"Спросціць вынясенне прысуду на аснове пазіцыі абвінавачвання". Павел Сапелка — пра законапраект аб "судах над памерлымі"
Нядаўна дэпутаты ў двух чытаннях прынялі законапраект аб "судах над памерлымі". Пасля прыняцця яго ў Савеце Рэспубліцы і подпісу Лукашэнкі яго нормы набудуць моц. Праектам зменаў Крымінальна-працэсуальнага кодэкса карэктуецца артыкул 29. Дзякуючы гэтаму беларускія органы набудуць права распачынаць у дачыненні да памерлых крымінальныя справы па злачынствах, пералічаных у артыкуле 85 Крымінальнага кодэкса. Такіх складаў дзесяць. Праваабаронца і юрыст "Вясны" Павел Сапелка аналізуе перадумовы прыняцця законапраекта, разглядае нормы, што прымаюцца, у кантэксце правоў чалавека і разважае, навошта ўводзяцца новыя правілы і якія мэты заканадаўцы.
Вядзенне вытворчасці па крымінальнай справе ў дачыненні да памерлых — гэта не новая з'ява ў беларускім праве, гэта працэс з працяглай гісторыяй. Да гэтага часу ён, праўда, тычыўся толькі выпадкаў, калі крымінальны працэс быў неабходны ў мэтах рэабілітацыі памерлага (а па КПК 1960 года – таксама для аднаўлення справы ў дачыненні да іншых асоб па наноў адкрыўшыхся абставінах). У ліпені 2018 годзе ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс была ўведзена глава, якая напоўніла практычным зместам гэтую форму, і былі ўведзеныя некаторыя дадатковыя звязаныя з гэтым правілы і азначэнні. Тады быў устаноўлены парадак вытворчасці па матэрыялах і крымінальнай справе ў выпадку смерці падазраванага, абвінавачанага, асобы, якая падлягала прыцягненню ў якасці падазраванага, абвінавачанага; уведзена паняцце прадстаўніка памерлага падазраванага, абвінавачанага і вызначаны яго правы і абавязкі. Удзел па такіх справах абаронцы прадугледжваўся: па хадайніцтве прадстаўніка дапускаўся абраны ім абаронца, альбо прызначаўся з ліку адвакатаў тэрытарыяльнай калегіі.
Статыстыкі па такім відзе вытворчасці не публікуецца, адным з шырока вядомых выпадкаў было расследаванне і наступны разгляд у судовым пасяджэнні крымінальнай справы па абвінавачванні памерлага Генадзя Шутава — ахвяры жорсткасці беларускага вайскоўца сіл спецыяльных аперацый, якога прыцягнулі да разгону пратэстаў 2020 года ў Брэсце. Крымінальная справа скончылася ў 2021 годзе прызнаннем Генадзя Шутава вінаватым. Прысуд, як гэтага патрабуе закон, быў вынесены без прызначэння пакарання.
Па якіх злачынствах могуць судзіць памерлых?
Новыя ідэі беларускіх заканадаўцаў — праект закона аб змяненні КПК і дапаўненні яго нормамі аб пераследзе ў крымінальным працэсе памерлых падазраваных і абвінавачаных у здзяйсненні злачынстваў супраць міру, бяспекі чалавецтва і ваенных злачынстваў, пералічаных у арт. 85 Крымінальнага кодэкса, пашыраюць сферу прымянення крымінальнай вытворчасці ў дачыненні да памерлых.
Складаў злачынстваў, пералічаных у арт. 85 КК, дзесяць: падрыхтоўка альбо вядзенне агрэсіўнай вайны; акт міжнароднага тэрарызму; генацыд; злачынствы супраць бяспекі чалавецтва; вытворчасць, назапашванне альбо распаўсюджванне забароненых сродкаў вядзення вайны; экацыд; прымяненне зброі масавага паражэння; парушэнне законаў і звычаяў вайны; злачынныя парушэнні нормаў міжнароднага гуманітарнага права падчас узброеных канфліктаў; бяздзейнасць альбо адданне злачыннага загаду падчас збройнага канфлікту.
Гэтыя злачынствы не маюць тэрміну даўніны прыцягнення да крымінальнай адказнасці, такім чынам, па гэтай падставе ў дачыненні да падазраваных і абвінавачаных не могуць выносіцца рашэнні аб спыненні крымінальнага пераследу. Што характэрна, практычна па тых жа складах злачынстваў беларускі КК прымяняецца незалежна ад крымінальнага права месца здзяйснення дзеяння — на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі, незалежна ад грамадзянства тых, каго пераследуюць.
У адрозненні ад агульных правілаў вядзення працэсу ў дачыненні да памерлых, меркаванне іх прадстаўнікоў аб неабходнасці вытворчасці не мае значэння ў дачыненні да злачынстваў, пералічаных у арт. 85 КК.
Навошта ўводзяцца новыя правілы і якая мэта заканадаўцы?
Адзначаецца, што "законапраект накіраваны на забеспячэнне няўхільнасці адказнасці за ўчыненне злачынстваў супраць міру, бяспекі чалавецтва і ваенных злачынстваў, указаных у артыкуле 85 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь". Гэта не дадае пэўнасці — наадварот, спараджае пэўныя праблемы.
У прыватнасці, паводле арт. 44 КК, крымінальная адказнасць перадаецца ў асуджэнні ад імя Рэспублікі Беларусь паводле прысуду суда асобы, якая ўчыніла злачынства, і прымяненні на аснове асуджэння пакарання або іншых мер крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам. То бок пакаранне ці іншыя меры крымінальнай адказнасці — гэта неад'емныя складнікі крымінальнай адказнасці, без якіх яна не рэалізуецца. Да гэтага часу вытворчасць у дачыненні да памерлых, нагадаю, мела мэтай іх рэабілітацыю і спынялася, як толькі пра гэта заяўляў прадстаўнік. Прызнанне вінаватым памерлага да гэтага часу было не мэтай вытворчасці, а свайго роду формай адмовы ў рэабілітацыі.
КПК у адпаведнай главе не прадугледжвае, але і не адмаўляе магчымасці прымянення спецыяльнай канфіскацыі ў дачыненні да маёмасці памерлага абвінавачанага, таксама адкрытым і дыскусійным варта было б пакінуць пытанне аб магчымасці прад'яўлення пазоваў аб спагнанні кампенсацый у грамадзянскім працэсе на аснове вынесенага прысуду.
Паколькі мэты вытворчасці ў дачыненні да памерлых мяняюцца, то лагічна было б забяспечваць вытворчасці адпаведны ўзровень працэсуальных гарантый. Адзінай мерай стаў абавязковы ўдзел абаронцы, які ў тэорыі павінен падтрымліваць пазіцыю свайго падабароннага: арт. 18 Закона "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" забараняе адвакату дзейнічаць насуперак інтарэсам кліента, займаць прававую пазіцыю, не ўзгодненую з ім, за выключэннем права адваката ў выпадку прызнання віны кліентам аспрэчваць такое сцвярджэнне і прасіць аб апраўданні або спыненні крымінальнага пераследу. Як гэта рэалізаваць у дачыненні да памерлага? Ніяк. Таму ўдзел адваката-абаронцы мае шанец стаць простай фармальнасцю, што ўжо неаднаразова дэманстравалася ў іншай, спецыяльнай вытворчасці, дзе прызначаныя следчым і судом адвакаты часта такім жа чынам ігнаруюць пазіцыю жывых абвінавачаных, якія знаходзяцца за мяжой. Па зразумелых прычынах астатнія правы памерлага абвінавачанага — ведаць сутнасць абвінавачвання, даваць паказанні, прадастаўляць доказы і т.п, таксама не могуць быць рэалізаваны, што зводзіць да нуля магчымасці для непрадузятага і аб'ектыўнага разбору па справе. Адзін з найважнейшых прынцыпаў — спаборнасці — будзе рэалізаваны толькі фармальна, у сілу прысутнасці абаронцы, а на справе – праігнараваны. У тэорыі магчымасць выкласці свае довады аб невінаватасці памерлага абвінавачанага мае толькі прадстаўнік памерлага, калі ён будзе ўдзельнічаць у судовым пасяджэнні (удзел, дарэчы, неабавязковы, а з некалькіх кандыдатаў прадстаўніка выбірае следчы).
Гэта, напэўна, не збянтэжыць інструменталізаваны на ажыццяўленне палітычных рэпрэсій беларускі суд, а толькі спросціць працэс вынясення прысуду на аснове пазіцыі абвінавачвання.
І гэта не ўсё, што турбуе ў перспектыве выкарыстання новага закона, які прымаецца. Ёсць здагадка, што гэтыя новыя правілы будуць абслугоўваць новае захапленне беларускіх уладаў – ідэю аб генацыдзе беларускага народа, вакол якой ужо з'явіліся як расследаванне, так і новыя нормы закона, у прыватнасці – закон аб генацыдзе беларускага народа, які ўключае шэраг спрэчных палажэнняў, але перарывае дыскусіі ўведзенай крымінальнай адказнасцю за адмаўленне гэтага генацыду. На карысць гэтай здагадкі кажа тое, што вінаватыя ў злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых на тэрыторыі Беларусі ў постсавецкі перыяд, у тым ліку са спісу арт. 85 КК, яшчэ жывыя, а вось многія з тых, хто цяпер стаў мішэнню для ідэалагічных нападак беларускіх уладаў, – ужо не. І ў дачыненні да тых з іх, хто не быў прызнаны вінаватым нават у ліхія ваенныя і пасляваенныя гады, калі сапраўдныя сведкі злачынстваў нацыстаў і выжылыя яшчэ былі жывыя, у больш здаровым розуме і пры памяці, а следчыя і суды лёгка прымалі рашэнні супраць здраднікаў і ворагаў народа, цяпер вырашылі правесці імітацыю крымінальнага працэсу. На фоне надзейна закатанай пад асфальт грамадзянскай супольнасці і ва ўмовах, калі пярэчанні боку абароны па сутнасці можа стаць падставай да крымінальнага пераследу за адмаўленне генацыду беларускага народа.
Падводзячы вынік, варта прызнаць, што практычна ні адзін з адыёзных законаў апошніх гадоў не застаўся без справы. Беларускія нелігітымныя ўлады праактыўна выбудоўваюць і інструменталізуюць закон і практыку ў сваіх інтарэсах, паразітуючы то на намаганнях ААН і прагрэсіўных краін па барацьбе з тэрарызмам, то на памяці ахвяр нацызму. Таму варта толькі здагадвацца, чые імёны першымі прагучаць у сувязі з новымі нормамі, калі тыя набудуць законны моц.