viasna on patreon

Любоў і прыгожыя красоўкі. Экс-палітзняволеная — пра сустрэчу з Марфай Рабковай і Алесем Бяляцкім на "Валадарцы"

2024 2024-02-27T12:45:36+0300 2024-02-28T13:04:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rabkova_bialiacki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былая палітзняволеная (імя не называецца ў мэтах бяспекі) знаходзілася ў СІЗА-1 (на "Валадарцы"), дзе сустрэла палітзняволеных праваабаронцаў "Вясны" Марфу Рабкову і Алеся Бяляцкага. Гісторыямі гэтых сустрэч яна падзяляліся з "Вясной". Публікуем яе аповед ад першай асобы.

rabkova_bialiacki.jpg
Марыя (Марфа) Рабкова і Алесь Бяляцкі

Пра Алеся Бяляцкага

Калі шчыра, да майго сораму, я не ведала, як выглядае Алесь Бяляцкі. Я ведала, што Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію, але ніколі не запамінала яго фота. І вось аднойчы мяне вялі да адваката, і трэба ісці галавой уніз і рукі за спіной, гэта значыць я заўсёды бачыла толькі ідучыя ногі перад сабой. І я па абутку навучылася разумець, хто за што сядзіць. Калі просты абутак або спартыўны Адыдас – то наркотыкі, калі мужчынскія туфлі або макасіны – то эканоміка, а калі прыгожыя красоўкі – то палітыка. І ў той раз перада мной ішоў мужчына ў прыгожых красоўках. Наколькі я памятаю, шэра-чырвоныя красоўкі. Гэта быў Алесь.

У мяне няшмат з ім кантактаў было. Але ўсё вельмі яркія. Калі нас вадзілі ў душ, мы спыняліся каля камеры Алеся, і адтуль заўсёды з орам даносіліся «60 минут» са Скабеевай [прапагандысцкае ток-шоу на расійскім тэлебачанні — Заўв.] . І я думала: як яны могуць глядзець гэты жах у нашых умовах? Але мне здаецца, ён проста хацеў быць у курсе таго, што адбываецца, і фільтраваў навіны.

Аднойчы ў камеру прыехала жанчына з калоніі на зачытку апеляцыі ці нешта такое. І яна радасная зайшла да нас і кажа: "Уяўляеце, мне толькі што Алесь Бяляцкі нёс матрац! Я яму кажу: "Алесь, мне ўпершыню ў жыцці Нобелеўскі лаўрэат падносіць рэчы! "". Але потым яму забаранілі дапамагаць, і палову дарогі яна сама несла свой матрац.

Пра Марфу Рабкову

І яшчэ гэтая жанчына сказала Машы Рабковай: "Марфа, гэта вы? Вы такая маладая! Вы там вялікая знакамітасць, вас вельмі чакаюць!" І Маша так здзівілася, што пра яе ведаюць і пра яе кажуць. Праз некалькі дзён гэтая жанчына лепей даведалася Машу і сказала ёй: "Вам там будзе цяжка, там лепш не высоўвацца". І Маша сказала: "Я не змагу, калі я бачу несправядлівасць — я не магу прамаўчаць".

Маша, вось не памятаю, кожны аўторак ці кожны чацвер чакала, што яе адправяць у калонію, таму што прысуд ужо даўно ўступіў у сілу. І яна на ўсялякі выпадак збірала рэчы. І ў той дзень, калі ёй давялося з'ехаць, яна ўжо рэчы не збірала так старанна, таму нам давялося спяшацца — і мы ўсёй камерай яе збіралі. Калі яе вывелі з камеры на прадол, мы з дзяўчынкамі на "тры-чатыры" крыкнулі: "Маша, мы цябе любім!" Гэта было вельмі шчыра. Яе праўда ўсё паважалі і адчувалі цёплыя пачуцці. І яна была рада, што з'язджае ў калонію, яна гаварыла са слязамі на вачах: "Дзяўчынкі, разумееце, мне не здаецца, што я еду ў калонію, я еду дадому, я ўбачу маму!" Таму што яна з Добруша. І гомельская турма там побач.

Мяне вельмі кранула яе фраза, калі Марфа сказала, што калі б у яе быў выбар: яе прысуд або да канца жыцця не выходзіць з дому, то яна б пагадзілася ніколі не выходзіць з дому, абы быць з блізкімі побач. Яна часта пераглядала фатаграфіі мамы, таты, а таксама з мужам, паказвала іх нам — і ўсе казалі, якая яны мілая пара і што Маша вельмі схуднела.

Таксама Маша дзялілася сваёй філасофіяй, што калі наступіць Беларусь будучыні, не трэба караць сілавікоў, інакш мы прыпадобнімся да іх і гвалт ніколі не скончыцца — мы павінны будзем ім дараваць і прыдумаць ім новыя месцы рэалізацыі. А яшчэ яна казала, што ў будучыні будзе працаваць правяраючай умоў зняволеных у турмах, будзе ездзіць з інспекцыямі па ўсіх месцах зняволення.

Мяне здзівіла, што яна была там два з паловай гады, але яе погляды і каштоўнасці не змяніліся, яна зусім не была зламана. Алесь увесь час перадаваў Машы прывітанні праз разношчыцу ежы, казаў, каб яна трымалася і "Вясна прыйдзе". Яе твар у гэтыя моманты азараўся ўсмешкай. Наогул яна часта ўсміхалася.

"Мы павінны справіцца". Марфа Рабкова 39 месяцаў у няволі

Ужо 39 месяцаў, як Марфа Рабкова ў зняволенні. Яе затрымалі 17 верасня 2020 года. Два з паловай гады яна правяла ў СІЗА-1 на Валадарскага. А ў сярэдзіне сакавіка 2023 была этапавана ў гомельскую калонію.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства