"Пакаранне за праваабарончую дзейнасць". Павел Сапелка — аб продажы на аўкцыёне кватэры Уладзіміра Лабковіча
На пляцоўцы па продажы маёмасці "Белюрзабеспячэнне" з дапамогай электронных таргоў прададзеная двухпакаёвая кватэра палітзняволенага юрыста Праваабарончага цэнтра "Вясна" і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча. Там ён пазначаны як "даўжнік" з абцяжараннем "арышт следчых органаў, забарона здзяйснення рэгістрацыйных дзеянняў судовага выканаўцы".
Сітуацыю пракаментаваў юрыст "Вясны" Павел Сапелка:
"Продаж кватэры гэта адно з наступстваў вынесенага прысуду, якім нашы калегі пазбаўленыя волі на працяглыя тэрміны ды з іх спагнаныя буйныя грашовыя штрафы. Гэта безумоўна адвольны прысуд, нашы калегі асуджаныя за праваабарончую дзейнасць. Усе наступствы гэтага прысуду – гэта па сутнасці пакаранне нашых калегаў за праваабарончую дзейнасць".
Уладзіміра Лабковіча асудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 228 — кантрабанда; ч. 2 арт. 342 — фінансаванне групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Лабковіча і яго калег Уладзіміра Стэфановіча і Алеся Бяляцкага абвінавачвалі ў тым, што яны "не зарэгістравалі арганізацыю, якой яны кіруюць, ва ўстаноўленым парадку ў якасці юрыдычнай асобы, а таксама ў якасці падаткаплацельшчыка, і не прадставілі адпаведныя звесткі ў падатковыя органы, чым схавалі ад падатковых органаў звесткі аб выплатах, якія ажыццявілі, асобах, якія выплацілі ад імя арганізацыі працы (што аказалі паслугі) і ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам".