viasna on patreon

"Нязломныя". У цэнтры Вільні з’явіліся твары палітзняволеных праваабаронцаў "Вясны" Фота

2023 2023-12-08T18:26:48+0300 2023-12-10T17:10:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/niazlomnyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Металічная арт-інсталяцыя “Нязломныя”, прысвечаная палітзняволеным правааабронцам "Вясны", адкрылася ў самым цэнтры Вільні — на Лукішскай плошчы.

Гэта выявы твараў пяці зняволеных  праваабаронцаў “Вясны”— Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка.

Прадстаўніца кампаніі #FreeViasna Марына Кастылянчанка нагадала, што інсталяцыя адкрываецца напярэдадні Міжнароднага дня правоў чалавека, які прыпадае на 10 снежня.

"У гэтым годзе адзначаецца 75-годдзе з дня прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, — сказала Марына. — У ёй замацавана вельмі шмат важных арыентыраў для грамадства ў кожнай краіне, і ў першую чаргу свабода і роўнасць. 

Беларусь была адной з тых краінаў Савецкага саюза, якая прымала удзел у галасаванні, але ўстрымалася. Праз 75 гадоў мы бачым, дзе зараз апынулася нашая краіна: яна патанула ў рэпрэсіях і свавольстве ўладаў, правы чалавека папіраюцца кожны дзень, на дадзены момант за кратамі знаходзіцца амаль 1500 палізняволеных, яшчэ тысячы спазналі крымінальны і адміністрацыйны пераслед, жорсткія затрыманні і катаванні. Сярод вялікай колькасці палітвязняў — пяць праваабаронцаў “Вясны”. Усе яны асуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення выключна за сваю шматгадовую адданую прафесійную працу на карысць беларускага грамадства і дапамогу людзям.

niazlomnyja_kastylianchanka.jpg
Марына Кастылянчанка падчас адкрыцця арт-інсталяцыі

10 снежня — быў заўсёды важным для праваабаронцаў, Алесь Бяляцкі разам з калегамі ў гэты дзень выходзіў у цэнтр Мінску, каб раздаваць Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека і распавядаць мінакам, чаму яна важная для беларусаў.

Нам сёння вельмі важна тут у цэнтры Вільні нагадаць пра тое, што ў суседняй краіне за кратамі па сфабрыкаваных абвінавачваннях ўтрымліваюцца праваабаронцы. Мы назвалі нашую інсталяцыю “Нязломныя”, не толькі таму што для яе стварэння быў абраны металічны матэрыял. Але ў першую чаргу, таму, што мы верым: нашыя прынцыповыя калегі застаюцца цвёрдымі ў сваіх перакананнях, стойка вытрымліваюць усе выпрабаванні і захоўваюць у сваіх сэрцах прагу да свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека. Да той пары, пакуль нарэшце вясна не надыдзе і Беларусь не стане вольнай".

На адкрыцці арт-інсталяцыі выступіў і праваабронца "Вясны", былы палітзняволены Леанід Судаленка:

niazlomnyja_sudalenka.jpg
Леанід Судаленка

"Свой выступ я б хацеў пачаць словамі сусветна вядомага французскага філосафа Сэн-Сімона, які казаў, што калі ад нацыі адняць 50 лепшых дактароў, 50 лепшых вучоных, 50 лепшых настаўнікаў, то нацыя будзе адкінутая на 100 год назад. Я наўмысна гэта кажу, таму што сёння ў нас забіраюць у Беларусі лепшых. Лепшыя — не тыя, хто ў балаклавах, сілавікі, якія нашых сяброў і сябровак кідаюць у турмы; лепшыя — не тыя, якія сядзяц у Драздах і праводзяць рэпрэсіі ў дачыненні да беларускага грамадства, а лепшыя — гэта тыя, хто сядзіць зараз за кратамі, лепшыя — гэта мы. Я ўспоўніў словы нашага сябра і паплечніка, Нобелеўскага лаўрэата прэміі міру Алеся Бяляцкага, які казаў: "Сёння ў турме ўся Беларусь". І гэта так, таму што сядзяць палітыкі, сядзяць лідары прафсаюзныя, сядзяць журналісты, сядзяць палітолагі, менавіта самая лепшая частка грамадства сядзіць у турмах, і гэты канвеер рэпрэсіў, які пачаўся тры гады таму, не спыняецца да сённяшняга дня. У гэты час што мы можам зрабіць? Мы можам быць салідарнымі, бо салідарнасц — гэта тое, што ўлада не можа адняць. Салідарнасць не толькі з палітычнымі вязнямі — важна праяўляць салідарнасць з іх сем'ямі".

Арт-інсталяцыя будзе знаходзіцца на Лукішскай плошчы да 8 студзеня 2024 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства