Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 20:05 па беларускім часе (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі "Беларускае Радыё Рацыя" — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Прэм'еру ў эфіры анлайн можна паслухаць праз інтэрнэт тут альбо тут (калі не адкрываецца, то карыстайцеся VPN). А таксама 98,1 FM для Гродна і 99,2 FM для Брэста.
(Анонсы папярэдніх выпускаў глядзіце тут).
Анонс на 19 верасня:
Каментар эксперта: Вялікую заяву аб наданні статусу "былых палітвязняў" прынялі праваабаронцы. Яны запатрабавалі адразу рэабілітацыі 150 чалавек. Падрабязнасці — у каментары праваабаронцы ПЦ "Вясна" Насты Васільчук.
Падзея: Кампанія #FreeViasna зладзіла імпрэзу салідарнасці з палітзняволенымі вясноўцамі. На ёй былы палітзняволены Леанід Судаленка нарэшце атрымаў сваю прэмію Homo Homini — лаўрэатаў абвесцілі ж, калі ён быў у зняволенні.
Па-за межамі: У Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу на мінулым тыдні працавала выстава беларускай мастачкі Ксішы Анёлавай "Беларускі мартыралог". Яна прысвечаная беларускім палітзняволеным. Мартыралог — такім тэрмінам у царкоўнай традыцыі называюць спіс пакутнікаў, святых і блажэнных, якія пацярпелі за сваю веру.
"Я дала абет", — кажа Ксіша Анёлава.
Асоба: Тры гады таму, 13-га верасня 2020-га, у Брэсце адбылася чарговая мірная пратэсная акцыя супраць фальсіфікаваных выбараў. Больш за 100 беларусаў, якія вадзілі карагоды і спявалі, былі затрыманыя і пакараныя гадамі зняволення. Справу сталі называць "карагоднай". Сярод тых, хто адбыў свой тэрмін, — былы палітвязень, фігурант "карагоднай справы" з Пружан Алег Кулеша.