Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2024
Высновы:
- рэпрэсіўная палітыка беларускіх уладаў не змянілася, у краіне па-ранейшаму насаджаецца атмасфера страху;
- на 31 студзеня 2024 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзілася 1 429 палітвязняў, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 28 чалавек; усяго "Вясне" вядома пра больш чым 4 500 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах;
- сябры ПЦ "Вясна": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марыя Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, а таксама праваабаронца Human Constanta Наста Лойка, асуджаныя да пазбаўлення волі, адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях;
- працягваюцца адвольныя затрыманні людзей за рэалізацыю грамадзянскіх правоў: у студзені 2024 года "Вясне" стала вядома пра не менш чым 560 фактаў рэпрэсій, з якіх не менш за 310 — затрыманні, а таксама 349 адміністрацыйных працэсаў па палітычных матывах, судамі былі вынесеныя пастановы аб накладанні спагнання ў выглядзе, як мінімум, 77 штрафаў агулам на 1 611 базавую велічыню і 46 арыштаў агулам на 512 сутак;
- цягам апошняга тыдня студзеня ў Беларусі адбываліся затрыманні людзей, якія падазраюцца ў атрыманні дапамогі ад гуманітарнага праекта INeedHelpBy, рэпрэсіі закранулі больш за дзвесце чалавек;
- праваабаронцы па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць, збіраюць і сістэматызуюць факты прымянення катаванняў і забароненых відаў абыходжання ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама ў працэсе адбыцця вязнямі крымінальнага і адміністрацыйнага пакарання па палітычна матываваных справах;
- у ноч з 8 на 9 студзеня ў калоніі № 3 п. Віцьба памёр яшчэ адзін палітычны зняволены — 50-гадовы Вадзім Храсько, якога ў жніўні 2023 года асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі за некалькі ахвяраванняў ініцыятывам, абвешчаным уладамі экстрэмісцкімі.
Палітычна матываваны пераслед і палітычныя зняволеныя
У студзені 2024 году ўлады Беларусі актыўна працягвалі пераследваць удзельнікаў пратэстаў 2020 году і ўсіх нязгодных з палітыкай дзяржавы, дэманстравалі жорсткую палітыку падаўлення любых праяваў законных дзеянняў, але якія супярэчаць іх мэтам. З пачатку выбарчай кампаніі 2020 года праваабаронцам вядома пра больш за 4 500 асуджаных і, як мінімум, 5 736 фігурантаў (у тым ліку падазраваных, абвінавачаных або ўжо асуджаных) палітычна матываваных крымінальных спраў.
На 31 студзеня 2024 года ў Беларусі налічвалася 1 429 палітычных зняволеных, сярод якіх 170 жанчын і каля 530 маладых людзей; таксама болей за 1 500 чалавек ужо выйшлі на волю ў сувязі з адбыццём пакарання, змены меры стрымання, прызначэння пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, памілавання — ім патрэбна падтрымка, рэабілітацыя, а часам — магчымасць выехаць із Беларусі. За студзень праваабарончая супольнасць прызнала 28 чалавек палітычнымі зняволенымі, дакладна вядома не менш за 20 чалавек, якія выйшлі на волю.
Праваабаронцы працягваюць фіксаваць факты другаснага пераследу былых палітвязняў. Няспынныя рэпрэсіі сведчаць пра пастаянны і сістэматычны ціск на людзей з альтэрнатыўным дзяржаўнай рыторыцы меркаваннем, што стала ўжо часткай устойлівай палітыкі рэпрэсій у краіне.
23 студзеня быў затрыманы былы палітвязень Міхаіл Жамчужны, які ў лютым 2021 года цалкам адбыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам у шэсць з паловай гадоў. Да падзей 2020 году ён быў адным з нешматлікіх палітвязняў у краіне.
Супраць былой палітзняволенай Ганны Вішняк распачалі крымінальную справу за інтэрв'ю "экстрэмісцкаму фармаванню", якое яна дала пасля вызвалення і ад’езду з краіны. Крымінальны пераслед чалавека, які з’ехаў з Беларусі, улады чыняць праз уведзены ў 2022 годзе інстытут завочных судоў.
У Брэсце працягваўся суд над палітзняволеным 68-гадовым Барысам Вітко. Ён ужо адбываў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, але ў траўні 2023 году мужчына быў жорстка затрыманы дома па падазрэнні ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК).
У студзені працягнулася практыка пагаршэння ўмоў утрымання і адбыцця пакарання ў адносінах да палітычных зняволеных. На дадзены момант праваабаронцам "Вясны" вядомыя прозвішчы 100 палітвязняў, якіх па "надуманых правінах" адміністрацыя калоній карае за "парушэнне ўстаноўленага парадку". З іх 67 палітвязням узмацнілі рэжым.
15 студзеня палітвязня і экс-старшыню партыі БНФ (пазбаўленая рэгістрацыі ў 2023 г.) Рыгора Кастусёва перавялі на турэмны рэжым, што з’яўляецца самым строгім відам пакарання. Суд у парушэнне права на справядлівае судовае паседжанне прайшоў па відэа-сувязі, рашэнне вынес суддзя суда Іванавіцкага раёна Сяргей Кухоцкавольц. Вядома, што асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі палітзняволены палітык мае анкалагічную хваробу. Юрысты "Вясны" звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН з нагоды ўмоваў утрымання Рыгора Кастусёва.
22 студзеня адбыўся чарговы суд у дачыненні да палітвязня Вадзіма Гусева. Ён быў прызнаны вінаватым у "злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі" згодна з арт. 411 КК.
8 студзеня стала вядома, што хворую на анкалогію 62-гадовую Алу Зуеву перавялі ў калонію. У кастрычніку 2023 г. жанчыну асудзілі па дыфамацыйных артыкулах да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі. Суд не прыняў да ўвагі сур'ёзнае захворванне жанчыны і не прызначыў ёй больш мяккае пакаранне.
У Беларусі суды па-ранейшаму залежаць ад выканаўчай улады і прэзідэнцкай вертыкалі і працягваюць функцыянаваць у якасці інструменту рэпрэсій у дачыненні да фігурантаў палітычна матываваных адміністрацыйных, крымінальных і грамадзянскіх спраў. Пры гэтым, не з’яўляюцца эфектыўным сродкам прававой абароны апеляцыйныя і наглядныя інстанцыі. Так, у студзені суд разгледеў апеляцыйную скаргу Леаніда Райчонка і пакінуў прысуд палітзняволенаму праграмісту без зменаў.
Шматлікія палітзняволеныя знаходзяцца ў створанай уладамі сітуацыі інкамунікада. Дагэтуль няма інфармацыі пра Марыю Калеснікаву (з 15 лютага), Мікалая Статкевіча (з 10 лютага), Сяргея Ціханоўскага (з 9 сакавіка), Ігара Лосіка (з 20 лютага), Віктара Бабарыку, Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў.
Актыўна працягваецца і набірае абароты пераслед беларусаў за праявы салідарнасці законнымі спосабамі. 23 студзеня па ўсёй Беларусі супрацоўнікі КДБ зладзілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных. Пад масавыя рэпрэсіі трапілі больш за 200 чалавек. На волю выйшлі не ўсе: cупраць часткі затрыманых распачалі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Некаторых асудзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў. Прычынай зацікаўленасці з боку КДБ стала дапамога сем'ям палітвязняў ад ініцыятывы "INeedHelpBY", якую напярэдадні ўлады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".
Адвольным адміністрацыйным арыштам пакараная Марына Адамовіч, якая актыўна змагаецца за вызваленне палітвязняў, у тым ліку свайго мужа Мікалая Статкевіча.
Пераслед праваабаронцаў
Супраць двух віцебскіх праваабаронцаў — Паўла Левінава і Ірыны Траццяковай — распачалі крымінальную справу, іх абвясцілі ў вышук. Пра гэта ім распавялі знаёмыя, якія заўважылі партрэты праваабаронцаў на стэндах "Іх шукае міліцыя" з наступным тэкстам: "Першамайскі РАУС г. Віцебска за здзяйсенне злачынства, падугледжанага ч. 2 арт. 342 КК (Навучанне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці) шукае дадзеных асобаў". Пры гэтым у абвестцы пра Левінава значыцца, што ён здзейсніў некалькі злачынстваў, кваліфікаваных паводле згаданага вышэй крымінальнага артыкула, піша "Віцебская Вясна".
6 студзеня каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай споўнілася 29 гадоў, чацвёрты раз запар яна сустрэла дзень народзінаў у зняволенні. Па-ранейшаму застаюцца ў месцах няволі праваабаронцы "Вясны" Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Андрэй Чапюк, а таксама праваабаронца Human Constanta Наста Лойка.
У Германіі выйшла кніга пра палітзняволеных жанчын Беларусі пад назвай "Калі вы ідзяце праз пекла, не спыняйцеся". У выданне ўвайшлі лісты Марфы Рабковай і Насты Лойкі.
Міжнародная рэакцыя на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі
Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях (ПГАЗ) разглядзела справу палітзняволенага адваката Віталя Брагінца і прыйшла да высновы, што Беларусь парушыла яго правы. ПГАЗ прызнала, што пазбаўленне Брагінца свабоды заснавана на дыскрымінацыі па палітычных поглядах і яго статусе "адваката апазіцыі", паколькі ён абараняў кліентаў у палітычна матываваных судах. Адвольным затрыманне адваката робіць і тое, што ён быў арыштаваны за рэалізацыю сваіх правоў на свабоду выказвання меркаванняў і свабоду мірных сходаў. Акрамя таго, было груба парушанае права Брагінца на справядлівае судовае разбіральніцтва.
Камітэт ААН па правах чалавека прыняў прэцэндэнтнае рашэнне па індывідуальным паведамленні правааабаронцы Леаніда Судаленкі аб сістэматычных парушэннях недатыкальнасці прыватнага жыцця, гарантаванага артыкулам 17 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. КПЧ даў ацэнку паглыбленым даглядам на мяжы і існаванні "палітычнага спісу" ў памежнікаў у 2015 годзе.
Кампанія салідарнасці з палітвязнямі #WeStandBYyou ад Libereco дасягнула важнага моманту: першы міністр Шатландыі Хамза Юсаф стаў першым кіраўніком ураду і 400-м парламентарыем, які ўзяў на сябе абавязкі сімвалічнага "хроснага" палітвязня ў Беларусі — Дзмітрыя Галавача. Таксама трое палітыкаў з Вялікабрытаніі і Германіі далучыліся да кампаніі #WeStandBYyou і сталі "хроснымі" Ларысы Шчыраковай, Яўгена Глушкова, Таццяны і Аляксандра Біруляў.
9 студзеня ў Сенаце ЗША падчас слуханняў, прысвечаных тэме палітвязняў, сенатар Рычард Дурбін згадаў пра Алеся Бяляцкага, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Андрэя Кузнечыка. Падчас сваёй прамовы ён паказаў іх фатаздымкі, падкрэсліў цяжкае становішча палітвязняў з пяці краінаў (Беларусі, Расіі, Камбоджы, Алжыра і Гватэмалы), што адкрыта выступаюць за дэмакратыю і асноўныя свабоды, і заклікаў да іх неадкладнага вызвалення.
Парушэнне правоў журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на канец студзеня 2024 года ў зняволенні знаходзяцца 35 супрацоўнікаў медыя.
Невядома месцазнаходжанне былога магілёўскага журналіста і відэааператара Яўгена Глушкова. Паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, ён можа знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў сувязі з палітычным пераследам.
Мінскі абласны суд 23 студзеня пакінуў без зменаў прысуд рэдактару "Рэгіянальнай газеты" Аляксандру Манцэвічу. У судзе Маладзечанскага раёна 3 лістапада Манцэвічу прызначылі чатыры гады калоніі, а таксама штраф у памеры 14 800 рублёў. Журналіста абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь паводле арт. 369-1 КК.
24 студзеня быў затрыманы журналіст выдання "Першы Рэгіён" Сяргей Гардзіевіч. Паводле інфармацыі БАЖ, улады пачалі адміністрацыйны працэс у дачыненні да яго на падставе арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд, выраб, захоўванне інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці". У выніку журналіста арыштавалі на 15 сутак.
Працягваецца практыка блакавання значных для грамадскасці рэсурсаў з мэтай кантролю інфармацыйнай прасторы і абмежавання доступу да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі ў Беларусі.
3 студзеня стала вядома пра пазбаўленне БАЖ даменнага імя і пошты ў сувязі з "выяўленымі парушэннямі". Міністр інфармацыі падпісаў указ аб блакаванні доступу карыстальнікаў з Беларусі да рэгіянальнага інфармацыйнага інтэрнэт-выдання "Мой Брэст", які быў створаны больш за дзесяць гадоў таму і распавядаў галоўным чынам аб навінах, падзеях і людзях, якія маюць дачыненне да Брэста і яго ваколіц.
Уключэннем рэсурсаў СМІ ў пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў абмежаваная дзейнасць праекта "Настоящее время" (currenttime.tv), YouTube-канала "Першы Рэгіён".
Экстрэмісцкім фарміраваннем абвешчаны інтэрнэт-рэсурс "Беларускае Радыё Рацыя".
Катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя і прыніжаюць чалавечую годнасць віды абыходжання. Парушэнне права на жыццё
Праваабаронцы працягваюць фіксаваць факты катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага годнасць відаў абыходжання. Праблема не абмяжоўваецца асобнымі выпадкамі, а з'яўляецца сістэмнай з'явай, што пацвярджаецца апавяданнямі былых палітвязняў аб псіхалагічным ціску, фізічным гвалце, а таксама знявагах і абразах з боку супрацоўнікаў міліцыі. Іх гісторыі працягваюць публікавацца. Вядомыя факты сведчаць пра наяўнасць сур'ёзных парушэнняў этычных і заканадаўчых нормаў, якія рэгулююць паводзіны супрацоўнікаў у месцах зняволення, і базавых стандартаў правоў чалавека, у тым ліку, свабоды ад катаванняў, якая не можа быць абмежаваная ні пры якіх умовах.
Працягваецца супрацьпраўная практыка запісу публічных выбачэнняў ("пакаяльных відэа"), што з'яўляецца сур'ёзным парушэннем правоў чалавека і супярэчыць прынцыпам законнасці і гуманнасці. Затрыманы супрацоўнік сферы адукацыі на відэазапісе, зробленым сілавікамі, кажа, што браў удзел у мітынгах і адпраўляў інфармацыю пра супрацоўніка міліцыі ў Чорную кнігу Беларусі. ГУБАЗіК апублікаваў "пакаяльнае відэа" з затрыманым мужчынам за нібыта заклікі да радыкалізацыі пратэстаў. Стала вядома пра затрыманне чатырох чалавек у Гомельскай вобласці за падпіскі на "экстрэмісцкія" рэсурсы. З іх удзелам таксама з'явіліся "пакаяльныя відэа".
Жорсткім абыходжаннем таксама з'яўляецца і перашкода з боку адміністрацый месцаў несвабоды атрымання зняволенымі перадачаў і бандэроляў. Такія дзеянні могуць быць часткай палітыкі інкамунікада, у адпаведнасці з якой зняволеныя ўтрымліваюцца ў поўнай ізаляцыі ад знешняга свету. Стала вядома, што палітвязню Мікалаю Аўтуховічу за 2023 год не перадалі ніводнай бандэролі, што былі яму адпраўленыя роднымі. Са слоў сваякоў Мікалая, афіцыйная прычына ў тым, што палітвязень нібыта адмовіўся ад атрымання пасылак, хоць па тэлефоне падчас кароткай размовы ён паведаміў, што нічога не атрымліваў.
У Наваполацкай ПК № 1, паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, эпідэмія грыпу. Вядома, што медчастка калоніі перапоўненая, захварэлі сотні асуджаных. Таксама паведамляецца, што зняволеным забаранілі тэлефонныя званкі. У ПК № 1 адбываюць пакаранне 106 палітвязняў. Перапаўненне медчасткі і вялікая колькасць хворых сведчаць пра недастатковыя умовы гігіены і медыцынскага абслугоўвання ў турэмнай сістэме. Адказнасць адміністрацый калоній — забяспечваць права чалавека на здароўе і належнае медыцынскае абслугоўванне. Дзяржава абавязана забяспечваць бяспечныя і гуманныя ўмовы ўтрымання для ўсіх зняволеных. Гэта значыць, што ў месцах несвабоды павінны прымацца меры для забеспячэння адэкватнага медыцынскага абслугоўвання, у тым ліку кантроль умоў гігіены, своечасовае выяўленне і лячэнне хворых, а таксама прадухіленне эпідэмій.
У ноч з 8 на 9 студзеня ў калоніі №3 памёр яшчэ адзін палітычны зняволены — 50-гадовы Вадзім Храсько. Нягледзячы на наяўнасць цяжкага захворвання, у жніўні 2023 года Мінскі гарадскі суд асудзіў яго да трох гадоў пазбаўлення волі за некалькі ахвяраванняў ініцыятывам, абвешчаных уладамі экстрэмісцкімі. У турме Вадзім перанёс пнеўманію. Мужчыну даставілі ў бальніцу, калі выратаваць яго ўжо было немагчыма. У сувязі з гэтым праваабарончая супольнасць Беларусі выступіла з заявай, у якой падкрэсліла важнасць забеспячэння дзяржавай права на жыццё і здароўе, а таксама заклікала да рашучых дзеянняў Следчы камітэт і Генеральную пракуратуру, абавязак якіх распачаць крымінальную справу па факце смерці Вадзіма Храсько, правесці аб'ектыўнае і ўсебаковае расследаванне для ўстанаўлення прычын таго, што здарылася, і праінфармаваць грамадскасць аб яго выніках.
Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў
Працягваецца палітычны пераслед людзей за выказванне меркавання ў Інтэрнэце і за ўдзел у масавых акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
8 студзеня 2024 года суд Фрунзенскага раёна горада Мінска прызнаў вінаватымі Аляксея Дмухоўскага і Віталя Палякова у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Аляксея Дмухоўскага асудзілі на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Адзначаецца, што мужчына "чыстасардэчна" раскаяўся, і гэта выявілася ў тым, што ён "добраахвотна" перавёў грошы на рахунак сацыяльна-дабрачыннай установы. Віталя Палякова асудзілі да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Абвінавачаныя да суда знаходзіліся пад вартай, іх вызвалілі ў зале суда.
12 студзеня 2024 года суд Ленінскага раёна горада Мінска прызнаў Уладзіслава Мялешку вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў. Па матэрыялах абвінавачвання, Уладзіслаў Мялешка ў верасні 2020 года "прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, блакаваў і заступаў шлях транспартным сродкам, што пацягнула парушэнне працы транспарту".
24 студзеня 2024 года праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі пяць чалавек, асуджаных альбо абвінавачаных па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
У дачыненні да 20 "так званых аналітыкаў Ціханоўскай" (у адпаведнасці з рыторыкай Следчага камітэта) — экспертаў, навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў дэмакратычных ініцыятыў, распачатая спецыяльная вытворчасць (дазваляе вынясенне рашэння суда завочна). Паводле версіі абвінавачвання, яны нібыта "далучыліся да змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь неканстытуцыйным шляхам, увайшлі ў экстрэмісцкія фармаванні, створаныя для забеспячэння эфектыўнасці злачыннай дзейнасці".
У Беларусі працягваюць блакаваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў.
1 студзеня 2024 года стала вядома, што ў Беларусі перад выступам з навагоднім зваротам Святланы Ціханоўскай заблакавалі доступ да пляцоўкі Youtube.
Працягваецца паслядоўнае падаўленне свабоды выказвання меркавання ў Інтэрнэце.
11 студзеня 2024 года Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме разглядаў крымінальную справу ў дачыненні да Ігара Казубава, якога абвінавачвалі ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК) і яго абразе (ч. 1 арт. 368 КК). Якое пакаранне прызначылі мужчыну — невядома, але яно звязана з пазбаўленнем волі.
22 студзеня 2024 года Брэсцкі абласны суд разгледзеў крымінальную справу Дзяніса Красько, якога абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Дзяніса Красько затрымалі 28 ліпеня 2023 года і да суда змясцілі пад варту. Першапачаткова яму ставіліся ў віну ч. 1 арт. 368 КК (публічная абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Але да суда абвінавачванні па першых двух артыкулах знялі па заканчэнні тэрмінаў даўнасці. Згодна з матэрыяламі абвінавачвання, у снежні 2020 года Дзяніс Красько "апублікаваў у адкрытым доступе ў сетцы Інтэрнэт каментары, накіраваныя на падтрыманне экстрэмісцкай дзейнасці, прапаганду і агітацыю сацыяльнай варожасці ў дачыненні да супрацоўнікаў дзяржаўных праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікоў судовай улады, вайскоўцаў, якія праходзяць службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь". Дзяніса Красько асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі.
Разам з крымінальным пераследам працягваецца і адміністрацыйны пераслед за выказванне меркавання.
У студзені "Вясна" атрымала інфармацыю пра не менш за 349 адміністрацыйны працэс па палітычных матывах (у снежні 2023 года — 390). Судамі былі вынесеныя пастановы пра накладанне спагнання ў выглядзе, як мінімум, 77 штрафаў агулам на 1 611 базавыя велічыні і 46 арыштаў агулам на 512 сутак сутак. Вынікі іншых працэсаў невядомы.
Парушэнне правоў і свабод на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам
Улады Беларусі па-ранейшаму цынічна і крывадушна эксплуатуюць тэму барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам для палітычна матываванага пераследу за рэалізацыю людзьмі грамадзянскіх і палітычных правоў.
Так, у студзені спіс экстрэмісцкіх фармаванняў быў папоўнены яшчэ дзевяццю пазіцыямі. Сярод новых суб'ектаў — незалежнае СМІ "Беларускае Радыё Рацыя", ініцыятыва "Свабодны беларускі ўніверсітэт", ініцыятыва дапамогі сем'ям ахвяраў палітычных рэпрэсій "INeedHelpBY".
У Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, за студзень унесена яшчэ 86 чалавек.
Таксама было вынесена 107 новых рашэнняў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі, імі дапоўнілі адпаведны пералік.
Парушэнне свабоды асацыяцый
Працягваецца працэс змяньшэння колькасці недзяржаўных арганізацый. Паводле дадзеных Lawtrend, па стане на студзень 2024 года прымусова ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі 971 арганізацыя грамадзянскай супольнасці.
Па рашэнні КДБ "Вольны Беларускі Ўніверсітэт" прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем.
У Мінскім гарадскім судзе пачаўся завочны разгляд крымінальнай справы супраць кіраўнікоў арганізацыі былых работнікаў сілавых структур BYPOL, якая займаецца зборам доказаў злачынстваў супраць мірных пратэстоўцаў. Крымінальная справа тычыцца шасці чалавек, якім ставіцца ў віну 12 крымінальных артыкулаў, у тым ліку здрада дзяржаве і акт тэрарызму. Гэты выпадак працягвае фармаваць практыку парушэння ўладамі Беларусі свабоды асацыяцый у дачыненні да беларускіх грамадзян, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, і ў дачыненні да асацыяцый, створаных за межамі Беларусі.
Падтрымка беларускімі ўладамі вайсковай агрэсіі Расіі, пераслед за падтрымку Украіны і антываенную пазіцыю
Не спыняецца пераслед за выказванне антываеннай пазіцыі і падтрымкі Украіны пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання на яе тэрыторыю расейскіх войскаў.
У студзені былі асуджаныя да пазбаўлення волі за данаты ў падтрымку палка Каліноўскага Георгій Чаравака і Аляксей Швяцоў; мужчын абвінавацілі ў фінансаванні дзейнасці па вярбоўцы, навучанні, іншай падрыхтоўцы да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы. За перасылку відэа з вайсковай тэхнікай да пазбаўлення волі асуджаны Аляксандр Бойка; дзеянні мужчыны былі кваліфікаваныя як садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Вядома таксама пра затрыманні, нагодамі для якіх сталі сцяг Украіны на працоўным стале ў офісе і каментары ў інтэрнэце ў падтрымку Украіны.
Пераслед адвакатаў, умяшанне ў дзейнасць адвакатуры
Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі вынесла на сваім чарговым пасяджэнні шэраг рашэнняў, якія могуць быць расцэненыя як празмернае ўмяшанне ў дзейнасць адвакатуры. Так, была прынятая пастанова аб спыненні ліцэнзій у дачыненні да адвакатаў Святланы Бірылавай (абараняла палітычнага зняволенага Паўла Мажэйку) і Антона Навіцкага, матываванае недастатковай кваліфікацыяй, а таксама Аляксея Сакалова праз "здзяйсненне правіны, не сумяшчальнай са званнем адваката". У дачыненні да адвакатаў Наталлі Канода і Ігара Рыжага было вынесена рашэнне аб немагчымасці выканання прафесійных абавязкаў "з прычыны недастатковай кваліфікацыі".
26 студзеня прайшло пашыранае пасяджэнне Савета Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў з удзелам намесніка кіраўніка адміністрацыі А. Лукашэнкі Вольгі Чупрыс і міністра юстыцыі Сяргея Хаменкі. Вольга Чупрыс так адказала на пытанні журналістаў пра ролю адвакатаў у грамадска-палітычным жыцці краіны: "На сённяшні дзень адвакатамі зроблена многае: яны выязджаюць на месцы, сустракаюцца з працоўнымі калектывамі, аказваюць прававую дапамогу грамадзянам, у тым ліку, агітуюць іх прымаць актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі. Бо кожны чалавек павінен разумець, што ўдзел у выбарах адносіцца не толькі да іх палітычнага права, але і з'яўляецца важнай грамадска-палітычнай функцыяй". Гэта з'яўляецца добрай ілюстрацыяй таго, як улады разумеюць ролю адвакатуры ў грамадстве, падкрэслівае тэхнічную і дапаможную ролю, адведзеную ёй, асабліва ў апошнія тры гады.