Прымусовая праца: як беларускі ўрад (не)выконвае міжнародныя абавязальніцтвы
У Беларусі да гэтага часу выкарыстоўваецца прымусовая праца пад выглядам суботнікаў, прыцягнення школьнікаў да ўборкі ўраджаю, размеркавання студэнтаў у ВНУ, турэмнай працы, кантрактнай сістэмы найму, лячэбна-працоўных прафілакторыяў і іншага. Міжнародная арганізацыя працы і праваабаронцы неаднаразова паказвалі беларускаму ўраду на парушэнні міжнародных абязальніцтваў, датычных забароны на прымусовую працу. З праваабаронцам "Вясны" Алегам Мацкевічам разбіраемся, што такое прымусовая праца, чым рэгулюецца яе забарона, а таксама аналізуем, што Беларусь (не)зрабіла ў накірунку скасавання прымусовай працы.
Якія пытанні ўздымаюцца ў матэрыяле:
- Што такое прымусовая праца?
- Як рэгулююцца пытанні прымусовай працы нацыянальным заканадаўствам?
- Чым рэгулюецца забарона прымусовай працы на міжнародным узроўні?
- Якія міжнародныя структуры займаюцца пытаннямі прымусовай працы?
- На якія парушэнні Рэспублікай Беларусь сваіх міжнародных абавязальніцтваў, датычных забароны на прымусовую працу, указвае Міжнародная арганізацыя працы? І якія змены ў Рэспубліцы Беларусь у гэтым пытанні адбыліся?
Што такое прымусовая праца?Згодна з арт. 13 Працоўнага кодэкса, прымусовай працай лічыцца праца, якая патрабуецца ад работніка пад пагрозай прымянення якога-небудзь гвалтоўнага ўздзеяння, у тым ліку ў якасці: 1) сродку палітычнага ўздзеяння або выхавання ці ў якасці меры пакарання за наяўнасць або выяўленне палітычных поглядаў або ідэалагічных перакананняў, процілеглых устаноўленай палітычнай, сацыяльнай або эканамічнай сістэме; У ПК адзначаецца, што не лічыцца прымусовай працай: 1) праца, якая выконваецца ў выніку ўступіўшага ў законную сілу вырака суда пад наглядам дзяржаўных органаў, адказных за захаванне законнасці пры выкананні судовых прыгавораў;
|
Як рэгулююцца пытанні прымусовай працы нацыянальным заканадаўствам?Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прымусовая праца забароненая. Згодна ч. 4 арт. 41 Канстытуцыі, прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы на падставе судовай пастановы або ў адпаведнасці з законамі аб надзвычайным і ваенным становішчах. У Працоўным кодэксе забароне прымусовай працы прысвечаны асобны арт. 13, дзе таксама прама сказана, што прымусовая праца забараняецца. Прымус чалавека да працы ў тэрміналогіі “эксплуатацыя” згадваецца ў Крымінальным кодэксе, у прыватнасці, у артыкулах 181, 181[1], 182 и 187. Падлягаюць крымінальнаму пакаранню супрацьпраўныя дзеянні, звязаныя з гандлем, выкраданнем людзьмі, незаконнымі дзеяннямі, накіраванымі на працаўладкаванне грамадзян за мяжой, якія ажыццяўляюцца ў тым ліку з мэтай эксплуатацыі. Таксама забаронена выкарыстанне рабскай працы або іншай формы эксплуатацыі чалавека. |
Чым рэгулюецца забарона прымусовай працы на міжнародным узроўні?На міжнародным узроўні забарона прымусовай працы замацаваная ў двух асноўных дакументах:
Забарона на прымусовую працу ўтрымліваецца таксама ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах. Усе тры міжнародныя дакументы ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь. Гэта азначае, што наша дзяржава ўзяла на сябе абавязак выконваць іх палажэнні. |
Якія міжнародныя структуры займаюцца пытаннямі прымусовай працы?З 1954 года Рэспубліка Беларусь з’яўляецца членам Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) – адной з найстарэйшых спецыялізаваных устаноў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Аднак у цяперашні час тэхнічнае супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і МАП прыпыненае. Тэхнічнае супрацоўніцтва ў міжнародным кантэксце звычайна ўключае ў сябе абмен інфармацыяй, узаемныя кансультацыі, удзел у сумесных праграмах і праектах і таму падобныя дзеянні. Тым не менш, у нашай краіны застаецца абавязак справаздачыцца перад Міжнароднай арганізацыяй працы (у асобе яе выканаўчага органа – Міжнароднага бюро працы) кожныя два гады па 12-ці прыярытэтных канвенцыях, у лік якіх уваходзяць канвенцыі аб скасаванні прымусовай працы № 29 і № 105. Праваабаронца Алег Мацкевіч звяртае ўвагу, што 2024 год – год справаздачнасці Рэспублікі Беларусь перад МАП па сямі канвенцыях. Інфармацыю аб гэтым можна знайсці на сайце Міжнароднай арганізацыі працы ў краінавым раздзеле. Вынікі справаздачнасці пакуль знаходзяцца ў статусе “запытана”. Таксама ў МАП чакаюць адказаў ад нашай дзяржавы ў сувязі з камунікацыяй з Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), які накіраваў гэтай міжнароднай інстытуцыі свае заўвагі адносна выканання Рэспублікай Беларусь абавязкаў згодна з палажэннямі канвенцый № 29 і № 105. Каментарыі Рэспубліка Беларусь павінна даць яшчэ і ў сувязі з неабходнасцю прадставіць вынікі працы, зробленай у адпаведнасці з высновамі Камітэта па прымяненні стандартаў (Камітэт Канферэнцыі) падчас Міжнароднай канферэнцыі працы ў чэрвені 2019 года (108-я сесія). БКДП падаваў у МАП заўвагі адносна выканання Рэспублікай Беларусь канвенцый аб скасаванні прымусовай працы № 29 і № 105 у жніўні 2021 года і ў студзені 2022 года. У гэтай сувязі Камітэт экспертаў МАП па прымяненні канвенцый і рэкамендацый (CEACR) узяў пад увагу вынікі дыскусіі, якую правёў Камітэт па прымяненні стандартаў (Камітэт Канферэнцыі) на 108 сесіі МАП па пытанні прымянення Канвенцыі № 29. Камітэт таксама папрасіў урад прадставіць свае адказы на заўвагі БКДП адносна выканання Рэспублікай Беларусь канвенцый аб скасаванні прымусовай працы № 29 і № 105, якія ён даваў у жніўні 2021 года і ў студзені 2022 года. |
На якія парушэнні Рэспублікай Беларусь сваіх міжнародных абавязацельстваў, датычных забароны на прымусовую працу, указвае Міжнародная арганізацыя працы? І якія змены ў Рэспубліцы Беларусь у гэтым пытанні адбыліся за мінулы перыяд?
Па выніках працы, зробленай у адпаведнасці з высновамі Камітэта па прымяненні стандартаў (Камітэт Канферэнцыі) падчас Міжнароднай канферэнцыі працы ў чэрвені 2019 года (108-я сесія) можна адзначыць наступнае.
Артыкулы 1(1), 2(1), 2(2)(c) Канвенцыі № 29. Прымусовая праца, устаноўленая нацыянальным заканадаўствам для асобных катэгорый работнікаў і асоб.
Камітэт адзначыў, што “ў сувязі з папраўкамі, унесенымі ў 2018 годзе ва Указ Прэзідэнта № 3 ад 2015 года, раздзелы, якія тычацца адміністрацыйных пакаранняў, збораў або абавязковых работ, што накладаюцца на беспрацоўных, былі выдалены і замест гэтага ва Указе асноўная ўвага надаецца садзейнічанню працаўладкаванню. Камітэт таксама адзначае ўказанне ўрада ў яго дакладзе аб тым, што, згодна з змененым Указам, людзі, “працаздольныя” і здольныя працаваць, але не працуючыя, павінны плаціць за камунальныя і грамадскія паслугі па поўнай стаўцы без якіх-небудзь дзяржаўных субсідый.” У сувязі з гэтым пытаннем Камітэт прыняў да ведама заўвагі БКДП аб тым, што замена “дармаедскага” збору на абавязак плаціць за камунальныя і грамадскія паслугі больш высокую цану прадстаўляе сабой яшчэ адну форму фінансавага пакарання для грамадзян Беларусі. БКДП таксама ў сваіх заўвагах адзначыў, што замена тэрміналогіі ва ўказе захоўвае тую ж рэпрэсіўную і дыскрымінацыйную сутнасць і прадстаўляе сабой ускосны прымус да працы. У сваю чаргу, адзначыў БКДП, у адкрытым доступе няма дадзеных аб агульнай колькасці асоб, якія ўключаныя ў спіс “працаздольных” грамадзян, не занятых у эканоміцы. Камітэт папрасіў урад Беларусі забяспечыць рэалізацыю так званага “дармаедскага” указа такім чынам, каб ён на практыцы не выходзіў за рамкі мэты садзейнічання эканоміцы. Адначасова Камітэт папрасіў Беларусь працягваць прадстаўляць інфармацыю аб прымяненні ўказа на практыцы, у прыватнасці, аб колькасці асоб, якія залічаны ў якасці “працаздольных”, не занятых у эканоміцы, а таксама аб колькасці асоб, якія абавязаныя плаціць за камунальныя і грамадскія паслугі па поўным тарыфе. Якія змены ў Рэспубліцы Беларусь у гэтым пытанні адбыліся за мінулы перыяд?Апошнія змены ў Дэкрэце № 3 ад 02 красавіка 2015 года “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва” былі ўнесеныя 25 студзеня 2018 года. Менавіта тады адмянілі збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў з тых грамадзян, якія лічыліся беспрацоўнымі. Наўзамен мясцовыя выканкамы абавязалі стварыць базы дадзеных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, і пастаянна дзеючыя камісіі па каардынацыі працы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Пачынаючы з 01 студзеня 2019 года працаздольныя грамадзяне, не занятыя у эканоміцы і ўключаныя ў базы так званых “дармаедаў”, павінны аплачваць паслугі, вызначаныя Саветам Міністраў, па цэнах (тарыфах), якія забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне. Пастаянна дзеючыя камісіі па каардынацыі працы па садзейнічанні занятасці насельніцтва атрымалі права прымаць рашэнні аб поўным або частковым вызваленні грамадзян, не занятых у эканоміцы, у сувязі са знаходжаннем іх у цяжкай жыццёвай сітуацыі, ад аплаты паслуг па поўных тарыфах. Таксама камісіі займелі права прымаць рашэнні аб накіраванні працаздольных непрацуючых грамадзян, вядучых асацыяльны лад жыцця, у ЛПП. У адпаведнасці з Дэкрэтам № 3 Савет Міністраў абавязалі ўнесці прапановы па абмежаванні прадастаўлення працаздольным грамадзянам, не занятым у эканоміцы, безнаяўных жыллёвых субсідый на аплату жыллёва-камунальных паслуг і дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) ці набыцці жылых памяшканняў; па ўдасканаленні заканадаўства ў сферы прафілактыкі правапарушэнняў, аб накіраванні грамадзян у ЛПП і знаходжанні ў іх. У пастанову № 239 ад 31.03.2018 года “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аднясення працаздольных грамадзян да не занятых у эканоміцы, фарміравання і вядзення базы даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, уключаючы ўзаемадзеянне ў гэтых мэтах дзяржаўных органаў і арганізацый” пачынаючы з 2021 года былі ўнесеныя змены – дзевяць разоў. У асноўным яны насілі характар удакладнення катэгорый асоб, якія ўключаюцца ў базу, або пашырэння кола грамадзянаў, якія належаць уключэнню ў базу.
Яшчэ адна ўразлівая група, якая цікавіць Камітэт, гэта тыя катэгорыі асобаў, якія могуць быць прыцягнутыя да прымусовых працаў згодна з нормамі Закона №104-З ад 04.01.2010 года “Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх”. На час камунікацыі Камітэта з дзяржавай такіх катэгорый было тры:
У сувязі з рознасцю падыходаў, якімі трактуецца паняцце прымусовай працы ўрадам Рэспублікі Беларусь і Міжнароднай арганізацыяй працы, у Камітэта ёсць заўвагі да нашай краіны. Першая тычыцца заклікаў Камітэта па прымяненні стандартаў (Камітэт Канферэнцыі) да беларускага ўрада забяспечыць, каб да грамадзян (маюцца на ўвазе тыя, хто ўтрымліваецца ў ЛПП) не прымяняліся празмерныя штрафы, якія прымушаюць выконваць працу. Другая заўвага выказвае заклапочанасць Камітэта адносна прымянення тэрміна “асацыяльны лад жыцця” пры вызначэнні тых беспрацоўных грамадзян, якія з’яўляюцца патэнцыйнымі кліентамі ЛПП. Камітэт адзначыў, што тэрмін “асацыяльны лад жыцця” з’яўляецца надта расплывістым і гэта можа прывесці да адвольных затрыманняў і іншых злоўжыванняў. Яшчэ адна заўвага з’яўляецца каментарыем да тлумачэнняў Рэспублікі Беларусь адносна грамадзян, размешчаных у ЛПП. Урад Беларусі справаздачыцца перад МАП, указваючы, што колькасць людзей, накіраваных у ЛПП, за апошнія пяць гадоў скарацілася амаль удвая, а кліенты ЛПП могуць працаваць на вытворчасцях, якія належаць Міністэрству ўнутраных спраў або на іншых прадпрыемствах, размешчаных паблізу ЛПП. Камітэт у гэтай сувязі адзначыў, што згодна з пастановай МУС ад 25.03.2021 года № 86 “Аб зацвярджэнні Правілаў унутранага распарадку лячэбна-працоўных прафілакторыяў” асобы, якія знаходзяцца ў ЛПП, абавязаны працаваць на месцах і на працах, вызначаных адміністрацыяй (пункт 185). Камітэт таксама прыняў да ведама заўвагі БКДП аб тым, што ЛПП дэ-факта з’яўляюцца месцамі ўтрымання пад вартай, дзе дапамога ў лячэнні алкагалізму або не аказваецца ўвогуле, або аказваецца толькі фармальна. БКДП у камунікацыі з Камітэтам таксама ўказаў на тое, што ў 2020 годзе 4494 чалавекі былі накіраваныя ў ЛПП і калі трэці з іх не мелі праблемы з алкаголем, а ў саміх ЛПП фіксуюцца выпадкі выканання працаў асобамі, якія там знаходзяцца, для патрэбаў прыватнага сектара. Камітэт папрасіў урад Беларусі працягваць прадстаўляць інфармацыю аб практычным прымяненні Закона №104-З ад 04.01.2010 года “Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх” з указаннем, у прыватнасці, агульнай колькасці асобаў, якія размешчаны ў ЛПП. Камітэт папрасіў Беларусь удакладніць крытэрыі для вызначэння ладу жыцця як “асацыяльнага”, указаць віды працаў, якія выконваюцца грамадзяне ў ЛПП і ці могуць гэтыя працы выконвацца ў інтарэсах прыватных асобаў. Якія змены ў Рэспубліцы Беларусь у гэтым пытанні адбыліся за мінулы перыяд? Змяніўся змест артыкула 4 Закона № 104-З ад 04.01.2010 года “Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх”. У цяперашні час у ЛПП могуць быць накіраваныя толькі дзве катэгорыі грамадзян:
Яшчэ адна навела новай рэдакцыі Закона № 104-З ад 04.01.2010 года “Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх” – знікненне тэрміну “асацыяльны лад жыцця”, тлумачэння якога патрабаваў ад Беларусі Камітэт. У астатнім заканадаўства ў галіне дзейнасці ЛПП не змянілася. Прымусовыя працы працягваюць выконвацца грамадзянамі, якія патрапляюць у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, на падставе нормаў Закона № 104-З ад 04.01.2010 года “Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх”. У разрэз з заявамі ўрада Беларусі аб тым, што за апошнія пяць гадоў колькасць кліентаў ЛПП скарацілася амаль удвая, у рэчаіснасці расце не толькі іх колькасць, але і колькасць саміх ЛПП. Так, напрыканцы 2023 года ў падпарадкаванні МУС налічвалася восем ЛПП. Аднак паводле указа А. Лукашэнкі № 333 ад 19.10.2023 года “Аб ліквідацыі папраўчай установы і стварэнні лячэбна-працоўнага прафілакторыю” папраўчая калонія № 5 у Івацэвічах павінна была быць ліквідаваная цягам трох месяцаў і на яе месцы мусіў быць створаны ЛПП № 8. Такім чынам, колькасць ЛПП павялічылася да дзевяці. Павялічэнне колькасці кліентаў ЛПП анансаваў 25 студзеня 2023 года ў сваім выступленні перад членамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу міністр унутраных спраў І. Кубракоў. З гэтай мэтай на 2023 года была запланавана рэканструкцыя ЛПП № 5 і № 9. |
Артыкулы 1(1), 2(1) Канвенцыі №29. Абмежаванне права работнікаў звальняцца з працы.Камітэт прыняў да ведама заўвагі БКДП аб тым, што папраўкі да Працоўнага кодэкса, прынятыя ў 2019 годзе, абмежавалі права работнікаў на скасаванне тэрміновай дамовы, якая можа быць заключаная на тэрмін да пяці гадоў. БКДП указаў на шырокае выкарыстанне тэрміновых кантрактаў у Беларусі. Камітэт адзначыў, што згодна з арт. 41 Працоўнага кодэкса тэрміновая працоўная дамова можа быць скасаваная толькі па вельмі абмежаванай колькасці прычынаў, сярод якіх патрабаванне работніка ў выпадку яго хваробы або інваліднасці, паступлення на вайсковую службу па кантракце і іншых паважлівых прычынаў, якія перашкаджаюць выкананню працы па працоўнай дамове, а таксама ў выпадку парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнай дамовы, працоўнай дамовы. У сувязі з гэтым Камітэт нагадаў, што неад’емным правам работніка застаецца права на звальненне цягам разумнага тэрміна пасля таго, як ён выразіў гэтае жаданне наймальніку. У процілеглым выпадку дагаворныя працоўныя адносіны, заснаваныя на волі бакоў, у сілу дзеяння норм закону пераўтвараюцца ў службовыя і, такім чынам, несумяшчальны з нормамі Канвенцыі. Нагадваючы, што работнік мае права звольніцца з працы, паведаміўшы аб гэтым у разумны тэрмін, Камітэт просіць урад даць дадатковую інфармацыю аб абставінах, пры якіх тэрміновыя кантракты могуць быць скасаваныя па патрабаванні работніка, а таксама аб тым, ці могуць тэрміновыя кантракты быць скасаваныя па патрабаванні работніка без “паважлівай” прычыны. Якія змены ў Рэспубліцы Беларусь у гэтым пытанні адбыліся за мінулы перыяд?
|
Артыкулы 1(1), 2(1) і 25 Канвенцыі № 29. Гандаль людзьмі.Камітэт адзначыў, што ўрад у сваім дакладзе ўказаў, што асноўныя мерапрыемствы па барацьбе з гандлем людзьмі рэалізуюцца ў рамках праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2020-2022 гг. Камітэт адзначыў захады, якія былі накіраваныя Беларуссю на павышэнне дасведчанасці аб гандлю людзьмі: распаўсюджанне інфармацыйных матэрыялаў і вытворчасць відэаролікаў сацыяльнай рэкламы. Камітэт таксама адзначыў заявы ўрада аб значным скарачэнні маштабаў гандлю людзьмі. Урад Беларусі ў камунікацыі з Камітэтам указаў на прыняцце зменаў у пастанову Савета Міністраў №485 ад 11.06.2015 года “Аб ідэнтыфікацыі ахвяраў гандлю людзьмі” з мэтай спрашчэння працэдуры ідэнтыфікацыі і рэабілітацыі ахвяраў гандлю людзьмі; на публікацыю ў 2020 г. дапаможніка “Метадычныя рэкамендацыі па ідэнтыфікацыі ахвяраў гандлю людзьмі”. Камітэт у гэтай сувязі папрасіў урад працягваць даваць інфармацыю аб прымяненні артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якая тычацца злачынстваў у сферы гандлю людзьмі, а таксама інфармацыю аб колькасці выяўленых ахвяраў і відах аказанай ім дапамогі. Якія змены ў Рэспубліцы Беларусь у гэтым пытанні адбыліся за мінулы перыяд?Рашэннем рэспубліканскай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у Беларусі прыняты Комплексны план па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2023-2025 гг. У Закон "Аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі" № 350-З ад 07.01.2012 года ў 2022 і 2023 гг. былі ўнесеныя змены. Яны носяць тэхнічны характар і не з’яўляюцца істотнымі, адзначае праваабаронца. 13 кастрычніка 2023 года Рэспубліка Беларусь у складзе Савета глаў дзяржаў СНД зацвердзіла Міждзяржаўную праграму сумесных мер барацьбы са злачыннасцю на 2024-2028 гг. Праграма ўключае комплекс мерапрыемстваў арганізацыйна-прававой і практычнай накіраванасці па супрацьдзеянні трансгранічнай злачыннасці ў тым ліку ў сферы гандлю людзьмі. |
Артыкулы 1(1), 2(1) Канвенцыі №29. Прымусовая праца бацькоў, чые дзеці былі адабраныя.Асноўным нарматыўным прававым актам, які рэгулюе адносіны ва ўказанай сферы, з’яўляецца Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 года №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няшчасных сем’ях”. Урад Беларусі ў камунікацыі з Камітэтам спасылаецца на станоўчую статыстыку за перыяд дзеяння Дэкрэта № 18: калі ў 2007 годзе бацькі 4451 дзіцяці былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, то ў 2020 годзе гэтая колькасць скарацілася да 1226 дзіцяці. Па стане на ліпень 2021 года бацькі 16246 дзіцяці абавязаны былі кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне сваіх дзяцей ў дзяржаўных дзіцячых установах. Бацькі толькі 114 дзяцей рабілі гэта добраахвотна. Камітэт у камунікацыі з урадам Беларусі адзначыў, што ў дакладзе за 2019 год спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн заявіла, што крытэрыі вызначэння таго, каго варта ўключаць у спіс дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, расплывістыя. Яна таксама адзначыла паведамленні аб тым, што некаторым палітычным дысідэнтам і актывістам грамадзянскай супольнасці пагражаюць уключэннем у гэты спіс, відавочна, з мэтай утрымаць іх ад вядзення сваёй дзейнасці. Камітэт папрасіў урад Беларусі прыняць неабходныя захады з тым, каб рэалізацыя Дэкрэта №18 на практыцы не выходзіла за рамкі рэабілітацыі няшчасных сем’яў. Таксама Камітэт папрасіў урад працягваць даваць інфармацыю аб прымяненні Дэкрэта №18 на практыцы з указаннем колькасці асобаў, якія абавязаныя кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне сваіх дзяцей, у тым ліку шляхам працаўладкавання па рашэнні суда. Якія змены ў Рэспубліцы Беларусь у гэтым пытанні адбыліся за мінулы перыяд?Дэкрэт ад 24.11.2006 года №18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няшчасных сем’ях" працягвае дзейнічаць без зменаў. Бацькі, чые дзеці былі адабраныя і знаходзяцца на ўтрыманні ў дзяржаўных дзіцячых установах, па-ранейшаму абавязаныя кампенсаваць дзяржаве сродкі на ўтрыманне сваіх дзяцей. Тыя асобы, якія не працуюць, падлягаюць прымусоваму працаўладкаванню згодна з судовай пастановай аб працаўладкаванні. Абавязаныя асобы, якія працаўладкаваныя ў адпаведнасці з судовай пастановай, абмежаваныя ў сваіх працоўных правах. Напрыклад, з усіх відаў працоўных і сацыяльных адпачынкаў, якія прадугледжвае Працоўны кодэкс, яны маюць права толькі на асноўны працоўны адпачынак працягласцю 7 каляндарных дзён (24 каляндарны дзень для ўсіх астатніх катэгорый работнікаў) і сацыяльны адпачынак па цяжарнасці і родах і па нагляду за дзіцём да дасягнення ім узросту 3 гадоў. Астатнія працоўныя і сацыяльныя адпачынкі, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы, абавязаным асобам не даюцца. Ухіленне абавязаных асобаў ад абавязковай працы і ад пакрыцця выдаткаў на ўтрыманне дзяцей ў дзяржаўных дзіцячых установах, якія пацягнулі за сабой невыкананне або няпоўнае выкананне штомесячных абавязкаў па кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, з’яўляюцца падставай для прыцягнення вінаватых асобаў да крымінальнай адказнасці. Вызваленыя ад абавязку кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне дзяцей асобы, прызнаныя недзеяздольнымі, а таксама тыя, хто не можа выконваць свае бацькоўскія абавязкі па стане здароўя – згодна з абмежаваным пералікам гэткіх захворванняў і на падставе заключэння лекарска-кансультацыйнай камісіі. Выдаткі на ўтрыманне дзяцей могуць быць скарочаныя судом на падставе заявы таго, хто іх спаганяе, або ад іх утрымання можна быць вызваленым на гэтых жа падставах у пэўных выпадках, якія пералічаныя ў Дэкрэце № 18. Адносна выканання прымусовай працы згодна з судовай пастановай аб працаўладкаванні і адпаведнасці гэтага палажэння нормам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Канвенцыі № 29 можна сказаць наступнае. Згодна з ч. 4 арт. 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прымусовая праца забароненая апрача працы ці службы на падставе судовай пастановы або ў адпаведнасці з законамі аб надзвычайным і ваенным становішчах. У той жа час арт. 2(2)(c) Канвенцыі забараняе ўсялякую працу ці службу, якая патрабуецца ад якой-небудзь асобы ў выніку прыгавору, вынесенага рашэннем судовага органа, пры ўмове, што гэтая праца ці служба будзе рабіцца пад наглядам і кантролем дзяржаўных уладаў, і што ўказаная асоба не будзе саступлена ці перададзена ў распараджэнне прыватных асобаў, кампаній ці грамад. Такім чынам, нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у пытанні вызначэння паняцця прымусовай працы не адпавядаюць палажэнням Канвенцыі № 29 з прычыны таго, што пашыраюць гэтае паняцце да памераў любой працы або службы, якія выконваюцца згодна з судовай пастановай – у адрозненні ад Канвенцыі № 29, якая абмяжоўвае прымусовую працу толькі да працы ці службы, патрабуемыя ў выніку асуджэння ў судзе (вынясення выраку). |
Артыкул 2(2)(c) Канвенцыі № 29. Турэмная праца.Камітэт адзначыў, што не мае ніякіх звестак ад урада Беларусі аб унясенні ў заканадаўства зменаў, якія б гарантавалі, што любая праца або паслугі асуджаных выконваюцца на прыватных прадпрыемствах толькі з свабоднай, фармальнай і ўсвядомленай згоды зацікаўленых бакоў. Камітэт нагадаў, што выключэнне, прадугледжанае ў артыкуле 2(2)(c) Канвенцыі, належаць толькі да працы, якая ўскладаецца на асуджаных, пры ўмове, што не толькі ўказаная праца выконваецца пад наглядам і кантролем дзяржаўнага органа, але таксама названая асоба не наймаецца і не перадаецца ў распараджэнне прыватных асоб. Таму Камітэт паўтарыў просьбу да ўрада Беларусі прыняць неабходныя захады, як дэ-юрэ, так і на практыцы, для забеспячэння таго, каб зняволеныя маглі выконваць працу на прыватных прадпрыемствах толькі з іх свабоднай, фармальнай і ўсвядомленай згоды, і каб такая згода была свабоднай ад пагрозы любога пакарання. Камітэт просіць урад прадставіць інфармацыю аб любым прагрэсе, дасягнутым у гэтых адносінах. Якія змены ў Рэспубліцы Беларусь у гэтым пытанні адбыліся за мінулы перыяд? Абавязковая праца зняволеных у Беларусі выкарыстоўваецца не толькі пад наглядам і кантролем дзяржаўных органаў на дзяржаўных прадпрыемствах, але і ў прыватным сектары: “Гэта – турма! Зняволеныя з Светлагорскага ЛПП распавялі аб умовах утрымання і працы”, “Лячэнне, прымусовая праца ці ізаляцыя? Сістэму лячэбна-працоўных прафілакторыяў чакаюць вялікія змены”. Пры гэтым, сапраўды, у заканадаўстве Беларусі ніколі не было і за апошні час не з’явілася ніякіх норм, якія б гарантавалі, што любая праца або паслугі асуджаных на прыватных прадпрыемствах выконваюцца толькі з свабоднай, фармальнай і ўсвядомленай згоды зацікаўленых бакоў. Таксама абавязковая праца ў Беларусі прымяняецца нават да тых асуджаных, якія не былі пазбаўленыя волі. Напрыклад, нядаўна стаў вядомы выпадак, калі на прымусовыя працы па зборы камянёў на палях дзяржаўнага сельскагаспадарчага прадпрыемства былі адпраўленыя асуджаныя да “хатняй хіміі” (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы). Аб ім шчыра напісала дзяржаўная газета “Прысталічча”, заснавальнікам якой з’яўляецца Мінскі райвыканкам. Па словах самога аўтара заметкі такі выпадак не адзіны. У іншым выпадку да прымусовых працаў па прыборцы мясцовага РУУС былі прыцягнутыя грамадзяне з судзімасцю: “Сотрудники Дрибинского РОВД провели профилактическое мероприятие с лицами, имеющими судимость”. У месцах пазбаўлення волі ў Беларусі здараюцца выпадкі, калі з сваякоў асуджаных пад відам “добраахвотнай перадачы ў дар” патрабуюць інструменты і будаўнічыя матэрыялы на правядзенне рамонту ў памяшканнях, або грошы на аднаўленне абсталявання. “Шчодрасць” падарункаў мае прамое значэнне пры разглядзе спраў аб умоўна-датэрміновым вызваленні. У больш шырокім кантэксце выкарыстанне турэмнай працы ў Беларусі працягвае супярэчыць артыкулу 2(2)(c) Канвенцыі № 29. Так, згодна з нормамі Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у месцах пазбаўлення/абмежавання волі абавязаны працаваць:
Абавязак працаваць, такім чынам, ускладаецца на грамадзяніна, які належыць да вышэйназваных катэгорый, нават у тым выпадку, калі судовы вырак такой павіннасці не прадугледжвае.
|
Артыкул 2(2)(e) Канвенцыі № 29. Суботнікі.Камітэт адзначыў, што ўрад Беларусі ў сваіх штогадовых пастановах рэкамендуе дзяржаўным органам і іншым арганізацыям праводзіць на добраахвотнай аснове рэспубліканскі суботнік, які звычайна прадстаўляе сабой дзень, цягам якога работнікі могуць выконваць працы па добраўпарадкаванні аб’ектаў і тэрыторый, месц працы і г.д. Згодна з пастановамі работнікі могуць добраахвотна вызначыць аб’ём грашовых сродкаў, які будзе ўтрыманы з заробку, атрыманага падчас правядзення суботніка, або з звычайнага заробку, калі суботнік выпадае на іх працоўны дзень. Камітэт адзначыў, што ў камунікацыі з Міжнароднай канфедэрацыяй прафсаюзаў ім былі атрыманыя звесткі, што ў выніку прыняцця пастановы Савета Міністраў ад 16 красавіка 2020 году № 233 "Аб правядзенні рэспубліканскага суботніка ў 2020 годзе” работнікаў прымусілі пагадзіцца на бясплатную працу ці сплаціць “добраахвотныя” ўнёскі ў памеры да адной шостай мінімальнага заробку. Камітэт ААН па эканамічным, сацыяльным і культурным правам у сваіх заключных заўвагах ад 2022 года выразіў занепакоенасць паведамленнямі аб тым, што многія людзі ў Беларусі былі вымушаныя ўдзельнічаць у калектыўных грамадскіх працах, якія меркавана з’яўляюцца добраахвотнымі. Камітэт нагадаў, што прымусовай або абавязковай праца не лічыцца толькі тая праца ці служба, для выканання якой асоба добраахвотна прапанавала сябе без пагрозы якога-небудзь пакарання. Таксама Камітэт нагадаў, што ў адпаведнасці з артыкулам 2(2)(e) Канвенцыі не лічыцца прымусовай або абавязковай праца ў выглядзе дробных камунальных паслуг, якія выконваюцца членамі грамады ў прамых інтарэсах гэтай грамады, яны могуць разглядацца як звычайныя грамадзянскія абавязкі, якія ўскладаюцца на членаў грамады. Але гэтае правіла дзейнічае пры ўмове, што члены грамады ці іх прамыя прадстаўнікі маюць права на кансультацыю адносна неабходнасці такіх прац ці паслуг, а таксама калі гэтая праца ці паслугі не прызначаныя для шырокай групы людзей або ў мэтах эканамічнага развіцця. Таму Камітэт папрасіў урад Беларусі прыняць неабходныя захады для забеспячэння таго, каб на практыцы ўдзел работнікаў у суботніках ажыццяўляўся строга на добраахвотнай аснове, як гэты вызначана ў заканадаўстве, і без пагрозы якога-небудзь пакарання. У гэтай сувязі Камітэт папрасіў урад даць інфармацыю аб прымяненні пастаноў Савета Міністраў, якія вызначаюць парадак правядзення суботнікаў. Якія змены ў Рэспубліцы Беларусь у гэтым пытанні адбыліся за мінулы перыяд? Практыка правядзення рэспубліканскіх суботнікаў працягваецца без зменаў. 15 красавіка 2024 года Савет Міністраў выдаў пастанову, якой прызначыў правядзенне рэспубліканскага суботніка на 20 красавіка. Заробленыя на суботніку грошы будуць выдаткаваныя на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу памяці дзяцей ахвяраў вайны, стварэнне рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі, аднаўленне мемарыялаў, месцаў баявой і воінскай славы ў рэгіёнах і ў Мінску.
Прымусовыя працы могуць выконвацца ў Беларусі і па-за традыцыйнай формай правядзення суботнікаў. Напрыклад, па загадзе начальства ў мэтах арганізацыі спонсарскай дапамогі сельскагаспадарчым прадпрыемствам: “У Ашмянскім раёне студэнтаў і вайскоўцаў адправілі на палі збіраць камяні”. Адмовіцца ад такой працы вельмі цяжка, бо адмова можа пацягнуць за сабой негатыўныя наступствы для работніка. Або для навядзення парадку ў горадзе: “Акция “Вместе за чистый город” продолжается в Борисове”, для пасадкі дрэваў: “Белорусские пограничники во время акции “Аднавім лясы разам” высадили около 30 га леса” і г.д. Удзел у такіх акцыях з’яўляецца вельмі спрэчным з пункту гледжання добраахвотнасці волевыяўлення іх удзельнікаў, таму як прадугледжвае выкананне працаў або паслугаў катэгорыямі работнікаў, якія знаходзяцца ва ўразлівым ад наймальніка становішчы: студэнты, вайскоўцы, работнікі дзяржаўных устаноў. |
Артыкул 1(a) Канвенцыі № 105. Санкцыі, якія прадугледжваюць прымусовую працу ў якасці пакарання за выказванне палітычных поглядаў ці поглядаў, якія супярэчаць устаноўленай палітычнай, сацыяльнай ці эканамічнай сістэме.Раней Камітэт прасіў урад унесці змены або адмяніць арт. 193-1 (незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду або ўдзел у іх дзейнасці), 339 (хуліганства), 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), 367 (паклёп на прэзідэнта), 368 (знявага прэзідэнта), 369-3 (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў) Крымінальнага кодэксу, забяспечыць выключэнне пакаранняў, звязаных з прымусовай працай за мірнае выражэнне палітычных поглядаў ці поглядаў, ідэалагічна супрацьлеглых існуючай палітычнай, сацыяльнай або эканамічнай сістэме. Камітэт адзначыў, што згодна з інфармацыяй, якую даў урад, артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу адменены. Урад таксама ўказаў, што няма ніякай сувязі паміж злачынствамі, якія караюцца згодна з артыкуламі 339, 342, 367, 368 і 369-3 Крымінальнага кодэксу, і мірным выражэннем палітычных поглядаў ці поглядаў, ідэалагічна супрацьлеглых існуючай палітычнай, сацыяльнай або эканамічнай сістэме. Камітэт адзначыў, што, як вынікае з дакладу Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека за 2020 год аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, крымінальныя справы ўсё часцей узбуджаліся ў кантэксце пратэстаў. У перыяд з 9 жніўня па 30 лістапада 2020 года было заведзена больш за 1000 крымінальных спраў супраць удзельнікаў мірных пратэстаў, членаў і прыхільнікаў апазіцыі, журналістаў, праваабаронцаў, адвакатаў і асоб, якія крытыкуюць уладу. Пераважная большасць крымінальных справаў у дачыненні да ўдзельнікаў акцый былі ўзбуджаныя паводле арт. 342, 293, 339.2 і розных абвінавачванняў у супраціве і гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Таксама былі выстаўленыя абвінавачванні ў «абразе дзяржаўных службовых асоб», у тым ліку ў каментарах, размешчаных у сацыяльных сетках, і ў «абразе сцяга і нацыянальнай сімволікі» (A/HRC/46/4, пункты 43–45). Камітэт прыняў да ўвагі заўвагі БКДП аб тым, што па стане на 14 лістапада 2021 года ў Беларусі палітычнымі зняволенымі лічыліся 843 чалавекі, больш за палову з якіх знаходзіліся ва ўстановах, дзе зняволеныя павінны працаваць. Камітэт спаслаўся на заключэнні № 50/2021 і № 23/2021 Рабочай групы ААН па адвольных затрыманнях і выказаў асуджэнне з нагоды выкарыстання розных палажэнняў Крымінальнага кодэкса для судовага пераследу і асуджэння асоб, якія выказваюць свае палітычныя погляды або погляды, якія ідэалагічна супярэчаць усталяванай палітычнай, сацыяльнай або эканамічнай сістэме, што вядзе да пакаранняў у выглядзе абмежавання волі, пазбаўлення волі або турэмнага зняволення, усё гэта звязана з прымусовай працай. Таму Камітэт настойліва заклікаў урад прыняць неадкладныя і эфектыўныя меры для забеспячэння таго, каб ні па законе, ні на практыцы ніхто, хто мірным чынам выказвае палітычныя погляды або выступае супраць усталяванай палітычнай, сацыяльнай ці эканамічнай сістэмы, не мог быць асуджаны да зняволення і як следства да прымусовай працы. Камітэт яшчэ раз папрасіў урад унесці змены або адмяніць артыкулы 339, 342, 367, 368 і 369-3 Крымінальнага кодэкса, выразна абмежаваўшы сферу прымянення гэтых палажэнняў сітуацыямі, звязанымі з ужываннем гвалту або падбухторваннем да гвалту, або шляхам адмены санкцый, звязаных з абавязковай працай. Камітэт папрасіў урад даць інфармацыю аб любым прагрэсе, дасягнутым у гэтым плане. Якія змены ў Рэспубліцы Беларусь у гэтым пытанні адбыліся за мінулы перыяд?Артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса (незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду або ўдзел у іх дзейнасці) быў адменены ў студзені 2019 года. На час камунікацыі ўрада Беларусі з Камітэтам ён ужо не існаваў. Але амаль роўна праз тры гады – у студзені 2022 года, Беларусь аднавіла рэпрэсіўную норму і артыкул 193-1 з вельмі нязначнымі зменамі вярнуўся ў Крымінальны кодэкс. Апошнія змены ў арт. 339 КК былі ўнесеныя ў красавіку 2016 года, у артыкул 342 КК – у траўні 2021 года (больш жорсткая адказнасць уведзена па частцы першай артыкула: максімальны тэрмін абмежавання волі павялічыўся з трох да пяці гадоў, пазбаўлення волі – з трох да чатырох гадоў; па частцы другой павялічаны тэрмін пазбаўлення волі з двух да трох гадоў), у артыкул 367 – у траўні 2021 года (больш жорсткая адказнасць уведзена па частцы першай артыкула: максімальны тэрмін пазбаўлення волі павялічыўся да пяці гадоў; па частцы другой павялічаны тэрмін пазбаўлення волі з пяці да шасці гадоў), у артыкул 368 – у траўні 2021 года (больш жорсткая адказнасць уведзена па частцы першай артыкула: максімальны тэрмін абмежавання і пазбаўлення волі павялічыўся з двух да чатырох гадоў; па частцы другой павялічаны тэрмін абмежавання і пазбаўлення волі з трох да пяці гадоў), у артыкул 369-3 – у траўні 2021 года (уведзена больш жорсткая адказнасць: максімальны тэрмін абмежавання і пазбаўлення волі павялічыўся з трох да пяці гадоў).
15 сакавіка 2024 года Савет па правах чалавека ААН апублікаваў даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх. У дакладзе гаворыцца пра закрыццё НДА, змены заканадаўства, пра палітвязняў і ўмовы іх зняволення, у тым ліку ў рэжыме інкамунікада, пра рэпрэсіі супраць СМІ, пазбаўленне адвакатаў ліцэнзій, пашырэнне “экстрэмісцкіх” спісаў, ператрусы, адвольныя затрыманні, катаванні, смерці падчас пратэстаў і ў зняволенні, а таксама вымушаную эміграцыю. Савет прыйшоў да высновы, што "УВКПЧ мае разумныя падставы меркаваць, што было здзейснена злачынства супраць чалавечнасці ў форме пераследу разам з іншымі спадарожнымі дзеяннямі". Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі разгледжана 20 сакавіка на 55-й сесіі Савета ААН па правах чалавека. |
Артыкул 1(d) Канвенцыі №105. Санкцыі ў выглядзе прымусовых работ у якасці пакарання за ўдзел у забастоўках.Камітэт адзначыў указанне ўрада аб тым, што ўдзел грамадзян у мірных забастоўках або мірных акцыях пратэсту не цягне за сабой крымінальнай адказнасці, у прыватнасці, па арт. 310 КК (наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый) і 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх, якія прывялі да парушэння работы транспарту або прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый). У сувязі з гэтым Камітэт адзначыў у сваіх каментарах 2021 года аб прымяненні Канвенцыі аб свабодзе аб’яднанняў і абароне права на арганізацыю 1948 года (№ 87) новыя падрабязныя абвінавачванні ў рэпрэсіях, уключаючы арышты і затрыманні прафсаюзных дзеячаў і працоўных, якія удзельнічаў у прафсаюзных забастоўках. Камітэт таксама адзначае, што ў сваіх высновах 2022 года Камітэт Канферэнцыі па прымяненні стандартаў з вялікай заклапочанасцю адзначыў і выказаў глыбокае шкадаванне ў сувязі са шматлікімі заявамі аб ужыванні надзвычайнага гвалту для падаўлення мірных пратэстаў і забастовак, а таксама аб затрыманнях, зняволенні і катаваннях рабочых падчас утрымання пад вартай пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, а таксама абвінавачванні ў адсутнасці расследавання гэтых інцыдэнтаў. Камітэт з глыбокай заклапочанасцю адзначае інфармацыю аб пакаранні працоўных санкцыямі, якія прадугледжваюць прымусовыя працы, за мірны ўдзел у забастоўках. Камітэт нагадвае, што артыкул 1(d) Канвенцыі забараняе выкарыстанне любой формы абавязковай працы ў якасці пакарання за ўдзел у страйку. Камітэт таксама паўтарае, што арт. 310 і 342 Крымінальнага кодэкса сфармуляваны ў шырокім сэнсе і прадугледжваюць санкцыі, звязаныя з прымусовай працай, за мірны ўдзел у сходах, мітынгах, вулічных шэсцях, дэманстрацыях і пікетаванні. Камітэт настойліва заклікае ўрад прыняць неабходныя меры, каб гарантаваць, як у заканадаўстве, так і на практыцы, што ніякія санкцыі, звязаныя з прымусовай працай, не могуць быць уведзены толькі за факт мірнага ўдзелу ў забастоўках. Ён просіць урад змяніць або адмяніць арт. 310 і 342 Крымінальнага кодэкса, выразна абмежаваўшы сферу дзеяння гэтых палажэнняў сітуацыямі, звязанымі з ужываннем гвалту або падбухторваннем да гвалту. Камітэт таксама просіць урад прадаставіць інфармацыю аб прымяненні артыкулаў 310 і 342 Крымінальнага кодэкса на практыцы, уключаючы адпаведныя судовыя рашэнні, з указаннем, у прыватнасці, прымененых пакаранняў. Якія змены ў Рэспубліцы Беларусь у гэтым пытанні адбыліся за мінулы перыяд?Як і заявы ўрада Беларусі адносна адсутнасці сувязі паміж злачынствамі, якія караюцца згодна з артыкуламі 339, 342, 367, 368 і 3693 Крымінальнага кодэксу, і мірным выражэннем палітычных поглядаў, гэтак і заявы аб тым, што ўдзел грамадзян у мірных забастоўках або мірных акцыях пратэсту не цягне за сабой крымінальнай адказнасці, у прыватнасці, па артыкулах 310 і 342 КК, не адпавядаюць рэчаіснасці. Напрыклад, толькі за 2023 год па артыкуле 342 КК засудзілі да розных відаў крымінальнай адказнасці 863 чалавекі. Агулам іх колькасць можа даходзіць да двух тысяч чалавек. Апошнія змены ў арт. 310 КК былі ўнесеныя ў траўні 2021 года (быў зніжаны памер шкоды, якая можа ўзнікнуць у выніку наўмыснага блакавання транспартных камунікацый шляхам стварэння перашкодаў, устаноўкі пастоў або іншым спосабам – з тысячы да сарака базавых велічыняў, і ў выніку стала прасцей прыцягнуць асобу да адказнасці па гэтым артыкуле), у арт. 342 КК – у траўні 2021 года (больш жорсткая адказнасць уведзена па частцы першай артыкула: максімальны тэрмін абмежавання волі павялічыўся з трох да пяці гадоў, пазбаўлення волі – з трох да чатырох гадоў; па частцы другой павялічаны тэрмін пазбаўлення волі з двух да трох гадоў). Такім чынам, за мінулы перыяд з часу апошняй камунікацыі Беларусі з Камітэтам змест рэпрэсіўнага крымінальнага заканадаўства ў галіне датычнасці да прымусовай працы за мірнае выражэнне палітычных поглядаў і мірнага ўдзелу ў забастоўках не толькі не змяніўся ў бок паляпшэння, але наадварот пагоршыўся. Арт. 310 і 342 КК не зазналі зменаў у лепшы бок – абмежавання іх дзеяння сітуацыямі, звязанымі з ужываннем гвалту або падбухторваннем да гвалту, а іх існаванне працягвае заставацца “законнай” падставай для палітычных рэпрэсій і, як следства, прымусовай працай зняволеных у месцах пазбаўлення волі. |