдаткі – 170 рублёў – у даход дзяржавы.


Адзначым, што гэта не адзіны прысуд, вынесены людзям з інваліднасцю за апошні час. Палітвязня з трэцяй групы інваліднасці асудзілі да трох гадоў калоніі. Ён прынёс да дома міліцыянта рытуальны вянок. Быў вынесены суровы прысуд жыхару Маладэчна з анкалагічным захворваннем чацвёртай стадыі. Вядомыя і прысуды і затрыманні тых, хто даглядае за людзьмі з інваліднасцю. З-за відэа супраць рускіх вайскоўцаў ГУБАЗіК затрымаў жанчыну, якая даглядае за дзіцём з інваліднасцю. У Баранавічах мужчыну, у якога на ўтрыманні дзіця з інваліднасцю і жонка з анкалогіяй, прысудзілі год "хатняй хіміі" за здзек са сцяга. Мужчыну, які даглядае жонку з інваліднасцю, прысудзілі два гады "хіміі" за каментар пад фота з даішнікам Вольнічам. У Гомелі абвінавачанаму з інваліднасцю ў перадінсультным стане прысудзілі тры гады «хатняй хіміі» за адно слова ў Аднакласніках.

Праваабаронца “Вясны” Наталля Сацункевіч адзначае:

"Па міжнародных і нацыянальных нормах людзі з інваліднасцю маюць у дзяржаве такую ж адказнасць, як людзі без інваліднасці. І калі яны здзяйсняюць правапарушэнне ці злачынства, яны мусяць быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці. Але калі мы кажам пра прысуды па палітычных справах, якія ўвогуле не павінны існаваць як з'ява, то бачым, што і да 2020 года, і пасля жніўня 2020 года людзей з інваліднасцю розных групаў прыцягваюць як да адміністрацыйнай, так і да крымінальнай адказнасці па палітычных матывах. Гэта зусім розныя артыкулы: і ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і дыфамацыйныя артыкулы, і адміністрацыйны пераслед. Асобна варта ўзгадаць крымінальны пераслед кіраўніка і юрыста Офіса па правах людзей з інваліднасцю. За апошнія два гады мы бачым тысячы прысуды па крымінальных справах, яны ўсе вельмі розныя, таму я не магу сказаць, ці ёсць карэляцыя паміж вынясеннем пэўных прысудаў людзям з інваліднасцю, таму што назіраецца вялікі разброс. Адной шматдзетнай маці могуць даць "хатнюю хімію", іншай — калонію. Таму складана знайсці два аднолькавыя выпадкі

Але нормы кажуць і пра тое, што людзі з інваліднасцю — уразлівая группа. І часам для таго, каб у поўнай меры камунікаваць з навакольным асяроддзем, ім патрэбныя дадатковыя ўмовы. Нажаль, у беларускай дзяржаве ў судовай і следчай сістэмы няма скіраванасці на гуманізм, таму такія ўразлівыя групы праз гэта пакутуюць больш за іншых, ім патрэбная дадатковая дапамога і абарона. Гэта тычыцца вельмі розных рэчаў: магчыма, чалавеку патрэбна больш часу на азнаямленне са справай, іншы шрыфт напісання матэрыялаў. Ці ў яго няма грошай заплаціць за адваката, ці яму патрэбнае спецыяльнае харчаванне, калі ён затрыманы. Ці ён не можа залезці на ложак на другім паверсе альбо не можа выконваць адмысловыя працы ў калоніі. А гэта ў Беларусі не ўлічваецца.  Агулам калі казаць пра тое, што ў людзей з інваліднасцю пэўныя праблемы са здароўем, то самі ўмовы ўтрымання ўспрымаюцца для чалавека больш жорсткімі. Для гэтых людзей такія ўмовы часцей з'яўляюцца катаваннямі, чым для іншых". 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства