viasna on patreon

Законапраект Лукашэнкі: гуманізм ці новыя рэпрэсіі? Каментуе юрыст Павел Сапелка

2024 2024-08-21T18:05:02+0300 2024-08-21T18:05:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sapelko_ocse.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

8 жніўня Аляксандр Лукашэнка ўнёс у Парламент законапраект "Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці", які нібыта "ўзмацняе гуманістычны складнік крымінальнага закона". Аднак некаторыя змены будуць мець значэнне для тых, каго пераследуюць паводле палітычных матываў. Напрыклад, прапануецца ўвесці адказнасць за паклёп і абразу на адрас былога прэзідэнта і членаў яго сям'і, а таксама за "распаўсюд інфармацыі аб размяшчэнні або перамяшчэнні ваеннай тэхнікі". Юрыст "Вясны" Павел Сапелка прааналізаваў новаўвядзенні, прапанаваныя Лукашэнкам, і распавёў пра самыя значныя з іх.

Правозащитник

"З'явіцца шанец на зніжэнне пакарання асуджаным паводле арт. 328 КК"

"Законапраект – гэта чарговая порцыя змяненняў у Крымінальны кодэкс, многія з якіх пацягнуць сур'ёзныя змены ў практыцы прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

Відавочна, самай папулярнай, што будзе шырока абмяркоўвацца, стане частка законапраекта, якая прысвечана адказнасці за незаконны абарот наркотыкаў і псіхатропаў. З'явіцца шанец на зніжэнне пакарання асуджаным паводле арт. 328 КК. Апошні раз гэта было ў 2019 годзе. Такі ж шанец з'явіцца ў некаторых асуджаных за карупцыйныя злачынствы – там таксама змякчылі адказнасць увядзеннем альтэрнатыўных відаў пакарання паводле некаторых папулярных складаў злачынства", — каментуе Павел Сапелка.

Жанчын і мужчын, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, не будуць пазбаўляць волі

Мяркуецца важнае прагрэсіўнае новаўвядзенне ў агульнай частцы КК: у адпаведнасці з законапраектам, жанчынам і адзінокім мужчынам, што выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў або дзяцей з інваліднасцю, людзям з інваліднасцю I групы, якія ўпершыню ўчынілі злачынства, што не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, ці менш цяжкае злачынства, не спалучанае з ужываннем гвалту альбо пагрозай яго ўжывання, пазбаўленне волі прызначацца не будзе.

Выключэнне складуць выпадкі ўмоўнага асуджэння або з ужываннем адтэрміноўкі выканання прысуду. Аднак звяртае на сябе ўвагу відавочны дыскрымінацыйны характар нормы: яна не будзе таксама ўжывацца ў дачыненні да "асоб, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці", пад якімі разумеюцца злачынствы, спалучаныя з учыненнем наўмысных дзеянняў, якія адносяцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі да экстрэмізму, а роўна іншыя злачынствы, учыненыя паводле матываў расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або варажнечы, палітычнай ці ідэалагічнай варожасці альбо паводле матываў варожасці або варажнечы ў дачыненні якой-небудзь сацыяльнай групы — гэта значыць усе тыя, паводле якіх цяпер судзяць палітычных праціўнікаў рэжыму ды іншадумцаў.

Смяротнае пакаранне і памілаванне: змена арт. 59 КК

Прапануецца прыбраць з артыкула 59 КК, які рэгулюе ўжыванне смяротнага пакарання, норму, што абмяжоўвае замену гэтага пакарання ў парадку памілавання толькі адным відам пакарання — пажыццёвым пазбаўленнем волі. Гэта сур'ёзна пашырае паўнамоцтвы прэзідэнта па ўмяшанні ў характар вынесеных судом прысудаў паводле крымінальных справаў.

Пакаранне за пагрозу альбо гвалт у дачыненні да былога прэзідэнта 

У асаблівай частцы ў асобны склад злачынства вынесены "Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў" (артыкул 366-1 КК).

Крымінальная адказнасць за паклёп і абразу на адрас былога прэзідэнта і чальцоў яго сям'і

Паводле артыкулаў 367 і 368 КК плануецца караць не толькі за паклёп на прэзідэнта і за яго абразу, але і за тыя ж дзеянні ў дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў у сувязі са сканчэннем тэрміну яго знаходжання на пасадзе альбо датэрмінова ў выпадку яго адстаўкі або стойкай няздольнасці праз стан здароўя ажыццяўляць абавязкі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, чальцоў яго сям'і".

З прэзідэнтам, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, усё больш-менш ясна, хоць гэтая норма яшчэ можа надоўга застацца без ужывання. А вось пытанне аб тым, хто ахопліваецца паняццем чальцоў сям'і прэзідэнта, за паклёп на якіх і за абразу якіх пачнуць караць адразу пасля таго, як закон набудзе моц, больш складанае. У адпаведнасці з КК, чальцы сям'і — блізкія сваякі (бацькі, дзеці, усынавіцелі, усыноўленыя (удачароныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабуля, унукі, муж (жонка) пацярпелага(ай), альбо тыя ж сваякі мужа (жонкі) пацярпелага(ай), іншыя сваякі, непрацаздольныя ўтрыманцы ды іншыя асобы, што пражываюць сумесна і вядуць агульную гаспадарку з пацярпелым(ай).

У адпаведнасці з Законам "Аб прэзідэнце Рэспублікі Беларусь", пад чальцамі сям'і прэзідэнта маюцца на ўвазе бацькі, муж (жонка), дзеці, у тым ліку паўналетнія. Гэта больш пэўнае кола асоб, але гэтае вызначэнне ўжываецца менавіта ў мэтах названага закона і можа не распаўсюдзіцца на практыку ўжывання ў крымінальна-прававых мэтах. Таму можа адбыцца так, што паводле новых правілаў будуць караць не толькі за выказванні ў дачыненні да А. Лукашэнкі, яго траіх сыноў і жонкі, але таксама іншых асоб.

Пераслед за атрыманне "замежнай бязвыплатнай дапамогі"

Стане больш кароткай дыспазіцыя арт. 369-2 КК (незаконныя атрыманне і (або) выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі): у сувязі з увядзеннем змяненняў у закон, які рэгулюе парадак выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі, стала лагічным пераследваць за "атрыманне і (або) выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі ў выпадках, забароненых заканадаўствам"; гэта злачынства з адміністрацыйнай прэюдыцыяй, крымінальная адказнасць наступае за "парушэнні, учыненыя на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні".

Да шасці гадоў калоніі за "распаўсюд інфармацыі аб размяшчэнні або перамяшчэнні ваеннай тэхнікі"

КК плануецца дапоўніць артыкулам 375-3, які прадугледжвае адказнасць за распаўсюд "інфармацыі аб размяшчэнні або перамяшчэнні падраздзяленняў, узбраення, ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў ды воінскіх фармаванняў Рэспублікі Беларусь па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, калі такая інфармацыя афіцыйна не распаўсюджвалася, здзейсненае ў перыяд правядзення контртэрарыстычнай аперацыі, дзеяння надзвычайнага альбо ваеннага становішча", пры адсутнасці прыкмет больш цяжкіх злачынстваў. Пакаранне — штраф, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін. Падвышаная адказнасць вызначаная  за здзяйсненне гэтых дзеянняў групай асоб па папярэдняй змове, або з карыслівых меркаванняў або тое, што пацягнула цяжкія наступствы. У гэтым выпадку пакараннем можа стаць абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.

Прагназаваць практыку ўжывання артыкула рана, паколькі яна будзе залежаць ад таго, як інтэнсіўна ўлады будуць карыстацца магчымасцю ўводзіць пералічаныя ў дыспазіцыі артыкула рэжымы контртэрарыстычнай аперацыі, надзвычайнага або ваеннага становішча — цяпер гэта нячастыя выпадкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства