Стаў вядомы прысуд, вынесены лідарцы прафсаюза "Нафтан" Вользе Брыцікавай
Віцебскі абласны суд 8 красавіка ў закрытым рэжыме асудзіў былую старшыню незалежнага прафсаюза "Нафтан" з Наваполацку, палітзняволеную Вольгу Брыцікаву. Актывістку абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.
Суд пачаўся 11 сакавіка, справу вяла суддзя Галіна Бондал, вядомая сваімі прысудамі палітвязням Яраславу Казакевічу, Роберту Кузняцову і іншым. Яна прызнала актывістку вінаватай і асудзіла да пазбаўлення волі на тры гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Вольга Брыцікава была затрыманая ў першай палове жніўня 2023 года. Напачатку з’явілася інфармацыя пра тое, што яе абвінавачваюць у "закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі". Разам з Вольгай быў затрыманы і палітзняволены Аляксандр Кухаронак, адзін з першых работнікаў «Нафтану», якія падтрымалі страйк на прадпрыемстве.
Вольга Брыцікава адпрацавала на прадпрыемстве "Нафтан" 16 гадоў, але была звольненая праз сваю прафсаюзную дзейнасць і адстойванне сваёй грамадзянскай пазіцыі. Раней яе неаднаразова затрымлівалі за выказванні супраць вайны і распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў. Цягам 2022 года яна правяла ў зняволенні 105 сутак, з іх – 75 запар.
11 чэрвеня судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынством суддзі Уладзіміра Чаравача разгледзела апеляцыйную скаргу Вольгі і пакінула яе без задавальнення, а прысуд без зменаў.
Сёння стала вядома, што Брыцікаву МУС унёс у "Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Вольгу Брыцікаву накіравалі для адбыцця пакарання ў жаночую ПК № 4 г. Гомеля.
Падтрымайце палітзняволеную: вул. Антошкіна, 3, г. Гомель, 246035, ПК № 4. Вольга Ігараўна Брыцікава.
Разгром актывістаў незалежных прафсаюзаў і "Рабочага руху": спланаваная акцыя ўладаў