viasna on patreon

Палітзняволеныя Беларусі ў 2023 годзе. Інфаграфіка

2024 2024-01-04T14:06:31+0300 2024-01-04T14:36:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pzk2023_04.01.24.-bel-10.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш чым за тры з паловай гады з пачатку выбарчай кампаніі 2020 года ў Беларусі не спыніліся рэпрэсіі, наадварот — сітуацыя крытычна пагоршылася. Кожны дзень па ўсёй краіне працягваюцца адвольныя затрыманні. Ператрусы, праверкі тэлефонаў, жорсткае абыходжанне пасля затрымання, жудасныя ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення, збіванні і катаванні сталі штодзённай рэчаіснасцю беларусаў. Наўпрост цяпер у зняволенні ўтрымліваюцца не менш за 1 430 палітзняволеных. Сярод іх — шматдзетныя маці, пенсіянеры, студэнты, лекары, праваабаронцы, журналісты, настаўнікі і іншыя прадстаўнікі беларускага грамадства. "Вясна" ў лічбах распавядае пра сітуацыю з палітзняволенымі за 2023 год. 

На 4 студзеня 2024 года ў Беларусі налічваецца 1 430 палітвязняў. Большасць палітзняволеных складаюць мужчыны — 1 263 чалавек. Таксама ў зняволенні ўтрымліваюцца 167 жанчын.  

На канец 2023 года сярод палітзняволеных налічвалася не менш за 27 сямей, якія былі пазбаўлены волі ці знаходзіліся пад следствам у СІЗА. За кратамі знаходзяцца як суджанцы, так і дзеці разам з бацькамі. 

Па стане на снежань 2023 года ў краіне налічвалася дзевяць палітзняволеных хлопцаў, якія сустрэлі 18-годдзе за кратамі.

Акрамя іх цяпер за кратамі ўтрымліваецца 17-гадовы стрыечны праўнук Якуба Коласа Мікіта Бруй, асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі. Хлопец ужо пачаў адбываць тэрмін у выхаваўчай калоніі. 

На дадзены момант у месцах зняволення ўтрымліваюцца:

  • 152 дзеяча культуры;
  • 32 прадстаўнікі медыя;
  • 16 лекараў;
  • 6 адвакатаў;
  • 6 праваабаронцаў.

Нагадаем, цяпер у папраўчых калоніях утрымліваюцца пяць праваабаронцаў "Вясны", асуджаныя да вялікіх тэрмінаў: старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны” Марфа Рабкова, а таксама валанцёр Андрэй Чапюк.

Сярод палітзняволеных не менш за 48 пенсіянераў і пенсіянерак — у два разы больш, чым у 2022 годзе. Самай старэйшай з іх застаецца 74-гадовая Наталля Таран, асуджаная да трох з паловай гадоў калоніі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса. 

Таксама ў нечалавечых умовах зняволення знаходзяцца мінімум 42 чалавекі з інваліднасцю ці цяжкімі захворваннямі. Так, не менш за восем палітзняволеных хварэюць на анкалогію. Некаторыя трапілі ў зняволенне, ужо маючы анкалагічнае захворванне, у некаторых яго выявілі ўжо пасля затрымання. У абодвух выпадках стан людзей пагаршаецца праз аказанне неякаснай і несвоечасовай медыцынскай дапамогі, таму прызначаныя тэрміны могуць стаць для іх пажыццёвымі.

У траўні 2023 году ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Яго асудзілі да года калоніі за рэакцыю ў "Аднакласніках" на карыкатуру на Лукашэнку. Мікалай меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Нягледзячы на гэта, пінскі суд прызначыў яму пазбаўленне волі.

Ноччу 11 ліпеня ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены Алесь Пушкін. Выданне MOST са спасылкай на свае крыніцы распавяло, што ў Алеся была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу 11 ліпеня, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.

Па дадзеных праваабаронцаў, найбольшая колькасць палітзняволеных адбывала пакаранне: у калоніях — 771 чалавек, на "хіміі" — 178 чалавек, у турме — 54 чалавекі, у выхаваўчай калоніі — 7 чалавек, у РНПЦ псіхічнага здароўя — 2 чалавекі.

Яшчэ некалькі палітвязняў адбывалі адміністрацыйны арышт у ІЧУ. А месцазнаходжанне па меншай меры 273 палітвязняў дакладна не вядома праваабаронцам "Вясны".  

З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну беларусы актыўна праяўляюць антываенную пазіцыю: ладзілі маршы і пікеты, псавалі чыгуначнае абсталяванне, каб запаволіць рух расейскай ваеннай тэхнікі, дапамагаюць у інфармацыйнай вайне, ваююць на баку Украіны.

У нашай краіне да гэтага часу пераследуюць за адкрытую падтрымку Украіны і прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці. Агулам за праяву антываеннай пазіцыі ў 2023 годзе было асуджана не менш за 33 палітвязняў. Іх усіх пазбавілі волі паводле крымінальных артыкулаў.

Ціск на палітвязняў працягваецца і пасля іх пераводу для адбыцця тэрмінаў у папраўчыя ўстановы. Адміністрацыя калоній часта па надуманых прычынах "вешае" шматлікія парушэнні на вязняў, пасля чаго іх пазбаўляюць званкоў, перадач і спатканняў, або змяшчаюць у карцары, штрафныя ізалятары (ШІЗА) і памяшканні камернага тыпу (ПКТ).

Гэта становіцца падставай для ўзмацнення пакарання: перавод на турэмны рэжым ці ўзбуджэнне крымінальнай справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Па дадзеных "Вясны", па стане на 31 снежня 2023 года як мінімум 66 палітзняволеных перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 32 распачалі новыя крымінальныя справы. 

З моманту першых прысудаў па палітычна матываваных крымільнальных справах цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю не менш за 745 палітзняволеных.

Новы год за кратамі сустрэлі мінімум 1430 палітвязняў, але з іх 185 чалавек "адзначылі" свята без сям'і і родных ужо ў чацвёрты раз. Гэтыя палітвязні ўтрымліваюцца ў зняволенні амаль тры з паловай гады.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства