viasna on patreon

"Free Viasna!" Міжнародныя калегі — пра гадавіну прысуду вясноўцам

2024 2024-03-03T16:45:30+0300 2024-03-03T16:49:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasna_sud_prysud_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Роўна год таму, 3 сакавіка 2023 года, праваабаронцы "Вясны" Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч былі асуджаныя да жорсткіх тэрмінаў. Тым часам іх міжнародныя калегі працягваюць іх падтрымліваць. "Вясна" сабрала рэакцыі міжнародных калег вясноўцаў на гадавіну іх прысуду.

Суд па
Суд па "справе Вясны", 3 сакавіка 2023 года

Эліс Магвэ, прэзідэнтка FIDH (Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека)

"Праз год пасля несправядлівага прысуду і больш за 2,5 гады з моманту адвольнага затрымання Алеся, Валянціна і Уладзіміра я ўстрывожана тым, што нашы калегі ўсё яшчэ застаюцца за кратамі. Мы ўзрушаныя тым, што мы ведаем пра жорсткія ўмовы ў беларускіх турмах і лячэнне палітвязняў у гэтых установах. Падчас іх зняволення мы страцілі грамадскія галасы не толькі нашых мужных, добрых і геніяльных калег, але таксама важныя галасы ў FIDH. Валянцін Стэфановіч — адзін з двух віцэ-прэзідэнтаў FIDH па рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Калі яго пераабралі віцэ-прэзідэнтам на нашым стогадовым з’ездзе ў 2022 годзе, фотаздымкі Валянціна, Алеся і Уладзіміра, а таксама Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка паставілі на пустыя крэслы ў першым радзе. Сёння мы яшчэ раз выказваем нашу салідарнасць і падтрымку Алесю, Валянціну і Уладзіміру, а таксама іх сем'ям, сябрам і калегам, якія працягваюць сваю важную працу па дакументаванні парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Мы таксама паўтараем наш заклік да беларускіх уладаў: Free Viasna!".

Анастасія Круопе, даследчыца міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch

"Сёння спаўняецца год з вынясення прысуду Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу. Не выклікае сумненняў тое, што крымінальныя абвінавачванні, вылучаныя супраць іх, былі надуманымі, палітычна матываванымі і былі сканструяваныя ў адплату за іх праваабарончую дзейнасць.

Алесь, Уладзімір і Валянцін, на жаль, не адзіныя праваабаронцы ў сённяшняй Беларусі, якія несправядліва адбываюць тэрміны за сваю працу. На дадзены момант праваабарончая дзейнасць фактычна абвешчаная ў Беларусі па-за законам, часта прыраўноўваецца да экстрэмісцкай, падрыўной дзейнасці і ў выніку такой палітыкі многія праваабарончыя арганізацыі і прыкладна тысяча няўрадавых арганізацыі, грамадскіх арганізацый былі вымушана ліквідаваныя.

У тым, што беларускія ўлады пераследуюць вясноўцаў і іншых актывістаў, няма нічога дзіўнага, і гэта толькі даказвае важнасць працы, якую робяць праваабаронцы, якую робіць "Вясна" і працягвае яе рабіць. Бо ўлады Беларусі імкнуцца стварыць інфармацыйны вакуум вакол таго, што дагэтуль адбываецца ў Беларусі. І за год, які прайшоў з моманту вынясення прысуду Алесю, Валянціну і Уладзіміру, і за гады з моманту іх арышту, рэпрэсіі ўнутры Беларусі не спыніліся.

Для мяне і многіх-многіх іншых калегаў з праваабарончай сфэры прыклад Валянціна, Алеся і Уладзіміра – гэта натхняльны прыклад прыхільнасьці праваабарончай працы і каштоўнасьцяў, на абарону якіх яна накіраваная.

Я часта ўспамінаю словы Валянціна Стэфановіча, якія ён вымавіў у апошнім слове на судзе, калі ён сказаў, што крымінальны пераслед актывістаў не перашкодзіць прадаўжэнню справы "Вясны". Але таксама ён сказаў, што пасля зімы заўсёды надыходзіць вясна, і вясна наступіць незваротна.

Я жадаю свабоды ўсім праваабаронцам і актывістам, якія знаходзяцца ў Беларусі за кратамі за іх працу. Я жадаю Свабоды ўсім палітычным зняволеным Беларусі і праўда спадзяюся на тое, што Вясна наступіць"

Нідэрландскі Хельсінкскі камітэт, калегі з праграмы "Праваабарончая дзейнасць"

"Праваабарончая супольнасць страчвае незаменных лідэраў і актывістаў, якія адыгрывалі адну з ключавых роляў у абароне правоў чалавека і падтрымцы грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Пакуль яны знаходзяцца за кратамі, мы сутыкаемся з узрастаючым ціскам на незалежныя арганізацыі і татальным узмацненнем жорсткасці абмежаванняў на правы і свабоды. Гэта таксама сігналізуе аб пагаршэнні сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, што робіць працу праваабаронцаў не толькі больш складанай і небяспечнай, але і яшчэ больш важнай і значнай.

Гэтыя прысуды і турэмнае зняволенне маюць для нас вялікае асабістае і арганізацыйнае значэнне. Асабіста для мяне, як чалавека, які працаваў разам з Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам, гэта вельмі балючы ўдар. Яны не толькі калегі, але і сябры, адданыя сваёй працы і ідэалам правоў чалавека. Для нашай арганізацыі гэта стала нагодай для адаптацыі фарматаў нашай працы, накіраванай на падтрымку праваабарончых арганізацыяў Беларусі.

Хачу падкрэсліць, што, нягледзячы на цяжкасці і рэпрэсіі, праваабарончая супольнасць Беларусі працягвае сваю найважнейшую працу, а мы працягнем яе ў гэтым падтрымліваць. Важна, каб міжнародная супольнасць працягвала падтрымліваць беларускіх праваабаронцаў, асуджала парушэнні правоў чалавека, якія адбываюцца ў краіне, а таксама прымала канкрэтныя крокі, якія садзейнічаюць вяртанню Беларусі на шлях да дэмакратыі. Толькі разам мы зможам дабіцца перамен і забяспечыць, каб усе грамадзяне Беларусі маглі карыстацца сваімі правамі і свабодамі"

"Каб вясна прыйшла незваротна": пра гадавіну расправы над калегамі-праваабаронцамі распавядаюць вясноўцы

"Каб вясна прыйшла незваротна": пра гадавіну расправы над калегамі-праваабаронцамі распавядаюць "вясноўцы"

36 праваабарончых арганізацый па ўсім свеце запатрабавалі вызвалення палітзняволеных вясноўцаў

Яны рашуча асуджаюць несправядлівы прысуд і адвольнае затрыманне Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча, якое працягваецца, і заклікаюць беларускія ўлады адмяніць іх прысуды і неадкладна і безумоўна вызваліць іх.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства