viasna on patreon

"Дзеці рэвалюцыі": маленькія сведкі рэпрэсій — у падкасце "Вясна прыйдзе"

2024 2024-05-31T17:15:00+0300 2024-06-06T14:33:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ikonka-50.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

1 чэрвеня — Міжнародны дзень абароны дзяцей. Падкаст "Вясна прыйдзе" сабраў пяць гісторый дзяцей ды іх рэпрэсаваных бацькоў. Як васьмігадовы Гера ўжо чатыры гады чакае свайго палітзняволенага бацьку; як дзесяцігадовая Багдана апынулася ў прытулку праз арышт яе маці; як сын бачыў збітага бацьку, а дачка цяпер баіцца паліцыі. Гэтыя гісторыі паказваюць, як палітычныя рэпрэсіі ўплываюць на самае ўразлівае — дзяцінства.

Слухайце падкаст на розных пляцоўках тут:

Кароткі змест падкаста:

Юлія Якубоўская, жонка палітвязня Дзмітрыя Канапелькі (асуджанага ў 2020-м годзе на 5 гадоў пазбаўлення волі) і маці васьмігадовага Геры: "Яго буляць у школе: ён не бачыў тату чатыры гады"

"Муж цяпер тэлефануе [з калоніі] і па відэасувязі мае зносіны з дзіцем. Такая гісторыя, што ў яго ёсць вобраз яго дзіцяці, а ў дзіцяці ёсць вобраз бацькі. І гэтыя вобразы фантазійныя ў абодвух. Калі яны сустрэнуцца — я не ведаю, якія чаканні адзін ад аднаго ў іх будуць, і я не ведаю, як гэта будзе, добра ці дрэнна. Таму што такі ўзрост: чатыры гады [было Геры, калі пасадзілі яго бацьку] — дзіця яшчэ толькі пачынаецца, а потым яму восем — і ён ужо са сваімі зацікаўленасцямі, уяўленнямі... Ну і буляць яго ў школе. Дзеці смяюцца: "О, ха-ха, ён не бачыў тату чатыры гады, у турме сядзіць". Часам мне даводзіцца прыходзіць [у школу] і разрульваць гэта ўсё. Я не пакідаю гэта без увагі. Няма каму абараніць — гэта адчуваецца, магчыма, нават дзецьмі — і вось яны такія часам жартачкі адпускаюць. Гера хвалюецца, вядома. Ну а што зробіш? Гэта ўжо ўсё, гэта дзеці рэвалюцыі".

Пётр (імя зменена): "Яны былі з СНС"

"Да нас дадому прыехалі губазікі. Гэта было 8-9 гадзін раніцы, і ўсе былі дома, уключна з дачкой — ёй было пяць гадоў на той момант. У той час да нас прыйшла лагапедка — яна займалася з дачкой і таксама была ў нас дома. І прыйшлі гэтыя супрацоўнікі. Я іх упусціў... Там была так званая група захопу: усё ў гэтай амуніцыі... І адразу яны пачалі крычаць, а я крычу: "Усё, усё! Кладуся! Дзіця дома!" І яны пайшлі, адкрылі пакой дачкі — там яна была з лагапедкай, і зачынілі дзверы. Лагапедка, вядома, уся на нервах, але дзіця гэтага не бачыла.

Пасля мяне забралі на 15 сутак... У мяне нічога не знайшлі наогул, і таму проста аформілі, быццам бы я сам прыйшоў у РАУС і пачаў там крычаць, скакаць, лаяцца і гэтак далей. Гэта значыць артыкул быў па хуліганцы. Праз дзень ці два быў суд, і на наступны дзень пасля суда яны адразу выслалі ліст у дзіцячы садочак, куды хадзіла дачка (або ў аддзел адукацыі, але потым ліст прыйшоў у дзіцячы садок). У лісце гаварылася, што бацька, значыць, хуліган, таму прыміце меры...

А потым дзесьці праз тыдзень прыйшлі нейкія дзве дамы дахаты — яны былі з СНС [сацыяльна-небяспечнае становішча]. Яны хадзілі па кватэры і глядзелі халадзільнік, пакоі..."

Андрэй Тупоўскі: "Я ўбачыў, наколькі яму было балюча бачыць мяне такім..."

"Гэты злапомны 2022-ы год, лістапад месяц... Мне паступае званок на тэлефон: "Добры дзень, Андрэй Уладзіміравіч, ваша машына ўчора трапіла ў аварыю... Інспектар мусіць пад'ехаць, паглядзець". Але да гэтага я разумеў, што кола зносін звужалася нада мной. І тут жа набіраю жонцы і кажу: "Лена, за мной ужо едуць". Я працаваў за горадам. Старэйшы сын навучаўся ў вучэльні алімпійскага рэзерву, ён спартсмен. Едзе, гляджу, таніраваны бус і легкавая машына, таксама злёгку таніраваная. Я адчыняю брамку — адчыняюцца дзверы ў бусе, выскокваюць чатыры амапыша, адразу ж мне б'юць у твар і пачынаюць проста наносіць хаатычныя ўдары: у галаву, па спіне, у патыліцу, куды заўгодна... Я ўпаў, сканцэнтраваўся, прыціснуў локці да тулава. Дзве-тры хвіліны падубасілі, за валасы паднялі: "Дзе ключы ад кватэры?" — "У заплечніку". — " Мы зара едзем да цябе дахаты на ператрус. Хто дома?" — "Сын". — "Колькі гадоў?" — Я кажу: "14 гадоў сыну". — "Окей, мы цяпер і яму кайданкі надзенем, паедзе на малалетку". У мяне наогул у галаве ўсё гэта апускаецца... І я разумею, што нешта не тое адбываецца.

Мяне ў гэты бус паміж сядзеннямі кладуць, у мяне рукі за спінай зашпіленыя ў кайданках, я тварам у падлогу, на каленях, і мне б'юць пастаянна ў патыліцу і хрыбетнік, колькі мы едзем да майго дома. Увесь час сыпаліся ўдары, я ляжаў паміж чатырох чалавек на падлозе — і яны, хто рукамі, хто нагамі, білі мне ўвесь час.

Падвезлі да дома, кватэру маім ключом адкрылі. І на той момант сын быў дома са сваім сябрам, яны з вучэльні прыехалі на абед паміж трэніроўкамі. І тут мяне заводзяць дадому збітага, у кайданках, я заходжу... А я сыну нічога не магу сказаць. І першы раз у жыцці ў майго сына пацякла сляза, і я ўбачыў, наколькі яму гэта было балюча, бачыць мяне такім..."

Карына (імя зменена): "Дачка дагэтуль баіцца паліцыі"

"У лютым мінулага года я з дачкой малодшай пайшла дадому. Пачалі нам тэлефанаваць, стукаць — прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Яны шукалі мужа. Я — не ведаю, як так — "аказала супраціў", таму што яны гэта потым пісалі, бо яны вырывалі ў мяне тэлефон з рук— я як раз у гэты момант са свякрухай размаўляла — яны мне выкручвалі рукі, усяляк абзывалі. А дачку гэта, вядома, вельмі моцна траўмавала, таму што яна была ў шоку, яна спалохалася, пачала крычаць і плакаць. Убачыць, як яе маці закручваюць, для яе было вельмі цяжка. І яна дагэтуль баіцца паліцыі. Як толькі яна дзесьці бачыць, што ідзе паліцэйскі, то ў яе страх гэты застаўся да сёння. Зразумела, што тут [заўв. — Карына жыве ў Нямеччыне] не так, тут зусім усё інакш, але там, у Беларусі, на яе гэта вельмі моцна аказала псіхалагічнае ўздзеянне".

Наталля Карнеева, былая палітзняволеная: "Я была тры месяцы ў турме для дарослых, а дачка была два з паловай месяцы ў турме для дзяцей"

"У мяне ёсць дзве дачкі, адна з іх непаўналетняя. Калі за намі прыйшлі губазікі, на шчасце, дачка ў той дзень ночыла ў сяброўкі — у іх была піжамная вечарынка. Дзякуй богу, яна не бачыла, як нас затрымлівалі з пісталетамі. Калі нас прывезлі ў ГУБАЗ і падчас допыту высветлілі, што афіцыйна я маці-адзіночка, ім гэта вельмі не спадабалася, таму што па законе трэба адпускаць, а яны ўжо шчасліва паціралі ручкі... І пры мне адзін з супрацоўнікаў патэлефанаваў у СНС і сказаў так: "Вось мы прыехалі па разнарадцы па такім адрасе да такой грамадзянкі, яна нейкая неадэкватная і відавочна п'яная, у яе ў кватэры валяюцца бутэлькі, нейкі прытон, там знаходзіцца непаўналетняе дзіця, яго трэба ратаваць". І я павярнулася да яго: "Навошта вы так кажаце? Калі трэба, я магу ў трубку падыхаць, я ж не п'яная, і вы гэта разумееце. Дайце мне патэлефанаваць сваякам, яны забяруць [дзіця]". А ён павярнуўся, мне ў вочы глядзіць: "Не, дастаткова таго, што я сказаў".

І ў той момант я зразумела, што дзіця забяруць. Іншае пытанне было: яна начавала ў сяброўкі, і для мяне заставалася загадкай, як яны там яе знойдуць? Але яны па нумары тэлефона даведаліся яе месцазнаходжання. Прыйшлі туды да сяброўкі дырэктар школы, сацыяльны педагог, паклікалі дачку — і яна да іх пайшла! Як потым яна мне распавядала, што іх у школе вучылі, што калі дадому да цябе прыходзіць нейкая цётачка або дзядзечка з сацыяльных службаў, то ты, дзіця, мусіш рабіць усё, што яны табе кажуць. Аказваецца, іх у школе такому вучаць. І яна пайшла з імі. Ёй не казалі, куды яе вядуць. Спачатку яны схадзілі да нас дадому, сабралі яе рэчы — і яе забралі ў прытулак.

Як я, горка ўсміхаючыся, лічу, што я была тры месяцы ў турме для дарослых, а яна была два з паловай месяцы ў турме для дзяцей".

"Я ніхто". Інтэрв'ю з Марыяй Колесавай-Гудзілінай

Прэзідэнтка Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека, прафесарка і PhD Марыя Колесава-Гудзіліна дала інтэрв'ю падкасту "Вясна прыйдзе".

"Целагрэйка — мая коўдра". Падкаст пра бяздомных у Беларусі

За што бяздомныя трапляюць у месцы зняволення? Як яны там прымусова працуюць? Як людзі, якія сядзелі па палітычных матывах, сустракаліся з бяздомнымі? Як сілавікі ставяцца да бяздомных? І як яны рэпрэсавалі тых, хто бяздомным дапамагаў? І якія ў бяздомных вершы?

"Абавязаныя" жанчыны. Пастка дыскрымінацыі — у новым выпуску падкаста "Вясна прыйдзе"

Тых бацькоў, хто вінен дзяржаве за выдаткі над адабранымі ў іх дзецьмі, называюць"абавязанымі асобамі". Сярод іх шмат і жанчын, і часта яны яшчэ ў больш уразлівым становішчы, чым мужчыны. Як такія жанчыны трапляюць у пастку "абавязаных" — і чаму мы кажам менавіта пра пастку?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства