viasna on patreon

"У калоніях нізашто сядзяць выбітныя беларускія праваабаронцы, нашыя сябры": вясноўцы правялі акцыю салідарнасці з калегамі Фота

2024 2024-07-12T15:44:00+0300 2024-09-16T11:53:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vilnia-akcya-2024-07-12-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Акцыя салідарнасці са зняволенымі сябрамі Праваабарончага цэнтра “Вясна” адбылася напярэдадні трэцяй гадавіны з дня брутальнага затрымання старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і юрыста арганізацыі Уладзіміра Лабковіча 14 ліпеня 2021 года. Лідары арганізацыі знаходзяцца за кратамі амаль 1100 дзён.

У цэнтры Вільні на плошчы Кудзіркі 12 ліпеня сабраліся праваабаронцы, прадстаўнікі грамадскіх рухаў і актывісты, каб выказаць падтрымку калегам і ў чарговы раз звярнуць увагу на масавыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, наяўнасць вялікай колькасці палітвязняў і тыя нечалавечыя ўмовы, у якіх яны вымушаныя адбываць пакаранне за сваю дзейнасць.

Тры гады таму ў Беларусі адбыліся масавыя затрыманні праваабаронцаў, грамадскіх дзеячоў і журналістаў па ўсёй Беларусі. Наймацней яны закранулі “Вясну”: былі затрыманыя практычна ўсе сябры арганізацыі, якія на той дзень знаходзіліся ў краіне. Старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч, разам з дзясяткамі іншых вясноўцаў, пасля ператрусаў былі затрыманыя і кінутыя за краты за сваю праваабарончую дзейнасць.

"Насамрэч гэта вельмі змрочны дзень: у адначассе мы часова пазбавіліся найлепшых людзей нашай арганізацыі, яе лідараў, заснавальнікаў. Іх затрыманне моцна абяскровіла "Вясну". Мы дасюль вымушаныя жыць, думаючы пра нашах сяброў за кратамі. А сёння мы сабраліся разам, каб нагадаць і сабе, і беларусам, і жыхарам тых краінаў, дзе праводзяцца такія акцыі, аб тым, што зараз, у гэтую хвіліну ў Беларусі ў калоніях нізашто сядзяць выбітныя беларускія праваабаронцы, актывісты, дзеячы, нашыя сябры і калегі", – адзначае праваабаронца Канстанцін Старадубец.

Актывіст партыі “Народная Грамада” Аляксандр заўсёдны наведвальнік акцый салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі:

"Я заўжды выхожу на падобныя акцыі, і тым самым выказваю падтрымку палітвязням. Вельмі важна ўвесь час казаць грамадству аб тым што ў Беларусі шмат палітвязняў, іх катуюць у турмах і калоніях і таму, безумоўна, такія акцыі патрэбна праводзіць паўсюль".

Сёння, на фоне паведамленняў аб пагаршэнні здароўя палітзняволенага Алеся Бяляцкага Мэры Струзэрс, дырэктар рэгіянальнага офісу Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі, сказала:

"Рыхтуючыся адзначыць тры гады з дня затрымання Алеся Бяляцкага і ягоных калегаў, мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя іх здароўем. Мы яшчэ раз патрабуем іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення і настойліва просім даць ім неадкладны доступ да адэкватнай медыцынскай дапамогі, іхных адвакатаў і сваякоў".

Вільня: пікет салідарнасці з затрыманымі два гады таму праваабаронцамі "Вясны"

Маўклівы пікет падтрымкі і салідарнасці са зняволенымі калегамі правялі праваабаронцы і прадстаўнікі кампаніі #FreeViasna ў цэнтры Вільні 14 ліпеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства