viasna on patreon

"Да нас прыйшлі", "на брата завялі крыміналку"… З якімі запытамі звяртаюцца на Гарачую лінію "Вясны"?

2023 2023-01-31T15:37:53+0300 2023-01-31T15:46:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasna-sos-zausedy-pobach.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гарачую лінію Праваабарончага цэнтра "Вясна" (@ViasnaSOS) стварылі дзеля аператыўнай кансультацыі і падтрымкі людзей, якія сутыкнуліся з парушэннем правоў чалавека. Распавядаем пра тое, з якімі запытамі туды звяртаюцца людзі.

Гарачая лінія прааналізавала звароты, якія прыняла ў 2022 годзе. Агулам усяго было прынята не менш за 1689 паведамленняў. Траціна з іх тычылася запытаў аб дапамозе па тэме палітычна матываваных крымінальных спраў. Яшчэ траціна — пытанні наконт затрыманняў і арыштаў у сувязі з пратэстамі. Яшчэ адзін важны складнік — звароты, злучаныя з рознымі аспектамі адміністрацыйнага працэсу. І гэта не ўсё.

Што ж хаваецца за гэтымі катэгорыямі зваротаў? Распавядзем пра кожную з іх.

Затрыманні і арышты

Як адзначылі на Гарачай лініі, гэтая катэгорыя зваротаў — самая эмацыйная. "Да нас прыйшлі", "знік чалавек"… Часта людзі не ведаюць, ці сапраўды чалавека затрымалі. А калі затрымалі — то якім мусіць быць далейшы план дзеянняў? З гэтымі пытаннямі і спрабуюць дапамагчы на Гарачай лініі.

А вось некалькі прыкладаў такіх зваротаў:

  • "Вітаю! Ёсць імавернасць, што майго брата затрымалі. Ад самай раніцы ён не выходзіць на сувязь. На працы таксама не з'яўляўся. Ніхто яго не бачыў. Мабільны тэлефон то адключаны, то проста не адказвае. Падкажыце, што рабіць?"
  • "Да нас прыехалі людзі ў цывільным адзенні і правялі вобшук. Як выявілася, прычына затрымання — яна адміністравала групу ў месэнджары, куды адзін з удзельнікаў скінуў спасылку з экстрэмісцкага СМІ".
  • "Да нас у кватэру прыйшлі супрацоўнікі з аўтаматамі, правялі вобшук. Забралі тэлефоны, жорсткія дыскі, флэшку і цішотку з гербам. Што нас чакае далей?"

*усе прыклады сканструяваныя ў абагульненым выглядзе на падставе рэальных зваротаў

Крымінальныя справы

Часцей за ўсё ў @ViasnaSOS звяртаюцца сваякі чалавека, у адносінах да якога распачалі крымінальную справу (бо сам ён ужо затрыманы).

Вось некалькі прыкладаў такіх зваротаў:

  • "У нас быў вобшук па адрасе прапіскі. Потым маці патэлефанаваў следчы і сказаў, што на брата завялі крымінальную справу. Дакументаў пра гэта няма".
  • "Сваяка затрымалі дома супрацоўнікі ГУБАЗіК. Потым з ім выйшла "пакаяльнае відэа". Спачатку далі з нейкай нагоды "адміністратыўку", а потым — "крыміналку", артыкул 342".

"Пакаяльныя" відэа: што яны парушаюць і як уздзейнічаюць на чалавека

"Вясна" паразмаўляла з юрыстам і спецыялісткай ў галіне псіхалогіі, каб разабрацца, якія нормы парушае запіс падобных відэа, якім чынам яны ўздзейнічаюць на ўдзельнікаў здымкі і тых, хто іх глядзіць, а таксама якое пакаранне можа чакаць тых, хто іх стварае.

Але сустракаюцца і звароты ад саміх людзей, якія сутыкнуліся з крымінальным пераследам: ад тых, хто пасля суда быў вызвалены з-пад варты і чакае, калі пачне адбываць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі (так званай "хіміі" ці "хатняй хіміі"). А таксама тых, хто ўжо скончыў адбываць сваё пакаранне паводле крымінальнай справы — у ПУАТ ці калоніі.

Кансультацыяй у @ViasnaSOS цікавяцца і людзі, якія праходзяць па крымінальнай справе ў якасці сведак. Іх выклікаюць на допыты — і можа здарыцца так, што статус сведкі раптам зменіцца на статус падазраванага.

Але для кансультацыі ў @ViasnaSOS не абавязкова мець распачатую крымінальную справу.

"Да нас звяртаюцца людзі, якія проста баяцца завядзення крымінальнай справы, — расказалі прадстаўнікі Гарачай лініі. — Напрыклад, яны чыталі ў навінах, што на ўсіх цяпер заводзяць "крыміналку", і вырашылі нам напісаць. Або людзі атрымалі пагрозы. Але не заўсёды гэта сканчаецца "крыміналкай" — проста існуе такая тактыка запалохвання з боку сілавых структур. Але мы заўсёды адкрыты для кансультацый".

Часта пасля затрымання ці вобшуку супрацоўнікі органаў не паведамляюць людзям, які ў іх статус. І ці ёсць справа наогул.

"Бывае, што вобшук адбываецца і не ў межах крымінальнай справы, што з'яўляецца парушэннем дзейнага заканадаўства. Сілавікі могуць проста пакапацца ў тэхніцы, знайсці сімволіку, фота з маршаў. Такім людзям мы расказваем, як павінен весціся адміністрацыйны працэс, чым ён адрозніваецца ад таго, што адбываецца ў выпадку крымінальнага пераследу.

Увогуле мы раім, што можна зрабіць і даведацца, каб развеяць асцярогі", — кажа валанцёр @ViasnaSOS і падкрэслівае: "Калі вы ўжо ведаеце, што ў адносінах да вас узбуджана  крымінальная справа, абавязкова пішыце нам, каб бы змаглі дапамагчы".

Звароты, звязаныя з рознымі аспектамі адміністрацыйнага працэсу

Як адзначылі на Гарачай лініі, апошнім часам адным з самых "папулярных" артыкулаў для пераследу паводле адміністрацыйных спраў з'яўляецца арт. 19.11 КаАП — распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Аднак тэмы зваротаў на Гарачую лінію тут нашмат шырэйшыя — і звязаныя яны з наступствамі адміністрацыйнага пераследу, з парушэннямі пры яго вядзенні. Як абскардзіць пакаранне у выглядзе арышта ці штрафа? Ці можна вярнуць адабраную маёмасць? Што рабіць, калі прымушаюць звольніцца з працы пасля таго, як ты пабываў на сутках?

Прыклады такіх зваротаў:

  • "Да мяне прыходзіў ГУБАЗіК, правёў вобшук і забраў два тэлефоны. Ніякіх папер пры гэтым не выдалі. Як вярнуць назад свой тэлефон?"
  • "Мне прыйшоў ліст са Следчага камітэта пра падаўжэнне тэрміну разгляду звароту па пытанні вынятай маёмасці. Як мне рэагаваць?"
  • "Пры перасячэнні мяжы Літва Беларусь у мяне правялі вобшук. Якія меры бяспекі варта прыняць?"

Іншыя запыты аб дапамозе

Дзе можна атрымаць псіхалагічную дапамогу пасля перажытых рэпрэсій? Як знайсці добрага адваката? Ці магу я атрымаць юрыдычную кансультацыю? Як зрабіць гуманітарную візу? Спектр запытаў аб дапамозе можа быць вельмі шырокі.

"Бываюць і нетыповыя пытанні, — кажуць на Гарачай лініі. — Напрыклад, жанчына з дзіцем з'ехала ў Польшчу ад пераследу ў Беларусі, і цяпер хоча зразумець, як ейны муж можа плаціць ёй аліменты. Ці мужчына, які ў чаканні візы раптам апынуўся ў спісах невыязных на 10 гадоў".

Хто адказвае на гэтыя звароты?

Кансультаваннем на Гарачай лініі праваабарончага цэнтра "Вясна" займаюцца толькі валанцёры на добраахвотных пачатках. Усе яны знаходзяцца не ў Беларусі. Іх матывацыя: гэта і праява салідарнасці, і жаданне дапамагчы пацярпелым людзям, і жаданне быць часткай чагосьці важнага, а таксама жаданне, нават не будучы ў Беларусі, прыносіць карысць.

"Валанцёрства — гэта каштоўнасць для "Вясны", бо гэта развівае і ўмацоўвае грамадзянскую супольнасць, — адзначылі валанцёры Гарачай лініі. — Мы даем магчымасць дапамагчы, выказаць сваю пазіцыю ў адносінах да сітуацыі ў Беларусі. Некаторыя з нашых валанцёраў і самі калісьці былі затрыманы і зазналі рэпрэсіі — і цяпер яны дапамагаюць іншым. Хтосьці з валанцёраў сам раней звяртаўся на @ViasnaSOS, ім дапамаглі — і цяпер яны вырашылі самі дапамагаць".

Гарачая лінія праваабарончага цэнтра "Вясна" працуе штодня з 9:00 да 21:00. Звязацца з ёй можна, напісаўшы ў тэлеграм-акаўнт @ViasnaSOS.

ViasnaSOS як "хуткая дапамога". 6 жніўня Гарачая Лінія "Вясны" адзначыла сваё двухгоддзе

6 жніўня 2022 года Гарачая Лінія Праваабарончага цэнтра "Вясна" адзначае свой Дзень народзінаў — ёй спаўняецца два гады. Створаная ў 2020-м, Лінія за час свайго існавання прыняла тысячы зваротаў. Сёння "Вясна" распавядае пра тое, як развівалася Гарачая Лінія і якія выклікі перад ёй стаялі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства