Вынесены прысуд пенсіянеру з Барысава, які ў сваіх творах "абразіў" Лукашэнку
У судзе Барысаўскага раёна вынесены прысуд 70-гадоваму Уладзіміру Толкачу, абвінавачанаму ў “абразе Аляксандра Лукашэнкі” паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Таццяна Шыман.
Першы раз Уладзіміра Толкача затрымалі 26 верасня 2023 года і прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Тады ў ягоным тэлефоне выявілі нацыянальную сімволіку і свастыку, якія ён змясціў яшчэ ў 2021 годзе.
Вясной падчас ператрусу ў пенсіянера быў канфіскаваны кампутар, дзе знайшлі вершы Уладзіміра. Эксперты прыйшлі да высновы, што некаторыя радкі могуць утрымліваць абразу Аляксандра Лукашэнкі.
У ходзе судовага пасяджэння Толкачу стала дрэнна, выклікалі “хуткую”, якая адвезла яго ў шпіталь. Але праз некалькі гадзін суд аднавіўся.
18 чэрвеня суд прызнаў Толкача вінаватым і пакараў абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.