viasna on patreon

Ці варта абскарджваць рэпрэсіі на нацыянальным узроўні?

2023 2023-10-26T13:10:37+0300 2023-10-26T13:38:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/5reasons_cover-1246x1920.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У апошні час можа здавацца, што падаваць скаргі на дзеянні прадстаўнікоў дзяржавы на нацыянальным узроўні – гэта бессэнсоўна. А калі і было неабходна, то толькі каб мець магчымасць звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН. Калі ў лістападзе мінулага году Беларусь дэнансавала Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, беларусы і беларускі былі пазбаўленыя магчымасці падаваць скаргі ў ААН. Ці атрымліваецца, што цяпер нацыянальныя інстанцыі абароны сваіх правоў бессэнсоўныя?  Разбіраемся, чаму варта працягваць падаваць скаргі, на падставе матэрыялу юрысткі праваабарончага цэнтру "Вясна" Вікі Рудзянковай.

Пяць прычын, чаму канцэпцыя правоў чалавека ўсё яшчэ працуе

Чаму нават у такіх умовах правы чалавека працягваюць заставацца працуючай канцэпцыяй?

Што рабіць, калі сутыкаешся з парушэннямі правоў дзяржавай?

Каб парушэнне вашых правоў было заўважна, варта падаваць скаргу, бо фактычна – гэта заява пра пэўныя парушэнні. Часам дзяржслужачыя апраўдваюць свае дзеянні тым, што публічна “ніхто не скардзіцца” – значыць, усё нармальна. Але тут ёсць і зваротная заканамернасць: чым болей мы скардзімся на самавольства, тым больш мы яго стрымліваем, а месцамі – нават паралізуем.

Хіба адзін чалавек можа нешта даказаць?

Ва ўмовах прававога дэфолту скаргі спрацоўваюць не так часта, але і тых, хто скардзіцца, няшмат. Але супрацьдзеянне беззаконню і паказвае розніцу паміж аб’ектам і суб’ектам: суб'ект заўсёды мае сілу. Напрыклад, дзякуючы гэтаму ўсведамленню стаў бачны рэальны твар рэжыму для большай, чым у 2020 годзе, колькасці людзей. Яны ўсвядомілі, што ў гэтай сітуацыі за правы трэба змагацца, што ляжыць толькі на плячах носьбітаў гэтых праў. Таму чым болей скаргаў, тым большая сістэмнасць у парушэннях правоў дзяржавай складваецца, тым больш пра гэта публічна вядома – адпаведна, павялічваецца і колькасць людзей, якія ведаюць пра праблему.

Шэсць выпадкаў, калі закон спрацаваў на карысць беларусаў

Сярод мноства рэпрэсіўных рашэнняў часам сустракаюцца адміністрацыйныя справы, якія скончыліся справядліва для грамадзян.

Ці можна скаргай паўплываць на дзеянні людзей?

У дзяржаўнай сістэме працуюць таксама людзі, і калі яны бачаць скаргі, яны бачаць негатыўны фідбэк на свае дзеянні як прадстаўнікоў і прадстаўніц дзяржавы. Часта скарга можа з’яўляцца фактычна люстэркам, у якое немагчыма не глядзець: яна паказвае кожнаму канкрэтнаму чалавеку ці яго начальніку ягоныя памылкі. Пасля гэтага ім застаецца апраўдваць свае дзеянні, жыць з гэтым асэнсаваннем альбо задумацца і паспрабаваць нешта выправіць.

У чым асаблівая карысць скаргаў?

Пакуль парушэнне не зафіксаванае, юрыдычна яго не існуе, адпаведна – не існуе і адказнасці за яго. Але калі любое парушэнне задакументаванае, рана ці позна за яго можа надыйсці адказнасць. Тут можна ўзгадаць той жа Нюрнбергскі працэс, падчас якога суддзі імкнуліся верыць выключна фактам, каб пакараць сапраўды вінаватых злачынцаў. Каб надыйшла адказнасць канкрэтнага чалавека, мусяць быць доказы ягонай віны: гэтым можа стаць менавіта подпіс канкрэтнага чалавека на канкрэтнай паперцы.

Калі хтосьці баіцца пісаць скаргу, ці сапраўды могуць быць наступствы?

Згодна з заканадаўствам, дзяржава гарантуе правы і свабоды людзям, якія падаюць скаргі, а таксама іх прадстаўнікам і членам сям’і. Але мы насамрэч бачым, што пасля заяў людзей пра катаванні і бесчалавечнае абыходжанне з боку прадстаўнікоў дзяржавы, крымінальны пераслед чынілі ў дачыненні да тых, хто падаваў заявы. Таму ніхто не можа гарантаваць бяспеку ў нашых умовах, але вашая сітуацыя мусіць быць ацэнена з розных бакоў юрыстамі-праваабаронцамі.

Што яшчэ можа пайсці не так? 

У падачы скаргаў сапраўды могуць негатыўныя наступствы – як, напрыклад, узмацненне пераследу. Больш за тое, наперад вядома, што дадзеная скарга не дасць чаканай карысці. Скарга на нацыянальным узроўні ў Беларусі страціла сваю першачарговую сутнасць, яна практычна стоадсоткава ў агляднай будучыні не прывядзе да прызнання, аднаўлення парушанага права і справядлівасці.

Таксама скарга патрабуе рэсурсаў: часу і грошай на дзяржпошліну (калі гэта судовая пастанова павопадле адміністратыўнай справе). 

— Праваабаронцам кожны дзень задаюць пытанне, ці варта абскарджваць дзеянні ўлады. Падаецца, я пералічыла ўсе аргументы на карысць абскарджвання. Мы бачым тэндэнцыю: чым далей мы ад 2020 году, тым менш людзей звяртаюцца да нас па дапамогу з абскарджваннем, усё больш з іх сумняецца ў вартасці гэтага. Памяць пра ўсеагульную барацьбу не становіцца больш свежай. Але варта памятаць: калі знешняй матывацыі становіцца меней, лепш бачны моц унутранай матывацыі: унутранага стрыжня, пачуцця чалавечай годнасці і ведання свайго кошту, — упэўненая Віка Рудзянкова.

Калі вы сутыкнуліся з парушэннямі з боку дзяржавы, звяртайцеся па дапамогу з абскарджваннем да юрыдычнай службы “Вясны”: 

Telegram: @zvarot96

Email: zvarot@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства