Паляць, выкідваюць, "губляюць": як і навошта палітвязням блакуюць ліставанне
Блакаваць ліставанне палітвязняў у калоніях і СІЗА стала адным з метадаў ціску на іх і тых, хто хоча іх падтрымаць. Калі да пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне гэтую практыку выкарыстоўвалі толькі ў некаторых месцах зняволення, то цяпер яна распаўсюджваецца на ўсе ўстановы. Пасля прысуду палітвязні могуць атрымліваць лісты толькі ад блізкіх сваякоў: часта гэта выключна тыя, хто пазначаны ў асабістай справе. У СІЗА правілы ліставання немагчыма патлумачыць ніякай логікай: выбарачна блакуюцца лісты і ад сваякоў, і ад незнаёмых людзей; камусьці даходзяць амаль усе лісты, камусьці – амаль нічога.
Сёлета праваабаронцы тэмай Дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі прапануюць ліст і права на ліставанне, якога беларускія ўлады пазбавілі сотні палітычных зняволеных. "Вясна" заклікае 21 траўня выказаць салідарнасць з усімі палітвязнямі, прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадства да іх праблемаў і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў вызвалення ўсіх палітзняволеных.
21 траўня — Дзень палітвязняў у Беларусі. Далучайся да акцый салідарнасці!
СІЗА: выбарачнае блакаванне
У СІЗА блакаванне ліставання можа адбывацца выбарачна па асобах ці камерах, залежаць ад настрою цэнзара ці распараджэння следчых — не аднойчы палітвязні распавядалі, што ім даходзілі далёка не ўсе дасланыя лісты.
Людзей часта пазбаўляюць права на ліставанне, каб стварыць інфармацыйны вакуум для пэўных мэтаў. Асабліва гэта характэрна для першых дзён пасля затрымання: чалавек разгублены, маральна прыгнечаны, і адсутнасць любой інфармацыі звонку яшчэ больш пагаршае такі псіхалагічны стан.
Напрыклад, “вясноўцам” ад самага пачатку зняволення даходзіла вельмі мала лістоў. Уладзь Лабковіч меў праблемы з ліставаннем з калегамі, знаёмымі і неабыякавымі беларусамі. Як адзначала жонка Уладзя Ніна, нават ліставанне з сям'ёй адбывалася хвалямі:
"З самага пачатку Уладзю вельмі мала даходзіла лістоў не ад сваякоў. Гэта вельмі тонкая крынічка. Часам ён можа проста напісаць: "Мне дайшоў яшчэ адзін ліст не ад вас з мамай". Ён піша мне і хвалюецца: як так, няўжо на яго забыліся? І мы ў кожным лісце пішам, што вельмі шмат людзей хвалююцца, думаюць і дасылаюць лісты і пасылкі. Але ў нас хвалямі таксама. Было неяк такое, што цэлы месяц лісты не даходзілі. А лісты Уладзь піша кожны дзень".
Адзін з былых палітвязняў распавядаў, што ні яму, ні ад яго не перадавалі лісты ўвесь першы месяц зняволення. А за чатыры месяцы ён адправіў 120 лістоў, з якіх дайшлі дзесьці 30.
Канстанцін Яршоў, як і шматлікія былыя палітвязні, адзначаў дрэнную сітуацыю з лістамі ў СІЗА-1:
"Бывала такое, што яны наогул не даходзілі ні да каго. Мне неяк каля двух месяцаў лісты не даходзілі. Чацвяргамі там праходзяць праверкі, і на адной з іх я падняў сітуацыю з лістамі. З намі быў хлопец — Арцём Салавей — яму наогул лісты не даходзілі. І пасля таго, як я пасварыўся ў «залаты чацвер», то яму прыйшлі ўпершыню за паўгода пара лістоў. Гэта, вядома, усё скасавалася пасля, але хоць трошкі…
У нашай камеры шмат каму не даходзілі лісты — у асноўным, "палітычным". Але людзі не актыўныя ў барацьбе за іх: напэўна, баяцца патрапіць у карцар. Палітычным лісты ходзяць дрэнна, але калі яны даходзяць, гэта так прыемна!"
Дар'я Кароль [Палавінка] ўзгадвала, што была ў камеры, дзе пошта прыходзіла добра. Яна пісала штодня, нават калі не атрымлівала лістоў:
“У мяне неяк быў тыдзень, калі прыйшло толькі тры лісты, і гэта быў мой найгоршы тыдзень па лістах. Хоць у Паліны магло быць толькі два лісты за два тыдні. Мне неяк прыйшло пяць лістоў адразу з дзевяці на ўсю камеру — гэта мой рэкорд. Паліна засмучалася, што ёй не пішуць.
Але наогул блакаванне лістоў — гэта элемент ціску. Па справе Паліны быў такі следчы, які закрываў ёй ліставанне. Напрыклад, ад сястры яна атрымлівае трэці ліст, а наступны — толькі дзявяты. Вельмі часта з ейных лістоў даставалі дзіцячыя малюнкі пляменніцы і фатаграфіі. Ёй амаль нічога не даходзіла. Гэта было жудасна. Але пры гэтым ейныя лісты ўсе даходзілі да сваякоў. Ведаю, што следчага Паліны павысілі за тое, што раскруціў іх справу з-за Лукшы да пяці чалавек, і ўсе былі асуджаны да калоніі.
Такая ж сітуацыя была і ў Волі Петух. Ёй прыходзіла толькі па два лісты на тыдзень — ад мамы і таты. У яе больш не было лістоў. Яна ведала, што ёй належыць два лісты на тыдзень і больш не чакала”.
Па ўспамінах Ганны Вішняк, пакуль яна была на Валадарцы, ейная маці 29 дзён ляжала з кавідам, а жанчыне не аддавалі яе лісты:
“Штораніцы я прачыналася і думала, ці жывая мама. У выніку я раскрычалася на аператыўніка — ён не вытрываў і прынёс мне ейны ліст. Дазнаўшыся, што мама жывая, я падскочыла і абняла яго. Неўзабаве пасля гэтага выпадку ён звольніўся — напэўна, не змог працаваць, бачачы ўсё гэта”.
У жодзінскім СІЗА ліставанне часова спынялі пасля пачатку вайны:
“З пачаткам вайны ўсім палітычным абрэзалі ліставанне. У адзін дзень. А мы грукаліся да ўсіх начальнікаў, скаргі пісалі. Нам, вядома ж, хлусілі: «Усё, што вам прыходзіць, мы аддаём». Але аператыўнік мне шчыра сказаў: «Нічога не даможацеся, гэта не наша рашэнне, гэта рашэнне зверху»... Я думала, пройдзе нейкі ўрывак вайны — і яны адновяць перапіску палітычным. Я ведаю, як ім балюча без гэтых лістоў. Нам ад пачатку вайны забаранілі лісты — і праз тыдні два табе здавалася, што на цябе ўсе забыліся".
Часам лісты проста выкідаюць на вачах у палітвязняў:
“Неяк Іру Злобіну і Юлю Мудрэўскую [аператыўніца] Дзядзюля вывела на калідор, і дзяўчаты павінны былі пераапранацца прама на калідоры. Мы глядзім у шчыліну кармушкі, а яны без штаноў стаяць у адных майтках. Такога наогул нельга рабіць, жанчын могуць распранаць толькі ў кабінеце ў лекара. Тады ўсе лісты Іры, якія людзі дасылалі са словамі падтрымкі, рэжымніца выкінула. Сказала, што гэта смецце".
За восем месяцаў пад следствам затрыманай па справе Зельцэра Наталлі Падлеўска прыйшло толькі 16 лістоў. Гэта потым яна зразумела, што яе «паставілі ў мароз» — заблакавалі перапіску. А спачатку жанчына думала, што або пра яе забыліся, або ейных дочак таксама затрымалі разам з ёй.
Калоніі: лісты ад сваякоў
Найбольш за апошні час пагоршылася сітуацыя з лістамі ў калоніях. Часцей за ўсё пасля прысуду палітвязні атрымліваюць лісты выключна ад сваякоў, пазначаных у асабістай справе. Паводле былога вязня шклоўскай калоніі №17, палітвязні могуць атрымліваць лісты толькі ад блізкіх сваякоў, якіх яны ўказваюць у спецыяльнай форме яшчэ на каранціне. Лісты ад іншых людзей там не выдаюць і ніяк пра гэта не апавяшчаюць. Выключэнне — заказныя лісты.
"Раз на месяц асуджаных, у асноўным палітычных, масава выклікаюць у аператыўную частку для роспісу за замоўныя лісты, якія ім прыйшлі. Але іх выдаюць толькі ад блізкіх сваякоў. Астатнія лісты не выдаюць, але просяць распісацца за іх атрыманне. Адзіная і афіцыйная прычына нявыдачы лістоў – «цынічны характар» іх зместу. Прычым яны нават не заўсёды іх ускрываюць, а завочна называюць іх цынічнымі. Гэтая прычына выкарыстоўваецца да ўсіх замоўных лістоў не ад блізкіх сваякоў".
Палітвязень Яўген Чарвінскі распавядаў, што моцна адчуўся перыяд у сакавіку-красавіку 2021 году, калі ліставанне рэзка пагоршылася:
"Першыя лісты я атрымаў у СІЗА перад этапам у калонію. Толькі яны пачалі прыходзіць, як мяне перавезлі ў ПК-3. Там у атрадзе мне яшчэ некалькі лістоў прынеслі — штукі тры. Гэта быў сакавік-красавік 2021 года. І пасля гэтага рэзка ўсё спынілася. Мы так зразумелі, што іх блакуюць аператыўнікі. Палітвязням прыходзяць лісты толькі ад блізкіх сваякоў, і то не заўжды. Калі ад бацькоў даходзяць, то ад дзядзькі і цёткі — ужо не".
Куды дзяваюць астатнія мяхі лістоў — невядома. Як казаў палітвязень з ПК-1, яны “губляюцца” недзе ў сценах калоніі. А адзін з палітвязняў пасля вызвалення распавядаў такую гісторыю:
“Усе цудоўна разумеюць, што дагэтуль гэтыя лісты ідуць, проста нам іх не аддаюць. У чэрвені мы бачылі, як лісты пакетамі насілі ў кацельную спальваць. Мы бачылі з іншымі палітзняволенымі, як два вялікіх пакеты опер панёс туды. То бок, ён туды, на кацельную, пайшоў з гэтымі пакетамі, а назад вярнуўся без пакетаў. Зразумела, што іх спальвалі. Пакеты былі празрыстыя, таму былі бачныя каперты”.
Вядома пра выпадкі ціску на палітвязняў за змест лістоў. Так, напрыклад, Віталь Жук распавядаў, што ў бабруйскай калоніі №2 у ШІЗА вязняў адпраўлялі за інфармацыю пра поспехі ўкраінскага войска на вайне. Як ён, у ШІЗА не адпраўлялі зняволеных за колькасць лістоў, але маглі адправіць за змест лістоў, якія прыходзяць і нават якія прапусціў цэнзар:
"Асабліва так было з інфармацыяй пра вайну. Калі ў лісце напісалі, а ты потым ходзіш па атрадзе і кажаш, якія ўкраінцы малайцы і выйграюць на вайне, або змаглі даць годны адпор рускім, то за такія навіны цябе адразу прыбяруць з жылой зоны".
Заўвага: у ніякія ІЧУ (у тым ліку, на Акрэсціна) лісты не даходзяць зусім.
Павел Сапелка, юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна": Блакаванне ліставання — гэта не новае вынаходніцтва ўладаў. Гэта выкарыстоўвалася імі ў дачыненні да некаторых палітзняволеных і раней, але безумоўна, гэтая практыка шырока распаўсюдзілася пасля падзей 2020 году. Гэта пераследуе адразу некалькі мэтаў. Па-першае, стварае яшчэ больш цяжкія ўмовы адбыцця пакарання альбо знаходжання ў СІЗА. Па-другое, паралельна гэта "карае" родных і блізкіх, якія такім чынам пазбаўляюцца магчымасці стасавацца з чалавекам. Па-трэцяе, адна з важных задачаў такіх затрымак лістоў і іх блакаванне — гэта стварэнне інфармацыйнага вакуума вакол палітзняволеных. Такім чынам ім спрабуюць данесці думку, што на іх усе забыліся, што яны нікому не патрэбныя, што тое, за што яны сядзяць, не мае ніякай каштоўнасці, хаця насамрэч усё наадварот. Усё гэта парушае агульнапрынятыя прынцыпы міжнароднага права, правілы ўтрымання зняволеных, нацыянальнае заканадаўства. Згодна з апошнім, абмежаванне ліставання можа ўводзіцца выключна ў легальных мэтах: напрыклад, каб не дапусціць ціску на фігурантаў па справе ці ўцечкі сакрэтнай інфармацыі, не садзейнічаць наладжванню крымінальных сувязей і гэтак далей. Але мы бачым, што цяпер мэты зусім іншыя. Рэжым блакавання ўваходнай і выходнай карэспандэнцыі — па сутнасці элемент забароненага абыходжання, знаходжанне ў стане так званага "інкамунікада" — без сувязі са знешнім светам. Бо для большасці палітзняволеных ліставанне — гэта і ёсць сувязь са знешнім светам. Далёка не кожны мае магчымасць звязвацца з блізкімі праз адваката, а нават маючы абаронцу, некаторыя пазбаўлены магчымасці звязвацца нават з імі. Безумоўна, вінаватыя ў такой практыцы мусяць несці адказнасць. Але на жаль, сітуацыя цяпер такая, што гэта адбываецца не проста з ведама вышэйстаячай улады, але і па яе загаду. Таму на жаль, мы не ўбачым у бліжэйшы час нейкіх захадаў у дачыненні тых людзей, якія парушаюць права. Нам застаецца толькі спадзявацца на тое, што хаця б частка з тых лістоў, якія мы пішам, трапіць да адрасатаў. Таксама здараецца, што ў гэтай сцяне адчужэння з'яўляецца прабоіна, і на нейкі час у некаторых палітзняволеных ліставанне ўзнаўляецца. Але нават у іншым выпадку, лісты палітзняволеным у месцы несвабоды паказваюць адміністрацыям пастаянную ўвагу і зацікаўленасць грамадскасці і інстытутаў грамадзянскай супольнасці ў падтрымцы зняволеных. |
Якія нормы рэгулююць ліставанне?
Мінімальныя стандартныя правілы ААН у дачыненні да абыходжання са зняволенымі (Правілы Нэльсана Мандэлы):
Кантакты са знешнім светам
Правіла 58 1. Зняволеным варта даваць магчымасць мець зносіны праз рэгулярныя прамежкі часу і пад належным наглядам з іх сем'ямі або сябрамі: a) з дапамогай пісьмовай перапіскі і з выкарыстаннем, калі ёсць такая магчымасць, тэлекамунікацыйных, электронных, лічбавых і іншых сродкаў; і b) у ходзе спатканняў.
Крымінальна-выканаўчы кодэкс
Артыкул 85. Перапіска асуджаных да пазбаўлення волі, адпраўленне і атрыманне імі грашовых пераводаў.
1. Асуджаным да пазбаўлення волі дазваляецца атрымліваць і адпраўляць лісты і тэлеграмы без абмежавання іх колькасці. Адпраўленне лістоў і тэлеграм ажыццяўляецца за кошт асуджаных.
2. Карэспандэнцыя, якая атрымліваецца і адпраўляецца асуджанымі, за выключэннем названай у частцы 4 артыкула 13 гэтага кодэкса, падлягае цэнзуры.
3. Перапіска паміж асуджанымі, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых установах, якія не з'яўляюцца блізкімі сваякамі, забараняецца.
Правілы унутранага распарадку папраўчых устаноў:
143. Перапіска асуджаных падвяргаецца цэнзуры. Лісты асуджаных і лісты, якія паступілі на іх імя, выкананыя тайнапісам, шыфрам, з ужываннем іншых умоўнасцяў або жаргону, а таксама якія носяць цынічны характар, накіраваныя на прычыненне шкоды ахоўным законам правам дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў і асобных грамадзян альбо змяшчаюць звесткі, якія складаюць дзяржаўную, службовую тайну, адрасату не накіроўваюцца і асуджанаму не выдаюцца. Пра гэта абвяшчаецца асуджанаму, пасля чаго такая карэспандэнцыя знішчаецца. Гэтае правіла распаўсюджваецца і на тэлеграмы аналагічнага зместу.
Правілы ўнутранага распарадку следчых ізалятараў крымінальна-выканаўчай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў:
95. Асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартай, дазваляецца адпраўляць і атрымліваць тэлеграмы і лісты без абмежавання іх колькасці.
102. З моманту прыёму тэлеграмы або лісты ад асобы, якая змяшчаецца пад вартай, і да іх адпраўкі, а таксама з моманту паступлення тэлеграмы або лісты ў СІЗА і да іх уручэння адрасату СІЗА нясе адказнасць за іх захаванасць.
104. Лісты, якія змяшчаюць звесткі, якія могуць перашкодзіць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы або разгляду яго судом, а таксама спрыяць здзяйсненню злачынства, у тым ліку пабягу з-пад варты, давядзенню або схілення да самагубства, распальванню расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, ці іншага правапарушэння, выкананыя тайнапісам, шыфрам, якія змяшчаюць дзяржаўныя сакрэты ці іншую ахоўную законам тайну, адрасату не адпраўляюцца, асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартай, не ўручаюцца і перадаюцца ў орган, які вядзе крымінальны працэс.
Правілы ўнутранага распарадку СІЗА КДБ, абмежаванні:
109. Лісты, якія змяшчаюць абразы, пагрозы, заклікі да расправы, а таксама звесткі, якія могуць перашкодзіць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы або разгляду яго судом, а таксама спрыяюць здзяйснення злачынства, выкананыя тайнапісам, шыфрам, якія змяшчаюць дзяржаўныя сакрэты ці іншую ахоўную законам тайну, адрасату не адпраўляюцца, асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартай, не ўручаюцца і перадаюцца органу, які вядзе крымінальны працэс.