Лінгвістычная экспертыза: што гэта такое і як яна адбываецца?
Амаль у кожнай палітычна матываванай дыфамацыйнай справе адзін з доказаў віны чалавека — лінгвістычная экспертыза. Праваабарончая супольнасць Беларусі ўжо даўно выступае за дэкрыміналізацыю дыфамацыйных артыкулаў, аднак дзяржава па-ранейшаму крымінальна пераследуе людзей за словы. Разам з юрыстам “Берасцейскай Вясны” разбіраемся, якім чынам гэта адбываецца.
Дыфамацыя — распаўсюджванне ганебнай інфармацыі пры дапамозе СМІ. У адрозненні ад паклёпу, дыфамацыя выяўляецца ў тым, што ў публікацыях і іншых крыніцах можа распаўсюджвацца не толькі ілжывая інфармацыя, але і аб'ектыўная. У Крымінальным кодэксе Беларусі змяшчаецца семь артыкулаў, якія замацоўваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю.
Дыфамацыйныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе Беларусі: адказваем на пытанні
Праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч адзначаў:
“Праваабарончая супольнасць Беларусі ўжо даўно выступае за дэкрыміналізацыю дыфамацыйных артыкулаў. Мы працуем над прывядзеннем беларускага Крымінальнага кодэкса ў адпаведнасць тым міжнародным стандартам, якія на сённяшні дзень існуюць у галіне свабоды выказвання свайго меркавання, распаўсюджвання і атрымання інфармацыі”.
Як адбываецца лінгвістычная экспертыза?
Калі супрацоўнікі міліцыі знаходзяць пэўны каментар у публічнай прасторы, ягоны тэкст раздрукоўваюць, далучаюць да яго сведчанні чалавека, які яго напісаў, і адпраўляюць на лінгвістычную экспертызу. Падчас допыту абвінавачаны тлумачыць абставіны, пры якіх ён пісаў каментар, тлумачыць свае намеры і мэты: то-бок, першапачаткова ён сам апісвае, што меў на ўвазе.
Пасля гэтага эксперты аналізуюць каментар ў дапамогай тлумачальнага слоўніка. Тэкст разбіраецца па часткам, ключавых словах: спецыялісты аналізуюць, ці могуць гэтыя словы трактавацца як зняважальныя ці заклік да пэўных незаконных дзейнняў. Яны разглядаюць семантыку тэксту (галіна мовазнаўства, што вывучае сэнсавы змест слоў), пры гэтым важна, каб словы не былі вырваны з кантэкста — дзеля гэтага эксперту варта глядзець на тэкст агулам.
Дзяржаўныя крыніцы сцвярджаюць, што найбольш запатрабаванымі на сёння з’яўляюцца лінгвістычныя даследаванні па справах аб вербальных абразах, а таксама па справах аб злачынствах "экстрэмісцкай" скіраванасці. Яна з'явілася ў 2018 годзе: тады меркавалася, што за год будзе праводзіцца не менш за тысячу лігвістычных экспертызаў.
"Заклікаў да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў і вайскоўцаў". У Мінску вынесены прысуд Аляксандру Емяльянаву
Як паказала лінгвістычная экспертыза, паведамленні мелі ненарматыўную форму маўленчага выказвання.
— Мэта лінгвістычнай экспертызы — вызначыць сэнсавы змест тэксту, —- адзначае юрыст “Берасцейскай Вясны”. — Гэта спроба вызначыць, што меў на ўвазе аўтар тэкста і ці маюць ягоныя словы крыміналістычна значную інфармацыю. Яе праводзяць, калі міліцыянер ці следчы думае, што ў тэксце ёсьць нейкая абраза ці заклік кагосьці не любіць, так як прапаноўваецца дзяржавай.
Звычайна эксперты мусяць адказаць на пэўныя пытанні і аргументаваць свае адказы. Напрыклад, гэта могуць быць наступныя пытанні:
— Ці маюцца ў тэксце выказванні, у якіх негатыўна ацэньваецца пэўны чалавек?
— Ці маюцца ў тэксце выказванні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў, варожасці, нянавісці ў дачыненні да пэўных асобаў?
— Ці маюцца ў тэксце абгрунтаванні ці апраўданні гвалтоўных дзеянняў, варожасці ці нянавісці ў дачыненні да пэўных асобаў?
Апроч гэтага, ставіцца пытанне, якімі моўнымі сродкамі выказаная негатыўная ацэнка, калі яна прысутнічае.
— Якая сацыяльна-псіхалагічная характарыстыка прадстаўленых на даследаванне паведамленняў?
Супрацоўнікамі праваахоўных органаў, у дачыненні да якіх разглядаюцца падобныя каментары, звычайна могуць быць супрацоўнікі пракуратуры, органаў унутраных спраў, Следчага каметэту, КДБ, пагранічнай і таможанай службы, ваенаслужачыя, судовыя выканаўцы. Прадстаўнікамі ўлады звычайна з’яўляюцца дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, а таксама дзяржаўныя служачыя.
Хто і як доўга праводзіць экспертызу?
Дакладных тэрмінаў экспертызы няма: яна абмяжоўваецца тэрмінамі крымінальнай справы ці матэрыяла праверкі. Экспертыза можа цягнуцца вельмі доўга: так адбывалася з асуджанымі паводле “справы Зельцара”, калі эксперты аналізавалі каментары цэлы год. Выключна праз экспертызу могуць працягваць тэрміны раследвання, увесь гэты час чалавек вымушаны заставацца ў СІЗА.
— Існуюць унутраныя дакументы, дзе тэрмін правядзення экспертыз сутыкаецца з паняццем "валакіты", — тлумачыць юрыст. — Гэта абставіны, калі эксперт без аб'ектыўных прычын зацягвае выдачу заключэння. Калі на гэта заплюшчываюцца вочы, то можна адзін радок пэўнага каментара ў сеціве разгледжваць год — і за гэта нічога не будзе, а чалавек, які яго напісаў, будзе ўвесь гэты час сядзець у СІЗА.
Палітвязня, які не чуе на адно вуха, паўторна асудзілі да калоніі
Экспертыза ладзіцца спецыялістамі экспертных устаноў, па тыпу ДКСЭ (Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь), іншымі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі альбо нават выкладчыкамі ўніверсітэта пэўнага профіля. Звычайна яны маюць вышэйшую філалагічную адукацыю. Па сутнасці, экспертызу могуць праводзіць усе дасведчаныя спецыялісты ў гэтай галіне, якіх назначыў следчы ці асоба, якая ажыццяўляе дазнанне для правядзення экспертызы. Аднак некаторыя зняволеныя, з якімі гутарыла “Вясна”, адзначаюць, што паводле чутак, у Беларусі не так шмат людзей, якія пагаджаюцца праводзіць экспертызу. Таму, напрыклад, шмат хто меркаваў, што да “справы Зельцара” прыцягвалі і экспертаў з Расіі.
Што адбываецца далей?
Калі экспертыза праведзеная, справа перадаецца ў суд. Заключэнне эксперта не абавязковае для органаў крымінальнага пераследу і суда, аднак нязгода іх з заключэннем павінна быць імі матываваная (ч.2 арт.95 КПК Рэспублікі Беларусь).
— Пры наяўнасці заключэння эксперта ацэньваецца ягоны змест, бо на падставе заключэння можа быць аснавана кваліфікацыя дзянняў абвінавачванага і самое абвінавачванне, — адзначае юрыст “Берасцейскай Вясны”. — Згодна з п.22 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда ад 29.03.2001 N 1 (рэд. от 31.03.2016) "Аб судовай экспертызе па крымінальным справам" заключэнне эксперта не мае загаддзя вызначанай сілы, не мае перавагу перад іншымі доказамі і, як усе іншыя доказы, падлягае праверцы і ацэнцы паводле ўнутранага пераканання суддзяў. Яно, у сваю чаргу, мусіць быць заснавана на ўсебакавым, поўным і аб'ектыўным разглядзе ўсіх абставінаў у іх сукупнасці.
Судзяць берасцейца, які абразіў у Вайберы супрацоўніка КДБ
Менавіта таму часта экспертыза не даказвае віну чалавека, але яго ўсё адно прызнаюць вінаватым: апошняе слова застаецца за суддзёй. Аднак варта памятаць, што паводле закону, суддзі нясуць адказнасць за адпаведнасць іх “унутранага пераканання” закону.
— Неабходнасць у лінгвістычнай экспертызе ёсць, — рэзюмуе юрыст. — Праблема не ў экспертызе, а ў фармальным і скажоным разуменні, што ёсць "злачынства", і тлумачэнні палажэнняў адпаведных артыкулаў Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь. Калі ў крытыцы палітычнай з'явы бачыць дзяржаўны пераварот, то гэта не праблематыка напісанага тэксту, а ў вольнай трактоўцы, здавалася б, зразумелых форм тэкста крымінальнага кодэкса.