Адваката Аляксандра Данілевіча асудзілі да 10 гадоў калоніі
У Мінскім гарадскім судзе 10 красавіка агучылі прысуд палітзняволенаму адвакату Аляксандру Данілевічу — 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Такі прысуд вынесла суддзя Таццяна Фалькоўская за запросу пракуроркі Таццяны Цыбулі. Адваката абвінавацілі ў "пасобніцтве ў закліках да санкцый" спартоўцам Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну, якіх завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК). Так кваліфікавалі яго адвакацкія парады, падрыхтоўку стачкамам зваротаў, а таксама інтэрв'ю "экстрэмісцкаму інтэрнэт-рэсурсу". Аляксандр віну не прызнаў і настойваў, што выконваў свае прафесійныя абавязкі.
Як праходзіў суд?
Суд праходзіў у адкрытым рэжыме з 10 сакавіка. На судзе стала вядома, што Аляксандра Данілевіча судзяць за інтэрв'ю вядучаму беларускаму спартыўнаму выданню Tribuna.com. Гэта кваліфікавалі як "сайдзенічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Што характэрна, гэтае выданне не прызнана "экстрэмісцкім фармаваннем", а толькі "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Такое рашэнне прыняў суд Чыгуначнага раёна Віцебска па матэрыялах абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК 6 жніўня 2021 года.
Таксама стала вядома, што ў віну адвакату ставіцца падрыхтоўка шасці лістоў у адрас нарвежскай кампаніі "Yara" і Міжнароднага Алімпійскага камітэта. Данілевіча абвінавачваюць у пасобніцтве Герасімені і Апейкіну. Прысуд у адносінах да іх з'явіўся ў матэрыялах справы адваката толькі напрыканцы.
Як піша адвакат Дзмітрый Лаеўскі, справа складаецца ўсяго з пяці тамоў. Значны аб'ём у іх складаюць рапарты КДБ і раздрукоўкі перапіскі, якая не мае дачынення да зместу абвінавачвання.
Абвінавачванне пачынаецца словамі "9 жніўня 2020 года ў Рэспубліцы Беларусь адбыліся чарговыя выбары прэзідэнта". Потым распавядаецца пра тое, каго Цэнтральная выбарчая камісія абвясціла пераможцам выбараў, і пра тое, што пасля гэтага Данілевіч дзейнічаў, "будучы незадаволеным агучанымі вынікамі выбараў".
На судзе стала вядома, што Аляксандра Данілевіча судзяць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК за інтэрв'ю вядучаму беларускаму спартыўнаму выданню Tribuna.com. Гэта кваліфікавалі як "сайдзенічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Што характэрна, гэтае выданне не прызнана "экстрэмісцкім фармаваннем", а толькі "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Такое рашэнне прыняў суд Чыгуначнага раёна Віцебска па матэрыялах абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК 6 жніўня 2021 года. Зыходзячы з абвінавачвання, гэта выявілася ў тым, што Данілевіч у сакавіку 2022 "даў неўстаноўленай асобе інтэрв'ю для наступнага размяшчэння на інтэрнэт-рэсурсе Trіbuna". Як удакладняе ў сябе ў тэлеграм-канале Дзмітрый Лаеўскі, ён даў інтэрв'ю ў Telegram аднаму са спартыўных каналаў, які не ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх, а адтуль гэтае інтэрв'ю было перадрукавана на "экстрэмісцкім" медыя.
У чым абвінавацілі адваката?
Паводле версіі абвіначвання, Аляксандр Данілевіч з 9 жніўня 2020 года па 20 траўня 2022 года "шляхам дачы саветаў, указанняў, прадастаўлення інфармацыі, аказання іншай дапамогі садзейнічаў Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны, у тым ліку прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, яе фізічных і юрыдычных асоб". Такія заклікі адрасаваліся замежнай дзяржаве, замежнай і міжнароднай арганізацыям і былі здзейсненыя з выкарыстаннем СМІ і інтэрнэту.
Раней Следчы камітэт пісаў, што Данілевіч, "нягледзячы на наяўнасць вышэйшай юрыдычнай адукацыі і практыкі ў прававой сферы, вырашыў аказаць падтрымку экстрэмістам і прыхільнікам прававога нігілізму. Скаапераваўшыся з прадстаўнікамі дэструктыўных ячэек, Герасіменей і Апейкіным, актыўна раіў і садзейнічаў працэсам фарміравання публічных заклікаў экстрэмістаў да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Адным з яскравых прыкладаў злачыннай дзейнасці Данілевіча з'яўляецца падрыхтоўка лістоў і дакументаў у адрас нарвежскай кампаніі "Yara", якая з'яўляецца надзейным буйным пакупніком прадукцыі ААТ "Беларуськалій" — калійных угнаенняў. У сваіх "лістах" ён выклаў заведама ілжывыя звесткі пра палітычную, эканамічную і сацыяльную сітуацыі ў Беларусі. Усю сваю дэструктыўную дзейнасць "адвакат", рэалізоўваў не самастойна, а прыкрываўся так званымі "страйкавымі камітэтамі". Напаследак, у спробе атрымаць грамадскае прызнанне ў шэрагах экстрэмістаў, у сакавіку мінулага года Данілевіч адкрыта размаўляў з экстрэмісцкімі рэсурсамі для стварэння дэструктыўнай інфармацыйнай павесткі".
На думку праваабарончых арганізацый, інкрымінуемыя Данілевічу падрыхтоўка лістоў і дакументаў у адрас нарвежскай кампаніі "Yara" як "яркі прыклад злачыннай дзейнасці" з'яўляецца законным дзеяннем у рамках аказання юрыдычнай дапамогі, так як былі накіраваны на пакліканне кампаніі "Yara" да захавання стандартаў па бізнесе і правах чалавека і сваіх абавязацельстваў у гэтай сферы, якія замацаваны ў кіруючых прынцыпах прадпрымальніцкай дзейнасці ў аспекце правоў чалавека ААН 2011 і карпаратыўных палітыках самой кампаніі.
Нагадаем, адвакат быў затрыманы 20 траўня 2022 года ў межах крымінальнай справы. Пэўны час сутнасць справы не была вядома, аднак пазней высветлілася, што Данілевіча вінавацяць паводле ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).
Аляксандр Данілевіч — шматдзетны бацька. Незадоўга да затрымання ён падпісаў антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў датычна дзеянняў ва Украіне. Адразу пасля падпісання ліста супраць вайны ў Данілевіча пачаліся праблемы ў адвакатуры — завялі дысцыплінарную вытворчасць. Таксама яго звольнілі з БДУ, дзе ён больш за 20 гадоў выкладаў на факультэце міжнародных адносін.
Падтрымайце палітвязня: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2 Аляксандр Станіслававіч Данілевіч