viasna on patreon

Праваабаронцы "Вясны" накіравалі зварот спецдакладчыкам ААН з нагоды затрыманняў беларусаў за данаты

2023 2023-12-20T17:21:34+0300 2024-01-15T10:26:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/scjah-aan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Юрыдычная служба "Вясны" накіравала зварот траім Спецдакладчыкам з нагоды пераследу беларусаў за ахвяраванні ў дабрачынныя фонды.

Праваабаронцы звярнуліся да Спецдакладчыка па Беларусі, па пытаннях аб заахвочванні і абароне правоў чалавека і асноўных свабод ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам, а таксама аб свабодзе асацыяцый.

У Крымінальны кодэкс Беларусі ў 2016 дадалі новы артыкул 361-2 "Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці". Пасля падзей 2020 года па гэтым артыкуле ўлады сталі актыўна заводзіць палітычна матываваныя справы. Пакаранне прадугледжвае пазбаўленне ці абмежаванне волі ад трох да пяці гадоў са штрафам або без яго.

Варта адзначыць, што рашэнне аб прызнанні групы асобаў экстрэміцскай прымаецца Міністэрствам унутраных справаў (а не судовым органам) у закрытым рэжыме, што не дазваляе заінтарэсаванай асобе абараніць свае правы. Падобная практыка дазваляе адвольна прызнаваць няўгодных уладам людзей і арганізацый "экстрэмісцкімі".

Так, напрыклад, адбылося з фондам салідарнасці BYSOL, які дапамагае рэпрэсаваным беларусам. Фонд быў заснаваны ў жніўні 2020 года ў адказ на масавыя рэпрэсіі мірных пратэстоўцаў і першапачаткова займаўся краўдфандынгам для аплаты штрафаў,якія прызначалі за ўдзел у акцыях пратэсту.  

3 снежня 2021 МУС прызнала фонд "экстрэмісцкай арганізацыяй". Але беларусаў затрымлівалі і выклікалі ў КДБ за данаты праз Facebook у фонд, калі ён яшчэ не быў прызнаны "экстрэмісцкім". Звычайна супрацоўнікі КДБ прымушаюць затрыманых напісаць прызнанне аб пераліку грошай у фонд BYSOL, а затым пералічыць "на дабрачыннасць"  на рахунак дзяржаўнай установы суму, якая часам у дзясяткі разоў перавышае ахвяраванне. У адваротным выпадку пагражаюць завесці крымінальную справу аб фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці.

Таксама пад крымінальны пераслед падпадаюць і актывісты арганізацый, якія выкарыстоўваюць данаты на падтрымку рэпрэсаваных пратэстаоўцаў.

Усяго на дадзены момант "Вясне" вядома пра 47 пад вартай і з іх 30 асуджаных паводле арт. 361-2 КК за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці".

Як кажа юрыстка "Вясны" Святлана Галаўнёва, існуючая практыка крымінальнай адказнасці за данаты ex post facto мае сур'ёзныя наступствы, якія выходзяць за ўласна прававыя межы.

"Гэтая практыка падрывае прадказальнасць прававой базы і прыводзіць да парушэння шэрагу найважнейшых працэсуальных правоў асобаў, якіх абвінавачваюць пры такіх абставінах.

Парушаецца фундаментальны прынцып, паводле якога людзі павінны мець дакладнае і прадказальнае веданне прававых наступстваў сваіх дзеянняў. У выніку асобы, якія абвінавачваюцца ў правапарушэннях, звязаных з фінансаваннем арганізацый грамадзянскай супольнасці, пазбаўлены сумленнага і справядлівага судовага разбіральніцтва".

Страх пераследу за данаты стрымлівае людзей ад свядомага ўдзелу ў грамадскім жыцці, у адстойванні правоў чалавека, сацыяльнай справядлівасці і дэмакратычных каштоўнасцяў, кажа Святлана.

Праваабаронца звяртае ўвагу на падвойны ўплыў практыкі пераследу за данаты на грамадзянскую супольнасць.

"Па-першае, гэта абмяжоўвае магчымасці краўдфандынгу для арганізацый грамадзянскай супольнасці, перашкаджаючы іх здольнасці мабілізоўваць рэсурсы для карыснай грамадскай дзейнасці.

Па-другое, падобнае стаўленне душыць гарызантальны ўдзел, адбіваючы ў грамадзянаў жаданне актыўна ўдзельнічаць у справах, у якія яны вераць. Атмасфера засцярожанасці падрывае асновы адкрытага грамадства, заснаванага на ўдзеле".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства