viasna on patreon

Адвакатку Анастасію Лазарэнку асудзілі да 6 гадоў калоніі

2023 2023-05-11T10:46:59+0300 2023-05-11T10:46:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lazarenka_anastasia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 11 траўня палітзняволеную адвакатку Анастасію Лазарэнку асудзілі да шасці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд агучыла суддзя Святлана Чарапанава. Палітзняволеную прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса за "зліў дадзеных сілавікоў і суддзяў у ЧКБ", а таксама за ўдзел у "Маршы за свабоду" ў жніўні 2020-га. На волі ў яе засталіся сталы бацька і 19-гадовы сын, які з 16 год пакутуе на хваробу Крона.

Анастасія Лазарэнка

Адвакатку затрымалі 2 чэрвеня 2022 года — праз два дні пасля яе 40-годдзя. Сілавікі прыехалі да Анастасіі з аўтаматамі і ў бронекамізэльках, яны залезлі ў вокны і выламалі дзверы. 

Жанчыну абвінавацілі паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК (Саўдзел у распальванні іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 203-1 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці) і ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Справу Анастасіі пачалі разглядаць яшчэ 2 траўня, але працэс амаль адразу зрабілі закрытым. Судовы працэс вяла суддзя Святлана Чарапанава, дзяржабвінавачванне падтрымлівала пракурорка Аляксандра Раманенка. Палітзняволеную абмежавалі ў праве на абарону — аднаго з яе адвакатаў выклікалі на суд у якасці сведкі, таму абараняць ён Анастасію больш не мог. Па інфармацыі праваабаронцаў, здарылася гэта незадоўга да сканчэння следчых дзеянняў.

Паводле матэрыялаў справы, Лазарэнка "натхнілася заклікамі ад стваральнікаў і адміністратараў "Чорнай кнігі Беларусі", паверыла ў сваю ўсёдазволенасць, беспакаранасць і ананімнасць па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці і прыняла рашэнне аб дапамаганні арганізаванай групе "ЧКБ".

Працуючы адвокаткой, Анастасія нібыта "кантактавала з прадстаўнікамі "ЧКБ" і перадала ім інфармацыю пра двух супрацоўнікаў міліцыі". Акрамя гэтага, палітзняволенай ставіўся ў віну ўдзел у "Маршы за свабоду" ў Мінску 16 жніўня 2020 года.

Сваю віну Лазарэнка на судзе не прызнала. 

Па справе праходзілі два пацярпелых, чые дадзеныя Анастасія нібыта перадала ў "ЧКБ". Але адзін з іх на суд не прыйшоў. 

На пасяджэнні 5 траўня Анастасія эмацыйна выступіла з апошнім словам.

Суддзя Святлана Чарапанава 11 траўня пастанавіла прызнаць Анастасію вінаватай і прызначыць ёй шэсць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма.


Падтрымайце Анастасію грашовымі пераводамі, пасылкамі, медыцынскімі бандэролькамі, лістамі і тэлеграмамі: 

СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2

Лазарэнка Анастасія Уладзіміраўна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства