viasna on patreon

Арганізацыі грамадзянскай супольнасці: навошта ім патрэбны грошы і чаму ім варта дапамагаць?

2022 2022-09-15T11:49:30+0300 2022-09-15T12:18:27+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasna_-patreon.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Распавядаем пра тое, чаму кожнаму з нас важна дапамагаць арганізацыям грамадзянскай супольнасці, у тым ліку грашовымі ахвяраваннямі, як гэта зрабіць бяспечна і як падтрымаць "Вясну".


Што ж такое арганізацыі грамадзянскай супольнасці?

Недзяржаўныя арганізацыі, некамерцыйныя арганізацыі, няўрадавыя арганізацыі, грамадскія арганізацыі, і шырэй — арганізацыі грамадзянскай супольнасці — усе гэтыя словы з'яўляюцца сінонімамі для паняцця "трэці сектар".

Грамадскія арганізацыі не ставяць сабе мэтай атрыманне прыбытку, у адрозненне ад бізнэсу. Яны ствараюцца людзьмі праз гарызантальныя сувязі — а не дзяржавай. Менавіта таму грамадскія арганізацыі ўтвараюць сабой адмысловую сферу — "трэці сектар".

"Мэты стварэння арганізацый грамадзянскай супольнасці могуць быць самыя розныя. Але іх асноўная задача — дзейнічаць дзеля грамадскага дабрабыту , сістэмных і пазітыўных зменаў грамадства", — пра гэта ў сваіх картках добра расказала OEEC, якая таксама з'яўляецца арганізацыяй грамадзянскай супольнасці.

Арганізацыі грамадзянскай супольнасці могуць стварацца па розных кірунках: культурніцкім, экалагічным, дабрачынным. Сярод такіх грамадскіх арганізацый ёсць і праваабарончыя, у тым ліку і Праваабарончы цэнтр "Вясна".

У чым важнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці?

Дзяржава звычайна не ў стане даць рады ўсім запытам і праблемам сваіх грамадзян. А самі людзі на месцах могуць лепш бачыць і ведаць, што менавіта варта змяніць. Акрамя таго, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, з'яўляючыся незалежнымі, часта выступаюць важным крытыкам дзяржавы — асабліва недэмакратычных рэжымаў.

Прыклад: Савет па правах чалавека ААН праводзіць працэдуру Універсальнага перыядычнага агляду (УПА), дзе дзяржавы-ўдзельніцы ААН дакладаюць пра дасягнутыя імі паляпшэнні ў галіне правоў чалавека ў сваёй краіне. У кастрычніку 2020 года ў межах УПА дарадца пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі ў Жэневе Андрэй Таранда распавёў пра "прагрэс у галіне правоў чалавека". Але ва УПА бралі ўдзел і незалежныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку ПЦ "Вясна". Праваабаронцы распавялі пра ўжыванне гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных акцыі і палітычных зняволеных. 

Праваабаронцы агучылі першачарговыя рэкамендацыі беларускім уладам у межах працэдуры УПА

12 кастрычніка 2020 года адбылася анлайн прэ-сесія ў межах працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) для дэлегацый Савета па правах чалавека ААН.

Акрамя таго, у недэмакратычных дзяржавах менавіта арганізацыі грамадзянскай супольнасці бяруць на сябе важную функцыю — абарону чалавека ад самой дзяржавы і аказанне дапамогі людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій з боку дзяржавы. Гэтым і займаецца "Вясна" з 1996 года.

“Калі ў жніўні 2020-га тысячы людзей сутыкнуліся з катаваннямі з боку сілавікоў (як прадстаўнікоў дзяржавы) — то ўсе яны пайшлі ў "Вясну", — адзначае праваабаронца "Вясны" Наталля Сацункевіч.

Важная роля наяўнасці няўрадавых арганізацый падкрэсліваецца ў Дэкларацыі аб праваабаронцах (арт. 16), прынятай ААН яшчэ ў 1999 годзе:

“Асобы, няўрадавыя арганізацыі і адпаведныя ўстановы адыгрываюць важную ролю ў спрыянні больш глыбокаму разуменню грамадскасцю пытанняў, якія адносяцца да сферы правоў чалавека і асноўных свабод, праз такую дзейнасць, як адукацыя, прафесійная падрыхтоўка і даследаванні ў гэтых сферах у мэтах забеспячэння, у прыватнасці, глыбейшага разумення, цярплівасці, міру і сяброўскіх адносін паміж народамі і ўсімі расавымі і рэлігійнымі групамі, улічваючы розныя асаблівасці, характэрныя для супольнасцяў і калектываў, у якіх яны ажыццяўляюць сваю дзейнасць”.

Чаму патрэбны грошы? 

У арганізацыях грамадзянскай супольнасці працуюць людзі — ім патрэбныя заробкі, часта трэба плаціць за арэнду офіса. Таксама грошы патрэбныя як на праграмную дзейнасць, гэтак і на дадатковыя выдаткі — напрыклад, аплату хостынгу для сайта. 

*Часта НДА могуць ажыццяўляць сваю дзейнасць дзякуючы грантам. Але грантавая сістэма мае свае асаблівасці — яна накіравана на мэтавыя праекты (напрыклад, інтэграцыя людзей з ментальнымі парушэннямі ў грамадскае жыццё), а працэс атрымання гранта можа заняць працяглы час (ад падачы заяўкі, удзелу ў конкурсе да рэалізацыі праекта і справаздачы можа прайсці цэлы год). Таму пры неабходнасці вырашыць вузкае ці нестандартнае пытанне ў рэжыме "тут і цяпер" грант не пасуе (напрыклад, з калоніі вызваліўся палітвязень — і наўпрост цяпер яму неабходна падтрымка). Не заўсёды фінансавыя сродкі з гранта прыходзяць своечасова. І наогул не ўсе ідэі падтрымліваюць донары.

Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі Майна Кіаі ў межах свайго другога тэматычнага дакладу Савету па правах чалавека ААН падкрэсліў актуальнае значэнне доступу да фінансавых рэсурсаў для арганізацый грамадзянскай супольнасці:

majna-kiai.jpg
Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі Майна Кіаі

"Мы не можам недаацэньваць тую цэнтральную ролю, якую рэсурсы наогул і фінансавыя рэсурсы ў прыватнасці адыгрываюць у здольнасці асацыяцый ажыццяўляць сваю дзейнасць і дасягаць сваіх мэтаў. Няважна, наколькі малазначнымі здаюцца мэты аб'яднання, напрыклад, шахматнага клуба, бо ім неабходны матэрыялы (шахматныя дошкі), а таксама фінансавыя сродкі, якія, хутчэй за ўсё, будуць накіраваны на набыванне гэтых матэрыялаў. Дакладна гэтак жа шматлікія іншыя неасноўныя віды дзейнасці, такія як транспарт і сувязь, патрабуюць выкарыстання фінансавання. Для адных відаў дзейнасці будзе патрэбна трошкі рэсурсаў, іншыя запатрабуюць больш істотнай падтрымкі. У гэтай сувязі важна адзначыць, што вызначэнне таго, дзе асацыяцыі будуць шукаць рэсурсы, павінна ажыццяўляцца арганізацыяй, а не ўрадам".

Як розныя дзяржавы дапамагаюць і перашкаджаюць арганізацыям шукаць грошы?

Далучыцца да мэтаў, якія ставіць грамадзянская супольнасць, можна не толькі праз непасрэдную дзейнасць — удзел у НДА, але і праз грашовыя ахвяраванні.

