Пададзеная апеляцыйная скарга на завочны прысуд Вадзіму Саранчукову: навошта гэта трэба?
Выканаўцу абавязкаў старшыні Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова 30 жніўня Гродзенскі абласны суд завочна асудзіў да чатырох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 24 тысяч рублёў. Яго судзілі паводле ч.1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (“Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”).
4 верасня палітык з дапамогай юрыстаў абскардзіў прысуд Гродзенскага абласнога суда ў Вярхоўным Судзе.
"Спецвытворчасць" і завочны суд каментуе праваабаронца “Вясны” Леанід Судаленка, які аказвае дапамогу па завочных судах у Беларусі:
“Прызначаны ў справе Саранчукова адвакат, як і адвакаты ва ўсіх іншых завочных справах, на сувязь не выйшаў, таму нам невядомыя канкрэтныя эпізоды, якія суд схаваў пад "іншае садзейнічанне экстрэмізму". У скарзе мы паставілі пытанні парушэння канстытуцыйных гарантый на абарону, спаборнасць і роўнасць бакоў у працэсе, што не забяспечваецца ў любым завочным судзе".
Праваабаронца лічыць, што ў сітуацыі, калі па палітычных справах не засталося ніякіх інструментаў на абарону, разлічваць на хуткую адмену прысуду цяжка.
"Мы працуем на будучыню, дакументуем, уцягваем у вынясенне заведама неправасудных прысудаў як мага большую колькасць выканаўцаў рэпрэсій. Яшчэ адной нашай мэтай з'яўляецца канстытуцыйная скарга, з якой пасля вычарпання ўсіх сродкаў абароны ёсць магчымасць звярнуцца ў Канстытуцыйны Суд. Бо сітуацыя з беларускай спецвытворчасцю вельмі нагадвае так званыя сталінскія "тройкі". Трое – суддзя, пракурор і адвакат – за зачыненымі дзвярыма судзяць людзей за выказванне меркаванняў. Фактычна за інтэрв'ю, зноў жа без ацэнкі індывідуальнага характару з пункту гледжання абмежаванняў права на выказванне меркавання. Тое, што ў Беларусі называюць экстрэмізмам, тут у Літве называецца свабодай выказвання меркаванняў”,– каментуе Судаленка.
Дарэчы, у судзе над гарадзенскім палітыкам Вадзімам Саранчуковым усплыў цікавы факт. Прызначаны адвакат Раман Гушчын ад імя падабароннага прызнаў у судзе віну ў поўным аб'ёме.
«Таму мы дадаткова падалі ў пракуратуру заяву аб узбуджэнні справы ў дачыненні да адваката, саўдзельніка крымінальнай справы за фальсіфікацыю доказаў і за адмову ў прадастаўленні інфармацыі. Таксама звярнуліся ў ліцэнзуючы орган і Рэспубліканскую калегію адвакатаў аб парушэнні як закона аб адвакатуры, так і правілаў адвакацкай этыкі, якія забараняюць абаронцу дзейнічаць насуперак інтарэсам кліента, а таксама займаць прававую пазіцыю, не ўзгодненую з ім," – кажа праваабаронца.
На сёння спецвытворчасць у Беларусі пачата ў дачыненні да 117 чалавек, у дачыненні да 93 з якіх ужо вынесены завочныя прысуды (ва ўсіх выпадках абвінаваўчыя). Максімальны тэрмін у 25 гадоў пазбаўлення волі атрымаў вядомы рэстаратар Вадзім Пракоп’еў. Максімальны штраф у 40 000 базавых велічыняў на суму 1 600 000 рублёў Мінскі абласны суд вынес у дачыненні да прэс-сакратаркі Ціханоўскай – Ганны Красулінай.
Таксама Следчы камітэт ужо анансаваў распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да кандыдатаў у Каардынацыйную Раду, а таксама асобаў, якія бралі ўдзел у Дні Волі ў розных краінах па-за межамі Беларусі. З гэтага вынікае, што ўжо хутка спецвытворчасць закране тысячы беларусаў, якія выехалі за мяжу.