Пяцёра дэпутатаў парламента Германіі сталі "хроснымі" палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYou Крысціна-Ёхана Шродар, Амід Нурыпур, Джэм Аздэмір і Хана Штайнмюлер (усе з партыі "Саюз 90/Зялёныя"), а таксама Марыя Нойхль (група Прагрэсіўнага альянсу сацыялістаў і дэмакратаў у Еўрапейскім парламенце, Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны) сталі "хроснымі" Арцёма Федасенкі, Віталя Брагінца, Дзяніса Воразава, Юрыя Ташкінава ды Ганны Кандраценкі.
Арцём Федасенка быў дырэктарам незалежнай друкарні, дзе ён выпускаў улёткі. 19 сакавіка 2021 года ён быў арыштаваны па абвінавачванні ў вырабе і распаўсюдзе незарэгістраваных пратэстных улётак, налепак і газет. Суд асудзіў Арцёма да 4 гадоў пазбаўлення волі нібыта за "парушэнне грамадскага парадку" (артыкул 342).
Крысціна-Ёхана Шродар — дэпутатка нямецкага Бундэстага ад партыі "Саюз 90/Зялёныя". Яна стала "хроснай" Арцёма Федасенкі ды так тлумачыць сваё рашэнне:
"Нягледзячы на жорсткія дзяржаўныя рэпрэсіі, народ Беларусі гадамі змагаўся за свабоду, дэмакратыю і сумленныя выбары. Я адчуваю да іх найвялікшую павагу. Арцём Федасенка быў арыштаваны ў 2021 годзе праз сваю прыхільнасць да дэмакратыі. Яго арышт і зняволенне палітычна матываваныя і не могуць быць апраўданыя. Таму я заклікаю да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Арцёма Федасенкі ды ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі".
Віталь Брагінец — юрыст і абаронца правоў палітвязняў. Ён абараняў у судзе лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Спачатку Віталь быў арыштаваны 25 траўня 2022 года за ўдзел у пратэстах 2020 года. Пасля яму былі прад'яўленыя абвінавачванні ў "парушэнні грамадскага парадку" (артыкул 342), "распальванні нянавісці" (артыкул 130), "стварэнні пагрозы нацыянальнай бяспецы" (артыкул 361) і "стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзелу ў ім" (артыкул 361-1). Суддзя пакараў Віталя 8 гадамі зняволення. Ён таксама быў пазбаўлены сваёй адвакацкай ліцэнзіі.
Амід Нурыпур — дэпутат нямецкага бундэстага і федэральны старшыня партыі "Саюз 90/Зялёныя". Ён другі раз становіцца "хросным" і выказвае салідарнасць з Віталём Брагінцом:
"Я заклікаю да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Віталя Брагінца. Віталь — юрыст. Ён нястомна працаваў у імя вяршэнства закона ў несправядлівай дзяржаве. Ён быў адвакатам лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага і сам стаў ахвярай беларускага рэжыму. Стаўшы яго "хросным", я рашуча падтрымліваю Віталя. Жорсткі прыгнёт з боку беларускага дыктатара мусіць спыніцца. Мы не перастанем заклікаць да вызвалення ўсіх 1 400 палітвязняў у Беларусі. Жыве Беларусь!"
Дзяніс Воразаў вывесіў украінскі і беларускі нацыянальныя сцягі на фасадзе аднаго мінскага шматпавярховіка. Ён абмяркоўваў сваю акцыю ў групавым чаце, які быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем пасля арышту Дзяніса ў верасні 2022 года. Пасля Дзяніса асудзілі да пяці гадоў турэмнага зняволення за "стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім" (артыкул 361-1) і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (артыкул 361-4).
Джэм Аздэмір — федэральны міністр харчавання і сельскай гаспадаркі Германіі. Гэта ўжо трэці раз, калі ён становіцца "хросным" палітвязня ў Беларусі. Каментуючы сваё рашэнне стаць "хросным" Дзяніса Воразава, ён заявіў:
"Я заклікаю да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Дзяніса Воразава. Ён быў арыштаваны за тое, што ў яго і ягоных сяброў хапіла смеласці вывесіць у Мінску ўкраінскі сцяг. Выступаць супраць дыктатуры ў Беларусі і за мір ва Украіне — гэта не злачынства, гэта права чалавека. Толькі ў Беларусі больш за 1 600 чалавек былі арыштаваныя за ўдзел у антываенных акцыях пратэсту. Як яго "хросны", я цвёрда падтрымліваю тых смелых людзей, якія не адмаўляюцца ад барацьбы за мір і дэмакратыю. Рэпрэсіі дыктатара Лукашэнкі ды яго жорсткага рэжыму мусяць спыніцца, і ўсе палітычныя зняволеныя павінны быць вызваленыя. Жыве Беларусь!"
Юрый Ташкінаў негатыўна адазваўся пра вайну ва Украіне і падзяліўся справаздачамі аб праектах гуманітарнай дапамогі ў сацыяльных сетках. Ён таксама зрабіў ахвяраванне ў беларускі фонд салідарнасці з палітвязнямі. У выніку сваіх дзеянняў Юрый быў асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі нібыта за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-2) і "распальванне нянавісці" (арт. 130).
Хана Штайнмюлер — дэпутатка Бундэстага ад партыі "Саюз 90/Зялёныя". Стаўшы яго "хроснай", яна падтрымлівае Юрыя Ташкінава і выступае з наступнай заявай:
"Любому, хто рэалізуе сваё права на свабоду выказвання меркаванняў, падтрымлівае дэмакратычны пратэст або адкрыта крытыкуе ўлады ў Беларусі, пагражае жорсткае пакаранне. На думку беларускай праваабарончай супольнасці, улады злоўжываюць крымінальным заканадаўствам і выносяць празмерна жорсткія прысуды пратэстоўцам і актывістам апазіцыі. Менавіта гэта і здарылася з Юрыем Ташкінавым. Ён выступаў за мір і крытыкаваў дзяржаўную прапаганду дыктатарскага рэжыму ў Беларусі. У выніку ён быў абвінавачаны ў распальванні нянавісці і падтрымцы тэрарыстычнай арганізацыі ды асуджаны да трох гадоў турэмнага зняволення. У межах кампаніі Libereco я бяру на сябе абавязкі яго "хроснай". Я асуджаю гэтую несправядлівасць і заклікаю да неадкладнага вызвалення Юрыя Ташкінава і ўсіх іншых палітычных зняволеных. Усеагульнае права чалавека на свабоду выказвання меркаванняў належыць усім людзям і не павінна абмяжоўвацца ніякім рэжымам!"
Ганна Кандраценка была арыштаваная 5 траўня 2022 года і асуджаная да трох гадоў турэмнага зняволення за "абразу Лукашэнкі" (артыкул 368) і "абразу прадстаўніка ўлады" (артыкул 369). Яе былая сукамерніца паведаміла, што Ганна пакутуе на захворванне скуры, якое пагоршылася праз працу зняволенай з абіўкай з поліэстэру.
Марыя Нойхль — дэпутатка Еўрапейскага парламента ад сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі, а таксама старшыня жаночай групы СДПГ. Яна ўжо ў другі раз становіцца "хроснай". Марыя падтрымлівае Ганну Кандраценку і заяўляе:
"Ганна Кандраценка была арыштаваная 5 траўня 2022 года і асуджаная да 3 гадоў калоніі нібыта за абразу прэзідэнта ды іншых дзяржаўных чыноўнікаў праз яе каментары ў Telegram-чаце. Акрамя таго, ёй быў прызначаны вельмі буйны штраф. Яна з'яўляецца палітзняволенай, і я, што вырасла ў дэмакратычным грамадстве са свабодай слова і друку, магу зразумець абвінавачванні супраць яе толькі як самавольства таталітарнага рэжыму. Ганна ведала, на што здольны беларускі рэжым, і яна яго не спалохалася. Былыя сукамерніцы асцерагаюцца, што яна можа не перажыць свайго знаходжання ў турме: яна пакутуе на псарыяз, які пагаршаецца праз працу з абівальнай тканінай, і дзяўчына не атрымлівае дапамогі ад сваёй сям'і. Ганна змагаецца за свае правы і правы ўсіх людзей у Беларусі. Яе смеласць і ўпэўненасць вартыя пераймання. Яна і ўсе палітвязні з'яўляюцца святлом у цемры дыктатуры ў Беларусі. Таму так важна падтрымліваць дэмакратычны рух, і я настойліва заклікаю Лукашэнку неадкладна вызваліць Ганну і ўсіх астатніх палітычных зняволеных!"