viasna on patreon

"Будзем збірацца ў Бераснева". Другі Дзень народзінаў за кратамі

2024 2024-01-20T09:52:41+0300 2024-01-22T10:46:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/berasneu-vasil-3png.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У панядзелак, 22 студзеня, свой 74-ты Дзень народзінаў і другі год за кратамі будзе адзначаць палітзняволены лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП Васіль Бераснеў – адзін з самых старэйшых палітвязняў Беларусі. Падчас зняволення ў яго моцна абвастрыліся праблемы са здароўем – ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы.

Раней у свой Дзень народзінаў спадар Васіль гасцінна збіраў у сябе аднадумцаў і калегаў па грамадскай дзейнасці на Аршаншчыне. Цяпер ён адбывае дзевяцігадовы тэрмін за прафсаюзную дзейнасць у папраўчай калоніі № 15 у Вейне. "Вясна" напярэдадні Дня народзінаў Васіля распавядае яго гісторыю жыцця і грамадскай дзейнасці.

Васіль Бераснеў.

Шлях ад настаўніка гісторыі да прафсаюзнага актывіста

Пасля сканчэння гістарычнага факультэта БДУ Васіль настаўнічаў, затым кіраваў аграрным вучылішчам у Высокім на Віцебшчыне і за нядоўгі час вывеў яго на высокі абласны ўзровень.

Напачатку 90-х гадоў, у гады дэмакратычнага ўздыму ў Беларусі, быў абраны дэпутатам Аршанскага райсавету, а затым і яго старшынём. Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі сыйшоў з пасады старшыні і пачаў цікавіцца грамадскай дзейнасцю. Неўзабаве далучыўся да Беларускага Хельсінскага камітэта, а праз некаторы час стаў сябрам сацыял-дэмакратычнай партыі. Пры гэтым, Васіль амаль да самай пенсіі выкладаў гісторыю ў вясковых школах.

Васіль Бераснеў адзін з першых займеў у Оршы свой публічны офіс, якім часта карысталіся многія грамадскія арганізацыі і ініцыятывы.

“Будзем збірацца ў Бераснева”, – так нярэдка казалі мясовыя актывісты адзін аднаму.

Васіля за яго грамадскую дзейнасць неаднаразова затрымлівалі і адміністрацыйна арыштоўвалі. Падчас “Маршу недармаедаў” у 2017 годзе ў Оршы ён на прыступках выканкаму разарваў муляж на тэму антыдармаедскага дэкрэту.

Васіль Бераснёў. Фота: Радыё Рацыя.

Пасля выбараў 2010 года Васіль далучыўся да прафсаюзу РЭП, аршанская структура прафсаюза хутка стала адной з самых вялікіх у Беларусі з невялікімі прадстаўніцтвамі ў Круглым і Багушэўску. Праз некаторы час ён стаў намеснікам старшыні рэспубліканскага прафсаюзу РЭП. Менавіта ягоная прафсаюзная дзейнасць і паслужыла падставай для крымінальнага пераследу пасля выбарчых акцый.

Закрыты суд і вялікія тэрміны па справе незалежных прафсаюзаў

Васіля Бераснева затрымалі 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы супраць актывістаў незалежных прафсаюзаў.

5 студзеня 2023 года Анастасія Папко абвінаваціла трох прафсаюзных актывістаў — Васіля Бераснева, Генадзя Фядыніча і Вацлава Арэшку — у «закліках да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК), «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК), «стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім» (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК). Васілю прызначылі дзевяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Праблемы за здароўем у зняволенні

У пачатку кастрычніка мінулага года стала вядома, што Васіля тэрмінова накіравалі з калоніі ў Магілёўскі абласны шпіталь. Яшчэ падчас знаходжання ў СІЗА ў Васіля значна пагоршыўся стан здароўя – ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы. Аднак сітуацыя настолькі крытычная, што медыкаментознае лячэнне не мае сэнсу. Патрэбна перасадка ныркі. На шматлікія просьбы і заявы вязня аб аказанні медычнай дапамогі, альбо накіраванні на абследаванне — доўгі час рэакцыі не было. На фоне праблем са здароўем, значна павысіўся ціск і зараз неабходна штодня прымаць адпаведныя лекі.

Па звестках ад калег Васілю нырку так і не перасадзілі. Цягам двух дзён яго абследавалі ў шпіталі, але вынікаў не паведамілі. Сказалі, што атрымае іх потым, у калоніі. Як пачуваецца цяпер Васіль, –  невядома.

Падтрымайце палітвязня тэлеграмай: ПК № 15. 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183. Васіль Ціханавіч Бераснеў 

"Я, напэўна, проста памру тут": хто з палітвязняў знаходзіцца ў асаблівай рызыцы за кратамі

Для людзей з уразлівых групаў зняволенне апынаецца яшчэ большым выпрабаваннем, чым для астатніх. Да таго ж, яно яшчэ больш пагаршае стан іх здароўя праз несвоечасова аказаную дапамогу, адсутнасць рэгулярных медабследаванняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства