viasna on patreon

Праваабарончы Дзень волі: як у гэтую дату абараняюць правы чалавека

2024 2024-03-25T11:39:54+0300 2024-03-25T12:40:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzienj-voli.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дзень Волі для праваабаронцаў заўжды быў і застаецца асаблівым днём. Але 25 сакавіка для праваабаронцаў — гэта не толькі гістарычная дата, але і чарговы дзень штодзённай абароны правоў чалавека.

За рэдкім выключэннем, 25 сакавіка заўсёды быў днём затрыманняў, арыштаў, брутальных разгонаў мірных грамадзян. У “Вясну" з розных гарадоў сцякалася інфармацыя пра парушэнні правоў чалавека, напружана працуюць юрысты, валанцёры, журналісты. Часта сярод затрыманых у гэты дзень былі і вясноўцы, якія займаліся маніторынгам мірных шэсцяў і мітынгаў. Узгадваем, якія матэрыялы з нагоды абароны іх правоў выходзілі на сайце гэтымі днямі ў розныя часы.

"Гэта ўсё ёсць у нашай гісторыі"

Як палітвязні спрычыняліся да святкавання Дня Волі ў розныя часы

Рэпрэсаваны Дзень Волі

Хроніка пераследу 25 сакавіка за апошнія гады ў Беларусі.

У 2009 годзе ў гэты дзень уГдыне прайшла акцыя супраць парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Яна была арганізаваная праваабарончай сеткай "Міжнародная амністыя" і беларускімі студэнтамі Гданьскага ўніверсітэта. Падчас акцыі, у якой прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек, раздаваліся ўлёткі з інфармацыяй аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама было сабрана больш за сто подпісаў пад петыцыяй да ўладаў рэспублікі з просьбай аб адмене смяротнага пакарання.

У Гдыне прайшла акцыя супраць парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі

Акцыя была прымеркаваная да Дня Волі.

У 2010 годзе 25 сакавіка праваабарончыя арганізацыі Civil Rights Defenders (Швецыя), Беларускі Дом правоў чалавека (Літва), Фундацыя Дамоў правоў чалавека (Нарвегія) і Нарвежскі Хельсінкскі камітэт накіравалі заяву пратэсту прэзідэнту Беларусі, з асуджэннем пераследу праваабаронцаў, у тым ліку, Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча. Тады беларускіх праваабаронцаў арыштавалі 23 сакавіка ў Мінску за правядзенне мірнай акцыі пратэсту супраць смяротнага пакарання і прывядзення ў выкананне двух вынесеных у той час смяротных прысудаў. 24 сакавіка ім прызначылі штрафы. Праваабааронцы "Вясны" падзякавалі ўсім за падтрымку.

У 2013 годзе свіслацкія грамадска-палітычныя актывісты пачалі рассылаць палітвязням, якія знаходзяцца ў розных турмах Беларусі, паштоўкі і лісты да Дня Волі. Прычым рабілі гэта ў адмысловых імянных канвертах. Тады за кратамі, як і цяпер, знаходзіліся Алесь Бяляцкі і Мікола Статкевіч.

Такім чынам свіслацкія грамадскія актывісты імкнуліся не толькі павіншаваць палітычных зняволеных са святам 25 Сакавіка, але адначасова праінфармавалі грамадства пра наяўнасць у краіне палітвязняў.  

Палітвязням да 25 сакавіка – імянныя канверты (фота)

Вырабіць такі канверт можа кожны і накіраваць яго праз пошту, наклеіўшы адпаведную марку.

У 2014 годзе Беларускі незалежны прафсаюз прыняў заяву ў падтрымку работнікаў Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў, якія 25 сакавіка абвясцілі трохдзённую папераджальную галадоўку. Прычынай галадоўкі стала дыскрымінацыя сябраў Свабоднага прафсаюзу: некаторыя з іх былі звольненыя.

Спыніце дыскрымінацыю!

Заява Беларускага Незалежнага прафсаюза.

У 2015 годзе праваабаронцы заклікалі адмяніць артыкул "аб незашпіленым гузіку". Праваабаронцы "Вясны" падрыхтавалі зварот у Палату прадстаўнікоў з прапановай выключыць з Крымінальнага кодэксу артыкул 411, які вязьні называюць артыкулам пра "незашпілены гузік". Тады Мікола Дзядок, асуджаны паводле гэтага артыкулу, пісаў адыркты ліст:

 «Вядома, мне б вельмі хацелася крычаць на ўвесь свет пра несправядлівасьць і пра зло, якое зьдзейсьніла і зьдзяйсьняе са мной карная сістэма, але яшчэ больш я хачу стаць апошнім асуджаным паводле артыкула 411 КК. Таму зьвяртаюся да міжнародных і беларускіх праваабарончых структураў, да ўсіх зацікаўленых у захаванні правоў чалавека міжнародных арганізацыяў і да ўсіх неабыякавых людзей Беларусі з заклікам: зрабіць усё магчымае для адмены артыкула 411 КК», — перадаў на волю палітвязень Мікалай Дзядок. 

Нагадаем, праз дзевяць год артыкул не адменены. Мікола Дзядок зноў палітвязень.

Праваабаронцы заклікаюць адмяніць артыкул «аб незашпіленым гузіку»

Былы адвакат Павал Сапелка лічыць гэты артыкул рудымэнтам савецкай судовай сыстэмы і заўважае, што падобнага рэпрэсіўнага артыкула няма ні ў кога з суседзяў Беларусі, нават у Расеі.

У 2017 годзе 25 сакавіка на мірных сходах было затрымана вельмі шмат людзей. Апроч гэтага, пры выкананні і спробе выканання маніторынгу падзей адбыліся затрыманні беларускіх і міжнародных праваабаронцаў , у прыватнасці — у офісе Праваабарончага цэнтру "Вясна", затрыманні сябраў Беларускага Хельсінкскага камітэта і інш. Гэта выклікала міжнародны рэзананс. Свае заявы выпусцілі беларускія і міжнародныя праваабаронцы. Еўразвяз падкрэсліў, што прымяненне сілы супраць мірных дэманстрантаў нельга апраўдаць, а EPDE заклікаў ўлады Беларусі гарантаваць свабоду мірных сходаў у краіне.

У 2018 годзе праваабаронцы падрыхтавалі матэрыял, як схадзіць на мірную акцыю без наступстваў. Гэта быў час, калі ў Беларусі вясной праходзілі шматлікія масавыя мерапрыемствы, таму такі тэкст быў вельмі актуальны.

У 2019 годзе Беларускі ПЭН-цэнтр асудзіў затрыманні літаратараў, музыкаў і іншых удзельнікаў мірнай акцыі — святкавання Дня Волі — 101 угодкаў утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Арганізацыя канстатавала, што 25 сакавіка 2019 года ў Мінску было парушана права на свабоду мірных сходаў і свабоду выказвання.

“Пратэстуем супраць затрыманняў літаратараў, музыкаў і іншых мірных удзельнікаў Дня Волі”

У сувязі з гэтым яны заклікалі улады Беларусі спыніць затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый і вызваліць іншых затрыманых падчас святкавання Дня Волі.

У 2022 годзе 25 сакавіка беларускія праваабаронцы выпусцілі чарговую заяву аб прызнанні шасці новых палітвязняў.

25 сакавіка 2023 года ўступіў у сілу Закон «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», які чарговы раз за апошні год пашырыць сферу прымянення смяротнага пакарання. Згодна з дапаўненнямі ў артыкул 356 Крымінальнага кодэкса, прадугледжваецца магчымасць прымяняць смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве, здзейсненую службовай асобай, якая займае адказнае становішча, службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца. 

Таму праваабаронцы выступілі з сумеснай заявай супраць пашырэння сферы прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі.

Выказваем рашучы пратэст супраць чарговага пашырэння сферы прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі

Сумесная заява прадстаўнікоў праваабарончай супольнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства