viasna on patreon

Леанід Судаленка: "Важна не маўчаць, важна сказаць “Не” адмовам у правасуддзі"

2024 2024-08-12T14:07:00+0300 2024-08-12T14:41:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudalenka-2024-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Судаленка.

Леанід Судаленка.

На 17 верасня у Вярхоўным судзе Беларусі прызначаны разгляд апеляцыйнай скаргі былога палітвязня, праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Скарга была пададзеная па звычайнай пошце.

Ранейшыя камунікацыі праваабаронцы з Гомельскім абласным судом і прызначаным адвакатам былі беспаспяховыя.

Нагадаем, Гомельскі абласны суд 17 чэрвеня ў фармаце спецвытворчасці прызнаў Леаніда Судаленку вінаватым і прызначыў яму на падставе ч.1 арт. 361-4 КК пазбаўленне волі на тэрмін тры гады са штрафам у памеры 500 базавых велічынь, што складае 20 000 рублёў. Ён таксама быў прызнаны вінаватым у іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненым паўторна, і на падставе ч.2 арт. 361-4 КК пакараны пазбаўленнем волі на тэрмін пяць гадоў са штрафам у памеры 650 базавых велічынь, што складае 26 000 рублёў. Шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім, канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму са штрафам 650 базавых велічынь.

Пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму і вялізны штраф: прысуд праваабаронцу Леаніду Судаленку

Леанід Судаленка – адзін з першых праваабаронцаў, які пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года патрапіў пад крымінальны пераслед.

Каментуючы "завочны" прысуд і падачу апеляцыйнай скаргі Леанід Судаленка акцэнтуе ўвагу на канстытуцыйных гарантыях кожнаму на спаборнасць і роўнасць бакоў у судовым працэсе і важнасць не пакідаць без увагі неправасудныя дзеянні служак Феміды:

"Спецыяльная вытворчасць і практыка гэтак званых “завочных судоў" без усялякіх сумневаў прама супярэчаць канстытуцыйным гарантыям кожнаму на спаборнасць і роўнасць бакоў у судовым працэсе.

Акрамя таго, зыходзячы з існуючай практыкі вялікія пытанні выклікае немагчымасць забеспячэння ў спецвытворчасці канстытуцыйнага права на абарону, паколькі прызначаныя адвакаты не толькі самаўхіляюцца ад узгаднення прававых пазіцый з падабароннымі, яны проста ігнаруюць нас, хаваючы нават завочныя прысуды! Мне, напрыклад, заяву на прыцягненне адваката да крымінальнай адказнасці давялося з гэтай нагоды падаць у Следчы камітэт. Не можа крымінальна-працэсуальнае заканадаўства адмяняць сабой нормы Канстытуцыі прамога дзеяння!

З'яўляючыся спецыялістам у галіне права я вырашыў не здавацца і пачаў дзейнічаць! Стратэгічную цяжбу пачаў з хадайніцтва аб адводзе суддзі. Суддзя Гомельскага абласнога суда Анатоль Сотнікаў прыняў справу, загадзя ведаючы, што не зможа забяспечыць канстытуцыйныя гарантыі абвінавачанага, а значыць ведаў пра загадзя неправасудны прысуд. Таксама даў яму шанец ініцыяваць праверку спецвытворчасці на адпаведнасць Канстытуцыі (ёсць у суддзяў такое права), аднак ён не скарыстаўся. Забягаючы наперад, скажу, Еўразвяз ужо ўнёс у санкцыйны спіс гэтага чалавека ў судзейскай мантыі, абвінавачваючы ў падтрымцы “ўнутраных рэпрэсій” і “парушэннях правоў чалавека".

Зараз такі ж шанец рыхтую тром суддзям апеляцыйнай інстанцыі Вярхоўнага Суда з просьбай ініцыяваць праверку спецвытворчасці ў Канстытуцыйным судзе. У выпадку пакідання загадзя неправасуднага прысуду ў сіле яны тут жа ператворацца ў саўдзельнікаў свайго гомельскага калегі. І так па інстанцыях, для вычарпання ўсіх унутраных сродкаў прававой абароны.

А потым пагрукаюся ў дзверы галоўнага суддзі: “Валянцін Алегавіч (Сукала), Вы ў што галіну ўлады ператварылі, вам ёсць што сказаць!” А потым ініцыюю падачу канстытуцыйнай скаргі ў Канстытуцыйны Суд, (такое права ў беларусаў з'явілася з апошнім рэферэндумам). Можа ў Пятра Пятровіча (Міклашэвіч) будзе што сказаць?

Важна не маўчаць, важна сказаць “Не” адмовам у правасуддзі! Бо тое, у чым мяне абвінавачваюць у Беларусі, тут у краінах ЕЗ называецца свабодай выказвання меркавання. Я гатовы вярнуцца ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю для перагляду прысуду. Аднак гэта будзе ўжо іншая гісторыя".

3 лістапада 2021 Леаніда Судаленку асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.  Справу разглядаў суддзя Сяргей Салоўскі. А ў кастрычніку 2022 года МУС унёс палітзняволенага праваабаронцу ў пералік "Асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".

21 ліпеня 2023 года праваабаронца выйшаў на волю з ПК № 3 ("Віцьба"), цалкам адбыўшы тэрмін і выехаў з краіны. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства