viasna on patreon

"У Беларусі працягваецца вайна дабра і зла": як прайшоў Дзень годнасці ў Вільні Фота

2024 2024-08-10T08:40:00+0300 2024-08-10T10:42:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vilnia-2024-08-09-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У дзень салідарнасці з Беларуссю 9 жніўня на Кафедральнай плошчы Вільні адбыўся мітынг, які завяршыўся Маршам годнасці па вуліцах літоўскай сталіцы. Адзначыць чацьвёртую гадавіну найбольш масавых і драматычных паслявыбарчых пратэстаў сабралася каля паўтысячы беларусаў.

На плошчы гучалі песні ў выкананні Лявона Вольскага, чытаў вершы, напісаныя ў зняволенні, былы палітвязень Анатоль Хіневіч, выступалі грамадскія актывісты, праваабаронцы і тыя, хто зусім нядаўна вызваліўся з беларускіх калоній, беларусы вадзілі карагоды.

Перад прысутнымі выступіў вядомы праваабаронца, былы палітвязень Леанід Судаленка:

"Мы сабраліся тут, каб нагадаць пра тысячы беларускіх палітвязняў — нашых братоў, нашых сясцёр, якія кінутыя ў беларускія турмы, дзе стрэс і пастаяннае агрэсіўнае асяроддзе паступова забіраюць здароўе. Здароўе палітвязні таксама губляюць у карцэрах, куды іх вельмі часта з надуманых прычын кідаюць турэмныя адміністрацыі. Там не выдаюць пасцельных прыналежнасцяў, матрацаў, падушак. Там вельмі холадна, асабліва ўзімку, іх катуюць холадам. Там трымаюць вельмі доўгія тэрміны ў адзіночных камерах, без сувязі са знешнім светам.

Дазволю сабе нагадаць прозвішчы беларускіх праваабаронцаў, якія знаходзяцца ў турмах. Гэта валанцёры “Вясны” Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк, кіраўнікі арганізацыі Уладзь Лабковіч, Валянцін Стэфановіч, вядомы ўсім праваабаронца, Нобелеўскі лаўрэат прэміі міру Алесь Бяляцкі. Нагадваю таксама пра тысячы іншых палітвязняў – палітычных і прафсаюзных актывістаў, журналістаў, проста неабыякавых беларусаў, якія толькі за тое, што патрабавалі пераменаў, вымушаныя плаціць гэты высокі кошт. У Беларусі працягваецца вайна дабра і зла.

У гэтыя часы нам застаецца адно, чаго  ў нас нельга забраць — гэта наша салідарнасць. Давайце кожны дзень, кожную гадзіну думаць, дапамагаць сем'ям палітвязняў, чакаць, што яны выйдуць на свабоду жывыя і здаровыя," — заклікаў праваабаронца.

Побач з Леанідам у шыхт сталі калі трыццаці былых палітзняволеных.

На Кафедральнай плошчы было разгорнута шмат разнастайных актыўнасцяў: ахвочыя вучыліся плесці маскіравальныя сеткі, дзеці стваралі малюнкі.

Удзельнік мітынгу, былы палітвязень Міхаіл Жамчужны падзяліўся сваімі ўспамінамі пра падзеі чатырохгадовай даўніны, якія ён сустрэў у зняволенні ў папраўчай калоніі № 9 ў Горках.

"Мы з нецярпеннем чакалі гэтага дня, спадзяваліся на перамены. Ведалі, што адбываецца ў пратэсных колах і спадзяваліся, што пераможам. У месцы пазбаўлення волі ў швейным цаху цішком пашылі бел-чырвона белыя сцягі. Мы іх хавалі пад целагрэйкамі, а адзін сцяг нават разгарнулі над штабам калоніі. Зразумела, што асуджаныя пацярпелі з-за гэтага, некалькі чалавек былі кінутыя ў штрафныя ізалятары. Мы верылі ў перамогу. Навіны да нас даходзілі найперш з этапаў, якія даволі часта прыходзілі ў калонію і палітычных адразу кідалі ў ШІЗА. Мы падтрымлівалі іх як маглі, глядзелі каб яны не пацярпелі ад бязмежжа супрацоўнікаў калоніі і бандытаў. Такім чынам мы выстаялі. Я ўжо на волі. І тыя, хто трымаліся смела і разам, выйшлі на волю. Зараз імкнемся нешта рабіць і не ў акопах, а на перадавой, у атацы”, - распавёў Жамчужны.

Пад песні Лявона Вольскага прысутныя на акцыі зладзілі карагоды. А некаторыя песні беларусы заспявалі разам з музыкам.

Па завяршэнні мітынгу ўдзельнікі акцыі калонай накіраваліся да беларускай амбасады, дзе выступіў беларускі хор, а ўдзельнікі маршу запалілі знічы.

Акцыі і Маршы годнасці ў гэты дзень прайшлі ў многіх еўрапейскіх гарадах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства