viasna on patreon

Алена Маслюкова: “Алесь усім сваім жыццём, сваёй свабодай гэта заслужыў”

2022 2022-12-12T11:31:00+0300 2022-12-13T11:10:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/alena_maslukova_spring96_7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова. Фота: spring96.org

Праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова. Фота: spring96.org

Сярод тых, хто 10 снежня, у  Міжнародны дзень абароны правоў чалавека, прымаў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру – правабаронца і зямлячка Алеся Бяляцкага Алена Маслюкова. Яна вучылася разам з Алесем у Гомельскім універсітэце, але толькі на курс ніжэй. Мы паразмаўлялі з Аленай пра дарогу Алеся да Нобеля:

–– З Алесем я знаёмая яшчэ са студэнцкіх часоў. Мы разам навучаліся з ім адным універсітэце. Пэўны час у дзяцінстве мы нават жылі ў адным горадзе, праўда вучыліся ў розных школах, таму зразумела тады адзін аднаго і не ведалі. Калі я з ім пазнаёмілася ва ўніверсітэце, то першае ўражанне ад яго было такім, што гэта звычайны і пры гэтым абсалютна незвычайны хлопец. Што незвычайнае ў ім было для нас расейскамоўных, бо тады панавала расейская мова і пра беларускую нават размовы не вялося, каб яе ўжывалі ў паўсядзённым жыцці. Ён як раз такі быў беларускамоўны. Ён тады нас першакурснікаў заахвочваў да таго, што ўсё ж такі трэба карыстацца роднай мовай, адраджаць нацыянальную культуру, нацыянальныя традыцыі. Ведаеце, ужо ў тыя часы, калі ён быў зусім юным чалавекам, у яго адчувалася вельмі моцная харызма, стрыжань. Вось гэта прываблівала людзей, вакол яго заўсёды былі сябры і проста знаёмыя. Ён заўсёды быў гатовы дапамагаць па любым пытанні, якое б не ўзнікала. Можна было звярнуцца да Алеся і ён аказваў дапамогу. Я думаю, што пэўна яго вось гэты выбар па жыцці – стаць праваабаронцам, пайшоў яшчэ з тых часоў

– Адкуль у яго гэта цяга да беларускасці? Тады беларуская мова была непапулярная.

Палітыка ўладаў была такая, што мову прыгняталі, забівалі, прыніжалі. Самае сумнае ў гэтай сітуацыі павінна быць напэўна тое, што самі беларусы дазвалялі так абыходзіцца са сваёй мовай. У Алеся, нягледзячы на тое, што ён нарадзіўся ў Расеі, ён жа беларус. Пэўна вось гэтыя беларускія гены сядзяць у ім вельмі глыбока. Хутчэй за ўсё менавіта яны кіруюць і кіравалі ўсімі яго ўчынкамі і дзеяннямі. Чалавек годна ставіўся да сваёй нацыі, любіў народ, любіў беларускую культуру, мову і хацеў, каб гэта гэтак жа да яе ставіліся іншыя людзі. Ён ніколі не навязваў свайго меркавання. Мне здаецца, што яму было ўсё роўна на якой мове з ім размаўлялі. Калі ён размаўляў па-беларуску, то неяк няёмка было побач з ім знаходзіцца і не гаварыць на сваёй мове. Я ўжо аднойчы казала, што менавіта гэта падштурхнула мяне здаваць залік па беларускай літаратуры на беларускай мове. Я адзіная ў групе гісторыкаў, якая здавала гэты залік па-беларуску. Я думаю, што ён такім сваім асабістым прыкладам па жыцці дапамагаў людзям вырашаць на якой мове ім размаўляць. Неяк так, хаця ў мяне на гэта паўплываў вельмі моцна і мой бацька, калі я яшчэ ў школе навучалася. Ён таксама мне казаў: „Алена, табе мусіць быць сорамна”. Калі я атрымала чатыры па беларускай мове і пры гэтым у мяне стаяла выдатная адзнака па расейскай і выдатная адзнака па іспанскай мове. Ён сказаў: „Мусіць быць сорамна, што ты замежныя мовы ведаеш лепей за сваю”. Так што мне па жыцці пашчасціла, што і бацька ў мяне быў такі нацыянальна-арыентаваны і сябра Алесь такі ж самы.

– У 1980-х ён рызыкаваў усім змагаючыся за Беларусь. Ці ведалі вы пра гэта тады?

Тое пра што вы сказалі, гэта яго чалавечая сутнасць. Безумоўна ніякія пагрозы не маглі яго спыніць, калі ён бачыў мэту і ведаў, як яе дасягнуць, а таксама што асабіста ён павінен быў рабіць, каб адрадзіць беларускасць. Мы ведаем, што ён таксама стаяў у вытокаў Беларускага Народнага Фронту. Вельмі дэмакратычная, новая арганізацыя, а пасля партыя, якая паўстала ў Беларусі ў постсавецкі перыяд. Мы ведаем, што ён выходзіў на тыя самыя, як мы ўмоўна кажам барыкады. Мы памятаем, як ён выступаў на мітынгах разам з Вінцуком Вячоркам, з іншымі кіраўнікамі фронту і казаў пра тое, што Беларусь мусіць быць незалежнай. Мне неяк так падаецца, што ён працягваў барацьбу Каліноўцаў і Кастуся Каліноўскага. Неяк у ім гэта арганічна спалучалася, барацьба і пры гэтым узважанасць, разважлівасць. Мы ж памятаем, як паўстаў праваабарончы цэнтр „Вясна”. Зноў такі, з імкнення Алеся дапамагчы людзям, калі ў 1996 годзе былі жорсткія рэпрэсіі. Людзей арыштоўвалі, закідвалі на Акрэсціна. Ён тады заахвоціў маладых фронтаўцаў: „Давайце будзем збіраць усё, што можна – макароны, цукар, прадукты, каб перадаць сем’ям зняволеных, каб перадаць самім зняволеным. Вось з гэтага паўстала ўсё. Ён жа тады быў зусім маладым чалавекам, але ў ім проста незабіваемая моц. Ён заўсёды разумеў, што асоба прадстаўляе сабой вялікую каштоўнасць і гэтай асобе трэба дапамагаць, калі яе правы парушаюцца. Такім чынам паміж яго навуковай, літаратурнай дзейнасцю, паўстала гэта палітычная барацьба і пераход у праваабарону. Прынамсі мяне не кропелькі не здзіўляе менавіта тое, што ён пайшоў у праваабарону.Гэта і ёсць Алесь.

– Адкуль у Алеся вось такое непрыняцце савецкага рэжыму, а потым і беларускага – прадаўжальніка савецкага рэжыму?

– Алесь – чалавек разумны і вельмі правільна карыстаецца сваімі здольнасцямі. Такое прыродна ў чалавеку закладзена. Ён спраўны палітык. Па ўсіх сваіх дзеяннях, выказваннях, але ж у палітыку не пайшоў. Ён быў бы добрым кіраўніком дзяржавы, значна лепшым, чым цяперашні. Значна лепшы, таму што ён здольны аналізаваць, ён бачыць тое, чаго не бачаць іншыя. Бачыць на некалькі крокаў наперад, то-бок, стратэгічна мысліць. Нараджаюцца вось такія людзі час ад часу, каторыя не ў стадзе, каторыя ўяўляюць сабой штучную асобу, выбітную асобу, хаця пры гэтым вельмі просты ў зносінах, да кожнага адносіцца вельмі лаяльна. Я не ведаю, што трэба, каб адбылося, каб пачаў павышаць на каго голас.   Я не памятаю такога. Калі я першы раз патрапіла пад адміністрацыйны працэс, то ён нават на суд прыехаў з Менску. Бо са мной гэта здарылася ўпершыню і мяне трэба падтрымаць. І іншыя сябры з Вясны прыехалі. Хаця зала была і так набітая тымі, хто захацеў мяне падтрымаць, але мне было важна і прыемна, што прыехаў Алесь і мае паплечнікі.

– Вас не здзівіла ўручэнне Алесю такой высокай узнагароды?

- Мяне здзівіла толькі, што нарэшце яе далі. Але не здзівіў сам факт. Бо чалавек усім сваім жыццём вось гэта заслужыў, сваёй свабодай.. Усімі сваімі дзеяннямі, калі абараняў правы чалавека, ён набліжаўся да гэтай прэміі.І абсалютна справядліва тое, што яго адзначылі.

На дадзены момант Алена Маслюкова ў складзе дэлегацыі ад праваабарончага цэнтра «Вясна» у Осла. Яна вельмі ганарыцца гэтым і ўдзячна за запрашэнне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства