viasna on patreon

"Наша салідарнасць і падзяка дасць палітвязням разуменне каштоўнасці іх ахвяры", — праваабаронца Павел Сапелка

2023 2023-05-18T13:07:55+0300 2023-05-18T13:57:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sapelkap3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі вось ужо тры гады застаецца жахлівай па маштабах рэпрэсій: штодня па палітычных матывах затрымліваюць дзясяткі чалавек, іх збіваюць, катуюць, утрымліваюць у нечалавечых умовах, а ў месцах несвабоды ім не аказваюць медыцынскай дапамогі і ўтрымліваюць у рэжыме "інкамунікада". На дадзены момант у краіне налічваецца больш за 1 500 палітвязняў, якія прама цяпер знаходзяцца за кратамі ў жудасных умовах і ізаляваны ад знешняга свету. Да Дня палітвязняў Беларусі праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавёў пра адвакацыю праблем палітвязняў у сённяшніх умовах, пракаментаваў пераслед адвакатаў і пазбаўленне палітвязняў права на абарону, ацаніў дзеянні суддзі, які асудзіў да турэмнага зняволення хворага на сэрца Мікалая Клімовіча, і патлумачыў, чаму важна рознымі спосабамі выказваць сваю салідарнасць з палітвязнямі.

"Палітвязні — гэта індыкатар сітуацыі ў Беларусі"

— Праз тры гады бесперапынных рэпрэсій, пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне, ці атрымліваецца ў беларусаў утрымліваць міжнародную ўвагу на праблеме палітвязняў?

— Беларусь па-ранейшаму важная для дэмакратычнага свету і пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну, у тым ліку праз тэрыторыю Беларусі, з ухваленнем і падтрымкай таталітарных уладаў, стала зразумелая цана і патэнцыйная небяспека дыктатуры ў цэнтры Еўропы. Лукашэнка аказаўся не прадказальным рэгіянальным гарантам стабільнасці, якога ў ім спрабавалі разгледзець, а пазбаўленай падтрымкі народа, а таму бездапаможнай марыянеткай крамлёўскага рэжыму.

Пакуль яшчэ ва ўладаў ёсць падтрымка ў асобе сілавых структур, таму адбываецца ліхаманкавая зачыстка грамадства ад нязгодных, запалохванне тых, хто можа стаць рухаючай сілай пратэсту будучыні, і помста тым, хто прымушаў летам і восенню 2020 года сумнявацца ў непазбежнасці таталітарнай будучыні Беларусі. У гэтай сітуацыі палітвязні — гэта індыкатар сітуацыі ў Беларусі, бачная частка найшырэйшага спектру ахвяр рэжыму. Гэта адначасова — наш боль, які падзяляюць людзі ў дэмакратычных краінах. Праблемай палітвязняў займаюцца так ці інакш палітычныя групы, праваабарончыя арганізацыі і групы актывістаў, прафесійныя супольнасці. Ад таго, наколькі будзем актыўныя ўсе мы, праблема палітвязняў будзе мець большую ці меншую ўвагу і рэакцыі ў свеце.

"Вызваленне адных годных і паважаных людзей не павінна ствараць умовы для пакут іншых, не менш годных павагі"

— Ці можа статус палітвязня паўплываць на рашэнне суда або на стаўленне да чалавека з боку адміністрацыі папраўчых установаў?

— Сёння мы, на жаль, не спадзяемся на тое, што само па сабе прызнанне палітвязням паўплывае на прысуд, і суд прыслухаецца да довадаў праваабаронцаў, але адначасова мы не бачым і пераканаўчых дадзеных на карысць таго, што гэты статус можа нашкодзіць абвінавачанаму. Мы фіксуем як прысуды, не звязаныя з пазбаўленнем волі ў дачыненні да палітвязняў, так і прысуды да пазбаўлення волі ў дачыненні да тых, хто да прысуду не прызнаваўся палітвязнем, бо знаходзіўся на волі або быў невядомы праваабаронцам. Стаўленне з боку адміністрацыі папраўчых установаў у асноўным дыктуецца прысудам, кваліфікацыяй дзеянняў і пазіцыяй асуджанага: жоўтую нашыўку экстрэмістаў атрымліваюць асуджаныя па вызначаным пераліку артыкулаў Крымінальнага кодэкса, атрымліваюць яе і адпаведнае стаўленне адміністрацыі і тыя, хто быў прызнаны палітвязнем, і тыя, хто не адпавядаў крытэрыям праваабаронцаў або быў ім невядомы.

"Свет мусіць пра гэта ведаць". Былыя вязні і праваабаронца пра статус палітвязня і апублічванне рэпрэсій

Паразмаўлялі з былымі палітвязнямі і праваабаронцай "Вясны" Наталляй Сацункевіч пра тое, што (не) дае статус палітвязня, ці варта апублічваць факты пераследу і на што гэта ўплывае.

— Цяпер у Беларусі налічваецца 1 501 палітвязень. Ці цяжка працаваць па адвакацыі і праводзіць працу па вызваленні палітвязняў?

— Цяпер нікога ў дэмакратычным грамадстве не трэба пераконваць у тым, што ўсе палітвязні павінны быць вызваленыя, але праблема ў тым, што няма простых гатовых рашэнняў для дасягнення гэтага выніку. Па маім перакананні, гэта здзяйсняльна альбо ў выпадку змены ўлады на дэмакратычную, альбо ў выпадку, калі рэжым будзе пастаўлены перад выбарам — захаваць закладнікаў або захаваць эканоміку і рэшткі незалежнасці краіны. Існуючая сітуацыя перад такой дылемай дыктатуру не ставіць, таму канвеер рэпрэсій не спыняецца.

З іншага боку, я не прыхільнік дасягнення выніку любой цаной, таму што гэтая цана можа быць непрымальнай як для палітвязняў, так і для патэнцыйных новых ахвяр рэпрэсій — вызваленне адных годных і паважаных людзей не павінна ствараць умовы для пакут іншых, не менш годных павагі. Хоць, безумоўна, шукаць усе магчымыя шляхі для вызвалення палонных рэжыму, вывучаць і імплементаваць пры магчымасці досвед мінулага або іншых суб'ектаў. Таму тая праца, якая накіраваная на праблему палітвязняў, на жаль, з цяжкасцю можа быць названая працай па іх вызваленні. Мы больш цяпер нацэлены на атрыманне дасягальных вынікаў, тых, якія залежаць ад нас.

"Дзеянні суддзі Андрэя Бычыла з'яўляюцца злачынствам пераследу"

— У віцебскай папраўчай калоніі 5 траўня памёр палітвязень Мікалай Клімовіч. Яго пазбавілі волі, нягледзячы на сур'ёзныя праблемы з сэрцам. Ці часта суддзі не ўлічваюць захворванні палітвязняў пры вынясенні прысудаў? Хто ў такім выпадку павінен несці адказнасць?

— Часта. Толькі сярод вядомых шырокаму колу грамадскасці прысудаў мы можам вылучыць больш за сотню такіх, якія могуць стаць пажыццёвымі — гэта значыць, што людзі проста могуць не дажыць да вызвалення ў сілу сталага ўзросту і/або цяжкага захворвання або ўсталяванай інваліднасці. У любым выпадку, гэтым людзям прычыняюцца дадатковыя пакуты, звязаныя з тым, што на пакуты, якія вынікаюць з самога факту пазбаўлення волі накладаюцца фізічныя і/або псіхалагічныя пакуты, звязаныя з захворваннем або інваліднасцю.

Выпадак Мікалая Клімовіча — гэта ясная і выбітная ў сваей цынічнасці расправа над чалавекам за яго перакананні, калі суддзя Андрэй Бычыла, маючы ўсе звесткі аб усіх абставінах стану здароўя абвінавачанага, маючы магчымасць вынесці хоць і адвольны з пункту гледжання правоў чалавека, але па меншай меры — не звязаны з пазбаўленнем волі, а значыць не смяротны прысуд, прызначыў самы цяжкі з магчымых відаў пакарання.

Вядома, пры гэтай уладзе суддзя атрымае ад уладаў толькі падтрымку і адабрэнне, але з пункту гледжання міжнароднага крымінальнага права, дзеянні суддзі Бычыла з'яўляюцца злачынствам пераследу — пазбаўлення волі па палітычных матывах, а смерць асуджанага абцяжарвае адказнасць вінаватага.

У калоніі памёр палітвязень Мікалай Клімовіч. Яго асудзілі да зняволення, негледзячы на захворванне сэрца

У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы. "Вясна" распавядае пра пераслед Мікалая Клімовіча.

— 21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі № 17 загінуў палітвязень Вітольд Ашурак. Крымінальнай справы па факце яго смерці дагэтуль няма. Ці можна спадзявацца на тое, што ўсё ж будзе праведзена расследаванне?

— Па-сапраўднаму незалежнага і бесстаронняга расследавання смерці Вітольда Ашурка ва ўмовах, створаных цяперашняй уладай, мы не ўбачым — як і расследавання гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, Генадзя Шутава, Рамана Бандарэнкі і іншых, выкрадання Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага. Ва ўсіх гэтых злачынстваў няма тэрмінаў даўніны, таксама цяпер фармуецца практыка крымінальнага пераследу без уліку дзяржаўных межаў паводле такога роду злачынстваў.

"Давесці да канца справу Вітольда важна для ўсяго грамадства", — Андрэй Ашурак

"Вясна" паразмаўляла Андрэем Ашуркам пра сведчанні вязняў, якія ўтрымліваліся з Вітольдам у калоніі, а таксама пра расследаванне справы і аднаўленне справядлівасці.

"Заклікаем усіх не хаваць сітуацыю сваіх блізкіх, бо ў цішыні і забыцці ўладам чыніць беззаконне лягчэй"

Праваабаронца

— Палітзняволеныя Марыя Калеснікава і Віктар Бабарыка трапілі ў лякарню наўпрост з калоніі. Да іх не пускалі адвакатаў, а родным практычна немагчыма даведацца інфармацыю аб іх стане. Як родныя могуць змагацца за жыццё і здароўе сваіх блізкіх у сённяшніх умовах?

— Магчымасці родных вельмі сур'ёзна залежаць ад таго, наколькі бяспечныя тыя ўмовы, у якіх яны знаходзяцца самі, і мы добра разумеем усе пагрозы, якім падвяргаюцца родныя палітвязняў, калі яны кажуць аб парушэннях з боку ўладаў. Напрыклад, Дар'я Лосік заплаціла за сваю пазіцыю ў дачыненні да крымінальнай справы свайго мужа сваёй свабодай. Але мы заклікаем усіх тым не менш не хаваць сітуацыю сваіх блізкіх, бо ў цішыні і забыцці ўладам чыніць беззаконне лягчэй. Сам факт таго, што пра праблему вядома, часта прымушае ўладаў шукаць нейкія яе рашэнні. 

Да таго ж, мы павінны данесці да міжнароднай супольнасці той факт, што катаванні і забароненае абыходжанне нікуды не зніклі, яны перамясціліся з вуліц у кватэры, дзе людзей катуюць пры затрыманні; у кабінеты, дзе пад катаваннямі атрымліваюць прызнанні і звесткі; за высокія агароджы турмаў і калоній, дзе ствараюцца невыносныя ўмовы асуджаным па палітычных матывах.

— Часта родныя зняволеных месяцамі не атрымліваюць ад іх вестак, а адвакатаў не дапускаюць да падабаронных. Пра што гэта можа казаць і для чаго гэта выкарыстоўваецца адміністрацыяй установаў?

— Па-першае, гэта кажа аб канчатковай адмове ўладаў нават ад імітацыі выканання правоў зняволеных. Па-другое гэта ўсё накіравана на абмежаванне інфармацыі аб сітуацыі з захаваннем іх правоў, на прычыненне дадатковых пакут, на звужэнне магчымасцяў аказваць дапамогу і падтрымку сіламі грамадзянскай супольнасці.

— З 29 красавіка ў следчыя ізалятары для асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, перасталі прымаць лекі і медыцынскія бандэролі. Пры гэтым умовы ў зняволенні прыводзяць да сур'ёзных захворванняў. Як палітвязням дамагчыся неабходнай медыцынскай дапамогі?

— Дапамога сваякоў была важным складнікам падтрымкі асуджаных, таму што ўлады не спраўляліся з задачамі захавання здароўя і лячэння. Прадуктовыя і вітамінныя перадачы ў 21-ым стагоддзі заставаліся часта адзінай магчымасцю падтрымаць здароўе асуджаных, а набыццё роднымі і блізкімі вітамінаў і адсутных у сістэме турэмнай медыцыны лекаў, ратавала зняволеных ад смерці або істотнага пагаршэння стану. Родным і раней даводзілася пераадольваць мноства перашкод, але цяпер у працэсе пастаўлена кропка. Я лічу, што родным варта не здавацца, прынамсі патрабаваць даць магчымасць перадаць эфектыўныя лекі, абгрунтоўваючы свае патрабаванні і фіксуючы адмовы ў прадастаўленні такой магчымасці.

"Умовы ў ШІЗА — гэта катаванні" 

— Ці часта праваабаронцы фіксуюць выпадкі катаванняў, жорсткага абыходжання і збіцця ў следчых ізалятарах і месцах пазбаўлення волі?

— Не так часта, як гэтыя падзеі адбываюцца, таму што ўлады ўжываюць усе магчымыя меры для таго, каб абмежаваць інфармацыю з месцаў пазбаўлення волі. Але гэтая інфармацыя, няхай са спазненнем, але ўсё роўна час ад часу становіцца вядомай, дакументуецца намі па правілах збору доказаў для крымінальнага пераследу і будзе чакаць сваёй гадзіны. Тыя выпадкі, якія мы маглі асвятліць публічна, апісаны на нашым сайце.

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу ў зарэчанскай калоніі збіваў і душыў наглядчык

"Вясна" распавядае, як на жанчыну ціснулі ў папраўчай калоніі, і ў якім цяпер стане знаходзіцца Вікторыя.

— Кожны тыдзень праваабаронцы "Вясны" атрымліваюць інфармацыю пра тое, што палітвязняў у месцах несвабоды адпраўляюць у карцэры або штрафныя ізалятары. Па словах былых зняволеных, людзей там утрымліваюць у нечалавечых умовах. Ці можна расцэньваць гэтыя ўмовы як катаванні? Ці існуюць нейкія механізмы ў адвакатаў і родных зняволеных, каб змагацца з такой практыкай пакарання?

— Так, гэта катаванні або аднолькава з катаваннямі забароненае жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае абыходжанне, якое таксама з'яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці. Змагацца з гэтай практыкай пакуль мы можам толькі робячы факты такіх злачынстваў вядомымі, і збіраючы дадзеныя аб вінаватых асобах, якія пасля стануць абвінавачанымі ў адпаведных справах.

— У сакавіку гэтага года выйшаў даклад УВКПЧ ААН, які ахоплівае падзеі ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх. Сярод высноваў дакладу прагучала і тое, што некаторыя з парушэнняў у Беларусі "могуць таксама прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці". Ці можа гэта заключэнне паўплываць на сітуацыю з палітычным зняволенымі?

— Наўрад ці гэта прама і хутка паўплывае на сітуацыю з палітвязнямі, але такія высновы робяць магчымым развіццё розных механізмаў барацьбы з беспакаранасцю, забяспечаць працяг збору, захоўвання і сістэматызацыі дадзеных аб злачынствах рэжыму, наблізяць знешняе расследаванне і зробяць у будучыні магчымым ўнутранае расследаванне ў выпадку змены ўлады на дэмакратычную.

"Могуць з'яўляцца злачынствамі супраць чалавечнасці". Што азначае гэтая фармулёўка ў дакладзе ААН пра Беларусь?

Разам з праваабаронцамі тлумачым, у чым важнасць гэтай фармулёўкі і якое значэнне яна мае.

— Апошнім часам усё часцей з'яўляецца інфармацыя аб новых справах супраць ужо асуджаных палітвязняў нібыта за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы" (арт. 411 КК). Але пераслед па гэтым артыкуле — не новая практыка і выкарыстоўваецца ў тым ліку супраць "непалітычных". Чаму ўлады працягваюць пераследаваць чалавека пасля пазбаўлення яго волі? І чаму гэты артыкул трэба выключыць з заканадаўства?

— Хто б ні быў абвінавачаным па гэтым артыкуле — гэтых людзей пераследуюць не за здзяйсненне грамадска-небяспечнага ўчынку, а за свайго роду "нежаданне выпраўляцца", чым бы гэтая пазіцыя не абгрунтоўвалася. У дачыненні да палітвязняў цяпер ужываюць усе тыя практыкі, якія ўлады дзесяцігоддзямі, з часоў савецкай улады, выкарыстоўвалі для ломкі нязгодлівых асуджаных: тут і асуджэнне людзей за некалькі дысцыплінарных спагнанняў, часта адвольных, за якія чалавек ужо быў пакараны, і спекуляцыі на нефармальных традыцыях, якія не без дапамогі адміністрацыі культывуюцца ў асяроддзі асуджаных. Для мяне відавочна, што ў выкарыстанні магчымасцяў асуджэння па арт. 411 КК закладзены пасыл аб усемагутнасці адміністрацыі, яе магчымасцях падаўжаць тэрмін пакарання настолькі доўга, колькі трэба для таго, каб зламаць волю асуджанага. 

"Пазбаўленне права на абарону — гэта найгрубейшае парушэнне права на справядлівы суд" 

Праваабаронца

— Цяпер налічваецца сем палітзняволеных адвакатаў, больш за 70 адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзій. Як вы расцэньваеце пазбаўленне чалавека права на абарону і ці складана цяпер знайсці адваката для палітвязняў?

— Пазбаўленне права на абарону — гэта найгрубейшае парушэнне права на справядлівы суд і па нацыянальным заканадаўстве гэта безумоўная падстава для адмены прысуду. На жаль, практыка беларускіх судоў ідзе па іншым шляху, што нядзіўна: суды даўно сталі прыладай рэпрэсій, а суддзі ўцягнутыя ў здзяйсненне злачынстваў супраць чалавечнасці.

Абаронцы для абвінавачаных па палітычна матываваных крымінальных справах знайсці ўсё цяжэй, і не факт, што знойдзены абаронца будзе добрасумленна выконваць сваю задачу — хаця б у сілу таго, што ён ці яна не могуць выконваць свае абавязкі ў абстаноўцы, свабоднай ад запалохвання і ціску, атаяснення з кліентам. Адвакатура апынулася няздольная выступіць у абарону адвакатаў і іх правоў, больш за тое — сама стала прыладай рэпрэсій у дачыненні да многіх адвакатаў.

Без права на абарону. Як у Беларусі пераследуюць адвакатаў і якія гэта можа мець наступствы для беларусаў

Прыводзім хроніку пераследу адвакатаў і палітзняволеных абаронцаў, а юрыст "Вясны" Павел Сапелка, якога ў 2011 годзе таксама пазбавілі ліцэнзіі, распавядае, якія наступствы такі ціск можа мець для ўсіх беларусаў.

— Многія сваякі адмаўляюцца ад адвакатаў, бо лічаць гэта дарагой і бессэнсоўнай справай. Чаму важна забяспечваць чалавека абаронай падчас следства, суда і адбыцця пакарання?

— Важна забяспечыць падазраванага абвінавачанага або асуджанага эфектыўнай абаронай, але нават тады, калі гэтая абарона пазбаўленая якасці, якая робяць яе эфектыўнай, застаюцца магчымасці атрымання прафесійных саветаў, тлумачэнняў ад юрыста. Часта адвакаты становяцца на некалькі гадоў практычна адзінай крыніцай звестак пра чалавека ў няволі. І мы адначасова ганарымся тымі адвакатамі, якія ва ўмовах краху прававой сістэмы працягваюць максімальна добрасумленна падыходзіць да сваёй працы, і шкадуем аб тым, што далёка не ўсе адвакаты адпавядаюць крытэрам прафесіяналізму і чалавечнасці, і менавіта апошняя катэгорыя мае шанцы застацца ў шэрагах калегіі адвакатаў, пахаваўшы адвакатуру з яе каштоўнасцямі на многія гады.

"Толькі наша салідарнасць і падзяка падтрымае палітвязняў"

— Якую ролю, на ваш погляд, адыгрываюць для ўладаў пералікі асобаў, якія маюць дачыненне да "тэрарыстычнай" і "экстрэмісцкай" дзейнасці, і якія абмежаванні гэта накладвае на палітвязняў?

— Пералікі грамадзян, якія ўшчамляюцца ў правах у выніку аднясення іх да вядучых экстрэмісцкую або тэрарыстычную дзейнасць — гэта ганьба дзеючай улады, гэта спосаб узмацніць наступствы прыцягнення да крымінальнай адказнасці, які нічога агульнага з барацьбой з рэальным экстрэмізмам і тэрарызмам не мае. Унясенне ў гэтыя спісы спараджае розныя наступствы, некаторыя з іх яшчэ не ўвайшлі шырока ў практыку, але, баюся, улады ліквідуюць гэты прабел. Пакуль найбольш распаўсюджанае абмежаванне — гэта абмежаванне ў прафесійных правах "экстрэмістаў" на тэрмін у 5 гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці, а для унесеных у тэрарыстычны спіс — абмежаванне на практычна любыя фінансавыя аперацыі.

"І цяпер я бел-чырвона-белы тэрарыст". Адказваем на пытанні пра "спіс тэрарыстаў"

"Вясна" тлумачыць, каго ўключаюць у "спіс тэрарыстаў", якія абмежаванні цягне статус "тэрарыста", і адказвае на іншыя актуальныя пытанні на гэтую тэму.

— Цяпер амаль усе палітвязні фактычна пазбаўленыя права на ліставанне, а тыя, хто ў "тэрарыстычным" спісе — грашовых пераводаў. Як можна падтрымаць палітвязняў?

— Працягваць пісаць палітвязням і пра палітвязняў, падтрымліваць па магчымасці іх сем'і, прычым не абавязкова матэрыяльна — любымі прымальнымі формамі. Толькі наша салідарнасць і падзяка падтрымае палітвязняў, дасць ім разуменне каштоўнасці іх ахвяры; толькі наша памяць пра падзеі апошніх гадоў, памножаная на ўцягванне максімальнай колькасці людзей, якія падтрымліваюць ідэю свабоды і дэмакратыі, вяршэнства права і каштоўнасці правоў чалавека ў падтрымку палітвязняў, іх сем'яў, іншых ахвяр крымінальнага пераследу і іншых палітычных рэпрэсій, дапаможа нам супрацьстаяць намаганням таталітарных уладаў па ўсталяванні неабмежаванай улады, што пазбавіць надзеі на вызваленне палітвязняў і іх рэабілітацыю.

"Наша сіла — у салідарнасці!" Вялікі дайджэст па дапамозе палітвязням

Адпраўка тэлеграмы ў зняволенне з дому, грашовы перавод на турэмную краму праз інтэрнэт-банкінг, дапамога замовіць кнігі вязню з бібліятэкі СІЗА ці нават з бліжэйшай кніжнай крамы і многае іншае — «Вясна» сабрала магчымыя спосабы дапамогі палітычным зняволеным у адным матэрыяле.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства