У Мінску вынесеныя суровыя прысуды актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў
У Мінскім гарадскім судзе 5 студзеня вынесены прысуд актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў – палітвязням Генадзю Фядынічу, Васілю Берасневу і Вацлаву Арэшку. Усіх абвінавацілі ў закліках да мер абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт 130), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч.1 і ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса).
Суд праходзіў у закрытым рэжыме, працэс вяла суддзя Анастасія Папко, дзяржабвінаваўца - пракурор Раман Бізюк.
Вынясенне прысуду чакалася яшчэ 27 снежня, аднак суддзя Анастасія Папко нечакана паведаміла, што па наноў адкрытых абставінах суд над актывістамі пераносіцца і папрасіла ўсіх пакінуць судовую залу. Прычыны такога рашэння пакуль невядомыя.
У Мінску пачынаецца судовы працэс над актывістамі незалежных прафсаюзаў
Справу прызначаная разглядаць суддзя Анастасія Папко, дзяржабвінаваўца - пракурор Раман Бізюк.
Генадзь Фядыніч — былы кіраўнік незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці — РЭП. У 2018 годзе за актыўную прафсаюзную дзейнасць быў асуджаны да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання — «хатняя хімія». 11 красавіка 2022 г. КДБ прызнаў Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) «экстрэмісцкім фармаваннем».
Генадзя затрымалі 19 красавіка 2022 года і змясцілі ў СІЗА КДБ. Пазней яго перавялі ў СІЗА-1.
Васіль Бераснеў — лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Ён быў затрыманы 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы. Мужчыну змясцілі ў СІЗА і прад'явілі абвінавачванні.
У Васіля значна пагоршылася здароўе ў СІЗА, ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы.
Вячаслаў Арэшка — беларускі палітолаг і грамадскі дзеяч, актывіст прафсаюза РЭП. Затрыманы 19 красавіка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры. Вячаслава змясцілі ў СІЗА КДБ, яму прад'явілі абвінавачванне. У ліпені яго перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Суд прызнаў лідараў незалежных прафсаюзаў віноўнымі і па сукупнасці пакаранняў вынес прысуды:
Генадзю Фядынічу — 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
Васілю Берасневу — 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
Вячаславу Арэшку — 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.