Часта дзяржавы гэтаму спрыяюць. Напрыклад, у некаторых краінах кожны падаткаплацельшчык можа перанакіраваць частку свайго абавязковага падатку грамадскім арганізацыям. У Літве гэтая сума складае 1,2%, а ў Польшчы — 1%. Акрамя таго, у гэтых краінах чалавек можа абраць, на падтрымку якой менавіта арганізацыі ён можа накіраваць адсотак свайго падатку, і нават абраць, на які менавіта праект у межах гэтай арганізацыі. А каб грамадскія арганізацыі маглі атрымліваць грошы ад выплачанага падатку, яны павінны быць зарэгістраваныя і занесеныя ў адмысловы рэестр.

У Беларусі ж за апошні год ліквідавана ці знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі 857 грамадскіх арганізацый. Вялікая частка з іх (519) была ліквідавана ўладамі прымусова (астатнія былі вымушаны прыняць рашэнне аб ліквідацыі) — пра гэта ў сваім маніторынгу па свабодзе асацыяцый казаў Lawtrend. 

Акрамя таго, у Крымінальным кодэксе Беларусі існуе артыкул 193-1, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за "арганізацыю дзейнасці грамадскага аб'яднання … або ўдзел у іх".  Дзейнасць некаторых арганізацый і аб'яднанняў была прызнана беларускімі ўладамі "экстрэмісцкай" (напрыклад, Фонд BYSOL) — а за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" таксама прадугледжана крымінальная адказнасць.

“У Беларусі дзяржава руйнуе грамадзянскую супольнасць, бачыць у ёй свайго ворага, — адзначае юрыст "Вясны" Павел Сапелка. — Бо грамадзянская супольнасць — гэта заўсёды канкурэнт дзяржаве. Але калі дзяржава мысліць цвяроза, то яна гэтым задаволена — і тады грамадзянская супольнасць выконвае тое, што недапрацавала дзяржава, кантралюе яе і падказвае найлепшыя практыкі. А таталітарныя дзяржавы не трываюць аніякай канкурэнцыі”.

Навошта нам дапамагаць арганізацыям грамадзянскай супольнасці? 

Праваабаронца Наталля Сацункевіч адзначае, што для шматлікіх беларусаў актуальнае пытанне: "Як я магу дапамагчы ахвярам парушэння правоў чалавека?" А адказ на яго вельмі просты:

"Можна дапамагчы тым, хто дапамагае ахвярам парушэння правоў чалавека".

Наталля Сацункевіч падкрэслівае, што данаты арганізацыям — гэта заўсёды ўзаемакарысны працэс:

"Чым больш незалежных крыніц, якія даюць праваабарончым арганізацыям грошы, тым лепш — а гэта гарантыя нашай непрадузятасці і незалежнасці. З іншага боку, данаты даюць чалавеку пачуццё датычнасці да агульнай справы. І гэта ледзь не адзінае, што кожны асобны чалавек можа зрабіць ананімна. Таксама памер і колькасць ахвяраванняў сігналізуе пэўнай арганізацыі, наколькі карысная і запатрабаваная яна для людзей".

Як дапамагчы грамадскім арганізацыям грашыма — і застацца ў бяспецы?

Адным са спосабаў збору сродкаў на дзейнасць НДА з'яўляецца платформа Patreon. Яна цалкам бяспечная — пра гэта "Вясне" ананімна распавёў спецыяліст па камп'ютарнай бяспецы: 

Пляцоўка Patreon не дазваляе банку, чыёй картай ажыццяўляецца плацёж, бачыць, на які менавіта акаўнт ці праект ідзе падтрымка. Усё, што бачыць банк, гэта факт таго, што сума Х была перасланая сэрвісу Patreon. Але для банка няма магчымасці зразумець, ці быў гэта данат улюбёнаму геймеру ці на дзейнасць беларускай арганізацыі грамадзянскай супольнасці".

Праваабарончы цэнтр "Вясна" таксама запусціў збор сродкаў на Patreon. Наогул ёсць пяць узроўняў падтрымкі, дзякуючы якім арганізацыя можа працягваць абараняць правы чалавека і дапамагаць рэпрэсаваным:

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства