Ад збіванняў у 2020 годзе да затрымання за ўкраінскі сцяг на рэферэндуме: гісторыя студэнта МДЛУ
Гісторыя затрымання і збівання 21-гадовага студэнта Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Паўла ў верасні 2020 года выклікала рэзананс. Калі здавалася, што катаванні ў турмах пасля жнівеньскіх падзей спыніліся, сілавікі затрымалі хлопца пасля Жаночага марша на "Плошчы Перамогі" і збілі так, што ён трапіў у лякарню наўпрост з РУУС, і прабыў там каля месяца. Яму дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму сярэдняй цяжкасці з субарахнаідальным кровазліццём, пералом носа і множныя гематомы на целе. Павел пасля траўмы дагэтуль вымушаны прымаць лекі. 27 лютага 2022 года ў інтэрнэце разляцелася відэа з аднаго з выбарчых участкаў Мінска, дзе сілавікі затрымліваюць хлопца, які прыйшоў з украінскім сцягам непасрэдна на ўчастак для галасавання. Як высветлілася, гэта быў той самы Павел. У канцы сакавіка сілавікі прыйшлі па яго наўпрост у інтэрнат, але з РУУС ён ізноў патрапіў у лякарню. Пасля гэтага ў мэтах бяспекі яму давялося пакінуць Беларусь. Павел распавёў "Вясне" пра валанцёрства пад турмой у родным горадзе Жодзіна, пераслед у 2020 годзе, затрыманне на рэферэндуме з украінскім сцягам і выезд з Беларусі.
"Турма ў разуменні ўсіх павінна ламаць чалавека, але людзі выходзілі, наадварот, зараджаныя і згуртаваныя". Валанцёрства пад жодзінскай турмой у 2020 годзе
Павел родам з Жодзіна — горада, які шмат у каго цяпер асацыюецца з турмой, дзе ўтрымліваюцца палітзняволеныя і затрыманыя паводле палітычных матываў. Там у 2020 годзе таксама ўтрымлівалі затрыманых пратэстоўцаў, таму, як і на Акрэсціна, там дзяжурылі валанцёры. Павел распавядае, як прайшло ягонае валанцёрства ў адзін з пасляпратэсных дзён:
"Раней, да падзеяў 2020 года, я не цікавіўся гэтай турмой: ведаў, што там хтосьці сядзіць — і ўсё. Я дакладна не памятаю, што мяне тады заахвоціла паехаць пад турму да валанцёраў: ці то артыкул нейкі, ці то велізарныя спісы затрыманых у Жодзіне. Я тады падпрацоўваў у таксі, таму вырашыў паехаць дапамагчы: можа кагосьці падвезці ці сустрэць, можа штосьці прывезці. Я сустрэў там некалькі сваіх знаёмых. Я хацеў кагосьці падвезці да Мінска, але не паспяваў гэтага зрабіць, таму што, як толькі чалавек выходзіў з турмы, яго адразу перахаплялі іншыя валанцёры. Тым, хто выходзіў, адразу прыносілі ежу, ваду, абагравалі і давалі патэлефанаваць.
Калі выходзілі людзі, то распавядалі свае гісторыі затрымання, і калі слухаў іх, то глядзеў вялікімі вачыма, таму што не мог паверыць, што такое магчыма. Адзін мужчына расказаў, што проста ехаў на самакаце, а яго затрымалі і збілі. А самакат сілавікі ці то зламалі, ці то ў рэчку выкінулі. Яшчэ адзін мужчына расказаў, як у яго стрэльнулі гумовай куляй — паказваў след. Мне было тады дзіўна такія гісторыі слухаць. Але мне запомніўся іх баявы настрой. Турма ў разуменні ўсіх павінна ламаць чалавека, каб ён баяўся пратэставаць, запалохаць яго, але людзі выходзілі адтуль, наадварот, зараджаныя і згуртаваныя, настроеныя на далейшую барацьбу.
Родныя, калі даведаліся, што я валанцёру пад жодзінскай турмой, папрасілі дазнацца, ці ёсць у спісах наш сваяк. Тады ён быў назіральнікам на выбарах на адным з выбарчых участкаў. Пасля чарговага дня датэрміновага галасавання яны з іншымі назіральнікамі пайшлі ў кавярню, куды прыйшла старшыня выбарчай камісіі з супрацоўнікамі міліцыі. Яна паказала на хлопцаў і сказала: "Вось гэтыя былі". Яго асудзілі на "суткі" і перавезлі ў Жодзіна. Так я знайшоў яго ў спісах і распавёў пра гэта сваякам".
Затрыманне, збіванне 12 верасня 2020 года і месяц у лякарні пасля гэтага
Першы раз самога Паўла затрымалі амаль праз месяц пасля ягонага валанцёрства — увечары 12 верасня пасля Жаночага марша, каля станцыі метро "Плошча Перамогі". Момант яго затрымання трапіў у кадры "Нашай Нівы" і TUT.BY.
"Я тады ўдзельнічаў у мірнай акцыі пратэсту. Я не планаваў у той дзень пратэставаць, а хацеў сустрэцца з сябрамі. Але я прачытаў навіну, што міліцыянт стукнуў у твар дзяўчыну і, як пазней высветлілася, яму за гэта нічога не было. Я не мог сядзець на месцы пасля такога. Мы прайшлі калонай да "Плошчы Перамогі". А потым пратэст рэзка скончыўся, усё рынулі ў метро, на вуліцы засталіся нейкія людзі і шмат журналістаў. Я не ведаю, наколькі я вылучаўся на гэтым пратэсце. Магчыма, сілавікі адмыслова сачылі за мной. Калі вялікая частка людзей спусцілася ў метро, то я дастаў тэлефон і глядзеў, як прайсці да сяброў… Далей здарылася гэтая гісторыя з выкраданнем і збіваннем, якую вы ведаеце.
У момант выкрадання мне здавалася, што побач са мной стаялі тры чалавекі і мне ніхто не дапаможа, бо людзей замала. Але я пераглядаю відэа і бачу столькі людзей вакол… Цяпер бачу памылкі, якія трэба выпраўляць. Напрыклад, сваіх трэба адбіваць. Нам варта правесці працу над памылкамі, каб унікаць іх у далейшым. Для сябе я дакладна выпрацаваў стратэгію".
У "бусе без нумароў" людзі ў аліўкавай форме і балаклавах моцна збілі Паўла, пагражалі і запалохвалі:
"Мяне, як толькі паклалі на падлогу ў бусе, пачалі біць нагамі. Мне адразу прыляцела некалькі ўдараў у твар. Білі кулакамі. Адразу сказалі: "Усё, мы пра цябе ўсё ведаем, ты каардынатар з Польшчы". Казалі нейкімі агульнымі фразамі. Было відаць, што спрабуюць запалохаць. Нічога канкрэтнага не прад'яўлялі, казалі, што яны нібы даўно высочвалі мяне. Настойвалі, каб я ў чымсьці прызнаўся. Спрабавалі запалохаць мяне псіхалагічна, каб я прызнаў, што я нейкі каардынатар. Пры гэтым білі ў нагу, у твар, па галаве, па спіне. Хоць я ўжо не памятаю, як мяне білі па спіне, толькі потым знайшоў сінякі ў сябе. Не адчуваў гэтага праз боль і шок, напэўна.
Потым у нейкі момант "галоўны", які сеў спераду буса, дастаў дубінку і сказаў: "Ведаеш, куды табе яе зараз засунем, калі ты не скажаш пароль? І ў глотку, і згвалтуем. Ну давайце, хлопцы, пачынаем". Тым часам іншыя сілавікі пачалі сцягваць з мяне шорты і майткі. Я адбіваўся, як мог. Спадзяваўся, што яны перастануць. Так і адбылося. Усё абыйшлося запалохваннямі. Было страшна і непрыемна, але я спрабаваў захоўваць спакой, наколькі гэта магчыма ў такой сітуацыі",— расказываў тады хлопец "Вясне".
У Першамайскім РУУС Мінска Павел знепрытомнеў. Адтуль яго павезлі на хуткай у лякарню, дзе яму дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму, кровазліццё ў мозг сярэдняй ступені, пералом носа і множныя гематомы на целе. Там яму давялося прабыць каля месяца. Павел дагэтуль вымушаны прымаць пэўныя лекі.
"Я цяпер перыядычна пакутую ад галаўных боляў, праблемаў з памяццю, у мяне на некалькі гадзін больш часу сыходзіць на сон, час ад часу даводзіцца абследавацца і піць таблеткі. Часам выяўляецца заіканне, якога да гэтай траўмы дакладна не было", — распавядае хлопец пра наступствы.
Падрабязная гісторыя затрымання ў 2020 годзе:
ЧМТ, кровазліццё ў мозг, пералом носа. Расказ студэнта, які пасля збіцця ў "бусе без нумароў" трапіў у бальніцу
"У гісторыі майго выкрадання, калі я сам-насам з сілавікамі "катаўся" ў бусе, я памятаю, як наш бус пужаў іншых пратэстоўцаў. Бус проста тармозіў каля людзей, але сілавікі не выходзілі".
Цяпер Павел разважае, што раней на акцыях пратэсту не разумеў, чаму бусы, якія спыняліся каля пратэстоўцаў, часта не затрымлівалі іх.
"У мяне была гісторыя, калі мы са знаёмым уцякалі ад буса, які праехаў у некалькіх метрах ад нас, спыніўся, але ніхто з бусіка не выбег, хоць у іх былі стоадсоткавыя шанцы нас схапіць. Хутчэй за ўсё, сілавікі не выбеглі, таму што ў тых бусах таксама хтосьці ўжо быў. І для мяне гэта траўма. Ведаючы, што адбывалася тады са мной у бусе, я хацеў бы дапамагчы выцягнуць адтуль патэнцыйную ахвяру, якая магла знаходзіцца ўсярэдзіне. Досыць страшна цяпер задумвацца, чаму я не дапамог тым, хто мог быць унутры, калі быў так блізка і адначасова так далёка, хоць шанцаў, відавочна, было мала".
Сховішча ў кватэры на "Плошчы Перамен" 15 лістапада 2020 года
15 лістапада падчас разгону на "Плошчы Перамен" удзельнікаў "Марша памяці Рамана Бандарэнкі" Паўлу давялося, як і шмат каму яшчэ, хавацца ў кватэры.
"Мы назіралі з верхняга паверху аднаго з дамоў на Плошчы, як людзей узялі ў кола. Сілавікі ў наша акно настаўлялі зброю. Мы папрасілі хлопцаў папярэдзіць, калі сілавікі ўвойдуць у наш пад'езд. І калі нам крыкнулі, мы зразумелі, што ўсё... Нам давялося схавацца ў кватэры і выключыць святло. Мы сядзелі і чыталі навіны, як каля нашых пад'ездаў сілавікі правяраюць пашпарты, і таму проста так не выйсці адтуль..."
Але тады ў хлопца атрымалася пазбегнуць затрымання.
"Рэферэндум 27 лютага быў адным са спосабаў, каб паказаць украінцам, што ўлада і народ — гэта рознае"
27 лютага Павел прыйшоў на выбарчы ўчастак для галасавання з украінскім сцягам на плячах. Усярэдзіне ўчастка ля ўваходу стаялі тры супрацоўнікі міліцыі: адзін быў у форме, двое — у цывільным. Хлопца не пусцілі на ўчастак, дзе ён хацеў прагаласаваць. Павел цяпер распавядае, чаму вырашыў прыйсці на рэферэндум з украінскім сцягам:
"Некалькі дзён ідзе вайна. Русня стаіць пад Кіевам. З нашай тэрыторыі ва Украіну ляцяць ракеты толькі таму, што ў нас не ўсё атрымалася ў 2020 годзе, але па-іншаму, напэўна, быць і не магло. І я з 24 лютага не мог знайсці сабе месца і зразумець, як я магу дапамагчы. Пры гэтым у бок беларусаў ліўся зразумелы негатыў з боку ўкраінцаў. І вось рэферэндум 27 лютага быў адным са спосабаў, каб паказаць украінцам і нагадаць нашым, што ўлада і народ — гэта рознае. І што сілавікі і ім падобныя — гэта не беларусы. І каб паказаць, што сапраўдныя беларусы супраць вайны і падтрымліваюць украінцаў, я купіў у бліжэйшай краме сіне-жоўты сцяг. Мне хацелася верыць, што мяне не затрымаюць толькі таму, што на мне ўкраінскі сцяг".
На студэнта адразу выклікалі АМАП. На відэа, якое знялі відавочцы, бачна, як хлопца вядуць у бус трое сілавікоў. Павел адзначыў, што яго затрыманне на ўласныя вочы бачыў начальнік упраўлення выхаваўчай працы з моладдзю МДЛУ Ігар Пучэня, які ніяк на гэта не адрэагаваў. У бусе разам з ім былі два чалавекі, якіх затрымалі за стужкі ў сіне-жоўтых колерах. Па дарозе ў РУУС амапаўцы пыталіся ў затрыманых, чаму яны не выходзяць на пікеты са сцягамі ў Кіеве. Акрамя гэтага, у бусе адзін з сілавікоў здымаў студэнта на відэа, запытваў, што за сцяг на ягоных плячах, і прасіў назваць свае асабістыя дадзеныя.
Ва ўпраўленні затрыманых пасадзілі ў актавую залу, дзе ўжо было каля дзесяці чалавек. Павел распавёў, што рукі ўсім затрыманым звязалі за спінай, выкарыстоўваючы сцяжкі (пластыкавыя хамуты), і паабяцалі не менш за 15 сутак адміністрацыйнага арышту. У хлопца з сабой быў гадзіннік, падораны татам, бранзалет, падораны сябрам, пашпарт. Усё гэта забралі разам са сцягам. Сцяг "прышылі" да справы як рэчыўны доказ. А астатнія рэчы хлопцу дагэтуль не вярнулі. З ягоных слоў, рэчы страцілі. Таксама ў Паўла з сабой былі неабходныя медыкаменты для галавы.
"У мяне сілавікі запыталіся, ці ёсць сярод таблетак жыццёва неабходныя лекі. Я адказаў, што ёсць. Яны спыталі ў начальства, ці можна мне іх пакінуць — і не дазволілі. Гэтая сітуацыя вельмі добра характарызуе беларускіх сілавікоў".
"Я спадзяваўся, што хоць нейкая частка ўкраінцаў паглядзіць гэтае відэа, зразумеюць, што сапраўдныя беларусы ніколі ў жыцці не запусцілі б у іх ракеты"
Калі хлопца пачало калаціць і ён знепрытомнеў, яму выклікалі хуткую дапамогу. З РУУС хлопца даставілі ў лякарню і пакінулі на абследаванне. Там ён правёў каля двух тыдняў.
"Калі я ляжаў у лякарні, то мне знаёмыя скінулі спасылку на TikTok, дзе ролік са мной сабраў каля 60 тысяч праглядаў. Гэта сагрэла мне душу, і я спадзяваўся, што калі нейкая частка ўкраінцаў паглядзіць гэта відэа, то хоць трошкі зразумеюць, што сапраўдныя беларусы ніколі ў жыцці не запусцілі б у іх ракеты".
"Я сілавікам казаў, што мяне трасе, таму што ў мяне траўма — я не прыкідваюся". Затрыманне ў сакавіку 2022 года
23 сакавіка каля 23-й гадзіны ў студэнцкі інтэрнат МДЛУ прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Іх цікавіў Павел.
"Двое супрацоўнікаў міліцыі па форме зайшлі ў пакой, паказалі свае дакументы і сказалі, што трэба праехаць з імі на "выхаваўчую гутарку". У мяне была падобная гісторыя ў 2020 годзе, але яны тую гутарку правялі проста ў інтэрнаце з нашай выхавальніцай. Цяпер я не ведаў, што яны хочуць ад мяне: заводзіць справу ці штосьці іншае. Супрацоўнікі адразу забралі ў мяне тэлефон. Я не супраціўляўся, таму што разумеў, што магу "атрымаць" за гэта.
Я адразу выпіў таблеткі, бо ў мяне ўжо пачынаўся прыступ — мяне трэсла. Я ім адразу сказаў, што пасля затрымання ў 2020 годзе ў мяне чэрапна-мазгавая траўма. У мяне была медыцынская карта з лякарні з дыягназам. Таксама я адзначыў, што стаю на ўліку ў неўролага.
Калі мяне выводзілі з інтэрната, то гэта ўбачылі вахцёры і пачалі абурацца і патрабаваць супрацоўнікаў прадставіцца і растлумачыць сітуацыю: куды, навошта, хто такія. Яны перапісалі іх пасведчанні і патэлефанавалі загадчыцы інтэрната. Нас чакаў бусік з яшчэ некалькімі людзьмі ў спартовым адзенні ўсярэдзіне. Калі я сеў, то ўбачыў дыялог жэстамі паміж сілавікамі. Адзін супрацоўнік махае іншаму: "Не", другі пытальна прыўздымае галаву, як бы пытаючы: "Чаму?", а першы ў адказ сказаў, што калі са мной штосьці здарыцца, то будзе зашмат гемару з загадчыцай. Дзякуй вялікі вахцёрам і загадчыцы, яны мяне выратавалі — ад чаго, не ведаю. Я так разумею, мяне хацелі біць і запалохваць.
Я потым сілавікам казаў, што мяне трасе, таму што ў мяне траўма — я не прыкідваюся. Яны тады запыталі дакументы з пацвярджэннем, якія засталіся ў мяне ў пакоі. Мы вярнуліся па медкарту".
"Як я яго пасаджу? Ён жа адкінецца ў турме!"
Пазней хлопца адвезлі на бусе ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска.
"Мяне пасадзілі на крэсла. Я ўвесь калаціўся. Я быў у такім стане, што дрэнна кантраляваў, што адбываецца вакол мяне, але яшчэ ўспрымаў мову.
Потым, калі Паўла пасадзілі каля акна, ён пазнаў фон з "пакаяльных відэа" з затрыманымі пратэстоўцамі. Супрацоўнікі пры гэтым знялі ўжо чахол з камеры. Я зразумеў, навошта мяне прывялі. Іх нават не бянтэжыў мой стан: я калаціўся і не мог звязаць пару слоў. Потым адзін з супрацоўнікаў узяў маю медкарту, выйшаў і пачаў з кімсьці лаяцца па тэлефоне, маўляў: "Як я яго пасаджу? Ён жа адкінецца ў турме! Я гляджу ягоную карту — у яго дыягназ!" Ён так тэлефанаваў некалькі разоў. З ягонай рыторыкі было зразумела, што ён перажываў не за мяне, а за тое, каб я не адкінуўся пры ім і каб у яго не было праблем. У выніку я зразумеў, што не выберуся адтуль. Але ўсё ж гэты супрацоўнік сказаў іншаму, каб выклікалі хуткую, каб ім не прыляцела".
Так хлопца забрала хуткая і ён апынуўся ў той лякарні, дзе ў 2020 годзе пасля збіванняў правёў месяц.
"Пасля гэтага я зразумеў, што мяне пасадзяць і мне трэба выбірацца з Беларусі, таму што заставацца мне там нельга".
Так Павел хуткім часам апынуўся ў Польшчы.
"Не хочацца папаўняць шэрагі палітвязняў, а хочацца рабіць, што можаш"
Над Паўлам прайшоў адміністрацыйны суд за "несанкцыянаванае пікетаванне" з украінскім сцягам 27 лютага на ўчастку галасавання паводле арт. 24.23 КаАП. Суд запатрабаваў у "Пасажырапатоку" звесткі пра выезд студэнта з краіны, каб правесці працэс над ім завочна. У выніку хлопца аштрафавалі на 80 базавых велічыняў (2 650 рублёў). Такую пастанову вынесла вядомая "палітычная суддзя" Маскоўскага раёна Таццяна Пірожнікава. Асноўны доказ па справе — "сцяг сіне-жоўтага колеру".
"Я разумею, што гэтая адміністратыўка — прынада, каб я не баяўся і вярнуўся ў Беларусь. Але я ўпэўнены: калі я прыеду дадому, то зраблюся наступным палітвязнем. У мяне і сваяк сядзіць ні за што. І такіх у нас тысячы. Не хочацца папаўняць іх шэрагі, а хочацца рабіць, што можаш, таму мне важна і распавядаць свае гісторыі. Каб праз публікацыі людзі разумелі, што гэта не скончылася. Быць можа, хтосьці захоча дапамагаць больш сем'ям палітвязняў, самім зняволеным, тым, каму давялося выехаць з Беларусі, а таксама беларускім валанцёрам ва Украіне. Любая дапамога, агалоска і дадатковая ўвага да гэтых праблем — тое, што цяпер трэба. Калі я буду ведаць, што хоць бы цэнт хтосьці скінуў на добрую справу пасля чытання гэтай гісторыі, гэта ўжо таго варта".
"Гэта "палітычнае адлічэнне", таму што раней да мяне пытанняў не было"
Пазней стала вядома, што Паўла адлічылі з апошняга курсу ўніверсітэта.
"Гэта сто адсоткаў "палітычнае адлічэнне", таму што раней да мяне ніякіх пытанняў не было. Адлічэнне ў нас адбываецца па выніках трох вымоваў — а тут без аніводнага. Што характэрна, мне нават ніякага афіцыйнага апавяшчэння з універсітэта не даслалі.
Пасля майго затрымання мяне хацеў бачыць наш "былы" супрацоўнік КДБ, які працуе ва ўніверсітэце, — прарэктар па адміністрацыйна-кадравых пытаннях Селяйковіч Генадзь Паўлавіч. Дзяўчаты, якіх ён выклікаў да сябе па такіх пытаннях, выходзілі ад яго заплаканыя і запалоханыя. Наогул шмат хто з нашай універсітэцкай адміністрацыі замяшаны ў затрыманнях студэнтаў, даносах на іх. Яшчэ хачу адзначыць выпадак, калі проста перад студэнтамі зачынілі дзверы, каб тых затрымаў АМАП. Увогуле шмат гісторый, у якіх у будучыні нам трэба будзе разабрацца".
Павел хоча вярнуцца дадому і ўпэўнены, што прыедзе ў Беларусь:
"Вядома, я вярнуся. Нам яшчэ трэба будзе адбудоўваць сапраўдную, свабодную, незалежную і дэмакратычную Беларусь, улічваючы свае і чужыя памылкі".