viasna on patreon

Парушэнне правоў дзяцей праз ідэалогію, патрыятызм і адукацыйную палітыку: меркаванне праваабаронцаў і аналітыкаў

2024 2024-06-28T07:40:00+0300 2024-06-28T08:35:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pravy-dziacei-2024-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тэма парушэнняў правоў беларускіх і ўкраінскіх дзяцей на тэррыторыі Беларусі разглядалася 27 чэрвеня ў Інфармацыйным цэнтры Сейма Літоўскай Рэспублікі. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўніца Беларускага Хельсінскага камітэта Кацярына Дзейкала, эксперт-аналітык Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан і прадстаўніца ўстановы “Дактары за праўду і справядлівасць”, псіхалагіня Вольга Вялічка. З вітальным словам перад праваабаронцамі, экспертамі і журналістамі выступіла дэпутатка літоўскага Сейма, сябра камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Давіле Шакілене.

Арцём Брухан: "Праца па дакументаванні злачынстваў супраць украінскіх дзяцей працягваецца"

Аналітык Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан распавёў аб тым, як вядзецца праца па фіксацыі парушэнняў правоў украінскіх дзяцей, у тым ліку сірот, якіх на працягу 2021-2023 года незаконна перамяшчалі з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь.

З дапамогай сродкаў Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі і актыўным спрыянні яго дзяржсакратара Дзмітрыя Мезінцава такім чынам было вывезена  2150 дзяцей. Удалося высветліць, што іх размяшчалі ў санаторыі “Залатыя пяскі” і “Волма” і аздараўленчых лагерах “Зубронак” і “Дубрава”, які належыць аб’яднанню “Беларуськалій”.

Праграма па вывазу украінскіх дзяцей, якая атрымала адабрэнне Аляксандра Лукашэнкі, нішто іншае, як іх "выкраданне".

Датычнымі да гвалтоўнага вывазу дзяцей Арцём Брухан называе фонд Аляксея Талая, прадстаўніцу фонда “Дэльфін” Вольгу Волкаву  і расійскія акупацыйныя ўлады Данецкай, Луганскай, Чаркаскай і Херсонскай абласцей.

Таксама выяўлена роля Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, які спрычыніўся да ідэалагічнай апрацоўкі дзяцей. Усе яны праводзілі антыукраінскую пракрамлёўскую прапаганду, мэтай якой было жаданне сцерці нацыянальную ідэнтычнасць украінскіх дзяцей і іх перавыхаванне. За гэтыя дзеянні БРСМ нядаўна быў уключаны ў "санкцыйны спіс".

"У апошні час дзеянні па вывазу украінскіх дзяцей не такія адкрытыя, больш завуаляваныя, аднак Народнае антыкрызіснае ўпраўленне працягвае працу па дакументаванні злачынстваў беларускага рэжыму супраць украінскіх дзяцей", — паведаміў Арцём Брухан. 

pravy-dziacei-2024-2.jpg
Давіле Шакілене, Вольга Вялічка і Кацярына Дзейкала.

"Адукацыйная палітыка і патрыятызм" – як інструмент рэпрэсій

Прадстаўніца Беларускага Хельсінскага камітэта Кацярына Дзейкала зрабіла акцэнт аб парушэнні правоў дзяцей, якія застаюцца ў Беларусі.

“Дзеці палітзняволеных, дзеці-палітзняволеныя і дзеці, якія жывуць зараз у Беларусі” – усе яны адносяцца да найбольш уразлівых груп, адзначыла даследчыца.

Беларускія ўлады ў якасці інструмента рэпрэсій выкарыстоўваюць адукацыйную палітыку. Праз яе дзяржава актыўна уплывае на фармаванне свядомасці дзяцей, паставіўшы  ідэалагізаванасць адукацыі, “патрыятызм” і  апраўданне вайны на службу рэжыму. Сітуацыя пагоршылася пасля падзей 2020 года, а затым пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў 2022 годзе.

«Адбылася падмена такога паняцця, як патрыятызм. Цяпер гэта ня проста любоў да Беларусі, а ў першую чаргу паказчык лаяльнасці існуючай уладзе», — кажа Кацярына Дзейкала, адзначаючы рост удзелу праваахоўных орханаў і прадстаўнікоў БПЦ у выхаваўчым працэсе.

Даследчыца паведаміла,  што змест падручнікаў і навучальныя праграмы пачалі ўзгадняцца з сілавымі ведамствамі, у тым ліку і КДБ. Ва ўстановах адукацыі праводзяцца прапагандысцкія і мілітарысцкія мерапрыемствы, пад час якіх адбываецца апраўданне вайны, фармуецца вобраз ворага. Часта на акцыях, якія сталі абавязковымі ў школах, дамінуе ідэалогія "рускага свету".

Яшчэ адной праблемай Кацярына Дзейкала называе дыскрэдытацыю нацыянальнага кампанента. Гэта ганьбаванне ўсяго беларускага, нацыянальных сімвалаў. Бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” сёння называюць фашысцкімі, а распавядаючы пра генацыд беларускага народа падчас другой сусветнай вайны, параўноўваюць фашыстаў з пратэстоўцамі 2020 году.

"Бацькам пагражаюць дзецьмі, а дзецям пагражаюць бацькамі”

Псіхалагіня Вольга Вялічка распавяла пра вялікі ўрон для дзіцячай псіхікі, які наносіць усё большае ўмяшанне дзяржавы не толькі ў выхаваўчы працэс, але і ў беларускую сям’ю.

"Бацькам пагражаюць дзецьмі, а дзецям пагражаюць бацькамі”, — кажа Вольга Вялічка. — Толькі цягам 2023 года 11530 сямей паставілі на ўлік, як  “сацыяльна небяспечнае становішча”, а гэта 23 700 дзяцей. Такія дзеянні сведчыць, што дзяржава і далей будзе ўмешвацца ў выхаванне. Але плаціць за наступствы будуць нашы нашчадкі".

Таксама яна адзначыла яшчэ адну тэндэнцыю: уся сістэма адукацыі зараз пабудаваная так, каб адвучыць дзяцей крытычнаму мысленню, самастойна думаць, І гэта буде мець у будучым сур’ёзныя наступствы.

Напрыканцы канферэнцыі была прэзентаваная кніга Вольгі Вялічкі “Ад 2 да 15. Мая мама ў турме”. У кнізе прыведзеныя сабраныя падчас практыкі ўспаміны дзяцей аб рэпрэсіях, якія закранулі іх сям’ю, а таксама сны, мары і казкі, якія яны напісалі, каб перажыць траўму. Таксама прыведзены рэкамендацыі аўтаркі, як і з якой мэтай выбудоўваць камунікацыю з дзецьмі на палітычныя тэмы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства