"Гэта атрад АМАП "пережестил": як у Бабруйску пераследавалі мужчыну з інваліднасцю
39-гадовы Сяргей Бяляеў з Бабруйску мае хваробу Паркінсона. Таксама ў мужчыны ўсталяваны нейрастымулятар, ён мае другую групу інваліднасці. Аднак цягам 2021 году яго тройчы затрымлівалі на суткі: у агульнай колькасці ён правёў у ІЧУ больш за месяц. Пяць разоў яго кватэру абшуквалі. Пасля чарговага затрымання Сяргей з’ехаў у Латвію.
Сяргей скончыў БНТУ, працаваў на "Белшыне". У 2014 годзе яму далі трэцюю групу інваліднасці, яшчэ праз чатыры гады – усталявалі нейрастымулятар. Таксама яму трэба прымаць лекі паводле адмысловага графіку. Але праз хваробу мусіў звольніцца, новую працу ён так і не знайшоў.
Пачатак ціску
Першы раз мужчыну спрабавалі затрымаць, калі ён быў назіральнікам, але тады ён змог выслізнуць ад сілавікоў. Але ў хуткім часе затрыманне ўсё адно заспела яго: Сяргей знаходзіўся на зборы подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай, і сілавікам нібыта не спадабалася, што людзі медленна падпісваюцца.
— Я не чакаў, што мяне так затрымаюць, таму нават не праў з сабой таблеткі, — кажа Сяргей. — Але яны спужаліся маёй хваробы і праз пару гадзін адвезлі дадому.
У наступны раз па мужчыну прыйшлі 21 студзеня 2021 году: паламалі дзверы і выключылі святло. Яго спачатку абвінавацілі ў знявагах міліцыянтаў, а потым склалі пратакол, што ён нібыта знаходзіўся на фотаздымку пікету, на якім пяць чалавек у масках сфатаграфаваліся са сцягам. Нават суддзя заўважыла, што на здымку быў не ён — яго асудзілі да трох ужо адседжаных сутак: паколькі яго затрымалі ў пятніцу ўвечары, то да суду ён тры дні правёў у ІЧУ.
— Там мне стала блага, і хуткая прыехала па першым жа маім патрабаванні, — узгадвае Сяргей. — Тады ў мяне яшчэ была трэцяя група па інваліднасці. Але прыехалі лекары і сказалі, што ў іх няма адпаведнай кваліфікацыі лячыць мяне. Таму мяне прывезлі ў бальніцу, дзе кардыёлаг спытаў: “А чаму вы яго сюды прывезлі? Тут патрэбен нейрахірург”. Потым ён таксама сказаў, што такіх, як я, наогул трэба скідаць з маста. Маўляў, я як ягоны ўнук, які нашкодзіў і спрабуе скінуць адказнасць. Я спытаў у яго: “А вы што, суд? Вашая справа – лячыць людзей, а не рабіць такія высновы”.
Тады яны не знайшлі нейрахірурга і пасадзілі Сяргея ў ІЧУ да суду. Мужчына адзначае, што тады ўмовы яшчэ не былі такімі жорсткімі, і выкончваючы абавязкі начальніка РАУС нават спытаў, як здароўе Сяргея. А калі ён паскардзіўся, што не даюць бялізну, яе хутка прынеслі.
20 сутак + 12 сутак
Напярэдадні 25 сакавіка Сяргея затрымалі ў зноў: ён ішоў па вуліцы адзін, але фармальнай прычынай стаў запланаваны непадалёк мітынг на Дня волі. Яму прысудзілі 20 сутак. Гэтым разам мужчына заўважыў, наколькі пагоршыліся ўмовы ўтрымання зняволеных. Калі яны з іншымі палітычнымі спрабавалі паскардзіцца на святло, якое не выключаюць, і перадачы, якія не аддаюць, ім адказалі: “Ну вас жа не б’юць!” Тады пяцёра затрыманых на Дзень волі абвесцілі галадоўку ў Бабруйскім ІЧУ.
— Аднойчы мне стала вельмі блага, — узгадвае Сяргей. — Яны спужаліся, прынеслі таблетку і прымусілі запіць гарачым кісялём. Аднак больш я не ўжываў ежы цягам шасці дзён.
Потым у Сяргея было яшчэ два вобшукі: летам і восенню — па справе Зельцара. Хаця мужчына не разумее, што там можна было шукаць, калі ўсё — камп’ютар, тэлефон, флэшкі і нават патрэт Рамана Бандарэнкі — забралі яшчэ пры першым вобшуку. Калі сілавікі ўварваліся ў кватэрў раніцай, Сяргей яшчэ дрэнна хадзіў пасля аперацыі па замене нейрастымулятара.
— Але чальцы атраду АМАП у поўным амбундзіраванні з аўтаматамі спрабавалі кінуць мяне на падлогу, рабілі ўдушаючыя прыёмы, — распавядае мужчына. — Я адключыўся і прыйшоў у свядомасць ужо на канапе. Яны ўбачылі шнар на сэрцы, павязку і адразу забегалі: “Мы ж не ведалі”. Калі адвезлі ў лякарню, сказалі доктару: «Гэта атрад АМАП пережестил». Там мне сказалі, што ў мяне перадынфарктны стан, таму адвезлі дадому. Я не мог ачуняць тры дні: балела галава, дзёргалася вока, я баяўся заснуць. Я ведаў, што яны не прыйдуць ізноў, але трывожнасць была неабгрунтаваная. Нават цяпер яна часам з’яўляецца, але пап’еш гарбаты з рамонкаў — і можна заснуць.
Пяты за год вобшук у Сяргея ўчынілі ў лістападзе — па справе аб абразе міліцянта Комара. На гэты раз мужчына ўсталяваў у пакоі відэакамеру, бо хацеў засняць, калі яго зноў пачнуць збіваць. Пры вобшуку міліцыянты проста пакруцілі камеру ў руках, не зразумелі, што гэта, і паставілі на месца. Толькі супрацоўнік КДБ адключыў яе, але запіс паспеў сінхразавацца з “воблакам” і захавацца.
Яго адпусцілі да суду, але пасля суду мужчыну прызначылі 12 сутак. Усе тры разы яго пасяджэнні вяла суддзя Гормаш. Мужчына быў упэўнены, што яму прызначаць штраф, таму зарадкі ў ягоным нейрастымулятары хапіла на некалькі дзён: тады міліцыянты адвезлі яго дадому, каб ён забраў зарадку. На пачатку адбыцця “сутак” у Сяргея паднялася тэмпература: у яго ўзялі мазок на кавід і змясцілі ў адзіночную камеру. Вынікі тэсту яму так і не паведалі. Пакуль ён сядзеў, яму перадавалі толькі тыя таблеткі, якія прыносіла маці, лісты не аддавалі зусім.
— Калі я выйшаў адтуль, мяне сустрэў атрад АМАП, — узгадвае Сяргей. — Яны хацелі, каб я падпісаў паперку, што больш не буду нікуды хадзіць, але я адмовіўся. Мяне адпусцілі, але хутка зноў прыехалі на прафілактычную гутарку і намякнулі, што трэба з’язджаць. Я зразумеў, што сапраўды настаў час.
У эміграцыі Сяргей спачатку жыў у Цэнтры для бежанцаў, а калі атрымаў статус, то пачаў пацвярджаць групу па інваліднасці. Увесь працэс заняў каля 7-8 месяцаў. Цяпер арэнду кватэры яму аплочвае дзяржава, таксама яму прызначылі пенсію і далі бясплатны праязны на ўсе віды транспарту.
— Адзінае — спачатку было складана разабрацца ў медычнай сістэме, але потым зразумеў, што ўсё нават прасцей, чым у нас, — кажа Сяргей — Але пачала пагаршацца кароткачасовая памяць, мне выпісалі адмысловыя таблеткі. Нейрастымулятар зараз працуе на максімуме, таму хутка буду размаўляць з лекарам пра аперацыю. Яна будзе платная, таму дакладна буду прасіць дапамогі, каб яе адолець.