viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: жыццё ў мірнай барацьбе за правы чалавека ў Беларусі

2022 2022-10-24T16:26:20+0300 2022-10-24T16:47:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ales-bialiatski-theconversation.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Некамерцыйнае выданне The Conversation апублікавала артыкул пра Алеся Бяляцкага, напісаны Анаіс Марэн, спецыяльнай дакладчыцай ААН па Беларусі і навуковай супрацоўніцай Варшаўскага ўніверсітэта. "Вясна" прыводзіць тэкст артыкула цалкам.

Алесь Бяляцкі выступае ў сенаце Польшчы ў 2014 годзе. Michał Józefaciuk, CC BY
Алесь Бяляцкі выступае ў сенаце Польшчы ў 2014 годзе. Michał Józefaciuk, CC BY

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года, праваабаронца Алесь Бяляцкі — чацвёрты чалавек у гісторыі Нобелеўскай прэміі, які атрымаў гэтую ўзнагароду, знаходзячыся ў зняволенні. Такім сімвалічным, але моцным жэстам Нобелеўскі камітэт прызнаў 35-гадовую працу Бяляцкага па абароне правоў чалавека ў Беларусі. Гэта таксама служыць нагадваннем пра тое, што дзясяткі беларускіх праваабаронцаў у гэты час знаходзяцца за кратамі, у тым ліку пяцёра калегаў Бяляцкага з Праваабарончага цэнтра "Вясна". За апошнія месяцы яшчэ дзясяткі чалавек уцяклі з краіны, асцерагаючыся крымінальнага пераследу і затрымання.

У святле няспыннага падаўлення іншадумства і скарачэння грамадзянскай прасторы ў Беларусі, уганараванне Бяляцкага Нобелеўскай прэміяй ёсць прызнанне доўгай і мірнай барацьбы беларусаў за асноўныя свабоды ў кантэксце, які значна ўскладніла вайна Расіі з Украінай праз саўдзельніцкую пазіцыю Лукашэнкі.

Ветэран праваабарончай дзейнасці

Алесь Бяляцкі нарадзіўся ў 1962 годзе ў сям'і беларусаў, якія жылі ў той час у Расіі. Праз тры гады яны вярнуліся ў Беларусь, у Светлагорск. Ва ўніверсітэце Алесь вывучаў беларускую і рускую філалогію і ўпершыню выступіў у ролі праваабаронцы, абараняючы права пісьменнікаў і мастакоў выкарыстоўваць сваю родную беларускую мову. У 1980-х гадах ён вёў актыўную дзейнасць у дэмакратычных колах, дзе патрабавалі большай свабоды выказвання меркаванняў, шанавання беларускай самабытнасці, культуралагічнай спадчыны і такіх гістарычных сімвалаў, як бел-чырвона-белы сцяг.

У 1987 годзе Бяляцкі выступіў суарганізатарам першага масавага збору ў БССР з нагоды Дзядоў, паганскага свята, якое для беларускіх каталікоў служыла памяццю пра ахвяраў камунізму. З прычыны яго сувязі з нацыяналістычнай і дэмакратычнай апазіцыяй марш быў разагнаны, а ў 1996 годзе свята было наогул забаронена.

У тым жа годзе Бяляцкі заснаваў НДА "Вясна", каб дапамагаць ахвярам парушэнняў правоў чалавека і фіксаваць вяртанне краіны да аўтарытарызму пасля "канстытуцыйнага перавароту" 1996 года. Аляксандр Лукашэнка, абраны прэзідэнтам у 1994 годзе, за кошт парламента пашырыў свае паўнамоцтвы і падоўжыў іх тэрмін на два гады. Пасля ягонага сумніўнага, з пункту гледжання законнасці, пераабрання ў 2001 годзе рэгістрацыя арганізацыі была ануляваная, у тым ліку з прычыны заяваў пра фальсіфікацыю выбараў незалежнымі назіральнікамі, у прыватнасці ад "Вясны". З 2003 года "Вясне" было адмоўлена ў рэгістрацыі ў Беларусі, дзе яна, тым не менш, працягвала весці важную праваабарончую працу.

Адна з ключавых кампаній "Вясны" прысвечаная адмене смяротнага пакарання ў Беларусі. Праваабарончы цэнтр Бяляцкага таксама нястомна нагадваў беларускім уладам пра іх міжнародна-прававыя абавязальніцтвы ў дачыненні да правоў на свабоду выказвання меркаванняў, свабоду асацыяцый і мірных сходаў, а таксама незалежнасці судовай улады. Сетка валанцёраў і праваабаронцаў, звязаных з "Вясной", аказвала падтрымку групам палітычных апанентаў, журналістам і вулічным пратэстоўцам, якія рэгулярна зазнавалі адвольныя затрыманні ў Беларусі.

pratesty_.jpg
Мітынг 16 жніўня 2020 года ў Мінску. Фота: Homoatrox/Wikipedia, CC BY

У Беларусі, як і ў іншых недэмакратычных дзяржавах, дзейнасць, злучаная з правамі чалавека, абавязкова носіць палітычны характар. Сябра першага дэмакратычна абранага Мінскага муніцыпальнага савета (1991-1996), у канцы 1980-х Бяляцкі стаў адным з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту (БНФ), а пазней уваходзіў у кіраўніцтва партыі. Ад самага пачатку БНФ адкрыта крытыкаваў камунізм, падтрымліваў нацыянальны супраціў русіфікацыі і адстойваў дэмакратычны парадак дня — да вялікай незадаволенасці Лукашэнкі, вядома. Большасць ягоных палітычных апанентаў рэгулярна зведвалі судовы і фінансавы пераслед, былі арыштаваныя ці нават "зніклі".

Выбіраючы паміж зняволеннем і выгнаннем

Пасля чарговых спрэчных выбараў у 2011 годзе беларускія ўлады расправіліся з палітычнай апазіцыяй і актывістамі грамадзянскай супольнасці, уключаючы самога Бяляцкага. Ягоны арышт 4 жніўня і пазнейшае асуджэнне да чатырох з паловай гадоў турэмнага зняволення за "ўхіленне ад выплаты падаткаў" былі расцэнены праваабаронцамі як палітычна матываваныя. Пасля неаднаразовых адмоваў у рэгістрацыі ў Беларусі "Вясна" адкрыла банкаўскія рахункі ў Вільні і Варшаве, адкуль сродкі, прызначаныя для падтрымкі беларускіх палітзняволеных і іх сем'яў, былі пераведзеныя ў Беларусь "незаконна", як сцвярджалі ўлады.

Amnesty International абвясціла Бяляцкага вязнем сумлення, і ягонаму вызваленню спрыяла беспрэцэндэнтная міжнародная кампанія, якая праводзілася Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH), віцэ-прэзідэнтам якой ён быў абраны ў 2007 годзе, праз год пасля таго, як быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру. Урэшце рэшт ён быў датэрмінова вызвалены 21 чэрвеня 2014 года, але ў дрэнным фізічным стане пасля трох гадоў, кажучы ягонымі словамі, прымусовай працы і жорсткага абыходжання ў турме.

Аднаўляючы сваю праваабарончую дзейнасць, Бяляцкі добра разумеў, што ён можа зноў зрабіцца ахвярай рэпрэсій у Беларусі, асабліва пасля таго, як ён аказаў падтрымку дэмакратычнаму руху, які пахіснуў кіраванне Лукашэнкі з сярэдзіны 2020 года. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня Бяляцкі ўвайшоў у Кардынацыйную раду, створаную дзеля кіраўніцтва мірным пратэсным рухам і пераўтварэннямі пасля таго, як кандыдатка ад апазіцыі Святлана Ціханоўская была вымушаная пакінуць краіну. Неўзабаве пасля гэтага большасць сябраў праўлення Каардынацыйнай рады былі або арыштаваныя (Марыя Калеснікава, Максім Знак), або вымушаныя ўцякаць з Беларусі дзеля ўласнай бяспекі (як і давераная асоба Ціханоўскай Вольга Кавалькова, былы міністр культуры Павел Латушка і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2015 года Святлана Алексіевіч).

Аднак Бяляцкі адмовіўся пакідаць Беларусь, адчуваючы, што павінен абараняць пацярпелую грамадзянскую супольнасць сваёй краіны. Разам з прыкладна 35 000 пратэстоўцаў сотні актывістаў грамадзянскай супольнасці, уключаючы незалежных журналістаў, былі затрыманы, аштрафаваны, а ў некалькіх выпадках ім пагражаў судовы пераслед і турэмнае зняволенне паводле абвінавачвання ў арганізацыі ці фінансаванні "несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў", "актаў хуліганства" ці "масавых беспарадкаў". Марфа Рабкова, 27-гадовая каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны", была адной з першых арыштаваных у верасні 2020 года. Яе абвінавацілі ў "закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы" і "стварэнні экстрэмісцкага фармавання", і 6 верасня 2022 года асудзілі да 15 гадоў турмы. Праваабаронца Леанід Судаленка, яшчэ адзін славуты дзеяч "Вясны", раней быў асуджаны да трох гадоў зняволення.

На працягу 2021 года ўлады распраўляліся з усімі актывістамі грамадзянскай супольнасці і праваабаронцамі, праводзячы рэйды ў іх офісах і затрымліваючы сябраў некалькіх НДА і СМІ паводле абвінавачвання ў "экстрэмізме", што раўнасільна паляванню на вядзьмарак супраць усіх, хто адважыўся крытыкаваць урад і ягоную палітыку. Дзясяткі адвакатаў, якія баранілі "палітычных" кліентаў, былі пазбаўлены ліцэнзіі, сотні журналістаў і блогераў былі вымушаны сысці ў падполле ці сутыкнуцца з адміністрацыйнымі ці нават крымінальнымі абвінавачваннямі.

16 лютага 2021 года былі праведзены вобшукі ў офісах некалькіх арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі, што вымусіла большасць іх супрацоўнікоў пакінуць краіну ў наступныя тыдні. Падчас другога рэйду ў тым жа годзе, 14 ліпеня 2021-га, Бяляцкі быў затрыманы разам са сваім намеснікам і віцэ-прэзідэнтам FIDH Валянцінам Стэфановічам і юрыстам "Вясны" Уладзімірам Лабковічам. З тых часоў яны знаходзяцца ў папярэднім зняволенні паводле фіктыўных абвінавачванняў ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. На наступны дзень пасля 60-годдзя Бяляцкага, 26 верасня 2022 года, супраць яго, Стэфановіча і Лабковіча былі выстаўленыя яшчэ больш суровыя абвінавачванні "кантрабанда" і "фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", з магчымым прысудам ажно да 12 гадоў зняволення.

Адной з мэтаў судовага пераследу беларускіх праваабаронцаў, відаць, з'яўляецца поўнае знішчэнне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. На працягу 2021-2022 гадоў больш за 300 НДА былі ліквідаваныя ці вымушаныя "самаліквідавацца". На гэтым фоне Нобелеўская прэмія міру 2022 года ўзнагароджвае не толькі старшыню "Вясны" яна заахвочвае грамадзянскую супольнасць працягваць мірную барацьбу за прызнанне і абарону правоў чалавека ўсіх беларусаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства