viasna on patreon

"Недавер у прафсаюзах у 2020 годзе перашкаджаў выпрацоўцы нейкіх рашэнняў". На канферэнцыі ў ЕГУ абмеркавалі прафсаюзы і забастоўкі ў Беларусі

2023 2023-11-22T17:40:00+0300 2023-11-23T14:26:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ehu_vystava_palitzniavolenyh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як дзейнічае свабода асацыяцыяў і прафсаюзы? Якія крыніцы ў міжнароднай арганізацыі працы? Што зроблена ў дачыненні да Беларусі кантрольнымі органамі МАП? Якая гісторыя стварэння незалежных прафсаюзаў у Беларусі? Якой была нацыянальная забастоўка ў Беларусі ў 2020 годзе і чаму не атрымалася? І ці мелі права прафсаюзы ладзіць забастоўкі з палітычных, а не сацыяльна-эканамічных патрабаванняў?

На гэтыя пытанні адказалі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце падчас Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Права на страйк, абарона ад харасменту і свабода асацыяцый: грамадскія і навуковыя праблемы ў глабальнай і лакальнай перспектыве".

"Галоўнае — я спадзяюся, што гэтая канферэнцыя будзе матываваць людзей да стварэння прафсаюзаў, бо ЕГУ — гэта пляцоўка свабоды, і мы павінны практыкаваць гэтыя свабоды, мы павінны даваць і студэнтам, і выкладчыкам удзельнічаць у кіраванні і ведаць як гэта адбываецца, у тым ліку праз прафсаюзы", — распавялі прадстаўнікі ЕГУ і Цэнтра канстытуцыяналізму.

ehu_vystava_palitzniavolenyh.jpg
У ЕГУ таксама адкрылася выстава, прысвечаная рэпрэсаваным актывістам прафсаюзнага руху

Свабода асацыяцый і МАП. Станаўленне

Версальская канферэнцыя ў 1919 годзе стала пачаткам свабоды асацыяцый. У міжнародным праве свабода асацыяцый была прызнаная першай з усіх іншых свабод. І не проста прызнаная як свабода асацыяцый індывідуальная, але як прынцып.

Канферэнцыя ўключыла ў сябе пытанні працоўнага права і стварэння Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), якая вызначыла, што абарона свабоды асацыяцыяў не з'яўляецца справай адной дзяржавы. Свабода асацыяцыяў азначае сацыяльную справядлівасць і чалавечнасць.

У 1919 годзе дзяржавы бачылі свабоду асацыяцыяў і яе рэалізацыю праз прафсаюзы як неабходную ўмову для прадухілення сацыяльных хваляванняў, і прызналі гэтую свабоду прынцыпам.

Гэта азначае, што дзяржавы ў час зносінаў па міжсобку кажуць: мы звязаныя прынцыпам свабоды асацыяцыяў, вы гэты прынцып парушаеце. МАП упершыню ўвяла спецыяльны трохбаковы механізм удзелу, дзе прадстаўлена дзяржава (у асобе дыпламатаў), наймальнік (нейкая супольнасць прадпрымальнікаў, што дэлегуе свайго прадстаўніка) і працоўныя. А працоўныя — гэта прафсаюзы. І менавіта таму для таго, каб забяспечыць гэты справядлівы баланс, і неабходна было, каб прафсаюзы былі свабоднымі і незалежным.

Ці маглі прафсаюзы праводзіць забастоўкі ў 2020 годзе ў Беларусі? — такое пытанне паставілі лектары ЕГУ.

Бо менавіта гэты папрок дзяржавы выкарыстоўвалі для таго, каб пазбавіць прафсаюзы легітымнага існавання ў Беларусі. Генеральная пракуратура, звяртаючыся ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь для таго, каб прызнаць незаконнай усе незалежныя прафсаюзы, абгрунтоўвала свой зварот тым, што "дзейнасць прафсаюзаў з'яўляецца палітызаванай (ліпень 2020 года), парушае законную мэту абароны інтарэсаў працоўных, прадугледжаныя ў іх статутах, мабілізуючы іх для папулярызацыі незаконнай дзейнасці". Пік канфлікту: калі прафсаюзы, збіраючы ў 2020 годзе групы работнікаў, незадаволеных умовамі працы, але адначасова з тым незадаволеных палітыкай дзяржавы, палітыкай беспакаранасці, аказваліся па-за законам, бо па звыклым стандарце прафсаюзы павінны абараняць выключна матэрыяльныя і эканамічныя правы. І такім чынам супярэчнасць закладзена ў самой прыродзе прафсаюзаў: яны ствараюцца для абароны працоўных правоў, што накіраваныя на эканамічны складнік. Бар'ерам на шляху прызнання забастоўкі легітымным сродкам дзейнасці прафсаюзаў з'яўляецца тое, што прадпрымальнікі зацікаўленыя ў стабільнасці эканамічных стасункаў. Таму права прафсаюзаў пярэчыць яшчэ і супраць палітычнай агенды дзяржавы, выклікала б яшчэ большую занепакоенасць як грамадства, так і дзяржавы. Як жа можна вырашыць гэтую праблему? Ці маюць рацыю беларускія асацыяцыі прафсаюзаў, што выводзілі працоўных на вуліцы, пратэставаць супраць хвалі гвалту ў краіне, пратэставаць супраць таго, што дзяржава абвясціла палітыку беспакаранасці для тых, хто ўжывае гвалт?

Лектары ЕГУ ўважліва прааналізавалі ўсе існуючыя на сённяшні дзень міжнародныя стандарты, уключна з стандартамі, распрацаванымі ў галіне правоў чалавека. А яны сышлі далей, бо разглядаюць чалавека не проста як спажыўца нейкіх выгод, але яшчэ і як актыўнага ўдзельніка працэсу (то-бок прызнае яго мандат дзейнічаць). І гэтым мандатам якраз надзяліла так званая Дэкларацыя аб праваабаронцах (Дэкларацыя аб правах і абавязках індывідаў і асацыяцыяў індывідаў да дзеяння). Гэты дакумент як раз кажа пра тое, што любы чалавек у любой сітуацыі мае права дзейнічаць для таго, каб абараняць інтарэсы ў тым ліку насельніцтва ў цэлым. І калі мы гаворым непасрэдна пра ацэнку таго, што адбывалася ў Беларусі, маем права цяпер спасылацца і на меркаванне камітэта канферэнцыі МАП, якая напісала пра тое, што права прафсаюзаў павінна быць заснавана на павазе дзяржавай усіх грамадзянскіх свабод, паколькі адсутнасць грамадзянскіх свабод пазбаўляе канцэпцыю прафсаюзных правоў наагул усялякага сэнсу.

"Гэта значыць, нельга абрэзаць правы прафсаюзу да такой ступені, каб разглядаць іх як выключна прыкаванымі да эканамічных інтарэсаў — іх разглядаць трэба шырэй, — кажуць у ЕГУ. — І таму ў 2021 годзе, калі камітэт канферэнцыі МАП звярнуўся да беларускага ўрада, ён настойліва патрабаваў правесці кансультацыі з сацыяльнымі партнёрамі, у тым ліку ў межах трохбаковых перамоваў і ўнесці папраўкі ў закон аб масавай дзейнасці, каб усталяваць дакладныя падставы для адмовы ў просьбах аб правядзенні масавых мерапрыемстваў прафсаюзаў, забяспечваць захаванне прынцыпаў свабоды асацыяцыі; пашырыць сферу дзейнасці, для якой можа выкарыстоўвацца замежная фінансавая дапамога; адмяніць санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да прафсаюзаў ці прафсаюзнікаў, што ўдзельнічаюць у мірных пратэстах.

Такім чынам, прынцып свабоды асацыяцый сёння можна разглядаць шырэй: асацыяцыі не толькі ў значэнні забеспячэння эканамічных свабод, але яшчэ і забеспячэнне палітыкі дзяржавы, што накіраваная на дабрабыт. Калі палітыка дзяржавы — гэта беспакаранасць, то відавочна, што ў гэтых умовах развіццё і эканамічных правоў і свабод было б немагчымым".

Даведка: У чэрвені 2023 года прынятае рашэнне аб звароце Адміністрацыйнай Рады МАП да Генеральнай канферэнцыі прадстаўнікоў членаў Арганізацыі, аб прыняцці мер, якія яна палічыць мэтазгоднымі для забеспячэння выканання рэкамендацый.

Артыкул 33: калі які-небудзь сябра арганізацыі не выканае ва ўстаноўлены тэрмін рэкамендацыі, што могуць утрымлівацца ў дакладзе вышэйзгаданай камісіі або ў рашэнні Міжнароднага суда, то Адміністрацыйная рада можа рэкамендаваць канферэнцыі такія дзеянні, якія яна палічыць мэтазгоднымі для забеспячэння выканання гэтых рэкамендацый.

Беларуская дзяржава праігнаравала зварот МАП.

Што такое кантрольныя органы МАП і як усё ўладкавана? Што зроблена ў дачыненні да Беларусі?

"Пра кантрольныя органы МАП лягчэй за ўсё расказаць і апісаць праз сітуацыю ў Беларусі, таму што ўсё, што магчыма, усе працэдуры, якія можна задзейнічаць МАПам, яны былі задзейнічаныя", — кажа Аксана Вольфсан, кіраўніца аддзела па свабодзе асацыяцый МАП.

Крыніцай МАП з'яўляецца сам Статут МАП, дзе замацаваны прынцып свабоды аб'яднанняў. Каб падкрэсліць важнасць свабоды аб'яднання, акрамя норматворчай дзейнасці і прыняцця важных канвенцый, напрыклад Канвенцыя 87 "Аб свабодзе аб'яднання" і Канвенцыя 98 "Аб ужыванні прынцыпу на свабоду аб'яднанняў і вядзенне калектыўных перамоваў", у 1951 годзе быў створаны Камітэт па свабодзе аб'яднання. Яго мандат грунтуецца не колькі на, напрыклад, дэкларацыі 1998 года "Аб асноватворных правах", але і выцякае з мэтаў і задачаў МАП, якімі яны апісаныя ў Статуце. Гэта значыць, што нават тыя краіны, якія не ратыфікавалі пэўныя канвенцыі (напрыклад, Канвенцыю 87 і Канвенцыю 98), могуць звярнуцца ў Камітэт па свабодзе аб'яднання са скаргай на іх урад, дзяржаву.

Беларусь ратыфікавала Канвенцыі 87 і 98.

Ёсць таксама Камітэт экспертаў, які з'яўляецца яшчэ адным кантрольным органам МАП, які займаецца тым, каб глядзець і сачыць за выкананнем Канвенцыі, якую ратыфікаваў урад, гэта значыць у дадзеным выпадку выкананне Канвенцыі 87-й і 98-й.

"Але пачалося ўсё са справы ў пачатку 2000-х у Камітэце па свабодзе аб'яднанняў — справа 20/90, — тлумачыць Аксана Вольфсан. — Камітэт экспертаў разглядаў выкананне Беларуссю гэтых канвенцый. Справа ішла вельмі доўга, але выканання было мала. І ў нейкі момант у 2003 годзе была скарга (гэта яшчэ адна кантрольная працэдура МАП) на ўрад Беларусі аб невыкананні канвенцый 87-й і 98-й, і была створаная Камісія па расследаванні. Яна зрабіла свой даклад у 2004 годзе і папрасіла беларускі ўрад выканаць шэраг мер і рэкамендацый. У арганізацыі, у выпадку калі ўрад не выконвае рэкамендацыі Камісіі па расследаванні, ёсць магчымасць выкарыстоўваць артыкул 33, гэта значыць прыняць усе меры і параіць сваім краінам-удзельніцам прыняць усе меры супраць Беларусі, каб прымусіць выканаць рэкамендацыі Камісіі па расследаванні. І вось так, амаль праз 20 гадоў, летась Міжнародная канферэнцыя працы прыняла рэзалюцыю аб ужыванні артыкула 33 у дачыненні да Беларусі.

Цікава тое, што за ўсю гісторыю МАП гэты артыкул выкарыстоўваўся ў другі раз, а ў першы раз ён выкарыстоўваўся ў дачыненні да М'янмы. І першы раз у дачыненні да таго, што тычыцца свабоды аб'яднанняў (з нагоды М'янмы – там была прымусовая праца). Гэта значыць першы раз выкарыстоўвалі артыкул 33 за парушэнне свабоды на аб'яднанні ў краіне. Была прынятая рэзалюцыя, у якой апісаныя захады, накіраваныя для Бюро МАП аб тым, што мы можам ці не можам рабіць (напрыклад, не можам запрашаць Беларусь ці даваць тэхнічную дапамогу Беларусі, якая не накіраваная на выкананне рэкамендацый МАП). Таксама былі рэкамендацыі краінам-удзельніцам МАП, каб яны перагледзелі свае стасункі — эканамічныя, фінансавыя, гандлёвыя — з Беларуссю, каб прымусіць Беларусь выконваць рэкамендацыі Камісіі па расследаванні".

У лістападзе 2023 года, у адміністрацыйнай Радзе разглядаліся першыя меры, якія прынялі ўрады, каб падштурхнуць Беларусь [да выканання рэкамендацый].

"Рашэнне было такое: зноў заклікалі Беларусь, каб тая запрасіла і дала доступ МАП да людзей, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі пад вартай; папрасіла Бюро стварыць план дзеянняў, каб падштурхнуць урад выконваць рэкамендацыі, і даць яшчэ адзін даклад у адміністрацыйную Раду на сесію ў сакавіку. Гэта азначае, што з боку Бюро мы зараз павінны будзем распрацаваць гэты план дзеянняў, які будзе накіраваны на выкананне рэкамендацый Камісіі па расследаванні. Што гэты план мае на ўвазе, я яшчэ дакладна не бачу, таму што ў маёй практыцы, натуральна, такога не было: за маю бытнасць артыкул 33 у першы раз выкарыстоўваецца ў адносінах у кантэксце парушэння свабоды аб'яднання. Але я думаю, што план будзе ў сябе ўключаць такія меры, як нашы ўзаемадзеянні з іншымі міжнароднымі арганізацыямі і адмысловымі дакладчыкамі (яны былі названыя ў рэзалюцыі)".

Гісторыя стварэння незалежных прафсаюзаў у Беларусі

"Прафсаюзы ў Беларусі пачалі існаваць яшчэ да сацыялістычнай рэвалюцыі. Потым у СССР пасля перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі патрэба ў незалежных арганізацыях рабочых адпала, і прафсаюзы ў СССР сталі выконваць сацыялістычную функцыю кантролю над працоўнымі і сацаддзела па раздачы пуцёвак, — распавядае Максім Пазнякоў, выконваючы абавязкі кіраўніка Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. — У 1989 годзе адбыліся першыя масавыя выступы гарнякоў Савецкага Саюза, яны праходзілі ў Кузбасе, на Данбасе, у Казахстане — гэта значыць усюды, дзе былі буйныя шахцёрскія аб'яднанні, і Беларусь гэта абмінула — у нас ёсць сур'ёзная колькасць калійных выкапняў, і ўпершыню салігорскія шахцёры таксама выступалі з пратэстамі ў 1989 годзе, і тады ўтвараўся Незалежны прафсаюз гарнякоў СССР. Тады гэтыя пратэсты на тэрыторыі Беларусі ні да чаго не прывялі, асноўныя патрабаванні былі: павышэнне заработнай платы, таму што на той момант яна была вельмі нізкай. Але пасля гэтага пачынаюць утварацца розныя незалежныя працоўныя арганізацыі, у тым ліку і ў Салігорску — клуб "Пошук", а пазней "Працоўны саюз".

maksim_pazniakou.jpg
Максім Пазнякоў

"І ў пачатку 1990-х мы атрымліваем масавыя працоўныя пратэсты з пагаршэннем эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Самы знакавы з іх — гэта пратэсты Гомсельмаша за чарнобыльскія выплаты. Былі масавыя выступленні і ў Мінску, але самае масавае выступленне было ў Салігорску — гэтак 1991 годзе быў утвораны Незалежны прафсаюз гарнякоў Беларусі (НПГБ), і ўжо ў пачатку 1992-га яны выступалі з патрабаваннямі да наймальніка і ўступілі ў бестэрміновую калектыўную працоўную спрэчку, што прыводзіць да 44-дзённага страйку, да 18-дзённай галадоўкі многіх актывістаў і іх сваякоў, і знакамітага пешага паходу на Мінск, калі салігорскія шахцёры дайшлі пешшу да сталіцы. Гэтая акцыя была паспяховая, мінскія рабочыя яе падтрымалі, у выніку заработная плата ў шахцёраў была паднятая ў 3,4 разы, працоўны дзень быў таксама скарочаны. Гэта значыць былі сур'ёзныя перамогі. Гэта вельмі моцна натхніла беларускіх рабочых — пачынае развівацца незалежны прафсаюзны рух, Беларускі незалежны прафсаюз арганізуецца ў 1993 годзе, таму што многія прадпрыемствы — Наваполацк, Мазыр, Гродна і іншыя арганізоўваюць свае першасныя арганізацыі. Свабодны прафсаюз Беларускі вельмі моцна расце.

І таму ўзнікае Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў як федэрацыя, альтэрнатыўная дзяржаве, для міжнароднай працы: у першую чаргу, для таго, каб беларускія рабочыя былі прадстаўлены ў міжнародныя прафсаюзныя структуры, у глабальным камітэце, і ў тым ліку, каб можна было б звяртацца ў МАП, бо права мае там толькі толькі Федэрацыі.

Усё б нічога, прафсаюзны рух расце, прычым расце вельмі хутка, ёсць перамогі, усё добра, але адбываюцца выбары 1994 года і да ўлады прыходзіць дыктатар. Ён спрабуе змагацца за ўладу і ўзяць уладу ў свае рукі, і ў 1995 годзе адбываецца самы вялікі беспаваротны момант — забастоўка Мінскага метрапалітэна, якую спачатку пачалі тралейбуснікі Гомельшчыны, потым падхапілі Піншчыны, і ў выніку да іх далучыліся ў жніўні 1995 года мінскае метро. Лукашэнка арыштоўвае "завадатараў", ідзе прапаганда па беларускім тэлебачанні, міліцыя акружае офіс Свабоднага прафсаюза Беларускага, некалькіх людзей арыштоўваюць і вязуць. Дзейнасць СПБ Лукашэнка сваім асабістым указам прыпыніў.

Пасля гэтага пачынаецца гісторыя скаргаў у МАП. Першыя скаргі за парушэнні права на свабоду асацыяцыі, права на страйк і калектыўныя перамовы (таму што рабочыя хацелі праз іх павышэнне зарплаты, а гэта іх права адабралі). З гэтага пачынаецца захад права на свабоду асацыяцый у Беларусі, заканадаўства прыводзіцца ў адпаведнасці з інтарэсамі Лукашэнкі, уводзіцца абсалютна дазвольны прынцып на стварэнне прафсаюзу, гэта значыць абавязковы юрыдычны адрас, які натуральна ніхто не дае — гэта фармальная адмова. Рэгістрацыя павінна быць абавязковай, то-бок мясцовыя органы самакіравання абавязаны зарэгістраваць любую першасную арганізацыю, не кажучы ўжо пра прафсаюзы — мноства перашкод ставіцца: колькасны лік заснавальнікаў прафсаюза і тд. То бок, гэта ўсё адбываецца ў перыяд з 1995-1956 гадоў да пачатку 2000-х."

Яшчэ адна знакавая падзея ў гісторыі прафсаюзнага руху Беларусі — гэта выбары 2001 года.

"Тады дэмакратычныя сілы прыйшлі на выбары з адзіным кандыдатам, ім стаў Ганчарык. (На той момант Федэрацыя прафсаюзаў не была цалкам пад кантролем дзяржаве, яна спрабавала праводзіць часткова сваю самастойную палітыку), — успамінае Максім Пазнякоў. — Але ў 2001 годзе ніякіх дэмакратычных выбараў у Беларусі не было, Лукашэнка бярэ пад кантроль Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Першае, што ён робіць: на заканадаўчым узроўні забараняе пералік безнаяўных прафсаюзных унёскаў, гэта значыць працаўнік не мае права праз бухгалтэрыю ў прафзвяз пералічыць унёскі — гэта адразу стварае праблемы для прафзвязаў. І гэта свайго роду быў шантаж — ён ставіць свайго чалавека, Леаніда Козіка, былога супрацоўніка адміністрацыі прэзідэнта, кіраваць Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. З гэтага моманту лічыцца, што ўсё: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі з'яўляецца пад кантролем дзяржавай сістэмай праўлення.

І тут з'яўляецца наступная скарга ў МАП: справа 20/90, рэкамендацыі па ёй, потым у 2007 годзе пазбаўленне гандлёвых прэферэнцый Беларусі за парушэнне і за невыкананне рэкамендацый Камісіі па расследаванні. Беларусь практычна кожны год разглядаецца на Міжнароднай канферэнцыі працы як краіна-парушальніца, плюс яшчэ прымусовая праца пачынае развівацца ў Беларусі і таксама падымаецца на міжнародных канферэнцыях працы ў рамках парушэння Канвенцыі 29 аб прымусовай працы. І незалежныя прафсаюзы фактычна не могуць больш ствараць прафсаюзныя арганізацыі. Беларускі незалежны прафсаюз за 2000-я гады не зарэгістраваў ніводнай арганізацыі да 2019 года.

Усе спробы былі праваленыя, гэта значыць яны проста не дапускаліся. Колькасць незалежных прафсаюзаў рэзка падае. Калі да канца 1990-х мы маглі разлічваць на, у агульнай складанасці, да 30 тысяч чалавек, то ўжо з сярэдзіны 2000-х можна было казаць аб 10-ці, у лепшым выпадку 15-ці тысячах. У дзейнасць ставяцца перашкоды, не дапускаюцца калектыўныя перамовы ў многія арганізацыі. Мы пры дапамозе міжнароднага прафсаюзнага руху спрабуем аднавіць гэтае права, але па факце мы павольна дэградуем, людзі запалохваюцца... І яшчэ адна вялікая заўвага: Усе былі пераведзеныя на кароткатэрміновыя працоўныя кантракты ў Беларусі — гэта яшчэ адна форма шантажу работніка, гэта значыць патрабаванне лаяльнасці — калі ты нелаяльны, то кантракт табе не падаўжаюць без тлумачэння прычын. І да 2020 года мы прыходзім у такім стане.

А ў 2022 годзе ўжо можна цалкам канстатаваць, што ў Беларусі адсутнічаюць правы на свабоду асацыяцый, бо забароненыя альтэрнатыўныя прафсаюзы", — лічыць Максім Пазнякоў.

Нацыянальная забастоўка: кейс Беларусі 2020 года

Чаму нацыянальны страйк у жніўні 2020 года не атрымаўся ў Беларусі? Пра гэта распавядае Юрый Рававы, сузаснавальнік аб'яднання работнікаў "Рабочы рух":

"У 2020 годзе ў жніўні я працаваў аператарам на "Гродна Азот". Прафсаюзных арганізацый Лукашэнка ствараць не даваў. Але мне пашанцавала: на "Гродна Азоце" незалежная прафсаюзная арганізацыя існавала — Беларускі Незалежны прафсаюз.

jury_ravavy.jpg
Юрый Рававы

Якія ў 2020 годзе былі перадумовы? Адна з важных: адсутнасць сапраўднага сацыяльнага дыялогу ў краіне на працягу дзесяцігоддзяў прывяло да таго, што назапашвалася стомленасць, і шмат было нявырашаных праблем у арганізацыях сярод калектываў. Павінна быць размова, павінен быць дыялог, павінна быць змяняльнасць улады, якая зацікаўлена ў тым, каб слухаць людзей. І, вядома, да тых пратэстаў прывяла вельмі жорсткая сацыяльная несправядлівасць, якая выявілася ў выглядзе скрадзеных галасоў на выбарах у 2020 годзе і наступнай хваляй гвалту супраць пратэстоўцаў. Работнікі дзяржаўных прадпрыемстваў — такія ж людзі, як і тыя, хто працуе ў прыватнай сферы або ІП. Але сутнасць у тым, што часцяком самыя вялікія калектывы ў Беларусі — гэта дзяржаўныя прадпрыемствы, і гэта такія пункты напружанасці, якіх рэжым баяўся і баіцца дагэтуль больш за ўсё. Менавіта таму і адбываўся ціск на незалежныя прафсаюзы. Што рабіць з гэтай напружанасцю, было не зусім зразумела. Так, людзі збіраліся на дэманстрацыі, на пратэсты і на тэрыторыях прадпрыемстваў, і на тых прадпрыемствах, на якіх прапаноўваў папрысутнічаць менеджмент і майго завода, і ўсіх іншых арганізацый. Цікавасць была вельмі вялікая. Усе імкнуліся выказаць сваю незадаволенасць — і гэта нагадвала броўнаўскі рух, хаос, і стала зразумела мне ды іншым актывістам, што выправіць гэтую сітуацыю можна толькі страйкам, таму што гэта самая эфектыўная зброя ў руках працоўных. І права на прафсаюзы павінна быць заснавана на павазе ўсіх грамадзянскіх правоў і свабод, і калі гэтай павагі няма, людзі паўстаюць — што і адбылося. Але як жа арганізаваць гэты страйк і што рабіць? Стаяла вялікае пытанне.

Але на маім прадпрыемстве быў незалежны прафсаюз. А там, дзе былі незалежныя прафсаюзныя арганізацыі, вядома ў людзей, якія там знаходзіліся, былі веды пра тое, як дзейнічаць. Але гэты вопыт быў не ва ўсіх. Напрыклад, на "Гродна Азот", прадпрыемстве, дзе працуе 7 000 людзей, у арганізацыі сябрамі было ўсяго толькі 22 чалавекі на такую вялікую колькасць работнікаў. А як гэта адбылося? Таму што на піку першасная арганізацыя на "Гродна Азот" налічвала каля 1 500 людзей, што вельмі вялікая частка — але людзей проста пачыналі адтуль выкурваць, напрыклад, пазбаўленнем пуцёвак. Людзі не хацелі пазбаўляцца гэтых плюшак і пры перазаключэнні кантракту пры размове з прадстаўніком адміністрацыі або пры неабходнасці атрымання пуцёўкі ў прафілакторый-санаторый, на іх аказваўся ціск: "Ну, паслухай, у нас тут не так шмат пуцёвак, раздаваць усім і такім незалежным, як ты, ...Калі ласка, будзь добры і прытрымлівайся лініі партыі". І такім чынам колькасць людзей за дзесяцігоддзе з 1 500 тысяч скарацілася да 22 чалавек, дзе, вы можаце ўявіць, што ў галовах гэтых 22 людзей, якія цярпелі ўсё гэта: пазбаўленне надбавак, пазбаўленне кар'ернага росту на прадпрыемстве, і не сыходзілі з гэтай працы — гэта вельмі ядзерныя актывісты, якія вядома ж пачалі дзяліцца сваім вопытам і бачаннем з нагоды таго, як трэба дзейнічаць і як арганізаваць страйк і зрабіць такі пратэст эфектыўным.

На жаль, так было не ўсюды. Прафсаюзных арганізацый першасных існавала не так шмат. І калі мы разумелі, як нам дзейнічаць: што нам патрэбна свая арганізацыя, якая была названая Стачкавым камітэтам, і ўзнікла яна пасля таго, як мы зачыталі патрабаванні на сходзе: выпусціць усіх людзей, затрыманых на пратэстах у той час, правесці новыя выбары ці прызнаць Святлану Ціханоўскую прэзідэнткай, ну і вядома адстаўка Лукашэнкі. А пра сацыяльна-эканамічныя патрабаванні, вядома ж, было не зусім дарэчы казаць... І што нам перашкодзіла? Быццам бы ствараем арганізацыю, страйкавы камітэт.

Так як прадпрыемствы нафтахіміі ўтвараюць асобны кавалак ВУП Беларусі каля 10 працэнтаў, на іх была адна асаблівасць: гэта бесперапынная вытворчасць, на якой людзі кантралююць працэс і запушчаныя помпы. І, па сутнасці, трэба распачаць некаторыя дзеянні для таго, каб спыніць працу. Гэта значыць не нічога не рабіць, а, наадварот, праявіць актыўнае дзеянне: спыніць вытворчасць, а гэта таксама вялікая праца, каб гэта адбылося без аварый. Але гэта дробязь. Вядома, людзей цяжка штурхнуць на актыўныя дзеянні, калі яны баяцца адказнасці.

Самым вялікім недахопам у Беларусі на 2020 год, вядома, была наяўнасць незалежных прафсаюзных арганізацый з вялікай колькасцю, досведам і адчуваннем салідарнасці паміж сабой, таму што нават тыя актывісты, якія былі абраныя ў страйкам, мелі паміж сабой недавер, бо ў такім вялікім калектыве яны сябе многія бачылі ў першы раз (як беларусы кажуць пра 2020-м: "Мы ўсе пазнаёміліся гэтым летам"). І гэты недавер перашкаджаў да выпрацоўкі нейкіх рашэнняў, здавалася, што нас хтосьці ўсюды падслухоўвае і робяцца контрмеры, хоць контрмеры былі зусім іншымі: у той час, як стачкавы камітэт збіраўся на маім прадпрыемстве і абмяркоўваў, як мы павінны спыніць вытворчасць, адміністрацыя не спала і ездзіла па цэхах па прадпрыемстве, была вымушаная ісці да людзей, супакойваць, загаворваць ім зубы. І час граў тады на руку рэжыму. Ужо бліжэй да 19 жніўня яны проста працягнулі сваю палітыку кропкава арыштоўваць лідараў пратэсту і такім чынам абезгалоўліваць рух.

Праз гэтыя слабасці (і не толькі) у жніўні 2020 года не атрымалася дамагчыся асноўных мэт".

Разгром актывістаў незалежных прафсаюзаў і "Рабочага руху": спланаваная акцыя ўладаў

Усяго, з красавіка 2022 па жнівень 2023 года ў Беларусі было затрымана больш за 35 актывістаў незалежных прафсаюзаў, да гэтага часу за кратамі застаецца 14 абаронцаў правоў працоўных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства