viasna on patreon

У Алеся Бяляцкага – новая сімвалічная хросная ў нямецкім парламенце

2024 2024-03-27T13:00:28+0300 2024-03-27T13:00:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marie-agnes-strack-zimmermann_patenschaft-632x843.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, якую ўжо многія гады вядзе праваабарончая арганізацыя Libereco, сябра Бундэстага Нямеччыны Мары-Агнес Штрак-Цымерман стала сімвалічнай хроснай для лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.

marie-agnes-strack-zimmermann_patenschaf

Алесь Бяляцкі – старшыня і сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі "Вясна". На працягу больш за тры дзесяцігоддзі Алесь займаўся абаронай правоў палітычных зняволеных і быў у ліку асноўных крытыкаў беларускага рэжыму. Яго непахісная прыхільнасць да дэмакратыі і правоў чалавека часта станавілася прычынай рэпрэсіўных захадаў з боку беларускіх уладаў. У 2011 годзе Алеся асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі па сфабрыкаваным абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

Пасля жорсткага падаўлення пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Алесь і "Вясна" працягвалі выступаць у абарону пратэстоўцаў. Рэпрэсіі дзяржавы ў канчатковым выніку закранулі Алеся Бяляцкага і некалькіх яго калег па арганізацыі, якія былі арыштаваныя 14 ліпеня 2021 года. Алеся абвінавацілі, сярод іншага, у "фінансаванні групавой дзейнасці, якая груба парушае грамадскі парадак" (артыкул 342.2 КК РБ) і асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі. Парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да Алеся працягваюцца і ў зняволенні. Пра яго няма ніякіх вестак ужо больш за год.

За сваю нястомную працу Алесь Бяляцкі атрымаў мноства ўзнагарод, у тым ліку Нобелеўскую прэмію міру 2022 года.
Мары-Агнес Штрак-Цымерман – дэпутатка нямецкага Бундэстага ад свабоднай дэмакратычнай партыі і сябра камітэта па абароне. Яна прыняла апеку над Алесем ад Ніколы Бер, сваёй калегі па партыі і былой віцэ-прэзідэнткі Еўрапарламента.

Штрак-Цымерман так пракаментавала сваё рашэнне стаць хроснай для Алеся Бяляцкага:

"З сярэдзіны 1980-х гадоў Алесь Бяляцкі выступае за свабоду і правы чалавека ў сваёй роднай краіне — Беларусі. У 2022 годзе ён быў адзначаны Нобелеўскай прэміяй міру за выбітную прыхільнасць абароне грамадзянскай супольнасці. Але яго зноў пасадзілі ў турму, бо ён стаў занадта небяспечны для беларускіх уладаў. Аўтакраты не баяцца нічога больш, чым тых, хто адстойвае дэмакратыю і незалежнасць ва ўмовах свабоды. Як прыхільніца дэмакратыі і лібералізму, я асабліва заклапочаная абаронай правоў і свабод кожнага чалавека. Таму сёння я з радасцю раблюся сімвалічнай хроснай Алеся Бяляцкага і заклікаю да вызвалення з беларускага палону яго і ягоных паплечнікаў-актывістаў. Алесь Бяляцкі, я з табой!"

Libereco таксама запусціла анлайн-петыцыю, якая патрабуе безумоўнага вызвалення Алеся ды іншых палітычных зняволеных у Беларусі. Петыцыя закліканая нагадаць дыпламатычным прадстаўнікам Рэспублікі Беларусь аб міжнародных абавязальніцтвах і заклікаць беларускія ўлады даць базавыя правы чалавека на свабоду слова, сходаў і аб'яднанняў усім людзям у Беларусі без абмежаванняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства