viasna on patreon

Затрыманні за пратэсты і каментары: хроніка пераследу 12-13 верасня Дапоўнена

2024 2024-09-13T13:27:32+0300 2024-09-13T16:29:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/brest_zatr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12-13 верасня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 40 чалавек — цяпер у ім 4436 прозвішчаў

13 верасня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі завочна асуджанага журналіста і праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча, палітзняволеную Наталлю Крук, якая адмовілася адказваць на пытанні прапагандыста Азаронка, а таксама музыку і прадпрымальніка Глеба Дудко.

Да допіса далучыны апошні «Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».


За ўдзел у пратэстах затрымалі двух жыхароў Брэста

«Медыязона» знайшла старонкі затрыманых у сацсетках. Там адзін з іх падпісаны як Дзмітрый Жаўнярук, другі — як Мікіта Мергасаў.

Па якіх менавіта артыкулах затрыманыя жыхара Брэста, і што з імі зараз — невядома.


Генпракуратура Расіі прызнала непажаданай арганізацыяй тэлеканал «Белсат»

У ведамстве лічаць, што тэлеканал паказваў «хлуслівыя сюжэты аб неабгрунтаванай агрэсіі супраць Украіны, нелегітымнасці ўваходжання ў склад Расіі Крыма, ДНР, ЛНР, частак Запарожскай і Херсонскай абласцей».


Мінскую мастачку затрымалі за каментары 

Яна нібыта абражала міліцыянтаў, а таксама ўлады Беларусі і Расіі. Акрамя таго, жанчыну абвінавачваюць у тым, што яна дасылала інфармацыю ў чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі».


У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі Instagram-старонку «childfree_myway»

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Савецкага раёну Мінска 11 верасня. Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапіла TikTok-старонка «about_belarus» і яе лагатып.


ГУБАЗіК пагражае беларускім кіроўцам, якія ў краінах ЕС ездзяць з налепленымі на нумарах нацыянальнымі сцягамі ці «Пагоняй»

Літва, Латвія і Польшча ўводзяць абмежаванні для машын з беларускімі нумарамі — уладальнікам такіх аўто трэба ці перарэгістраваць іх, ці выехаць на іх у Беларусь.

Сёння ГУБАЗіК апублікаваў нумары некаторых машын, якія нібыта ездзяць у ЕС з налепленымі на нумарах нацыянальнымі сцягамі ці «Пагоняй». Сцвярджаецца, што гэтыя машыны нібыта сфатаграфавалі людзі, якія жывуць у гэтых краінах.


На аўтараў і гасцей белсатаўскага шоу «План:Б» заведзена крымінальная справа

Сілавікі ладзяць ператрусы ў сваякоў удзельнікаў і ціснуць на іх ужо некалькі месяцаў. Цяпер стала вядома, што Гомельскі СК завёў яшчэ і крымінальную справу за дзве праграмы «План:Б», якія выйшлі ў сакавіку гэтага года, піша "Белсат".

Нагадаем, ток-шоу выходзіла ў эфіры з 2022 года. Апошні сезон скончыўся ў траўні 2024-ага. Ці будзе працяг — пакуль невядома.


Інжынера‑электроніка затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту 

На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што ў 2020-ым годзе «не менш за 5 разоў хадзіў на масавыя мерапрыемствы». Раней мужчыну затрымлівалі за «негатыўныя каментарыі» ў тэлеграме.


Функцыянера гомельскага праўладнага прафсаюза судзілі за «распаўсюд экстрэмізму»

Учора ў судзе Добрушскага раёна разглядалася адміністрацыйная справа ў дачыненні да Мікалая Талейкі. У віну Мікалаю ставілі «распаўсюд экстрэмізму» (ч. 2 арт 19.11 КаАП). Судовы працэс праводзіў суддзя Алег Васюкоў. Вынік пасяджэння высвятляецца.

Мікалай Талейка — галоўны прававы інспектар працы Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва. Гэты прафсаюз уваходзіць у практычна дзяржаўную Федэрацыю прафсаюзаў, піша «Гомельская Вясна».

Гэта ўжо другі кіраўнік праўладнага прафсаюза, якога прыцягваюць за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. У снежні 2023 году паводле ч. 2 арт 19.11 КаАП судзілі Таццяну Хацкову — старшыню Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў. Яе тады арыштавалі на 15 сутак і потым звольнілі з пасады.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства