viasna on patreon

"Больш за ўсё сумуеш у зняволенні па сваёй руціне", — былая палітзняволеная

2024 2024-03-12T12:23:57+0300 2024-03-12T12:27:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/turma_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У фільме "Вясны" "Фіялетавыя слёзы" былая палітзняволеная Дар'я Кароль, якую ў 19 год чатыры месяцы ўтрымлівалі на "Валадарцы" за ўдзел у паслявыбарчых Маршах, распавяла, чаго ёй і іншым жанчынам не хапала ў зняволенні.

turma_1.jpg
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

"У зняволенні ў першую чаргу, мне здаецца, больш за ўсё хацелася нейкай зразумелай звычайнай ежы, напрыклад, нейкіх малочных прадуктаў. Мне вельмі іх не хапала, бо я ем малочку кожны дзень. І вось у нейкі момант у мяне яе проста не стала: тварагу, малака, кефіру, нечага такога. Гэта ўсё нельга перадаваць. Адзіная малочка — гэта кавалак сыру адзін раз на тыдзень.

Акрамя ежы і таго, што мы з дзяўчатамі "адчынялі лядоўню", як мы гэта называлі, калі распавядалі адна адной [пра] свае любімыя стравы ці нейкія прадукты, вельмі хацелася галубцоў ці яшчэ чагосьці, хацелася звычайныя рэчы патрогаць, да чаго ты, напрыклад, не можаш дакрануцца. Але на дзіва, я не сумавала па тэлефоне, толькі першыя трое сутак на Акрэсціна ў мяне было проста рэфлекторна, што я не ведала, чым сябе заняць, і, магчыма, з-за гэтага я заўсёды цягнулася ў кішэню, каб дастаць тэлефон, і я разумела, што яго там няма. Гэта было складана. Але, дарэчы, калі я ўжо выйшла і ўзяла першы раз у рукі тэлефон, я не зразумела, як працуе сэнсар. Ты нічога шклянага такога не трымаеш у руках чатыры месяцы, ты настолькі адвыкаеш, што я не разумела, як друкаваць, як увогуле працуе тэлефон. Я помню, як там адкрываецца інстаграм ці яшчэ нешта, але што з гэтым рабіць, было незразумела, і гэта было дастаткова дзіўна.

Але больш за ўсё хацелася не нейкія рэчы патрогаць, ты больш за ўсё сумуеш у зняволенні па сваёй руціне, якой у цябе няма. Вельмі хацелася прыняць нармальны чалавечы душ, а не тое, што называлася "душам" у СІЗА. Вельмі хацелася паесці з нармальнага посуду сваю хатнюю, зразумелую, смачную ежу, якая будзе гарачая, ты яе прыгатуеш. Вельмі хацелася кавы. Вось кавы вельмі хацелася з малаком, капучына хацелася выпіць, проста літрамі хацелася гэтую каву. І хацелася кудысьці прайсціся, ты ўзгадваеш нейкія месцы. Калі я ў першы раз прыйшла дадому, я не зразумела, чаму так шмат месца, і дзесьці, напэўна, дні чатыры я яшчэ прызвычайвалася да таго, што вельмі шмат прасторы вакол. То бок, я прызвычаілася, мой мозг прыняў той факт, што я жыву ў васьмі метрах квадратных увесь гэты час, а тут у мяне вялікая кватэра, і я магу выйсці на вуліцу. І вось гэта адчуванне, можна сказаць, нават некамфортнае, таму што ты адчуваеш сябе вельмі маленькім, быццам бы ўсё вельмі вялікае, і цябе гэта зараз [сцісне]. Неяк няўтульна адразу становіцца. Першы раз, калі я стаяла ў душы дома, увечары пасля суда, я проста не разумела, што ты можаш мыцца ў душы адзін, і гэта толькі твой душ, і сюды больш ніхто не можа трапіць. Гэта, канешне, было, я нават не ведаю, як растлумачыць гэта адчуванне, гэта проста было вельмі дзіўна і нязвычна".

Глядзець фільм цалкам

"Больш за ўсё сумуеш у зняволенні па сваёй руціне", — былая палітзняволеная

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства