viasna on patreon

"Інструмент рэпрэсій прадстаўнікоў беларускага народа і не толькі". ПЦ "Вясна" прэзентаваў даклад пра экстрэмізм і тэрарызм

2024 2024-04-05T17:22:33+0300 2024-04-05T17:22:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pavel_sapelka_na_dakladze_2024-04-05.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" прэзентаваў даклад "Абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам". Расказваем, як гэта было.

Даклад ахоплівае перыяд з 1 сакавіка 2023 па 1 сакавіка 2024 года. Бо менавіта тады (у 2023 годзе) быў прэзентаваў папярэдні даклад "Вясны" на гэтую тэму.

Тэмай дакладу стала адно толькі права, што з'яўляецца асновай для многіх іншых правоў і з якой выцякаюць многія абавязкі дзяржавы — гэта свабода выказвання меркаванняў.

"Вы не ўбачыце вельмі многіх аспектаў парушэння іншых правоў: напрыклад, парушэння права на свабоду мірных сходаў і права на жыццё, ды іншых,— сказаў юрыст "Вясны" Павел Сапелка, які прэзентаваў даклад. — Але гэта не таму, што тыя правы парушаюцца гэтак жа пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам, а таму, што мы абмежавалі свае пошукі свабодай выказвання меркаванняў".

pavel_sapelka_na_dakladze_2024-04-05.jpg
Павел Сапелка падчас прэзентацыі даклада

Партнёрам дакладу быў "Article 19" — арганізацыя, якая ва ўсім свеце займаецца свабодай слова і свабодай выказвання меркаванняў.

"Асноўны пасыл дакладу — у загалоўку, — адзначыў Павел Сапелка. — Канстатацыя выніку нашых даследаванняў вынесена менавіта ў загаловак. Што барацьба з экстрэмізмам і тэрарызмам у Беларусі — гэта не той працэс, які прадпісаны Беларусі міжнароднымі дамовамі, і не з'яўляецца тым, чым гэтая барацьба насамрэч мусіць быць. Гэта выключна інструмент для барацьбы з рознага кшталту свабодамі, гэта інструмент рэпрэсій прадстаўнікоў беларускага народа і не толькі".

Высновы дакладу заснаваныя на шэрагу міжнародных нарматыўных актаў (Сіракузскія прынцыпы, Ёханэсбургскія прынцыпы і Рабацкі план дзеянняў). Было таксама разгледжана нацыянальнае заканадаўства Беларусі, прынятае за апошні год для таго, каб узмацніць той ціск, які аказваюць улады на свабоду і правы чалавека — гэта праект новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і Закон Рэспублікі Беларусь "Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці". Апошні набыў моц 9 сакавіка 2023 года.

"Напрыклад, у праекце новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі ўлады рыхтуюцца да яшчэ большага і больш сур'ёзнага закручвання гаек, а ў Законе "Аб змене кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці" — гэта змены ў Крымінальны кодэкс, якія дапоўнілі шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса новымі санкцыямі, то-бок узмацнілі адказнасць за тыя злачынствы, якія ўладамі называюцца экстрэмісцкімі, і адказнасць за якія выкарыстоўваецца як інструмент барацьбы са свабодай слова", — адзначае Павел Сапелка.

Цяпер улада вядзе некалькі пералікаў і спісаў. Яны публічныя. Праўда, цяпер часова недасягальны спіс "тэрарыстаў", які вядзе КДБ. Спіс "экстрэмістаў" знаходзіцца на сайце МУС. А спіс інфармацыйных матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі, вядзе Міністэрства інфармацыі.

Уключэнне індывідаў, супольнасцяў, медыя, іншых суб'ектаў ды інфармацыйных матэрыялаў у "экстрэмісцкія" і "тэрарыстычныя" пералікі

Гэты спіс змяшчае на сённяшні дзень 3 819 чалавек.

"Гэта тыя людзі, якія былі асуджаныя ўладамі па экстрэмісцкіх так званых складах злачынства і якія альбо адбываюць пакаранне, альбо ўжо адбылі пакаранне, яны будуць утрымлівацца ў гэтым спісе яшчэ цягам пяці гадоў пасля заканчэння тэрміну судзімасці. Гэта значыць для кагосьці яго знаходжанне ў спісе можа быць пажыццёвым, а для кагосьці — на 10, 15, 20 гадоў", — патлумачыў Павел Сапелка.

Гэтаму спісу крыху больш за два гады. Ён пачаў запаўняцца ў сакавіку 2022 года. З гэтага моманту па люты 2023 года туды было ўнесена 2 487 чалавек. А з сакавіка 2023 года па люты 2024 года туды было ўнесена 1 332 чалавекі.

"Чаму такое цікавае разыходжанне паміж колькасцямі? У 2022-2023 гадах у гэты пералік уносілі ўсіх тых людзей, што былі асуджаныя да 2022 года і ў 2022-м годзе. Гэта азначае, што ўлады даганялі свае рэпрэсіі і ўносілі туды тых людзей, якія былі асуджаныя яшчэ да прыняцця гэтай нормы аб складанні спісаў і да таго, як парадак складання гэтых спісаў быў усталяваны. У мінулым жа годзе туды трапіла больш людзей, якія былі асуджаныя ў апошні перыяд. Так што скажу, што гэта дакладна не сведчыць аб змяншэнні рэпрэсій".

З пазначаных 1 332 чалавекі, якія ўнесены за год у пералік, прыблізна роўная колькасць людзей — гэта тыя, хто адбывае пакаранне (702 чалавекі), і тыя, хто ўжо адбыў пакаранне і знаходзяцца ў гэтым спісе таму, што іх судзімасць яшчэ не пагашаная (632 чалавекі).

Яшчэ адзін чалавек быў унесены за гэты год у спіс у сувязі з тым, што быў накіраваны на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, што наўпрост парушае ўнутраны нацыянальны закон, дзе напісана, што ў спіс трапляюць асобы асуджаныя.

"Мы падзяляем меркаванне ўладаў, што ім зусім без розніцы, каго туды змяшчаць, таму яны змяшчаюць туды і людзей, у дачыненні да каго не вынесены прысуд, і ў тым ліку людзей, вызваленых ад крымінальнай адказнасці ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Гэта значыць вось такія 4 чалавекі туды ўнесеныя наогул па-за нацыянальным законам".

Праваабаронцы таксама прааналізавалі ўзрост людзей, унесеных у спіс.

"Гэта таксама досыць яркі паказчык. Нават цяжка сказаць, хто ў Беларусі не падпадае пад пераслед пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам. Гэта ўласна людзі самых розных узростаў, у тым ліку непаўналетнія", — патлумачыў праваабаронца.

"Наш боль — гэта тыя людзі, якія загінулі, знаходзячыся ў месцах пазбаўлення волі. Паводле закона, іх павінны былі выключыць з гэтага спісу, але яны дагэтуль там застаюцца".

Пералік экстрэмісцкіх фармаванняў

"Мы ўпэўненыя ў тым, што прызнанне тых ці іншых суб'ектаў экстрэмісцкімі фармаваннямі, гэта адзін са спосабаў барацьбы з правам на свабоднае выказванне меркаванняў, таму што большая частка гэтых рэсурсаў, гэтых суб'ектаў — гэта рознага кшталту тэлеграм-каналы, рознага кшталту аб'яднанні людзей. Гэта таксама парушае і свабоду асацыяцый".

За 2023 год 62 суб'екты былі прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі.

Спіс грамадзян і арганізацый, якія маюць дачыненне да тэрарызму

"Улады дакладна гэта ўсё робяць не для таго, каб змагацца з тэрарызмам і экстрэмізмам, — каментуе эксперт. — Таму калі вы звернеце ўвагу на тых, хто ўключаны ў гэты пералік, убачыце, што за апошні год туды ўключылі 163 чалавекі, з іх 10 у сувязі з уключэннем у санкцыйны пералік Савета Бяспекі ААН, гэта не грамадзяне Беларусі, гэта, скажам так, міжнародна-прызнаныя тэрарысты. Астатнія — згодна з рашэннем беларускіх уладаў. Гэта грамадзяне Беларусі і адзін грамадзянін Украіны".

Пералік матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі

"Гэты пералік вядзе Міністэрства інфармацыі. І вядзе яго вельмі даўно, у адрозненне ад двухгадовай даўнасці вышэйназваных спісаў і крыху больш даўняму спісу тэрарыстаў. Гэты ж пералік вядзе сваю справаздачу з 2005 або 2006-га года".

Зараз у спісе 4 300 пазіцый.

"Гэта вельмі ўмоўная лічба, таму што там многімі рашэннямі прызнаецца экстрэмісцкімі незразумелая колькасць матэрыялаў: гэта можа быць 50 налепак, альбо адзін цэлы сайт, або кніга, або тэлеграм-канал... Дарэчы, уладамі гэты спіс не пранумараваны. Але калі ўмоўна яго перанумараваць, то атрымаецца 4300".

"Памер і аб'ём гэтага спісу — адзін са складнікаў рэпрэсіўнай палітыкі. Гэта значыць чалавеку нават тэарэтычна цяжка меркаваць, што з таго, што ён захоўвае ў сябе на носьбіце, што ён перасылае свайму сябру, пад чым ён ставіць "клас" — што з гэтага з'яўляецца экстрэмісцкім матэрыялам?"

Крымінальны пераслед за розныя праявы, якія ахопліваюцца на думку ўладаў за паняцце экстрэмізму

З 2021 года вынесена толькі вядомых праваабаронцам прысудаў у дачыненні да 27 чалавек. Гэта абвінавачанне ў гвалтоўнай змене канстытуцыйнага ладу і (або) тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь; захоп або ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

З поўным тэкстам даклада можна азнаёміцца тут:

"Інструмент рэпрэсій прадстаўнікоў беларускага народа і не толькі". ПЦ "Вясна" прэзентаваў даклад пра экстрэмізм і тэрарызм

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства