viasna on patreon

Пракурор падаў апеляцыйны пратэст на прысуд па "справе Вясны" Дапоўнена

2023 2023-03-29T10:26:52+0300 2023-03-29T20:10:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasna_sud_prysud_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пракурор прынёс апеляцыйны пратэст на прысуд суда Ленінскага раёна Мінска ад 3 сакавіка, якім тром палітзняволеным праваабаронцам "Вясны" прызначаныя жорсткія тэрміны ад 7 да 10 гадоў калоніі. Пра гэта паведаміў у лісце на волю асуджаны да дзевяці гадоў калоніі Валянцін Стэфановіч. Нагадаем, пракурор Аляксандр Кароль запрашваў большыя на два гады кожнаму тэрміны зняволення і больш буйныя штрафы, але суддзя Марына Запаснік пастанавіла іншы прысуд. Разгляд апеляцыйнага пратэсту на прысуд па справе "Вясны" адбудзецца 21 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе. Разглядаць пратэст будзе суддзя Святлана Бандарэнка.

Суд па
Суд па "справе Вясны", 3 сакавіка 2023 года

"Думаю, што ім не спадабаліся нашы тэрміны, лічаць іх занадта мяккімі", – піша Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, 3 сакавіка суддзя Марына Запаснік прызначыла заснавальніку Праваабарончага цэнтра "Вясна" і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі, намесніку старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнту FIDH  Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў калоніі, каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрысту Уладзіміру Лабковічу – 7 гадоў калоніі, праваабаронцу "Вясны" Дзмітрыю Салаўёву – 8 гадоў калоніі завочна. Іх прызналі іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за "фінансаванне пратэстаў" у 2020 годзе і паводле ч. 4 арт. 228 КК за "кантрабанду наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай". Усім, акрамя Алеся Бяляцкага, таксама прызначылі штраф у памеры тры тысячы базавых велічыняў (111 000 беларускіх рублёў), старшыні "Вясны" прызначылі, як і прасіў пракурор, пяць тысяч базавых велічыняў штрафу (185 000 рублёў). Таксама пастанавілі спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капеек (гэта амаль 297 650 даляраў) якую яны нібыта "здабылі злачынным шляхам" праз "кантрабанду арганізаванай злачыннай групай". Менавіта гэтая сума фігуравала ў абвінавачванні паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса.

Падчас прысуду іх рукі былі зашпіленыя ў кайданкі за спінамі. Праваабаронцы не прызналі сваёй віны.

Коратка пра судовы працэс

Справу ў адкрытым рэжыме з 5 студзеня 2023 года амаль два месяцы разглядала суддзя Марына Запаснік. Згодна з версіяй абвінавачвання, праваабаронцы "дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ "Вясна", а таксама іншых арганізацый абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі. Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне наяўных на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў агульнай суме не менш за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання". Паводле матэрыялаў справы, "яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ "Вясна", незарэгістраванага фонду "BY_HELP", у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года". У прыватнасці, праваабаронцаў вінавацілі ў аплаце штрафаў рэпрэсаваным, рахункаў за харчаванне ў ізалятарах і працы адвакатаў.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну. На судзе ніводнае хадайніцтва (аб працэсе на беларускай мове, аб зняцці кайданкоў, прадастаўлення часу з азнаямленнем справы і іншыя) не было задаволена суддзёй.

У матэрыялах справы 284 тамы. У іх утрымліваецца шмат дадзеных пра публічную дзейнасць праваабаронцаў, размешчаную на сайце "Вясны" і ў сацсетках, нават пасля затрымання абвінавачаных. Так, напрыклад, у матэрыялах справы маецца спіс палітычных зняволеных, якія прызнаныя праваабаронцамі "Вясны" па стане на 3 верасня 2022 года (1322 чалавека) – незадоўга да выстаўлення канчатковых абвінавачванняў праваабаронцам і праз больш за год пасля затрымання. Гэты пратакол агляда заняў 128 лістоў. З матэрыялаў справы стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пачалі праводзіць аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы ў дачыненні да праваабаронцаў яшчэ ў верасні 2020 года. Тады сілавікі пачалі праслухоўваць тэлефон кіраўніка брэсцкай філіі Уладзіміра Вялічкіна. На судзе стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа праслухоўвалі на спатканні з жонкай у пакоі кароткатэрміновых спатканняў у гомельскім СІЗА № 3 палітзняволенага Леаніда Судаленку. Гэта адбылося праз два месяцы пасля затрымання праваабаронцы. 

Праваабаронцы давалі паказанні на судзе і выказваліся пра прад'яўленыя абвінавачванні.

Валянцін Стэфановіч сказаў у сваіх паказаннях:

“Дзейнасць “Вясны” легітымная і законная. Яе дзейнасць ажыццяўлялася і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах. Я яшчэ раз паўтару: Кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях [артыкул 1 Дэкларацыі]. А згодна арт. 9 Дэкларацыі чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае, у прыватнасці, права прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабод. Таму я лічу, што ніякіх ліцэнзій на праваабарончую дзейнасць няма і быць не магло”.

Уладзь Лабковіч таксама падкрэсліваў легальнасць праваабарончай дзейнасці ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары":

"Як грамадскае аб'яднанне мы рабілі гэта па сваёй ініцыятыве, бо маем на гэта поўнае права. Гэты нашыя пажаданні, якія мы як грамадзяне Беларусі, рэалізоўвалі, аб'яднаўшыся ў кампанію".

Алесь Бяляцкі выказаўся наконт абвінавачванняў паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса:

"Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, якая нечакана адбылася пасля траўня 2020 года, — амаральная і нечалавечая. Яна самаўпраўная, таму шта гэты артыкул — ч. 2 арт. 342 КК — не змяняўся, ён быў такім доўгія гады. І раптам з траўня 2020 года яго пачалі ўжываць супраць гуманітарнай дапамогі пацярпелым людзям. 

У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе. Але калі такім чынам трактуецца Крымінальны кодэкс, які ўжываецца супраць такой харататыўнай дапамогі адзін аднаму — гэта антычалавеча.Вось да траўня 2020 года чамусьці такая дапамога была магчыма, а пасля траўня — яе забаранілі".

Пад вартай праваабаронцы ўтрымліваюцца з 14 ліпеня 2021 года.


Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Чытаць пра суд:

"Стварылі ўнікальную справу. І што гэта, як не палітычны падтэкст?" Па справе "Вясны" дапыталі праваабаронцаў

"Вясна" распавядае, як праходзіў допыт калегаў на судзе.

Праслухоўка ў СІЗА і "аператыўная распрацоўка" праваабаронцаў з 2020 года. Па справе "Вясны" скончылі вывучаць 284 тамы

Стадыя абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў па справе "Вясны" скончылася — агучаны ўсе 284 тамы. Распавядаем, што змяшчаецца ў пісьмовых матэрыялах справы.

"Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну!" Праваабаронцы "Вясны" выступілі на судзе з апошнімі словамі

Публікуем апошнія словы на судзе нашых калегаў — у аўдыё і тэкставай версіях, а таксама працягваем патрабаваць іх вызвалення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства