viasna on patreon

Права на працоўнае месца VS парушэнне права на адукацыю. Як ацэньваць сістэму размеркавання?

2023 2023-10-09T16:30:00+0300 2023-10-09T16:56:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dziarzhauny-universitet.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Кожны выпускнік павінен мець гарантаванае першае працоўнае месца", — кажуць беларускія чыноўнікі. Разам з тым праваабаронцы даўно адзначаюць, што сістэма размеркавання — гэта прымусовая праца.

Што здарылася?

Сістэма абавязковага размеркавання для выпускнікоў навучання вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў захавае пераемнасць традыцый савецкай адукацыйнай сістэмы. Раней выпускнікі толькі бясплатнай формы навучання павінны былі размеркавацца. Аднак нядаўна беларускія чыноўнікі заявілі, што выпускнікі платнай формы навучання цяпер таксама абавязваюцца прайсці размеркаванне.

"Гэта абумоўлена тым, што да паловы кошту выдаткаў на навучанне гэтай катэгорыі студэнтаў кампенсуюць сёння ўніверсітэты", — пра гэта заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Да гэтага прыйшлі на нарадзе ў Лукашэнкі.

Сам такі падыход называецца Іванцом як "удасканаленне сістэмы адукацыі", а таксама паведамляецца пра "права на першае працоўнае месца" для выпускнікоў.

Але што ж кажуць праваабаронцы?

Юрыстка Праваабарончага цэнтра "Вясна" Святлана Галаўнёва нагадвае, што абавязковае размеркаванне — гэта размеркаванне прымусовае.

"Права на першае працоўнае месца, якім Міністэрства адукацыі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны традыцыйна апраўдваюць абавязковае (прымусовае) размеркаванне пасля заканчэння навучання, і сапраўды магло б быць важнай сацыяльнай гарантыяй для выпускнікоў, — кажа Святлана. — Але на практыцы мы маем спробу дзяржавай вярнуць затрачаныя на навучання сродкі прымусовай працай выпускнікоў, або спагнаннем з тых жа выпускнікоў велізарных сум грошай. Атрымліваецца, што першапачатковая ідэя забеспячэння выпускнікам першага працоўнага месца добрая, але ў працэсе яе рэалізацыі ў нейкі момант інтарэсы абстрактнай дзяржавы сталі важней. У канчатковым выніку пра дабрабыт нядаўніх студэнтаў ніхто ўжо не думае".

У кантэксце захавання правоў чалавека тут можа быць канфлікт са свабодай ад прымусовай працы, адзначае юрыстка:

"Можа быць" — таму што ў цэлым практыка размеркавання як такая не абавязкова супярэчыць міжнароднаму праву ў галіне правоў чалавека і можа быць пазітыўнай практыкай. Але абавязковае размеркаванне з тым заканадаўчым рэгуляваннем і практыкай, якія мы маем у Беларусі, можа падпадаць пад вызначэнне прымусовай працы, як яго разумее Міжнародная арганізацыя працы: "усякая праца або служба, што патрабуецца ад якой-небудзь асобы пад пагрозай якога-небудзь пакарання, для якой гэтая асоба не прапанавала добраахвотна сваіх паслуг". Калі ад выпускнікоў патрабуецца адпрацаваць па размеркаванні незалежна ад іх згоды на працу на канкрэтных умовах у канкрэтнай арганізацыі, а ў выпадку адмовы ім пагражае пазоў на значную грашовую суму – гэта прымусовая праца.

Увядзенне абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні і на студэнтаў, якія навучаюцца на платнай аснове, патэнцыйна закранае значна большае кола асоб. Такія абмежаванні можна разглядаць як замах на акадэмічныя свабоды і парушэнне права на адукацыю. Умова абавязковай адпрацоўкі звужае варыянты напрамкаў для атрымання адукацыі без дадатковых абмежаванняў. Гэта можа прымусіць людзей адмаўляцца ад атрымання адукацыі па пэўнай спецыяльнасці або адукацыі ў цэлым, каб пазбегнуць сітуацыі, калі цябе прымушаюць працаваць на тых умовах, на якіх табе працаваць не хочацца".

У цэлым, праваабаронцы даўно звярталі ўвагу на тое, што сістэма абавязковага размеркавання выпускнікоў з'яўляецца адной з формаў прымусовай працы ў Беларусі. Пра гэта, напрыклад, гаворыцца ў справаздачы па выніках даследчай місіі FIDH і ПЦ "Вясна" 2013 года — "Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі". Нароўні з суботнікамі, лячэбна-працоўнымі прафілакторыямі, так званымі абавязанымі асобамі і прымусовай працай у сістэме выканання пакаранняў (напрыклад, калоніях) у справаздачы значыцца і размеркаванне выпускнікоў ВНУ. Са справаздачай можна азнаёміцца ТУТ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства