viasna on patreon

#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"

2023 2023-08-14T16:35:13+0300 2023-08-14T16:55:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/five_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны пра вясноўцаў, што знаходзяцца за кратамі.

Леанід Судаленка з'ехаў з Беларусі і даў шэраг інтэрв'ю

Адразу пасля вызвалення з калоніі 21 ліпеня 2023 года, праваабаронца Леанід Судаленка змог сустрэцца з маці.

4 жніўня стала вядома, што Леанід Судаленка з'ехаў з Беларусі.

"Сябры, я прыняў цяжкае для сябе рашэнне! На 14-ы дзень пасля вызвалення ўжо знаходжуся ў бяспецы, а значыць, як і раней, змагу быць адкрытым для ўсіх. Галоўнае — за гэты час я не размяняў сваё сумленне і свабоду. Гатовы слухаць, чуць, гаварыць і разам шукаць адказы на самыя складаныя пытанні", — напісаў былы палітвязень на сваёй старонцы ў Facebook.

Пасля таго, як Леанід пакінуў Беларусь, ён даў інтэрв'ю праваабарончаму цэнтру "Вясна":

"Калі я знаходзіўся ў СІЗА ў Гомелі, то пра кампанію салідарнасці #FreeViasna я даведваўся, канешне, з тых лістоў, якія мне дасылалі. А што тычыцца менавіта калоніі, то там было складаней у дачыненні да інфармацыі, таму што толькі штосьці на званках асабістых можна было пачуць — і ўсё, больш ніякіх крыніц інфармацый не было. Ці адзін аднаму перадавалі: хтосьці пайшоў на спатканне, паразмаўляў з блізкімі, і яны, напрыклад, сказалі пра гэтую кампанію, і ён перадаў мне.

Напрыклад, калі Алесю Бяляцкаму далі Нобелеўскую прэмію, мы ішлі са сталоўкі ўсім атрадам сто чалавек, а насустрач ідзе другі атрад у сталоўку. І там такі ж, як я, палітычны, крычыць: "Леанідавіч, віншую з узнагародай Нобелеўскай!" Я менавіта так даведаўся. Канешне, я ўдакладніў у сваіх блізкіх, гэта праўда ці не, таму што я ведаў, што Алеся раней вылучалі на гэтую прэмію, а тут вось такая добрая прыемная навіна. Усё ж я думаю, што дапаможа Алесю гэтая прэмія, таму што адна справа судзіць і даваць тэрмін праваабаронцу, а другая справа — Нобелеўскаму лаўрэату. Мабыць, яшчэ не было такіх выпадкаў, каб судзілі менавіта Нобелеўскага лаўрэата менавіта пасля атрымання прэміі. Але беларуская Феміда у гэтым сэнсе паказала свой твар",— расказаў Леанід Судаленка.

Чытаць інтэрв'ю чалкам:

Мой статус быў "злосны парушальнік". Леанід Судаленка — пра зняволенне, ад’езд з Беларусі і салідарнасць

Праваабаронца ПЦ "Вясна" і былы палітзняволены Леанід Судаленка распавёў пасля ад’езду з Беларусі, чаму прыняў такое рашэнне, як выглядала дыскрымінацыя асуджаных па палітычных артыкулах у зняволенні і чаму салідарнасць важная.

Таксама Леанід Судаленка даў інтэрв'ю шэрагу СМІ: BYSol, "Наша ніва"Радыё Свабодаyoutube-канал "жыццё-маліна".

У Беларускім Доме Варшавы адкрыты мурал "Няскораных беларусаў". Сярод выяваў — Алесь Бяляцкі

5 жніўня ў дворыку "Беларускага дома ў Варшаве" быў адкрыты мурал з выявамі 6 вядомых беларускіх палітвязняў — гэта Нобелеўскі лаўрэат і кіраўнік Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, праваабаронца Наста Лойка, заснавальнік крамы Symbal.bу Павел Белавус, кіраўнік партыі "Народная грамада" Мікола Статкевіч, журналістка Кацярына Андрэева, а таксама Дар'я Лосік.

Па словах дырэктара "Беларускага Дома" Алеся Зарамбюка, ідэя мурала належала ім, намалявала яго група беларускіх мастакоў.

"Мы памятаем пра кожнага з вас". Ланцуг салідарнасці з беларускімі палітвязнямі прайшоў у Цюрыху

Сярод іншых, у ім прынялі ўдзел былыя палітзняволеныя Ганна Баран і Іван Андрушойць, сябры беларуска-швейцарскага аб'яднання RAZAM, праваабаронцы Libereco.

Мінула 25 месяцаў, як у няволі ўтрымліваюцца тры праваабаронцы "Вясны"

Нобелеўскі лаўрэат і старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч, а таксама юрыст "Вясны" Уладзь Лабковіч ужо 25 месяцаў утрымліваюцца ў няволі. Яны былі затрыманы 14 ліпеня 2021 года.

Падтрымайце лістамі і паштоўкамі салідарнасці зняволеных вясноўцаў:

ПК № 9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16
Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

"Некаторыя падыходзілі проста выказаць словы падзякі".

У міжнародны дзень моладзі 12 жніўня ў Вільні адбыўся кірмаш беларускіх арганізацый і ініцыятыў, рамеснікаў_ніц RADA Market, які зладзіў Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА”. У ім ўзялі ўдзел і праваабаронцы "Вясны".

Адной са скразных тэмаў на Кірмашы сталі правы чалавека і палітзняволеныя. Кампанія салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі #FreeViasna прапанавала наведвальнікам слоту адказаць на пытанні пра зняволеных калегаў і атрымаць падарункі за слушныя адказы: цішоткі, кубкі, шоперы. 

"Збольшага людзі ведаюць, хто такі Алесь Бяляцкі, — распавяла прадстаўніца кампаніі #FreeViasna Марына Кастылянчанка. — Некаторыя таксама ведаюць пра Марфу Рабкову, пра астатніх ужо складаней. Некаторыя няёмка сябе адчувалі, бо баяліся, што няшмат ведаюць. Адказы былі розныя, нехта карыстаўся логікай, але зацікаўленасць была бачная ва ўсіх. Нашыя пытанні далі магчымасць людзям даведацца цікавыя факты пра нашых калегаў: напрыклад, што Алесь Бяляцкі нарадзіўся ў Карэліі ці вырошчваў кветкі, хаця другі факт часта апынаецца нечаканым для людзей. Была адна дзяўчына, якая памятае гэта праз фотаздымкі на асабістай старонцы ў сацсетках".

Марфа Рабкова — адна з 161 палітзняволенай жанчыны

12 жніўня 2023 адзначылася трэцяя гадавіна жаночых пратэстаў у Беларусі. У гэты дзень, у 2020 годзе жанчыны па ўсёй Беларусі выходзілі на вуліцы з белымі кветкамі ў руках і станавіліся ў "ланцугі салідарнасьці" на знак пратэсту супраць жорсткасці сілавікоў падчас разгону дэманстрантаў. Гэта быў жаночы пратэст супраць гвалту. З таго часу жаночыя акцыі сталі рэгулярнымі, яны праводзіліся ў суботы. Пазней распачаліся беспрэцэндэнтныя рэпрэсіі, у выніку чаго на дадзены момант налічваецца 161 палітзняволеная жанчына. Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясна" Марфа Рабкова — адна з іх.

За апошні час пра Марфу не было ніякіх навінаў, як і пра валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
Марыі Аляксандраўне Рабковай 

ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Мінімум 3 645 чалавек асудзілі па крымінальных справах

Праваабаронцы "Вясны" правялі падлік: за тры гады з пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі не менш за 3 645 чалавек былі асуджаны паводле крымінальных справаў. Сярод іх і пяцёра палітзняволеных праваабаронцаў "Вясны".

Мінімум 3 645 чалавек асудзілі па крымінальных справах: тры гады пасля выбараў 2020 года 

"Вясна" ў лічбах распавядае пра беспрэцэндэнтна жахлівае становішча з правамі чалавека ў Беларусі.

Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

3. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

4. Падтрымаць "Вясну" на Patreon ці аднаразовым данатам.

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства