viasna on patreon

"Вясна" прэзентуе 5 красавіка даклад "Абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам"

2024 2024-04-03T16:30:00+0300 2024-04-03T16:39:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/paliatviazen_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларусь працягвае апускацца ў атмасферу татальных рэпрэсій і запалохвання за любую праяву свабоды думкі і слова. Праваабаронцы назіраюць відавочнае нарошчванне рэпрэсіўных практык, аснову якім заклала закандаўства, што паслядоўна рэфармуецца, якое абмяжоўвае грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам. Папярэдні даклад па той жа тэме Праваабарончага цэнтру "Вясна" быў прысвечаны аналізу паслядоўнага скарачэння межаў правоў і свабодаў, які актывізаваўся пасля выбараў прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе, якія прайшлі з істотнымі парушэннямі і паклалі канец прызнанню рэжыму Лукашэнкі ў якасці легітымнай улады. Цяперашні даклад змяшчае абноўленыя звесткі аб сітуацыі з сакавіка 2023 года па сакавік 2024-га. Прэзентацыя дакладу "Вясны" плануецца 5 красавіка а 14:00 у "Беларускім доме" ў Вільні. Пакуль прыводзім некалькі палажэнняў з яго.

paliatviazen_sud.jpg
Ілюстрацыя spring96.org

Свабода слова і "барацьба з экстрэмізмам і тэрарызмам"

Барацьба ўладаў са свабодай слова, уключна з прыкрыццём барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам, ажыццяўляецца шляхам ужывання артыкулаў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму", Закона Рэспублікі Беларусь "Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму", Закона Рэспублікі Беларусь "Аб генацыдзе беларускага народа", пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Аб мерах процідзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму" ды інш. У 2019 годзе праваабаронцамі быў праведзены падрабязны аналіз антыэкстрэмісцкага заканадаўства і аддадзеныя рэкамендацыі дзяржаве па паляпшэнні сітуацыі, аднак яны былі праігнараваныя, а антыэкстрэмісцкае заканадаўства з таго моманту толькі пашыралася.

Партрэт "экстрэміста"

Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці публікуецца на сайце Міністэрства ўнутраных спраў. На 22 сакавіка 2024 г. у пераліку – 3 914 чалавек.
Сярод артыкулаў КК, па якіх ўносяць у "спіс экстрэмістаў" лідэрамі з'яўляюцца:

  • артыкул 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) – 740 абвінавачванняў;
  • артыкул 368 КК (абраза Лукашэнкі) – 230 абвінавачванняў;
  • артыкул 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) – 202 абвінавачванні;
  • артыкул 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) – 142 абвінавачванні;
  • артыкул 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) – 91 абвінавачванне.

Пераважная колькасць уключаных у пералік з 1 сакавіка 2023 г. па 29 лютага 2024 г. складаюць асуджаныя, якія адбываюць пакаранне: 702 чалавекі, на другім месцы – людзі з непагашанай судзімасцю: 632 чалавекі.
Мінімальны ўзрост чалавека, уключанага ў пералік – 16 гадоў, максімальны – 74 гады. У пералік уключаюцца не толькі грамадзяне Беларусі, але і замежнікі, у дачыненні да якіх прысуд набыў моц. Па грамадзянстве, пераважная большасць – 1323 чалавекі – грамадзяне Беларусі, далей – 5 грамадзян Украіны, 2 – Расіі, 1 – Польшчы, 1 –Узбекістана.

Адвакат у спецвытворчасці

Удзел абаронцы абавязковы з моманту вынясення (узгаднення пракурорам) пастановы аб правядзенні спецыяльнай вытворчасці (ч. 5 арт. 468-25 КПК). Звычайна абаронцу прызначае следчы з ліку адвакатаў тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў. Многія абвінавачаныя не валодаюць інфармацыяй аб тым, хто ў іх абаронца. У адкрытым доступе прозвішча, імя адваката не выдаецца. Гэта прыводзіць да немагчымасці атрымання абвінавачаным копій найважнейшых працэсуальных дакументаў па справе, у тым ліку тых, што змяшчаюць сутнасць абвінавачвання, так як асаблівасць спецыяльнай вытворчасці складаецца ў тым, што "копіі працэсуальных дакументаў, якія падлягаюць уручэнню абвінавачанаму, за выключэннем працэсуальных дакументаў, у якіх утрымліваюцца звесткі, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты, а таксама паведамлення, якія закранаюць яго правы і інтарэсы, накіроўваюцца абаронцу абвінавачанага".

У той жа час, адвакаты-абаронцы звязаныя падпіскамі аб невыдаванні дадзеных папярэдняга расследавання, якія даюць органу расследавання і не перадаюць падабаронным даныя па справе, справядліва баючыся далейшага пераследу. Наогул пытанні ўзаемаадносін абаронцы з абвінавачаным у спецыяльнай вытворчасці засталіся неўрэгуляванымі, а адпаведныя агульныя нормы КПК і заканадаўства аб адвакатуры ў гэтым выпадку непрыдатныя. Дзеянні абаронцы без уліку або насуперак пазіцыі падабароннага па крымінальнай справе супярэчаць закону і сутнасці ўзаемаадносін паміж адвакатам і кліентам.


Прэзентацыя дакладу адбудзецца 5 красавіка (пятніца) а 14:00 у "Беларускім доме" (Vilniaus gatve, 20) у Вільні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства