У ААН разгледзяць зварот праваабаронцаў "Вясны" з нагоды затрымання беларускі на антываенным мітынгу
Юрысты праваабарончага цэнтру "Вясна" ў студзені 2023 году накіравалі зварот у Камітэт па правах чалавека ААН з нагоды затрымання беларускі на антываеннай акцыі пратэсту, што адбылася пасля Рэспубліканскага рэферэндума ў 2022 годзе. Зварот быў зарэгістраваны ў Камітэце і будзе разгледжаны. Юрыстка "Вясны" Святлана Галаўнева тлумачыць, чаму затрыманне беларускі з’яўляецца адвольным, а затрымка судовага слухання неапраўданай.
Што здарылася?
У адным з абласных цэнтраў 27 лютага 2022 года беларуска прыйшла прагаласаваць на Рэспубліканскі рэферэндум аб унясенні зменаў у канстытуцыю Беларусі. Участак для галасавання змяшчаўся ў школьным будынку. Пасля галасавання жанчына засталася на тэрыторыі школы, каб паўдзельнічаць у антываеннай акцыі пратэсту. Неўзабаве да школы пад’ехалі супрацоўнікі міліцыі. Жанчыну затрымалі і адвезлі ў мясцовы РАУС, дзе склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне. Беларуска некалькі сутак правяла ў ізалятары часовага ўтрымання, у якім былі вельмі дрэнныя ўмовы ўтрымання: было вельмі халодна і сыра, адсутнічала бялізна і матрасы, прыбіральня была не ізаляваная, а зняволеных не вадзілі на прагулкі. Па выніку суда жанчыне прызначылі штраф у некалькі дзясяткаў базавых велічыняў.
Юрыстка "Вясны" Святлана Галаўнева тлумачыць, чаму затрыманне беларускі было адвольным. Па-першае, прычынай затрымання стала рэалізацыя права на мірныя сходы і права на свабоднае выказванне меркавання, гаратаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). Па-другое, затрыманне было незаконным і з пункту гледжання нацыянальнага заканадаўства.
"Абмежаванне свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркавання, хаця фактычна жанчына нават не прыняла ўдзел у мірным сходзе, мы абгрунтоўвалі ў звароце прад’яўленым ёй абвінавачваннем - у несанкцыяваным пікетаванні. Паколькі дзяржава прызнала яе дзеянні пікетаваннем, то і павінна была прытрымлівацца міжнародных стандартаў, датычных пікетавання і іншых відаў мірных сходаў".
Адзінае, чым міліцыя і суд абгрунтоўвалі неабходнасць прыяцгнення затрыманай да адміністрацыйнай адказнасці — гэта парушэнне фармальных працэдур правядзення мірных сходаў, кажа Святлана.
"Пры гэтым, па ранейшых справах, разгледжанных у КПЧ, патрабаванні Закону “Аб массавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” прызнаваліся залішнімі і не адпаведнымі міжнародным стандартам правоў чалавека (напрыклад, у меркаваннях КПЧ па справе № 2891/2016 Галіны Бяловай, Леаніда Судаленкі і Анатоля Паплаўнага супраць Беларусі). Таму ў дадзеным выпадку можна сцвярджаць аб парушэнні права на мірныя сходы і права на свабоднае выказванне мяркавання. Агулам, такія высновы рэлевантныя да ўсіх выпадкаў адміністрацыйнага пераследу за ўдзел у несанкцыяваных мірных сходах (ч. 1 арт. 19 і арт. 21 МПГПП)".
Затрыманне маці непаўнагадовых дзяцей
Як кажа юрыстка, асаблівасць гэтага выпадку ў тым, што затрымана была маці непаўнагадовых дзяцей. Па законе, яе не мелі права адміністрацыйна затрымліваць больш чым на 3 гадзіны. Нягледзячы на ўсе скаргі і звароты жанчыны, беларускія ўлады так і не прызналі гэтае парушэнне. Такім чынам, як кажа Святлана, затрыманне было адвольным (ч. 1 арт. 9 МПГПП).
Неапраўданая затрымка судовага слухання і бесчалавечныя ўмовы ўтрымання
Жанчына ўтрымлівалася ў ІЧУ напрацягу трох дзён, два з якіх былі працоўнымі. Суд адбыўся на другі дзень, але яшчэ суткі яе не адпускалі. Нейкіх відавочных перашкод, каб разглядзець справу хутчэй ці працягваць утрымліваць яе ў ІЧУ не было, кажа юрыстка.
"Мы бачым тут парушэнне права апынуцца перад судом без неапраўданай затрымкі (ч. 3с арт. 14 МПГПП). Раней, КПЧ ужо прызнаваў, што 48 гадзін дастаткова для падрыхтоўкі чалавека да судовага слухання і што любая затрымка больш за гэты тэрмін павінна быць выключэннем, а не правілам. Хаця ў дадзеным выпадку затрыманне не павінна было цягнуцца і 48 гадзін, мы лічым важным звяртаць увагу на, тое што практыка затрымання на максімальныя тры дні да суда не павінна быць агульнай.
Таксама мы казалі пра ўмовы ўтрымання ў мясцовым ІЧУ і прасілі прызнаць іх негуманнымі, жорсткімі, бесчалавечнымі і прыніжаючамі чалавечую годнасць (арт. 7 і ч. 1 арт. 10 МПГПП)", — адзначыла Святлана.